Батсвана
Рэспубліка Батсва́на (па-ангельску: Republic of Botswana) — дзяржава ў Паўднёвай Афрыцы, якая ня мае выхаду да мора. Мяжуе з Намібіяй (1360 км) на поўначы, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай (1840 км) на поўдні, Зымбабвэ (813 км) на ўсходзе, Замбіяй праз кароткую мяжу па рацэ Замбэзі на паўночным усходзе[7]. Да 1966 году Батсвана была брытанскім пратэктаратам пад назовам Бэчуаналэнд. Батсвана тапаграфічна ёсьць пляскатай краінай, а каля 70% ейнай тэрыторыі займае пустэльня Калахары. Колькасьць насельніцтва Батсваны складае крыху больш 2,3 мільёнаў чалавек[8], улічваючы плошчу у 581 тысячы км², гэта робіць край адной з самых маланаселеных краінаў сьвету. Каля 11,6% насельніцтва жыве ў сталіцы і найбуйнейшым горадзе дзяржавы Габаронэ. Раней Батсвана ўваходзіла да ліку самых бедных краінаў сьвету, але зь цягам часу сталася хуткарослай эканомікай сьвету, дзякуючы чаму істотна падвысіда свой дабрабыт. У эканоміцы пераважаюць горная справа, жывёлагадоўля і турызм. Слупом дабрабыту і крыніцай набыцьця валюты ёсьць дыямэнты, якія Батсвана экспартуе ў вялікай колькасьці.
Батсвана | |||||
па-афрыкаанс: Botswana | |||||
| |||||
Дзяржаўны гімн Няхай блаславёнай будзе гэтая высакародная зямля | |||||
Дата заснаваньня: | 1966 | ||||
Афіцыйная мова: | ангельская мова[1] | ||||
Сталіца: | Габаронэ | ||||
Форма кіраваньня: | рэспубліка | ||||
прэзыдэнт Батсваны: | Макгвэтсі Масысі
| ||||
Заканадаўчы орган: | Нацыянальная асамблея | ||||
Плошча: |
| ||||
Насельніцтва: | |||||
Валюта: | Пула | ||||
СУП (2022) | |||||
па ППЗ: | 43,474 млрд $ | ||||
па ППЗ на душу насельніцтва: | 19 287 $ | ||||
намінальны: | 16,948 млрд $ | ||||
намінальны на душу насельніцтва: | 7 519 $ | ||||
Індэкс дэмакратыі: | 7,62[3] | ||||
Каэфіцыент Джыні: | 53,3[4] | ||||
ІРЧП: | 0,693[5] | ||||
Часавы пас: | UTC+2, Цэнтральнаафрыканскі час[d] і Афрыка/Габаронэ[d][6] | ||||
Аўтамабільны знак: | BW | ||||
Бок аўтамабільнага руху: | леваруч | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню: | .bw | ||||
Тэлефонны код: | +267 | ||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
gov.bw |
Батсвана ёсьць сябрам у такіх арганізацыях, як то Афрыканскі зьвяз, Паўднёваафрыканскі мытны зьвяз, Паўднёваафрыканская супольнасьць разьвіцьця, Садружнасьць нацыяў і Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў. У краіне маецца досыць вялікая праблема распаўсюду эпідэміі ВІЧ/СНІДу. Не зважаючы на пэўны посьпех у прасоўваньні праграмаў, накіраваных на пашырэньне мэтадаў лячэньня і прафіляктыкі, Батсвана дасюль мае трэці паводле велічыні ўзровень распаўсюджанасьці ВІЧ/СНІДу ў сьвеце, бо хварэюць на гэтыя хваробы каля 20% насельніцтва[9].
Гісторыя
рэдагавацьРаньнія часы
рэдагавацьАрхеалягічныя зьвесткі выявілі, што гамініды жылі ў Батсване яшчэ каля двух мільёнаў гадоў таму. Каменныя інструмэнты і фаўна паказваюць на тое, што ўсе раёны краіны былі населеныя як найменш 400 тысяч гадоў таму[10]. У кастрычніку 2019 году дасьледнікі паведамілі, што Батсвана была радзімай усіх сучасных людзей[11]. Першапачаткова жыхарамі Паўднёвай Афрыкі былі бушмэны і гатэнтоты. Невядома, калі народы мовы банту упершыню перасяліліся на поўнач сучаснае краіны, але паводле кансэнсусу лічыцца, што гэта адбылося ў 600 годзе нашай эры. Тубыльцы былі цесна зьвязаныя зь дзяржавамі, які месьціліся на тэрыторыі сучаснага Зымбабвэ. Як мяркуецца, яны трымалі буйныя статкі быдла, а пазьней пачалі разьвіваць сельскую гаспадарку, вырошчваючы сорга і проса[12]. Рэгіён квітнеў да 1300 году да заняпаду каралеўства Мапунгубвэ. У гэтую эпоху першыя тсванамоўныя групы, як то бакгалагадзі, перасяліліся ў паўднёвую частку пустэльні Калахары. На працягу многіх гадоў іншыя тсванамоўныя плямёны прабіраліся далей, то бок бангвакетсэ занялі захад сучаснае краіны, а бангвата засялілі паўночны ўсход Батсваны[13]. Усе гэтыя розныя народы былі зьвязаны гандлёвымі шляхамі, якія пралягалі праз раку Лімпопа да Індыйскага акіяну, празь які транспартаваліся тавары з Азіі, як то пацеркі. У адваротным кірунку, хутчэй за ўсё, у абмен выпраўлялі слановую косьць, золата і рогі насарогу[14].
Першыя пісьмовыя згадкі, якія тычацца сучаснай Батсваны, зьявіліся ў 1824 годзе. Паводле гэтых крыніц бангвакетсэ сталі магутнай сілаў у рэгіёне. Пры ўладары Макабе II, бангвакетсэ мелі велізарную колькасьць быдла ў добра абароненых пустэльных рэгіёнах і карысталі сваё вайсковае майстэрства дзеля набегаў на суседзяў[15]. Іншыя плямёны ў рэгіёне да гэтага часу мелі сталіцы з 10 тысячамі і болей жыхароў, і таксама няблага жылі[16]. Гэтая ідылія скончылася ў пэрыяд Мфэканэ з 1823 па 1843 гады, калі сюды ўварваліся народы з Паўднёвай Афрыкі ды іншых рэгіёнаў. Не зважаючы на тое, што бангвакетсэ адбілі навалу макалола ў 1826 годзе, зь цягам часу ўсе асноўныя плямёны Батсваны былі аслабленыя. Макалола і амандэбеле неаднаразова спусташалі рэгіён і скрадалі вялікую колькасьць быдла, жанчын і дзяцей, а астатнія жыхары былі вымушаныя хавацца ў пустэльнях. Толькі пасьля 1843 году, калі амандэбеле мігравалі ў заходнюю частку сучаснага Зымбабвэ, гэтая пагроза амаль зьнікла[17].
У 1840-х і 1850-х гадах распачаўся гандаль з гандлярамі з Капскае калёніі, што дазволіла валадарствам Батсваны аднавіцца. Баквэна, бангвакетсэ, бангвата і батавана пачалі супрацу паміж сабой з мэтай монапалізацыі рынку слановай косьці. Атрыманыя грошы плямёны выкарыстоўвалі дзеля набыцьця коняў і зброі, што, у сваю чаргу, дазволіла ім усталяваць поўны кантроль над сучаснай Батсванай. Гэты працэс быў у асноўным скончаны да 1880 году, і, такім чынам, бушмэны, каланга, бакгалагадзі ды іншыя плямёны былі падпарадкаваныя тсванамоўным групам[17]. Тым часам на поўнач з поўдня да Трансваалю пачалі прасоўвацца афрыканэры з тае самае Капскае калёніі. У 1852 годзе кааліцыя правадыроў тсваны на чале з Сэчэле I перамагла афкрыканэраў у бітве пры Дымавэ і пасьля прыкладна васьмі гадоў пэрыядычнай напружанасьці і баявых дзеяньняў, у рэшце рэшт, прыйшла да складаньня мірнага пагадненьня ў Патчэфструме ў 1860 годзе. З таго часу была зацьверджаная сучасная мяжа паміж Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай і Батсванай, а афрыканэры і народы Батсваны мелі адносным мір і супрацу[18][19].
У 1884 годзе племя батавана, ачоленае Кгосі Марэмі, адбіла напад ндэбеле ў Паўночную Батсвану ў бітве пры Хутыябасадзі. Гэта прывяло да заняпаду каралеўства Ндэбеле ў Зымбабвэ і дапамагло зьяднаць тсванамоўныя групы на поўначы сучаснай краіны[20]. Яшчэ ў 1856 годзе ў ваколіцах пачалі прыбываць лютэранскія ды іншыя пратэстанцкія місіянэры, як то прадстаўнікі Лёнданскага місіянэрскага таварыства, чыя праца дала свой плён крыху пазьней. Да 1880 году амаль у кожнай буйной вёсцы мелася хрысьціянскае прадстаўніцтва, а Кхама III стаў першым з правадыроў тсваны, што зрабіў хрысьціянства фактычна дзяржаўнай рэлігіяй. Да пачатку Першай сусьветнай вайны фактычна ўсе плямёны навярнуліся ў хрысьціянства[21].
Пратэктарат Бэчуаналэнд
рэдагаваць- Асноўны артыкул: Бэчуаналэнд
Падчас каляніяльнага падзелу Афрыкі тэрыторыя Батсваны прывабілася як Нямецкай імпэрыі, гэтак і Вялікабрытаніі. Падчас Бэрлінскай канфэрэнцыі Брытанія выказала намер анэксаваць Батсвану, каб абараніць Паўночны шлях і такім чынам злучыць Капскую калёнію зь іншымі сваімі тэрыторыямі далей на поўнач. Фактычна ў аднабаковым парадку брытанцы падпарадкавалі тэрыторыі плямёнаў тсвана ў студзені 1885 году, а затым накіравалі туды экспэдыцыю па чале з Чарлзам Ўорэнам, каб умацаваць кантроль над тэрыторыяй і пераканаць правадыроў да прыняцьця брытанскага кіраваньня. Не зважаючы на засьцярогі, народы тсвана зьмірыліся з гэтым фактам[22].
У 1890 годзе раёны на поўдзень ад 22 градусу раўналежніку былі дададзены да новага пратэктарату Бэчуаналэнд. На працягу 1890-х гадоў новая тэрыторыя была падзелена на восем розных рэзэрвацыяў, з даволі невялікімі аб’ёмамі зямлі, пакінутымі ва ўласнасьць для белых пасяленцаў. У пачатку 1890-х гадоў брытанскі ўрад вырашыў перадаць пратэктарат Брытанскай Паўднёва-Афрыканскай кампаніі і нават перадаў права на адміністраваньне тэрыторыі Вярхоўнаму камісару ў справах Паўднёвай Афрыкі. Гэты плян, які быў ужо на шляху да ажыцьцяўленьня, не зважаючы на просьбу правадыроў тсваны, якія нават на знак пратэсту прыехалі ў Ангельшчыну, у рэшце рэшт быў сарваны правалам рэйду Джэймсана ў студзені 1896 году[23][24]. Калі ў 1910 годзе паўстаў Паўднёва-Афрыканскі Зьвяз (ПАЗ) з галоўных брытанскіх калёніяў рэгіёну, пратэктараты Бэчуаналэнд, Басуталэнд (цяпер Лесота) і Свазылэнд (цяпер Эсўатыні) не былі далучаныя да гэтага дзяржаўнага ўтварэньня, але былі зробленыя захады да іхняга паглынаньня ў будучыні. Зважаючы на тое, што паўднёваафрыканскія ўрады імкнуліся ўлучыць гэтыя тэрыторыі пад сваю юрысдыкцыю, Вялікабрытанія марудзіла з вызначэньнем іхняга статусу. Кропка ў справе была пастаўленая, пасьля фармаваньня ў ПАЗ нацыяналістычнага ўраду ў 1948 годзе, які ўсталяваў у сваёй краіне апартэід і выйшаў з Садружнасьці нацыяў у 1961 годзе, чым закрэсьліў любую пэрспэктыву на далучэньне памежных тэрыторыяў у свой склад[25].
Непасрэдна ў самім Бэчуаналэндзе таксама адбываліся палітычныя зьмены. Гэтак у 1920 годзе на тэрыторыі пратэктарату былі ўтвораныя два прадстаўнічыя органы, як то кансультатыўныя рады, які прадстаўлялі інтарэсы афрыканцаў і эўрапейцаў[26]. Рада афрыканцаў складалася з васьмі правадыроў плямёнаў тсваны і некаторых абраных сябраў[26]. У 1951 годзе была створаная сумесная эўрапейска-афрыканская кансультатыўная рада, а згодна з зацьверджанай у 1961 годзе канстытуцыяй была закладзеная кансультатыўная заканадаўчая рада.
Незалежнасьць
рэдагавацьУ чэрвені 1964 году Вялікабрытанія прыняла прапановы па дэмакратычным самакіраваньні ў Батсване. Канфэрэнцыя прысьвечаная незалежнасьці ладзілася ў Лёндане ў лютым 1966 году[27]. Месца ўраду да таго часу яшчэ ў 1965 годзе была перанесеная з паўднёваафрыканскага гораду Мафікенгу, у нядаўна пабудаваны Габаронэ, які месьціцца паблізу да мяжы Батсваны з Паўднёва-Афрыканскім Зьвязам. Грунтуючыся на канстытуцыі 1965 году, краіна правяла свае першыя агульныя выбары паводле ўнівэрсальнага выбарчага права і атрымала незалежнасьць 30 верасьня 1966 году[28]. Сэрэтсэ Кхама, лідэр руху за незалежнасьць і прадстаўнік племені бангвата, быў абраны першым прэзыдэнтам дзяржавы, а пасьля пераабраны яшчэ некалькі разоў. Па сьмерці Кхамы на пасаду ў 1984 годзе быў абраны былы віцэ-прэздэнт Квэт Кетуміле Масырэ, які абіраўся яшчэ ў 1989 і 1994 гадах. Масырэ сышоў з пасады ў 1998 годзе. Яго замяніў Фэстус Магаэ, які кіраваў дзяржавай дзесяць гадоў. У 2008 годзе краіну ачоліў сын першага прэзыдэнта Ен Кхама, які займаў пасаду віцэ-прэзыдэнта Магаэ з 1998 году. Да таго ён працаваў пілётам самалёту, а потым быў вайскаводам узброеных сілаў Батсваны. У 2018 годзе пасьля 10 гадоў на чале дзяржавы Кхама сышоў з пасады і фактычна кіраваць дзяржавай стаў намесьнік прэзыдэнта Макгвэтсі Масысі. Новы часовы кіраўнік адхіліў ад пасады начальніка выведкі Айзэка Кгосі, паплечніка Кхамы, чым раззлаваў былога прэзыдэнта. На прэзыдэнцкіх выбарах 2019 году Масысі быў абраны прэзыдэнтам Батсваны, а ягоная партыя Дэмакратычную партыю Батсваны здабыла чарговую перамогу ў барацьбе за месцы ў парлямэнце. Цікава, што партыя здабывала большасьць на кожных парлямэнцкіх выбарах па атрыманьні незалежнасьці, як і ўсе папярэднія прэзыдэнты, якая таксама прадстаўлялі тую ж партыю[29]. На гэтых выбарах Кхама падтрымаў Батсванскі патрыятычны фронт, які здабыў 3 дэпутацкія мандаты.
Геаграфія
рэдагавацьБатсвана разьмяшчаецца ў Паўднёвай Афрыцы, ня мае выхаду да мора. Плошча дзяржавы складае 581 730 км², што ставіць Батсвану на 48 радок сярод усіх краін сьвету. Паводле памеру край падобны да Мадагаскару ці Францыі. Большую частку краіны займае паўпустэльня, і вялікая бязстокавая катлавіна Калахары, якая займае 70% усёй тэрыторыі краю. Батсвана пераважна пляскатая, а сярэдняя вышыня над узроўнем мора складае 800 м, на захадзе ўзвышаючыся да 1200 м. На поўначы цячэ самая вялікая рака краіны Акаванга. На паўночным захадзе знаходзіцца ейнае ніжняе цячэньне і вялікая ўнутрымацерыковая дэльта плошчай 16 тысяч км². На паўднёвым усходзе паверхню краіны праразаюць прытокі ракі Лімпопа, дзе канцэнтруецца асноўная частка насельніцтва краіны і сталіца краіны Габаронэ. Менавіта прыток Натванэ сілкуе сталіцу вадой праз Габаронскую дамбу. Рака Чобэ пралягае на поўначы і ёсьць натуральнай мяжой паміж Батсванай і Намібіяй. На поўначы краіны таксама месьціцца западзіна Макгадыкгадзі, дзе маюцца запасы солі.
Клімат трапічны, на поўдні субтрапічны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня складае 22—27°С, ліпеня — 14°С. Сярэднегадавая колькасьць ападкаў складае 200—700 мм. Самымі вільготнымі ёсьць паўночныя і паўнёва-ўсходнія раёны краіны.
Біяразнастайнасьць
рэдагавацьУ Батсване маюцца разнастайныя зоны асяродзьдзя дзікай прыроды. У дадатак да дэльты і пустыльных рэгіёнаў, маюцца сенажаці і саванны, якія ёсьць арэаламі пражываньня блакітнага гну, іншых антылёпаў, а таксама сысуноў і птушак. Паўночная Батсвана ёсьць месцам зь нямногімі астатнімі вялікімі папуляцыямі зьнікаючых афрыканскіх дзікіх сабак. Нацыянальны парк Чобэ мае найбуйнейшую ў сьвеце канцэнтрацыю афрыканскіх сланоў. Парк ахоплівае каля 11 тысяч км², дзе жывуць каля 350 відаў птушак.
Нацыянальны парк Чобэ і запаведнік Марэмі, які месьціца ў дэльце Акавангі, ёсьць асноўнымі турыстычнымі напрамкамі. Аднак, у дадатак да іх да сьпісу запаведнікаў улучаюцца запаведнік Цэнтральны Калахары, разьмешчаны ў пустэльні Калахары ў акрузе Ганзі; нацыянальны парк Макгадыкгадзі і нацыянальны парк Нксаі Пан, абодва зь якіх месьцяцца ў Цэнтральнай акрузе ў западзіне Макгадыкгадзі. Да таго ж, у Батсване маюцца і прыватныя і адмысловыя запаведнікі. Гэтак насарогавы запаведнік Кхама займаецца гадаваньнем насарогаў, а запаведнік Макгадыкгадзі — флямінга. Абодва яны разьмешчаныя ў Цэнтральнай акрузе.
Батсвана пакутуе ад сухмені і апустэльваньня, то бок дзьвюма галоўнымі экалягічнымі праблемамі, якія моцна зьвязаны адно з адным. Тры чвэрці насельніцтва краіны і жывёлаў у краіне залежаць ад падземных водаў праз суш. Выкарыстаньне падземных водаў пры дапамозе глыбокага сьвідраваньня некалькі паслабіла наступствы гэтае праблемы. Певерхневай вады ў Батсване зусім недастатока, што гістарычна прывяло да таго, што большасьць насельніцтва займаецца жывёлагадоўляй, а не сельскай гаспадаркай. Прыблізна 71% зямлі краіны выкарыстоўваецца дзеля выгану, што стала асноўнай прычынай апустэльваньня і паскарэньня эрозіі глебы[30]. Эколягі паведамляюць, што дэльта Акавангі высыхае праз павялічаны выган быдла, не зважаючы на тое, што дэльта ёсьць важнай экасыстэмай дзеля выжываньня многіх жывёлаў[31]. Дэпартамэнт рэсурсаў лясной гаспадаркі краіны пачаў рэалізоўваць праект па вяртаньні расьліннасьці ў рэгіёны ў шэрагу акругаў[32]. Гэта дапаможа зьнізіць дэградацыю глебы. Урад Злучаных Штатаў таксама склаў угоду з Батсванай, выдаткаваўшы на пакрыцьцё зьнешняй запазычанасьці краіны 7 млн даляраў. Гэтая дамову дапаможа засяродзіцца Батсване на захаваньні глебы[31].
Палітыка
рэдагавацьДзяржаўны лад
рэдагавацьБатсвана ёсьць найстарэйшай дэмакратыяй на кантынэнце. Галоўным закон краіны ёсьць канстытуцыя Батсваны, якая абараняе правы грамадзянаў. Палітыка краю ладзіцца ў рамках шматпартыйнай прадстаўнічай дэмакратычнай рэспублікі, у якой прэзыдэнт адначасова ёсьць кіраўніком дзяржавы і кіраўніком ураду, абіраючыся парлямэнтам і падсправаздачны яму. Выканаўчую ўладу ажыцьцяўляе ўрад. Заканадаўчая ўлада належыць як ураду, гэтак і парлямэнту Батсваны. Ад абвяшчэньня незалежнасьці краіны дамінуючай партыяй ёсьць Дэмакратычная партыя Батсваны[33].
Паводле індэксу дэмакратыі Батсвана клясыфікуецца як «дэмакратыя зь недахопамі», заняўшы 33 радок з 167 краінаў паводле рэйтынгу 2020 году. Такім чынам, у рэйтынгу гэтая афрыканская дзяржава апярэдзіла Італію і Бэльгію, знаходзячыся крыху ніжэй Чэхіі. Батсвана ў выніку сталася другой дзяржавай Афрыкі пасьля Каба-Вэрдэ, і першай калі лічыць толькі кантынэнтальную частку мацерыка. Паводле зьвестак арганізацыі Транспарэнсі Інтэрнэйшнл Батсвана ёсьць найменш карумпаванай краінай Афрыкі, займаючы паводле гэтага паказьніку месца крыху ніжэй Партугаліі і Рэспублікі Карэі.
Судовая ўлада
рэдагавацьСудовая ўлада незалежная ад выканаўчай і заканадаўчай уладаў[34]. Ейны склад мае на ўзор брытанскую сыстэму, складаючыся зь мясцовых міравых судоў, высокага суду і апэляцыйнага суду. Высокі суд ёсьць найвышэйшай судовай інстанцыяй зь неабмежаванай юрысдыкцыяй у разгляданьні і разьвязаньня любых крымінальныя, грамадзянскіх альбо канстытуцыйных справаў у адпаведнасьці з законамі краіны і канстытуцыяй. Апэляцыі могуць быць разгледжаныя апэляцыйным судом, які ёсьць судом апошняе інстанцыі. Кіраўніком Высокага суду ёсьць галоўны судзьдзя[35].
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
рэдагавацьПаводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Батсвана падзяляецца на 10 акругаў:
Эканоміка
рэдагавацьУ Батсване па атрыманьні незалежнасьці назіраўся самы высокі прырост СУП на асобу ў сьвеце[36]. Батсвана ператварылася з адной з самых бедных краінаў сьвету ў краіну з высокім узроўнем прыбытку, СУП на душу насельніцтва вырас з 1,34 тысяч даляраў ЗША ў 1950 годзе да 15 тысяч даляраў ЗША ў 2016 годзе[37]. Паводле адной з ацэнак, край мае чацьверты паводле велічыні нацыянальны прыбытак паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці ў Афрыцы, што ставіць Батсвану на адзін узровень жыцьця з Мэксыкай[38]. Паводле зьвестак Міжнароднага валютнага фонду сярэдні рост ў 1966—1999 гадах складаў болей за 9%. Аднак, у апошнія гады рост эканомікі краіны запаволіўся ў выніку неабходнасьці барацьбы са СНІДам, бо згодна зь некаторымі ацэнкамі кожны трэці батсванец заражаны вірусам ВІЧ. Эканоміка Батсваны забясьпечваецца галоўным чынам за кошт здабычы дыямэнтаў. Найвялікшыя радовішчы гэтых карысных выкапняў знаходзяцца ля гарадоў Апара і Джванэнг. Дзякуючы гэтаму Батсвана ёсьць асноўным пастаўшчыком дыямэнтаў на міжнародны рынак. Прыбытак ад ягонага продажу дасягае 80% ад экспарту краіны. Не зважаючы на горную галіну, большасьць насельніцтва, усё ж такі, занятая ў сельскай гаспадарцы. Толькі 2% паверхні краіны апрацоўваецца, а 70% адданыя пад пашы. Тым ня менш, сельская гаспадарка забясьпечвае толькі палову неабходнага харчаваньня. Асноўнымі сельскагаспадарчымі культурамі ёсьць кукуруза, сланечнік, сорга, садавіна, гародніна, бавоўна. 17% тэрыторыі краіны займаюць нацыянальныя паркі і запаведнікі дзікай прыроды. У Батсване знаходзяцца таксама і багатыя радовішчы нікелю і медзі.
Батсвана мае высокі ўзровень эканамічнай свабоды ў параўнаньні зь іншымі афрыканскімі краінамі[39]. Урад праводзіў здаровую фіскальную палітыку, не зважаючы на дэфіцыт бюджэту ў 2002 і 2003 гадах і нязначны ўзровень замежнай запазычанасьці. Краіна мае высокія сувэрэнныя крэдытныя рэйтынгі, а залатавалютныя рэзэрвы на 2006 год складалі каля 7 млрд даляраў ЗША, што мусіць забясьпечыць краіну імпартам на два з паловай гады[40]. Канстытуцыя прадугледжвае незалежную судовую сыстэму, што дэманструецца на практыцы. Добра працуе ў Батсване абарона правоў інтэлектуальнай уласнасьці. Паводле Міжнароднаму індэксу абароны правоў уласнасьці па стане на 2014 год Батсвана займала другое месца сярод краінаў Афрыкі на поўдзень ад Сахары[41]. Батсвана імпартуе нафтапрадукты і электраэнергію з суседняй Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, але ў краіне існуе нутраная вытворчасьць электраэнэргіі з вугалю. Поруч з ПАР, Лесота, Эсўатыні і Намібіяй Батсвана сфармавалі Паўднёваафрыканскі мытны зьвяз.
Транспарт
рэдагавацьНа 2020 год было абвешчана, што сетка аўтамабільных дарог у Батсване складае каля 31,7 тысячы км, пры гэтым каля 20 тысяч зь іх былі асфальтаванымі[42]. Сетка дарог злучае паміж сабой ня толькі асноўныя гарады краіны, але і замежжа, то бок Батсвану перасякаюць аўтадарогі з Зымбабвэ да Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (аўрадарога А1), з Намібіі да ПАР (аўтадарога А2) ды іншымі дзяржавамі. Паводле зьвестак на канец чэрвеня 2019 году ў Батсване было зарэгістравана 584 тысяч транспартных сродкаў[43]. Такім чынам, іхняя колькасьць падвоілася за апошнія 10 гадоў. Асноўнай крыніцай імпарту самаходаў ёсьць рынак патрыманых аўтамабіляў з Азіі і Вялікабрытаніі. Традыцыйна дарожнія знакі маюць звычайна блакітнае тло, але апошнім часам вядуцца працы да пераходу на міжнародныя стандарты[44].
Чыгуначная сетка ня досыць разьвіта ў краіне, то бок такі тып спалучэньня функцыянуе толькі на ўсходзе краіны. На сёньня Батсвана злучана чыгункай толькі з ПАР і Зымбабвэ, але маюцца пляны на стварэньне чыгуначнага спалучэньня з Замбіяй. Галоўным аэрапортам краіны ёсьць Міжнародны аэрапорт імя Сэрэтсэ Кхамы ў Габаронэ, дзе базуецца дзяржаўная авіякампанія Эйр Батсвана. Рэгулярныя рэйсы ажыцьцяўляюцца паміж сталіцай і гарадамі Фрэнсістаўн, Маун і Сэлебі-Пгіквэ. Міжнародныя пералёты ажыцьцяўляюцца ў Яганэсбург, Мбабанэ і Харарэ.
Дэмаграфія
рэдагавацьНасельніцтва Батсваны[8] | |||
---|---|---|---|
Год | Мільёнаў | ||
1950 | 0,4 | ||
2000 | 1,7 | ||
2021 | 2,6 |
Насельніцтва Батсваны на 2022 год складала прыкладна 2,35 млн чалавек, але шчыльнасьць насельніцтва сягала толькі 4,1 чалавек на км². Гэта зьвязана з тым, што большая частка паверхні краіны непрыдатная для чалавека. Прырост насельніцтва складае 0,18% штогод. Паводле стану на 2012 год народ тсвана складаў большасьць сярод усіх этнічных групаў Батсваны, улучаючы да свайго складу прыблізна 79% насельніцтва. Іншымі этнічнымі групамі былі каланга (11%) і бушмэны (3%). Астатнія 7% насельніцтва прыпадаюць на эўрапейцаў[45], індыйцаў[45] і шэрагу іншых этнічных групаў Паўднёвай Афрыкі. Індыйская меншасьць складаецца як мігрантаў з самой Індыі, гэтак і з нашчадкаў індыйскіх мігрантаў, якія прыбылі ў краіну з Мазамбіку, Кеніі, Танзаніі, Маўрыцыю і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. З 2000 году праз пагаршэньне эканамічных умоваў у Зымбабвэ, колькасьць зымбабвійцаў у Батсване павысілася да дзясяткаў тысяч.
Менш за 10 тысяч бушмэнаў па-ранейшаму жывуць традыцыйным паляўніча-зьбіральніцкім ладам жыцьця. Зь сярэдзіны 1990-х гадоў батсванскі ўрад спрабуе высіліць іх з традыцыйных гістарычных земляў[46]. Джэймз Аная, адмысловы камісар у справах абароны правоў тубыльцаў пры ААН, назваў страту сваіх галоўнай праблемай, якія стаяць перад карэннымі народнасьцямі Батсваны, спасылаючыся на выгнаньне бушмэнаў з тэрыторыі запаведніка Цэнтральны Калахары. Сярод рэкамендацыяў Аная адзначыў, што мусіць быць распрацаваная адмысловая праграма па кансультацыях з карэннымі супольнасьцямі[47].
Мовы
рэдагавацьАфіцыйнай мовай Батсваны ёсьць ангельская, але найболей пашыранай мовай штодзённых зносінаў ёсьць тсвана[48]. Тсвана, як і іншая мовы групы банту, асаблівую значнасьць надае прыстаўкам. Іншымі мовамі, распаўсюджанымі ў краіне, ёсьць каланга, тсоа, ндэбэле, кгалагадзі, тсвапонг, кгонг, еі і, у некаторых рэгіёнах, афрыкаанс.
Рэлігія
рэдагавацьПаводле ацэнак, 77% грамадзянаў краіны адносяцца да хрысьціянаў, пры гэтым большасьць іх належаць да англіканцаў, мэтадыстаў і Аб’яднанай кангрэгацыйнай царквы Паўднёвай Афрыкі. Да іншых хрысьціянскіх групаў, чые прадстаўніцтвы маюцца ў Батсване, адносяцца кангрэгацыі лютэранаў, баптыстаў, рыма-каталікаў, мармонаў, Нідэрляндзкай рэфарматаскай царквы, мэнанітаў, адвэнтыстаў сёмага дня і сьведкаў Яговы. Паводле перапісу насельніцтва 2001 году ў краю налічваецца каля 5 тысячаў мусульманаў, якія ў асноўным паходзяць з Паўднёвай Азіі, а таксама 3 тысячы індуістаў і 700 чалавек веры Багаі. Прыблізна 20% грамадзян не атаясняюць сябе зь якой-небудзь рэлігіяй.
Культура
рэдагавацьНе зважаючы на тое, што традыцыйна краіну насяляе безьліч плямёнаў розных этнічных групаў, апошнім часам празь дзяржаўную еднасьць і зьмяшаныя шлюбы культура краіны набывае асаблівы калярыт.
Літаратура і кіно
рэдагавацьБатсванская літаратура ўваходзіць да ліку самых разьвітых на афрыканскім кантынэнце. Выдатныя пісьменьнікі былі зьвязаныя з краінай, а іхныя жанры вар’іраваліся ад гістарычнага ці палітычнага жанру да мастацкай літаратуры. Сярод іх найвыбітнейшая літаратаркай лічыцца паўднёваафрыканская пісьменьніца Бэсі Гэд, якая жыла ў батсванскім месьце Сэровэ. Сярод ейных знакамітых працаў вылучаюцца «Калі зьбіраюцца дажджавыя хмары» (1968), «Мару» (1971) і «Пытаньне ўлады» (1973). Усе яны ёсьць біяграфічнымі і апісваюць пэўныя аспэкты жыцьця літаратаркі. Першы твор з гэтага сьпісу заснаваны на ейным досьведзе жыцьця на гаспадарцы. «Мару» апавядае пра расавыя стасункі і адносіны да яе, бо Гэд была дачкой белай заможнай гаспадыні і афрыканскага раба, што лічылася па-за законам у Паўднёвай Афрыцы. «Пытаньне ўлады» абапіраецца на ейнае разуменьне таго, што адбываецца пры пакутах на востры псыхалягічны дыстрэс. Пісьменьніца таксама апублікаваў шэраг апавяданьняў, сярод якіх вылучаецца «Зьбіральнік скарбаў» (1977). Яна таксама выдала кнігу пра гісторыю Сэровэ пад назовам «Сэровэ: вёска дажджавых вятроў». Дзея ейнага апошняга рамана «Зачараванае скрыжаваньне» (1984) адбываецца ў Батсване XIX стагодзьдзя. Іншымі асобамі, зьвязанымі з Батсванай, былі і ёсьць Эндру Сэсыньі, Юніці Доў, Галесыці Баруці, Кейтлін Дэвіс, Лоры Кубуэтсыле, Альбэрт Маліконгва, Тора Масыці, Матэанэ Мэламу і Баралонг Сэбоні[49]. Творы апошняга ўлучаюць «Выявы сонца», «Крыкі і просьбы», «Песьні каханьня», «Песьні вятроў Кгалагадзі» і «Запаліць агонь» ды шэраг п’есаў. Падзеі сэрыі папулярных дэтэктыўных раманаў «Жаночая дэтэктыўная агенцыя №1» працы брытанскага пісьменьніка Аляксандра Макола Сьміта адбываюцца ў Габаронэ. Сьміт нарадзіўся і гадаваўся ў Паўднёвай Радэзіі (цяпер Зымбабвэ), але праз працяглы час жыцьця ў Эўропе пераехаў у Батсвану, дзе выкладаў ва ўнівэрсытэце.
Шэраг прыкметных фільмаў ці былі зьнятыя пры ўдзеле Батсваны, ці апавядаюць пра яе. Камэдыя 1981 году «Багі, мабыць, вар’яты» была вырабленая сумесна з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай і сталася міжнародным гітом. У 2000 годзе фільм «Шэпты: Прыгоды слана» вытворчасьці студыі Дыснэй здымаўся ў Батсване. А брытанская гістарычная кінастужка «Злучанае каралеўства» (2016) распавядала існую гісторыю каханьня батсванскага шляхціча Сэрэтсэ Кхамы і брытанкі Рут Ўільямз[50].
Спорт
рэдагавацьФутбол ёсьць самым папулярным відам спорту ў Батсване, а першым прыкметным дасягненьнем была кваліфікацыя зборнай Батсваны на Кубак афрыканскіх нацыяў 2012 году. Да ліку іншых папулярных відаў спорту ўлучаюць сафтбол, крыкет, тэніс, рэгбі, бадмінтон, гандбол, гольф і лёгкую атлетыку[51][52]. Батсвана ёсьць асацыяваным сябрам Міжнароднай рады крыкету. Першы алімпійскі мэдаль на рахунак краіны здабыў бягун на 800 мэтраў Найджэл Эймас, які на Летняй Алімпіядзе 2012 годзе заняў другое месца ў забегу. У 2011 годзе Амантле Монтсга стала чэмпіёнкай сьвету ў спрынце на 400 мэтраў, здабыўшы першы залаты мэдаль Батсваны на міжнародных спаборніцтвах.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в https://www.cia.gov/library/publications/the-world-factbook/geos/bc.html
- ^ а б база зьвестак Сусьветнага банку — Сусьветны банк.
- ^ а б 2020 Democracy Index
- ^ а б https://data.worldbank.org/indicator/SI.POV.GINI
- ^ а б Human Development Report — Праграма разьвіцьця ААН, 2022.
- ^ а б https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/africa
- ^ Darwa, P. Opoku (2011). «Kazungula Bridge Project». African Development Fund. — С. Appendix IV.
- ^ а б «World Population Prospects 2022». United Nations Department of Economic and Social Affairs.
- ^ «HIV and Aids in Botswana». Avert International Aids Charity.
- ^ Morton, F.; Ramsay, J. and Mgadla, T. (2008). «Historical Dictionary of Botswana». Scarecrow Press. — С. 34. — ISBN 9780810854673.
- ^ Chan, Eva KF; Timmermann, Axel; Baldi, Benedetta F.; Moore, Andy E.; Lyons, Ruth J.; Lee, Sun-Seon; Kalsbeek, Anton MF; Petersen, Desiree C.; Rautenbach, Hannes; Förtsch, Hagen EA; Bornman, MS Riana; Hayes, Vanessa M. (28 October 2019). «Human origins in a southern African palaeo-wetland and first migrations». Nature. Nature Research. 575 (7781): С. 185—189. — doi:10.1038/s41586-019-1714-1. PMID 31659339.
- ^ Hall, Martin (1990). «Farmers, Kings, and Traders: The People of Southern Africa, 200—1860». — University of Chicago Press. — ISBN 0-226-31326-3.
- ^ Magang, D. (2008) «The Magic of Perseverance: The Autobiography of David Magang». — Cape Town: CASAS. — С. 10—14. — ISBN 9781920287702.
- ^ Denbow, James; Klehm, Carla; Dussubieux, Laure (April 2015). «The glass beads of Kaitshàa and early Indian Ocean trade into the far interior of southern Africa». Antiquity. 89 (344): С. 361—377. — doi:10.15184/aqy.2014.50.
- ^ Morton, Fred. «The Rise of a Raiding State: Makaba II’s Ngwaketse, 1780—1824».
- ^ Morton, B. (1993). «Pre-1904 Population Estimates of the Tswana». Botswana Notes and Records. 25: С. 89—99.
- ^ а б Morton, Barry (14 January 2009). «The Hunting Trade and the Reconstruction of Northern Tswana Societies after the Difaqane, 1838—1880». South African Historical Journal. 36: С. 220—239. doi:10.1080/02582479708671276.
- ^ Magang, D. (2008) «The Magic of Perseverance: The Autobiography of David Magang». Cape Town: CASAS. — С. 28—38. — ISBN 9781920287702
- ^ Ramsay, J. (1991). «The Botswana-Boer War of 1852—53: How the Batswana Achieved Victory». Botswana Notes and Records. 23: С. 193—208.
- ^ Ramsay, Jeff. «Mmegi Blogs :: The Guns of Khutiyabasadi (II)». Mmegi Blogs.
- ^ Landau, P. (1995) «The Realm of the Word: Language, Gender, and Christianity in the Southern African Kingdom». Portsmouth, N.H.: Heinemann.
- ^ Morton, Barry; Ramsay, Jeff. «The Invention and Perpetuation of Botswana’s National Mythology, 1885—1966». — С. 4—7.
- ^ Morton, Barry; Ramsay, Jeff. «The Invention and Perpetuation of Botswana’s National Mythology, 1885—1966». — С. 7—11.
- ^ Parsons, N. (1998). «King Khama, Emperor Joe, and the Great White Queen: Victorian Britain Through African Eyes». Chicago: University of Chicago Press.
- ^ Hayes, Frank (1980). «South Africa’s Departure from the Commonwealth, 1960—1961». The International History Review. 2 (3): С. 453—484. — doi:10.1080/07075332.1980.9640222.
- ^ а б «Botswana: Late British colonialism (1945—1966)». EISA.
- ^ «U.K.: Bechuanaland independence conference opens in London 1966». British Pathé.
- ^ «Fireworks at Midnight». British Empire.
- ^ «Botswana country profile». BBC News.
- ^ «Darkoh». IS: Rala.
- ^ а б «Botswana, US sign 'Debt-for-Nature' agreement». Afrol.
- ^ «NOTCDIB». UNCCD.
- ^ «Botswana’s Masisi retains presidency as BDP wins election». Reuters.
- ^ «Botswana 1996 (rev. 2002)». Constitute.
- ^ «Administration of Justice». Republic of Botswana Administration of Justice.
- ^ «Background Note: Botswana». US Department of State.
- ^ «GDP per capita». Our World in Data.
- ^ «GNI PPP table». Nationsonline.
- ^ «Botswana ranked Africa’s leader in economic freedom». Mmegi Online.
- ^ Mugoti, Godfrey (2009). «Africa (a—z)». Lulu Com. — ISBN 978-1-4357-2890-5.
- ^ «The International Property Rights Index 2014: Africa by Score». The International Property Rights Index.
- ^ «Motoring in Botswana». Automobile Association of South (1994).
- ^ «Vehicle population nears 600,000». Mmegi Online.
- ^ «Old road signs are being phased out». Mmegi Online.
- ^ а б «Botswana». The World Factbook.
- ^ «African Bushmen Tour U.S. to Fund Fight for Land». National Geographic News.
- ^ Anaya, James (2 June 2010). «Addendum — The situation of indigenous peoples in Botswana». United Nations Human Rights Council.
- ^ «About Our Country». GOV.bw.
- ^ «The History and Future of Literature in Botswana». Medium.
- ^ «Botswana (Bechuanaland) — African Studies». Oxford Bibliographies.
- ^ «Sparks to fly at Diamond». Botswana Press Agency.
- ^ «Opinion the Academic World». Botswana Press Agency.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйны сайт.
- Батсвана на BBC News.
- Батсвана на бачыне Curlie.