Малі
Рэспу́бліка Малі́ (па-француску: République du Mali) — краіна ў Заходняй Афрыцы бяз выхаду да мора. Мяжуе з Альжырам на поўначы, Нігерам на ўсходзе, Буркіна-Фасо і Кот д’Івуарам на поўдні, Гвінэяй на паўднёвым захадзе, Сэнэгалам і Маўрытаніяй на захадзе. Плошча — 1,24 млн км², насельніцтва — 14,5 млн чал. Сталіца — Бамака.
Малі
| |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: «Un peuple, un but, une foi» | |||||
Дзяржаўны гімн: «Le Mali» | |||||
Афіцыйная мова | француская | ||||
Сталіца | Бамако | ||||
Найбуйнейшы горад | Бамако | ||||
Форма кіраваньня | унітарная вайсковая дыктатура Дыёнкунда Траарэ Джанга Сісока | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
24-е месца ў сьвеце 1 240 192 км² 1,6 | ||||
Насельніцтва • агульнае (2009) • шчыльнасьць |
67-е месца ў сьвеце 14 517 176 11,7/км² | ||||
Этнічны склад | |||||
СУП • агульны (2011) • на душу насельніцтва |
Сьпіс краінаў паводле СУП $17,872 млрд $1127 | ||||
Валюта | Франк КФА (XOF) | ||||
Часавы пас | GMT (UTC+0) | ||||
Незалежнасьць — ад Францыі |
22 верасьня 1960 | ||||
Аўтамабільны знак | RMM | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .ml | ||||
Тэлефонны код | +223 | ||||
Гісторыя
рэдагавацьДаўней тэрыторыя Малі ўваходзіла ў склад трох заходнеафрыканскіх імпэрыяў, якія кантралявалі транссахарскі гандаль золатам, сольлю, рабамі і іншымі каштоўнасьцямі[1]. Гэтыя сахельянскія царствы ня мелі ані вызначаных межаў, ані пэўных этнічных адметнасьцяў[1]. Першай утварылася імпэрыя Гана, якая ў 1078 была заваяваная Альмаравідамі[2].
Пазьней у верхавінах ракі Нігер утварылася імпэрыя Малі, якая дасягнула піку магутнасьці ў XIV стагодзьдзі. У выніку ўнутраных інтрыг імпэрыя заняпала і ў рэшце рэшт была замененая імпэрыяй сангаяў. Каляпс гэтай дзяржавы ў 1591 быў выкліканы набегам мараканцаў пад даводзтвам Джудар-пашы[2]. З падзеньнем імпэрыі Сангай значнасьць рэгіёну як скрыжаваньня гандлёвых шляхоў скончылася.
Напрыканцы XIX стагодзьдзя Малі стала францускай калёніяй. Да 1905 року большасьць яе тэрыторыі ўваходзіла ў склад Францускага Судану[2].
У 1959 року Францускі Судан (пад назвай Суданская рэспубліка) і Сэнэгал аб’ядналіся ў фэдэратыўную дзяржаву. 20 чэрвеня 1960 Фэдэрацыя Малі атрымала незалежнасьць ад Францыі, а пасьля таго як у жніўні 1960 року Сэнэгал выйшаў зь яе складу, 22 верасьня быў абвешчаны сувэрэнітэт Рэспублікі Малі. Першым яе прэзыдэнтам быў абраны Мадзіба Кейта, які ўвёў у дзяржаве аднапартыйны рэжым, сацыялістычную арыентацыю і правёў нацыяналізацыю[2].
19 лістапада 1968 рэжым Кейты, за якім краіна перажывала эканамічны заняпад, быў скінуты ў выніку бяскроўнага перавароту вайскоўцаў на чале з Муса Траарэ[3]. Дзень перавароту цяпер адзначаецца як нацыянальнае сьвята. Мілітарысцкі рэжым паспрабаваў рэфармаваць эканоміку, аднак гэтыя спробы былі сарваныя палітычнымі хваляваньнямі і спусташальнымі засухамі 1968—1974 рокаў, падчас якіх ад голаду памерлі некалькі тысячаў чалавек[4]. Адбыліся студэнцкія хваляваньні і тры спробы пераваротаў, аднак рэжым Траарэ здушыў усе выступы.
Урад працягнуў спробы эканамічных рэформаў, што павялічыла незадаволенасьць насельніцтва. У адказ на патрабаваньні шматпартыйнай дэмакратыі рэжым пачаў нязначную палітычныю лібэралізацыю. У 1990 року пачалі паўставаць аб’яднаныя палітычныя рухі, а ў паўночных рэгіёнах пачаліся выбухі этнічнага гвалту[3].
