Спадчына Беларусі
Спадчына Беларусі — мастацкі праект, аўтарская канцэпцыя па міжнародным прадстаўленьні гістарычнае і культурнае спадчыны Беларусі. Аўтары праекту Аляксанар Аляксееў і Алег Лукашэвіч з дапамогаю трох складнікаў: мастацкіх альбомаў, фільмаў і фотавыставаў ствараюць прывабны выгляд Беларусі ў сьвеце. Аляксандар Аляксееў і Алег Лукашэвіч першымі з фотамастакоў[1] у гісторыі незалежнай Беларусі пачалі разбураць стэрэатып «сярмяжнай» краіны. У аснове праекту палягае навуковая-дасьледчая праца па вывучэньні нацыянальнай гісторыі і культуры. Праект «Спадчына Беларусі» набыў вядомасьць ня толькі ў Беларусі, але й за ейнымі межамі. Кнігі і фільмы прадстаўленыя ў фондах найбуйнейшых бібліятэкаў сьвету, ва ўнівэрсытэтах, культурных і дыпляматычных установах, у прыватных зборах знакамітых асобаў — ад каралевы Вялікабрытаніі да Папы рымскага. Гэта дае мажлівасьць знаёміць зь беларускай мінуўшчынай, культурай, спадчынай шырокае кола сусьветнай грамадзкасьці.
Мэта праекту
рэдагавацьМэтаю праекту аўтары дэкляруюць разьвіцьцё інтарэсу да Беларусі, да ейнае гісторыка-культурнае спадчыны, падняцьце нацыянальнай самасьвядомасьці, адраджэньне страчаных вытокаў і традыцыяў, сьцьвярджэньне самабытнасьці беларускае нацыі ў сусьветнай супольнасьці. Дадзены праект дазваляе наноў пабачыць Беларусь, раскрыць унікальнасьць беларускай гісторыі і культуры. Ён накіраваны на аднаўленьне гістарычнае асобнасьці, мастацкіх і дакумэнтальных вартасьцяў гісторыка-культурных славутасьцяў, прапагандуе самабытнасьць і ўнікальнасьць беларускае нацыі, заклікае да беражлівага стаўленьня да мінуўшчыны і культуры Беларусі, нясе адукацыйную й ідэалягічную функцыі, стварае годнае ўяўленьне пра Беларусь за мяжой.
Характарыстыка
рэдагавацьАснову праекту складаюць навукова-дасьледчыя матэрыялы. Пачынаючы зь верасьня 2002 року было арганізавана болей за сотню камандзіровак экспэдыцыйнага характару.