Пустэльня
Пустэ́льня ці пусты́ня — тэрыторыя, пазбаўленая расьліннасьці ў выніку малой колькасьці ападкаў (да 100 – 150 мм на год), высокай тэмпэратуры паветра (у сярэднім каля +30 °C, бываюць выпадкі і да +50 °C, уначы тэмпэратура каля 0 °C).
Адсутнасьць расьліннасьці падвяргае неабароненую паверхню зямлі да працэсаў дэнудацыі. Каля адной траціны паверхні сушы сьвету зьяўляюцца засушлівымі або паўзасушлівымі. Да такіх тэрыторыяў адносяцца большая частка палярных абласьцей, дзе назіраецца нязначная колькасьць ападкаў, іх часам называюць палярнымі пустэльнямі або «халоднымі пустэльнямі». Пустэльні могуць быць клясыфікаваны паводле колькасьці выпадаючых ападкаў, тэмпэратуры, якая пераважае ў мясцовасьці, а таксама паводле чыньнікаў апустэльваньня або іхнага геаграфічнага становішча.
Пустэльні ўтвараюцца ў выніку працэсаў выветрываньня, бо вялікія ваганьні тэмпэратуры паміж дзённым і начным часам прыводзяць да зьяўленьня расколінаў у камянях, і, такім чынам, яны зь цягам часу разбураюцца. Не зважаючы на тое, што дождж зрэдку назіраецца ў пустэльнях, аднак, існуюць выпадковыя ліўні, якія могуць прывесьці да раптоўных паводак. Дождж падае на гарачыя камяні, што таксама спрыяе іхнаму разбурэньню, у выніку чаго, фрагмэнты і адломкі каманёў раскідваюцца па пустэльні дзякуючы ветру. Вецер таксама падымае часьцінкі пяску і пылу дагары і разносіць іх у паветры, ствараючы такім чынам пяшчаныя або пылавыя буры. Дробныя пясчынкі абіваюцца аб цьвёрдыя аб’екты, якія сустракаюцца на іхным шляху і спрыяюць зьмяненьню ляндшафту. Скалы разгладжваюцца і зьнікаюць, а вецер разьмяркоўвае пясок па пустэльні. Пяшчынкі ў канчатковым выніку таксама могуць быць заваленыя ў пяшчаныя выдмы. Іншыя пустэльні зьяўляюцца плоскімі камяністымі раўнінамі, дзе ўвесь пясок быў выдзмуты, а паверхня складаецца з мазаікі гладкіх камянёў. Гэтыя вобласьці вядомыя як пустэльная брукаванка. Іншыя тыпы пустэльняў уключаюць у сябе пустэльні, якія ўтварыліся ў выніку адслойваньня горных пародаў, такім чынам, што на паверхню высоўваецца скальныя пароды і гліна, якія былі вымытыя праточнай вадой. У такіх месцах могуць утварацца часовыя азёры, а пасьля выпарваньня вады заставацца саляная скарынка. У пустэльнях месцамі могуць існаваць падземныя крыніцы вады ў выглядзе крыніцаў або патокаў з ваданосных гарызонтаў. Там, дзе яны знаходзяцца, могуць існаваць аазы.
Расьліннасьць у пустэльні звычайна нязначная, але шмат відаў прыстасавалася да такіх экстрэмальных кліматычных умоваў шляхам скарачэньня вэгетацыйнага пэрыяду да даўжыні дажджавога пэрыяду, назапашваньня вады, ці павялічэньнем карэннай сыстэмы ў глыб. Расьліны, як правіла, жорсткія і жылістыя зь невялікім лісьцем або безь яго, з водаўстойлівай кутыкуляй і часьцяком з калючкамі, якія спрыяюць стрымліваньню страты вадкасьці. У пустэльні прарастаюць аднагадовыя расьліны, якія квітнеюць на працягу некалькіх тыдняў пасьля ападкаў і паміраюць. У той час існуюць і доўгажывучыя расьліны, якія растуць на працягу многіх гадоў і маюць глыбокую каранёвую сыстэму, якая здольная дасягнуць да падземных водных крыніцаў. Але нават уся расьліннасьць пустэльні займае толькі 10% паверхні. Выключэньні складаюць толькі аазы. Умовы існаваньня ў пустэльнях вельмі суровыя: адсутнасьць вады, сухасьць паветра, моцная інсаляцыя, зімовыя маразы пры вельмі малым сьнежным полазе або ягонай адсутнасьці. Шматлікія жывёлы, што насяляюць пустэльню, зьяўляюцца начнымі і застаюцца ў цені або пад зямлёй падчас дзённай сьпёкі. Некаторыя жывёлы застаюцца ў сьпячцы на працягу доўгага часу, гатовыя зноўку стаць актыўным, калі выпадаюць рэдкія дажджы. Затым яны хутка размнажаюцца пры спрыяльных умовах, перш чым зноўку вярнуцца да сьпячкі.
Людзі жывуць у пустэльнях і навакольных паўзасушлівых землях на працягу тысячагодзьдзяў. Качоўнiкі перанесьлі свае статкі і табуны туды, дзе ёсьць магчысьць іх выпасваць, а аазы далі магчымасьць для больш аседлага ладу жыцьця. Культываваньне расьлінаў у паўзасушлівых рэгіёнах спрыяе эрозіі глебы і зьяўляецца адной з прычынаў падвышанага апустэльваньня. Пустэльная гаспадарка можа мець месца пры дапамозе арашэньня. Такім прыкладам зьяўляецца даліна Імпэрыял ў Каліфорніі, дзе раней бясплодная зямля стала ўрадлівай, дзякуючы імпарту вады з вонкавых крыніцаў. Праз пустэльню з даўніх часоў праходзяць гандлёвыя шляхі, асабліва праз Сахару. Традыцыйна для перавозкі солі, золата, слановай косткі і іншых тавараў выкарыстоўваліся караваны вярблюдаў. У некаторых пустэльнях вядзецца здабыча карысных выкапняў, а бесьперапыннае сонечнае сьвятло ўдзень дае магчымасьць для здабычы вялікай колькасьці сонечнай энэргіі.
Найвялікшымі пустэльнямі ў сьвеце зьяўляюцца Сахара (8 397 000 км²), Вялікая пустэльня Вікторыі (1 549 000 км²), Нэхуд (1 300 000 км²), Гобі (1 039 000 км²), Калахары (521 000 км²), Кызыл-Кум і Кара-Кум (360 000 км²), Такламакан (311 000 км²), Санора (311 000 км²) і Тхар (259 000 км²).
Клясыфікацыя
рэдагавацьУ залежнасьці ад тыпу паверхні пустэльні падзяляюцца на:
- камяністыя;
- скалістыя;
- пясковыя;
- глеістыя;
- салёныя;
- гарыстыя;
- лёдавыя.