У студзені 1991 року былі жорстка здушаныя мірныя студэнцкія выступы, што спрычыніла новую хвалю пратэстаў. З 22 да 26 сакавіка ў местах і нават вёсках па ўсім Малі адбываўся ўсенародны страйк, вядомы як Сакавіцкая рэвалюцыя. У Бамака жаўнеры адкрылі па дэманстрантах агонь на паразу, што прывяло да выбуху беспарадкаў. У краіне было агалошанае надзвычайнае становішча і ўведзеная камэнданцкая гадзіна. Нягледзячы на гібель прыкладна 300 чалавек, мірныя пратэстоўцы працягвалі цягам гэтых сакавіцкіх дзён выходзіць на вуліцы Бамака з патрабаваньнямі сыходу дыктатара і ўвядзеньня дэмакратычных нормаў[5].
26 сакавіка на загад прэзыдэнта Мусы Траарэ вайскоўцы ізноў прымянілі гвалт у дачыненьні да дзясяткаў пратэстоўцаў. Пазьней за гэтае рашэньне Траарэ і тры ягоныя памагатыя былі прыгавораныя да сьмяротнага пакараньня. Аднак вялікая колькасьць вайскоўцаў адмовіліся выконваць загад і перайшлі на бок пратэстоўцаў. У абед 26 сакавіка падпалкоўнік Амаду Тумані Турэ абвясьціў па радыё пра арышт дыктатара. У выніку Сакавіцкае рэвалюцыі быў сфармаваны пераходны ўрад, дазволеная дзейнасьць палітычных партыяў і прынятая новая канстытуцыя[3]. 26 сакавіка адзначаецца ў Малі як дзень памяці пра трагічныя падзеі і пра забітых[6].
У 1992 на першых дэмакратычных выбарах прэзыдэнта перамог Альфа Ўмар Канарэ, а ў 1997 быў пераабраны на другі тэрмін. У 2002 прэзыдэнтам стаў герой паўстаньня 1991 року генэрал Амаду Тумані Турэ[7]. У гэты пэрыяд Малі стала адной з палітычна і сацыяльна стабільных дзяржаваў у Афрыцы[8].
У Малі дагэтуль захоўваецца рабства: каля 200 000 чалавек знаходзяцца ва ўласнасьці іншых людзей.
Адміністрацыйны падзел
рэдагавацьМалі падзелена на 8 абласьцей і асобную сталічную акругу Бамака.
Вобласьць | па-француску | Цэнтар | Плошча, км² | Насельніцтва (1998), чал. |
---|---|---|---|---|
Бамака | Bamako | Бамака | 267 | 848 315 |
Гао | Gao | Гао | 170 572 | 335 976 |
Каес | Kayes | Каес | 197 760 | 1 506 099 |
Кідаль | Kidal | Кідаль | 151 430 | 31 046 |
Кулікора | Koulikoro | Кулікора | 89 833 | 1 563 444 |
Мопці | Mopti | Мопці | 88 752 | 1 427 173 |
Сегу | Ségou | Сегу | 56 127 | 1 678 749 |
Сыкаса | Sikasso | Сыкаса | 76 480 | 1 610 772 |
Тамбукту | Tombouctou | Тамбукту | 408 977 | 467 361 |
Геаграфія
рэдагавацьЗ плошчай 1 240 000 км² Малі займае 24 месца ў сьвеце. Краіна ня мае выхаду да мора, мае субтрапічны, сухі клімат. Значны ўплыў на клімат аказвае Сахара. Паверхня краіны ў асноўным гэта пяшчаныя раўніны, якія пераходзяць у савану на поўдні, у даліне ракі Нігер.
Эканоміка
рэдагавацьУ Малі разьвіта горназдабываючая прамысловасьць, у асноўным здабыча дыямэнтаў, золата і фасфарытаў. Прамысловыя прадпрыемствы ў асноўным харчовай галіны, пераапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны, рыбы. Сельская гаспадарка — гэта ў асноўным разьвядзеньне козаў, авечак, вярблюдаў. Асноўныя сельскагаспадарчыя культуры: арахіс, бавоўна. Імпарт краіны складаецца з прадукцыі цяжкага машынабудаваньня, хімічнай і нафтахімічнай прамысловасьці, транспартнага абсталяваньня.
Дэмаграфія
рэдагавацьЭтнічны склад насельніцтва Малі выглядае наступным чынам:
- Мандэ — 50% (Бамбара, Малінке, Санінке);
- Пеўл (Фула/Фулані) — 17%;
- Вольтанік — 12%;
- Туарэгі і муры — 10%;
- Сангаі — 6%;
- астатнія — 5%.
Рэлігійны склад: 90% мусульмане, 9% паганцы, 1% хрысьціяне.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Mali country profile, p. 1.
- ^ а б в г Mali country profile, p. 2.
- ^ а б в Mali country profile, p. 3.
- ^ Mali’s nomads face famine. BBC News. 9 August 2005.
- ^ Mali's March Revolution (1991) (анг.). International Center on Nonviolent Conflict. Праверана 1 сакавіка 2012 г.
- ^ Bussa Mali's March to Democracy (анг.) Праверана 1 сакавіка 2012 г.
- ^ Mali country profile, p. 4.
- ^ USAID Africa: Mali (анг.). USAID (15 May 2008). Праверана 3 June 2008 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьМалі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў