Беларуская сялянска-работніцкая грамада
Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ) — палітычная партыя ў Заходняй Беларусі на тэрыторыі міжваеннай Польскай Рэспублікі, якая пасьлядоўна выступала за дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі. Самая масавая палітычная партыя ў гісторыі Беларусі. Друкаваным органам была газэта «Беларуская справа», пазьней — «Народная справа».
Беларуская сялянска-работніцкая грамада | |
Лідэр партыі | Браніслаў Тарашкевіч |
---|---|
Дата заснаваньня | 24 чэрвеня 1925 (95 гадоў таму) |
Распушчаная | 16 жніўня 1938 (82 гады таму) |
Штаб-кватэра | Вільня, Заходняя Беларусь |
Саюзьнікі і блёкі | Камуністычная партыя Заходняй Беларусі |
Ідэалёгія | Сацыялізм |
Колькасьць | 120 тыс. |
Колькасьць дэпутатаў | |
· Сойм Польскай рэспублікі | 4 |
Орган партыйнага друку | «Жыцьцё беларуса», «Беларуская Ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Narodny zwon», «Наша справа», «Наш голос», «Наша воля», «Наша праўда», «Наша праца», «Праца», «Права працы», «Думка працы» |

БСРГ была ўтвораная 24 чэрвеня[1] 1925 году на аснове групы прадстаўнікоў беларускай меншасьці ў польскім Сойме, у якую ўваходзілі Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Пётра Мятла, Павал Валошын.
Асноўныя патрабаваньні ў праграме БСРГ былі наступныя:
- увядзеньне дэмакратычнага самакіраваньня;
- увядзеньне васьмігадзіннага працоўнага дня;
- наданьне шырокіх грамадзянскіх правоў беларускай мове;
- касаваньне асадніцтва (земляўласьніцтва польскіх каляністаў у Заходняй Беларусі);
- канфіскацыя абшарніцкай зямлі і бясплатная перадача яе безьзямельнаму і малазямельнаму сялянству.
Таксама ставілася задача аб’яднаць усе этнічныя беларускія тэрыторыі ў межах адной дзяржавы.
Партыя разгарнула актыўную дзейнасьць і наладзіла выданьне пэрыёдыкі. Да лістападу 1926 году БСРГ згуртавала ў сваіх шэрагах 120 тысячаў чалавек. Побач з нацыянальна-вызваленчай рыторыкай актыўна ўжывалася сацыяльная тэма. У значнай ступені БСРГ сымпатызавала саветам і таму лічылася ў Польшчы просавецкай партыяй. У сваю чаргу, СССР спрабаваў узяць Грамаду пад свой кантроль, каб надаць беларускаму нацыянальна-вызвольнаму руху ў Польшчы клясавы характар.
Аргумэнтуючы гэта барацьбой з камуністычным уплывам, польскія ўлады ліквідавалі партыю перш, чым яна здолела пераўтварыцца ў рэальнага палітычнага гульца. У студзені 1927 году адбыліся масавыя арышты кіраўніцтва і актыву Грамады. Паслоў ад парлямэнцкай фракцыі БСРГ пазбавілі дэпутацкага імунітэту і зьняволілі, а праз год засудзілі на катаргу. Празь некалькі гадоў шэраг актывістаў БСРГ былі абмененыя Польшчай на бальшавіцкіх вязьняў і перададзеныя СССР, дзе тыя былі расстраляныя — як «польскія шпіёны». У сакавіку 1927 году БСРГ была афіцыйна забаронена.
КрыніцыРэдагаваць
- ^ Дзьве даты: 24 чэрвеня // Зьвязда : газэта. — 24 чэрвеня 2010. — № 121 (26729). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкіРэдагаваць
- Чаму была разгромленая Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада? — 150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі
- Разгром «Грамады» за кулісамі палітычнага скандалу
- У новай айчыне. Штодзённае жыцьцё беларусаў Беласточчыны ў міжваенны пэрыяд.