Хартум

сталіца Судану

Харту́м (па-арабску: الخرطوم‎ al-Ḫarṭūm, ці «хобат слана», мянушка: Трохкутны горад) — сталіца Судану, якая разьмяшчаецца на месцы злучэньня Белага і Блакітнага Нілу. Горад зьяўляецца палітычным, гандлёвым і культурным цэнтрам краіны, а таксама важным транспартным вузлом. Колькасьць насельніцтва налічвае 2207 тыс. жыхароў. Разам з навакольнымі гарадамі Амдурманам і Паўночным Хартумам утварае канглямэрацыю ў якой жыве 4,8 млн чалавек.

Хартум
араб. الخرطوم
Герб Хартуму


Краіна: Судан
Плошча:
  • 30 000 км²[1]
Вышыня: 382 м н. у. м.
Насельніцтва:
Геаграфічныя каардынаты: 15°36′11″ пн. ш. 32°31′35″ у. д. / 15.60306° пн. ш. 32.52639° у. д. / 15.60306; 32.52639Каардынаты: 15°36′11″ пн. ш. 32°31′35″ у. д. / 15.60306° пн. ш. 32.52639° у. д. / 15.60306; 32.52639
Хартум на мапе Судану
Хартум
Хартум
Хартум
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Гісторыя

рэдагаваць

XIX стагодзьдзе

рэдагаваць

Хартум паўстаў у 1821 годзе Ісмаілам Каміль-Пашой, які быў трэцім сынам эгіпецкага ўладара Мугамада Алі Пашы, бо на той момант кіравалі Суданам эгіпецкія кіраўнікі. Першапачаткова Хартум служыў умацаваньнем эгіпецкай арміі, але паселішча хутка перарасло ў рэгіянальны гандлёвы цэнтар. Места было важным цэнтрам гандлю рабамі[3]. Пазьней ён стаў адміністрацыйным цэнтрам і афіцыйнай сталіцай Судана. 13 сакавіка 1884 году войскі магдзіста Мугамада Агмада пачалі аблогу Хартуму, змагаючыся супраць брытанскай акупацыі. Брытанцаў ачольваў генэрал Чарлз Джордж Гордан. Аблога скончылася рэзанінай і зьнішчэньнем ангельска-эгіпецкага гарнізону калі 26 студзеня 1885 году моцна пашкоджаны горад быў захоплены на магдзістамі[4]. 2 верасьня 1898 году суданскія сілы былі скіраваныя на суседні Амдурман, ля якога адбылася крывавая бітва, падчас якой брытанскія войскі, ачоленыя Гэрбэртам Кітчэнэрам, перамаглі сілы магдзістаў[5].

XX стагодзьдзе

рэдагаваць
 
Хартум на выяве 1888 году.

Чацьверты саміт Арабскай лігі ладзіўся ў Хартуме 29 жніўня 1967 году. У 1973 годзе у горадзе тэрарысты з арганізацыі Чорны верасень узялі ў мясцовай амбасадзе Саудаўскай Арабіі дзесяць закладнікаў, пяць зь якіх былі дыпляматамі. Амбасадар ЗША, ягоны намесьнік і бэльгійскі павераны ў справах былі забітыя. Астатнія закладнікі былі выпушчаныя. Згодна з дакумэнтам 1973 году, складзенаму Дзяржаўным дэпартамэнтам ЗША, які быў рассакрэчаны ў 2006 годзе, была зробленая выснова, што гэты тэрарыстычны акт у Хартуме была заплянаваны і ажыцьцяўляўся з асабістага ўхваленьня Ясіра Арафата[6].

У 1977 годзе быў пабудаваны першы нафтаправод паміж Хартумам і Порт-Суданам[7]. З 18 па 22 ліпеня 1978 годзе ў горадзе ладзіўся саміт Арганізацыі афрыканскага адзінства, падчас якога Судан атрымаў старшынства ў арганізацыі[8].

На працягу 1970-х і 1980-х гадоў у Хартуме шукалі паратунак сотні тысяч уцекачоў, якія зьбеглі з прылеглых суседніх краінаў, як то Чад, Эрытрэя, Этыёпія і Ўганда. Многія эрытрэйскія і этыёпскія ўцекачы асыміляваліся і інтэграваліся ў грамадзтва, але досыць шмат зь іх пасяліліся ў вялікіх трушчобах на ўскрайку гораду. Зь сярэдзіны 1980-х гадоў вялікая колькасьць уцекачоў бегла ў Хартум з Паўднёвага Судану і Дарфура, што было выклікана Другой суданскай грамадзянскай вайной і Дарфурскім канфліктам.

 
Дом урада, які сёньня ёсьць прэзыдэнцкім палацам.

У 1991 годзе Ўсама бін Ладэн набыў дом у заможным раёне Аль-Рыяд. Ён жыў там да 1996 году, пакуль яго не пратурылі з краіны. Пасьля выбухаў у амбасадзе ЗША ў 1998 годзе амэрыканскія ўлады зьвінавацілі ў нападзе групу Аль-Каіды Бін Ладэна і 20 жніўня зьнішчылі фармацэўтычную фабрыку аль-Шыфа ў Паўночным Хартуме, бо палічылі, што фабрыка выкарыстоўвался тэрарыстамі дзеля стварэньня баявых атрутных рэчываў. Руйнаваньне фабрыкі стварыла дыпляматычную напругу паміж ЗША і Суданам. Завадзкія парэшткі зараз ёсьць турыстычнай славутасьцю[9].

У лістападзе 1991 году ўрад прэзыдэнта Амара аль-Башыра імкнуўся перасяліць з горада палову насельніцтва. Справа ў тым, што шмат жыхароў паходзілі з поўдня Судану, што застрашвала суданскі урад, бо яны маглі стаць прыхільнікамі паўстанцаў. Каля 425 тысяч чалавек былі выгнаныя з гораду і разьмешчаныя ў пяці «лягерах міру» ў пустэльні ў гадзіне язды ад Хартума. Гэтыя лягеры ахоўвалі моцна ўзброеныя жаўнеры, а шматлікія сусьветныя агенцыі не дапускаліся на тэрыторыю. У лягерах былі цяжкасьці зь ежай, а шмат людзей ня мела ў іх жытла, што вымушала іх ночыць у мяхах. Прымусовае высяленьне было часткай вялікага пляну абнаўленьня гораду, падтрыманага міністрам жыльлёвага будаўніцтва Шарафа Банагам[10][11][12].

XXI стагодзьдзе

рэдагаваць
 
Спадарожнікавыя здымкі Хартума.

Раптоўная сьмерць кіраўніка Народна-вызвольнай арміі і віцэ-прэзыдэнта краіны Джона Гаранга ў канцы ліпеня 2005 году выклікала праз тры дні хваляваньні у Хартуме. Беспарадкі былі скончыныя пасьля таго, як паўднёвасуданскія палітыкі і племянныя лідэры зьвярнуліся да пратэстоўцаў з адпаведнымі заклікамі. Колькасьць загінулых сягала 24 чалавек[13].

У пэрыяд з 16 па 24 студзеня 2006 годзе ў Хартуме ладзіўся саміт Афрыканскага зьвязу[14], а празь некаторы час з 28 па 29 сакавіка таго ж году ў горадзе праходзіў саміт Арабскай лігі, падчас якога Судан атрымаў старшынства[15].

10 траўня 2008 году дарфурская групоўкай тэратыстычнага Руху за справядлівасьць і роўнасьць напалі на горад з мэтай зрынуць урад Амара аль-Башыра, але суданскі ўрад адбіў напад[16][17][18]. 23 кастрычніка 2012 году пралунаў выбух на Ярмуцім заводзе. У выніку загінулі два чалавекі, і яшчэ адзін быў паранены. Суданскі ўрад сьцьвярджаў, што выбух быў вынікам ізраільскага авіяўдару[19]. 3 чэрвеня 2019 году ў Хартуме забілі больш за 100 пратэстоўцаў, яшчэ сотні былі параненыя, а 70 жанчынаў былі згвалтаваныя жаўнерамі Сіламі хуткай падтрымкі (СХП) падчас мірных акцыяў супраць ўраду[20].

26 кастрычніка 2021 году Хартум быў зачынены пасьля вайсковага перавароту. Як наймней сем чалавек загінулі, а на вуліцы ўчыніліся пратэсты. Падчас перавароту ад улады быў адхілены прэм’ер-міністар Абдала Гамдук. Ён быў арыштаваны, але празь некалькі дзён быў выпушчаны[21]. 15 красавіка 2023 году ў Хартуме і агулам у краіне пачаліся бойкі паміж узроенымі сіламі краінамі і атрадам СХП. Паведамлялася пра баі ў прэзыдэнцкім палацы, у сядзібе СХП ды міжнародным аэрапорце Хартуму.

Геаграфія

рэдагаваць
 
Хартум стаіць на Ніле амаль пасярэдзіне даўжыні ракі.

Хартум месьціцца ў месцы зьліцьця Блакітнага і Белага Нілаў[22]. Горад даволі пляскаты, а ягоная вышыня складае 385 мэтраў над узроўнем мора[23]. Поруч з горадам месьцяцца яшчэ два вялікія суданскія гарады, як то Амдурман і Паўночны Хартум.

У Хартуме гарачы пустэльны клімат згодна з кліматычнай клясыфікацыяй Кёпэна з засушлівым сэзонам узімку. Такі клімат ёсьць характэрным для Сахара-сахельскай зоны. Клімат надзвычай сухі цягам большай часткі году, прыблізна каля васьмі месяцаў. У гэты час пасярэдняя колькасьць ападкаў скаладе ніжэй за 5 мм. Сам доўгі засушлівы сэзон падзяляецца на цёплы, вельмі сухі сэзон у пэрыяд зь лістапада па люты, а таксама вельмі гарачы, засушлівы сэзон у пэрыяд з сакавіка па травень. Цягам гэтай часткі году гарачы і сухі кантынэнтальны пасат дзьме з пустэльняў, а надвор’е стабільнае і вельмі сухое.

Вельмі нерэгулярны і кароткі дажджлівы сэзон доўжыцца каля месяца. Максымальная колькасьць ападкаў звычайна фіксуецца ў жніўні і складае каля 48 мм. Сярэдняя гадавая колькасьць ападкаў вельмі нізкая. Яна сягае 121,3 мм. Найбольшая тэмпэратура фіксуецца двойчы за год. Першы раз у канцы засушлівага сэзону, калі сярэднія высокія тэмпэратуры ўсьцяж перавышаюць 40 °C з красавіка па чэрвень, а другі ў раньні засушлівы сэзон, калі сярэдняя высокая тэмпэратура ў верасьні і кастрычніку перавышае 39 °C. У ноч тэмпэратура зьніжаецца, а самыя прахалодныя ночы прыпадаюць на студзень, калі тэмпэратура апускаецца крыху вышэй за 15 °C. Хартум ёсьць адным з самых гарачых буйных гарадоў на Зямлі, сярэдняя гадавая тэмпэратура вагаецца блізу 30 °C. У горадзе таксама вельмі цёплыя зімы. Ані ў адзін зь месяцаў штомесячная сярэдняя высокая тэмпэратура не апускаецца ніжэй за 30 °С. Такое нават не назіраецца ў іншых буйных гарадах з гарачым пустэльным кліматам, як то Рыяд, Багдад і Фінікс[24].

  Кліматычныя зьвесткі для Хартуму  
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 42,7 42,5 45,6 46,5 47,5 46,5 44,7 44,0 45,3 43,5 41,5 39,5 47,5
Сярэдні максымум t, °C 31,0 33,7 37,0 40,6 42,1 41,5 38,8 36,9 38,9 39,5 35,6 32,1 37,3
Сярэдняя t, °C 23,6 25,9 29,1 32,8 35,0 34,9 32,7 31,1 32,7 32,9 28,8 25,0 30,4
Сярэдні мінімум t, °C 16,1 18,0 21,1 24,9 27,9 28,2 26,7 25,4 26,5 26,4 22,0 18,0 23,4
Абсалютны мінімум t, °C 7,5 8,4 12,5 16,0 18,5 20,2 17,8 18,0 17,7 17,5 14,5 10,4 7,5
Норма ападкаў, мм 0,0 0,0 0,0 0,4 4,7 3,4 24,9 53,1 24,5 9,1 0,3 0,0 120,4
Вільготнасьць, % 26 21 16 14 19 26 42 53 44 30 25 29 29
Крыніца: «Khartoum». World Weather Information Service, «Khartoum Climate Normals 1961–1990». NOAA.

Эканоміка

рэдагаваць
 
Хмарачосы Хартума.

Пасьля складаньня гістарычнай Найваскай ўгоды, якая замірыла ўрадавыя войскі і Народна-вызвольную армію ды адкрыла шлях Паўднёвага Судана да незалежнасьці, урад Судану пачаў ствараць маштабныя праекты[25][26]. У 2007 годзе найбуйнейшымі праектамі ў Хартуме былі разьвіцьцё бізнэсовага раёну гораду, будаўніцтва двух пяцізоркавых гатэляў, новага аэрапорту і двух мостаў, адзін зь якім мусіў злучаць горад з востравам Туці.

Багацьце гораду і краіны агулам базуецца на нафтавым сэктары, але незалежнасьць Паўднёвага Судана, зь якім адыйшлі і некаторыя радовішчы, пагоршыла эканоміку краіны[27]. Хартум, як сталіца, канцэнтруе ў сябе найбольшую эканамічную дзейнасьць у краіне. Аднак, у краіне маюцца і іншыя буйныя праекты па-за межамі сталіцы, як то выведка нафты на поўдні краіны, прамысловы комплекс Джыяд ў правінцыі Эль-Гезыра, цукровы завод у цэнтральным Судане, а таксама плаціна Мэровэ на поўначы краіны. У горадзе добра наладжаны друк, выраб шкла, выраб прадуктаў харчаваньня і тэкстылю. На поўначы правінцыі працуе адзін з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў Судану[27].

Раздробны гандаль

рэдагаваць

Арабскі рынак ёсьць найбуйнейшым адкрытым рынкам у горадзе. Ён займае вялікую тэрыторыю ў цэнтры Хартума на поўдзень ад Вялікага мячэту ля аўтобуснага вакзалу. Рынак мае некалькі сэктараў, у тым ліку адзін з сэктараў спэцыялізуецца на продажы золата[28]. Гандлёвымі лічацца вуліцы Аль-Каср і Аль-Джамгарыя. У 2004 годзе быў адкрыты першы ў краіне гандлёвы цэнтар Мол-Афра ў паўднёвым прадмесьці гораду. У Мол-Афра працуе супэрмаркет, гандлёвыя крамкі, кавярні, боўлінг, кінатэатры. Ёсьць дзіцячая пляцоўка, коўзанка. Пры гатэлі Карынтыя ў 2011 годзе зьявіўся фуд-корт.

Транспарт

рэдагаваць
 
Хартумскі гарадзкі аўтобус.

У Хартуме месьціцца самы вялікі аэрапорт у Судане, вядомы як Хартумскі міжнародны аэрапорт, дзе базуецца галоўны авіяперавозьнік Sudan Airways. Аднак, гэты аэрапорт быў зачынены пасьля баёў за яго ў красавіку 2023 году[29]. На паўднёвым ускрайку гораду за 40 км плянуецца новы аэрапорт, які на сёньня яшчэ знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва[30]. Згодна з задумай новы аэрапорт мусіць абслугоўваць 7,5 мільёнаў пасажыраў штогод[31].

Нягледзячы на тое, што горад разьмешчаны на Ніле, водны транспарт ня грае тут такой ролі як у суседнім Эгіпце. Грамадзкім транспартам служаць невялікія аўтобусы, якія езьдзяць па нязьменных маршрутах. Як і ў многіх гарадах кантынэнту аўтобусныя кампаніі знаходзяцца ў прыватных уласнасьці[32][33]. Хартум няблага зьвязаны праз мосты зь суседнімі гарадамі Амдурманам і Паўночным Хартумам. Хартум ёсьць важным суданскім чыгуначным цэнтрам, адсюль разыходзяцца лініі чыгункі ва ўсе часткі краіны, а таксама да суседніх дзяржаваў і Чырвонага мора.

  1. ^ http://geosfera.info/afrika/sudan/1336-hartum-stolica-sudana.html
  2. ^ http://www.demographia.com/db-worldua.pdf
  3. ^ Roman Adrian Cybriwsky (2013). «Capital Cities around the World: An Encyclopedia of Geography, History, and Culture». ABC-CLIO, USA. — С. 139.
  4. ^ Hammond, Peter (2005). «Slavery, Terrorism & Islam». Cape Town, South Africa: Christian Liberty Books.
  5. ^ «Khartoum». Britannica.
  6. ^ «The Seizure of the Saudi Arabian Embassy in Khartoum». U.S. Department of State.
  7. ^ «Minerals Yearbook». Bureau of Mines.
  8. ^ Harris, Gordon (1994). «The Organization of African Unity». London, United Kingdom: Transaction Publishers. — С. 29. — ISBN 9781412830270.
  9. ^ Cybriwsky, Roman Adrian (2013). «Capital Cities around the World: An Encyclopedia of Geography, History, and Culture». ABC-CLIO. — С. 140. — ISBN 9781610692489.
  10. ^ Peterson, Scott (2000). «Me against my brother: at war in Somalia, Sudan, and Rwanda: a journalist reports from the battlefields of Africa». New York: Routledge. — ISBN 0415921988.
  11. ^ «Khartoum Squatters Forcibly Displaced». The Christian Science Monitor.
  12. ^ «Sudan Is Undeterred in Drive to Expel Squatters». The New York Times.
  13. ^ «Riots after Sudan VP Garang dies». BBC News.
  14. ^ «Decisions & Declarations of the Assembly; African Union». African Union.
  15. ^ Hiro, Dilip (2013). «A Comprehensive Dictionary of the Middle East». Olive Branch Press. — ISBN 978-1566569040.
  16. ^ «Curfew in capital as Sudanese army clash near Khartoum with Darfur rebels». Sudan Tribune.
  17. ^ «Sudanese rebels 'reach Khartoum'». BBC News.
  18. ^ «PHOTOS: Sudan capital after today’s attack from Darfur JEM». Sudan Tribune.
  19. ^ «Khartoum fire blamed on Israeli bombing». Al Jazeera.
  20. ^ Burke, Jason; Salih, Zeinab Mohammed (13.07.2019). «Sudanese protesters demand justice following mass killings». The Guardian.
  21. ^ «Sudan’s capital locked down after coup triggers deadly unrest». The Irish Times.
  22. ^ Zerboni, Andrea; Brandolini, Filippo; Mariani, Guido S.; Perego, Alessandro; Salvatori, Sandro; Usai, Donatella; Pelfini, Manuela; Williams, Martin A.J. (28.07.2021). «The Khartoum-Omdurman conurbation: a growing megacity at the confluence of the Blue and White Nile Rivers». Journal of Maps. 17 (4): 227—240. — doi:10.1080/17445647.2020.1758810.
  23. ^ «Khartoum Elevation (385m)». DistancesTo.
  24. ^ Peel, M. C.; B. L. Finlayson; T. A. McMahon (2007). «Updated world map of the Köppen-Geiger climate classification». Hydrology and Earth System Sciences. 11 (5): 1633—1644. — doi:10.5194/hess-11-1633-2007.
  25. ^ «Sudan and UNDP launch Millennium Goals project». Sudan Tribune.
  26. ^ Winter, Joseph (24.04.2007). «Khartoum booms as Darfur burns». BBC.
  27. ^ а б «Country Analysis Brief: Sudan and South Sudan». US Energy Information Administration.
  28. ^ «Sudan Shopping and Districts (Sudan, SD, North-East Africa)». World Guides.
  29. ^ Leiro, Roberto (15.04.2023). «Sudan’s RSF Clashes with Army in Khartoum Airport». Airways.
  30. ^ «New Khartoum Airport». CAPA Membership.
  31. ^ «Khartoum New International Airport». The JW Group.
  32. ^ Bannaga, Sharaf Eldin Ibrahim (11.04.2018). «Revitalization of Greater Khartoum Urban Transportation System». Future Cities and Environment. 4 (1): 10. — doi:10.5334/fce.2.
  33. ^ «Public transport crisis bothers citizens in Sudan’s capital». Xinhua.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць