Га́мбія (па-ангельску: The Gambia) — краіна ў Заходняй Афрыцы, мяжуе з Сэнэгалам, мае выхад да Атлянтычнага акіяна.

Гамбія
лац. Hambija

Republic of The Gambia
Сьцяг Гамбіі Герб Гамбіі
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: «Progress, Peace, Prosperity» («Прагрэс, мір, росквіт»)
Дзяржаўны гімн: «For The Gambia Our Homeland»
Месцазнаходжаньне Гамбіі
Афіцыйная мова ангельская
Сталіца Банжул
Найбуйнейшы горад Сэрэкунда
Форма кіраваньня рэспубліка
Яг’я Джамэг
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
164-е месца ў сьвеце
10 380 км²
11,5
Насельніцтва
 • агульнае (2009)
 • шчыльнасьць
146-е месца ў сьвеце
1 705 000
164,2/км²
СУП
 • агульны (2008)
 • на душу насельніцтва
159 месца ў сьвеце
$2,274 млрд
$1395
Валюта Даласі (GMD)
Часавы пас GMT (UTC+0)
Незалежнасьць
— ад Вялікабрытаніі

18 лютага 1965
Аўтамабільны знак WAG
Дамэн верхняга ўзроўню .gm
Тэлефонны код +220
Мапа Гамбіі
Мапа Гамбіі

Гісторыя

рэдагаваць

У XIV стагодзьдзі тэрыторыя Гамбіі ўваходзіла ў імпэрыю Малі. Першымі з эўрапейцаў тут высадзіліся партугальцы ў 1455 годзе. У канцы XVI стагодзьдзя на рацэ Гамбія зьявіліся ангельскія і францускія паселішчы.

У свой час Гамбія ледзьве ня стала калёніяй Вялікага Княства Літоўскага. Калі ў сярэдзіне ХVII стагодзьдзя Курляндзкае герцагства пачало сваю каляніяльную экспансію, герцаг Якаў паслаў свае караблі паміж іншым і ў Гамбію, дзе ў 1651 годзе курляндзкая экспэдыцыя набыла востраў Банжул і змуравала там замак. Курляндзкае герцагства заўсёды, ад самага свайго заснаваньня ў часе сэкулярызацыі Лівонскага ордэну, было васалам Рэчы Паспалітай. Але гэта быў час заняпаду Вялікага Княства, якое страчвала кантроль над сваімі паўночнымі землямі. Неўзабаве Рэч Паспалітую ахапіла вайна 1654—1667 гадоў, калі каляніяльныя пытаньні адыйшлі на другі плян, і Банжул прадалі галяндзкай Вэст-Індзкай кампаніі.

Гамбія выглядае на мапе як клін, убіты ў Сэнэгал: паўсотні кілямэтраў акіянскага ўзьбярэжжа, рака, што дала краю назву, а па берагох — джунглі зь небясьпечнымі мухамі цэцэ. Гэта адбілася ў мянушках, накшталт «краіна-рака», «цьвік у афрыканскім чэрапе». Межы праляглі ўсяго ў 10—15 км на поўнач і поўдзень ад рэчышча, якое цягнецца кілямэтраў на 300. Бязглуздасьць гамбійскіх межаў мае тыя ж прычыны, што і абсурднасьць іншых афрыканскіх межаў. Гэты абшар адным зь першых у Заходняй Афрыцы стаў полем лоўлі нявольнікаў. Партугальскіх, брытанскіх і францускіх гандляроў людзьмі цікавіла толькі рака, па якой можна зручна сплаўляцца да акіяна і звозіць на ўзьбярэжжа нявольнікаў.

Вайна за кантроль над Гамбіяй ішла больш за паўтара стагодзьдзя. Перамагла ў ёй урэшце Брытанія, зацьвердзіўшы сваё выключнае права на Гамбію ў Вэрсальскім трактаце 1815 году. У сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя Гамбія была абвешчана брытанскай калёніяй. Гэта была самая першая і самая апошняя брытанская калёнія ў Афрыцы.

Яшчэ ў ХVIII стагодзьдзі брытанцы абяцалі даць вольнасьць тым нявольнікам, што далучацца да войска, якое ваюе з амэрыканскімі бунтаўнікамі (шмат хто зь іхных нашчадкаў перасяліўся на землі сёньняшняй Гамбіі і жыве тут цяпер). Тамсама, ля вусьця Гамбіі, брытанскія вадаплавы ўпершыню пачалі перасьледаваць гандляроў нявольнікамі, калі рабства было забароненае. Якраз тады брытанцы вытаргавалі ад мясцовага правадыра востраў Банжул і збудавалі там цяперашнюю сталіцу краіны.

Пасьля Другой сусьветнай вайны ў краіне актывізаваўся нацыянальна-вызваленчы рух. У 1965 годзе краіна атрымала незалежнасьць. Першапачаткова Гамбія была канстытуцыйнай манархіяй, але 24 траўня 1970 году Гамбія была абвешчана рэспублікай.

Часы незалежнасьці

рэдагаваць

Складанымі былі спробы дэкалянізацыі Гамбіі на хвалі вызваленьня Афрыкі ў 1960-я гады. Гамбійскі нацыяналіст, вэтэрынар па адукацыі (адзін з рэдкіх гамбійцаў з вышэйшай адукацыяй на той час) Даўда Кайраба Джавара запатрабаваў свабоды і для Гамбіі, але гэта было праблематычна, бо ў краіне была ўсяго адна школа, два шпіталі і ніводнай брукаванай дарогі. У ААН абмяркоўвалі магчымасьць злучэньня Гамбіі з Сэнэгалам. Абедзьве краіны насяляюць афрыканцы адных і тых жа народнасьцяў, якія ў асноўным вызнаюць іслам. Але прага Джавары стаць прэзыдэнтам і адвечнае суперніцтва Брытаніі і Францыі (Сэнэгал быў францускай калёніяй) так і не дазволілі зьдзейсьніцца аб’яднаньню. У 1965 годзе Лёндан прызнаў незалежнасьць Гамбіі.

Гаспадарка краіны грунтуецца на клясычнай каляніяльнай монакультуры. Таму краіне было цяжка выжыць, калі яе адзіным багацьцем былі земляныя арэхі, даход ад продажу якіх складае тры чвэрці ўсіх прыбыткаў, а рэшта — грошы ад турызму. У Гамбію іншаземцаў прываблівалі ня так файныя пляжы, як стабільнасьць і бясьпека, што вылучалі краіну спаміж суседзяў, якіх скаланалі перавароты й войны. Прэзыдэнт Джавара, хаця й ня вылучаўся дабрасумленным кіраваньнем сваіх падданых і дапускаў карупцыю, але меў добры выгляд у вачох Захаду. Сярод іншых сваіх калегаў ён вылучаўся ўжо хоць бы тым, што не садзіў сваіх палітычных ворагаў у вязьніцу. Таму ён лёгка атрымліваў крэдыты, што на тле падвышэньня цэнаў на арэшкі і прытоку турысцкіх грошай зрабіла магчымым спакойнае й доўгае, амаль 30-гадовае кіраваньне.

За 30 гадоў ён не зрабіў для краю нічога значнага, нічога не пабудаваў — ні шпіталя, ні школы, ні кавалка дарогі, дый дыскрэдытаваў сябе доўгім кіраваньнем. Таму, напэўна, ніхто і не пратэставаў, калі да ўлады ў выніку клясычнага вайсковага перавароту прыйшло войска.

Першая няўдалая спроба перавароту адбылася ў 1981 годзе, калі прэзыдэнт быў у Лёндане, а афіцэры, падбухтораныя Кадзафі, паспрабавалі ўчыніць путч. Толькі падтрымка ў выглядзе брытанскага спэцназу і сэнэгальскага войска выратавалі Джавару. Загінула тады каля тысячы гамбійцаў. Гэтага апанэнты Джавару не даравалі. Пасьля гэтага ён пачаў баяцца ўласнага войска і збліжацца з сэнэгальцамі і нават дамовіўся з апошнімі аб выдзяленьні яму асабістай аховы. У рамках інтэграцыі з суседняй краінай ён пагадзіўся на саюз з Сэнэгалам пад назвай Сэнэгамбія. З 1982 да 1989 году Гамбія знаходзілася ў канфэдэрацыі з Сэнэгалам пад назвай Сэнэгамбія.

Сэнэгал — заўсёдны супраціўнік Нігерыі за рэгіянальнае лідэрства — быў гэтым вельмі ўсьцешаны. Але праз 7 гадоў Сэнэгамбія распалася, пахаваўшы пад сабою міт пра будучую адзіную Афрыку. Інтэграцыю пахавалі мытныя непаразуменьні, бо гамбійцы, прызначыўшы меншыя мыты, нажываліся на экспарце ў Сэнэгал. Да таго ж яны адчулі, што ў гэтым няроўным хаўрусе ім наканаваная роля малодшага брата. Дакар зьвінаваціў у распадзе канфэдэрацыі Джавару і адклікаў свае войскі. Джавара запрасіў на іх месца нігерыйцаў, справакаваўшы Сэгэгал на ўмяшаньне.

Гамбійскія афіцэры, ставарышаваўшыся са сваімі калегамі зь Нігерыі й Ганы, што зналіся на палітыцы й вайсковых пераваротах, парашылі, што ім таксама варта зрынуць старога і карумпаванага прэзыдэнта. Гамбійскія вайскоўцы разам са сваімі калегамі пабывалі ў 1991 годзе ў Лібэрыі, дзе ў складзе экспэдыцыйнага корпусу Заходнеафрыканскай супольнасьці 1991 году спынялі тамтэйшую грамадзянскую вайну. У чэрвені 1991 году тыя вэтэраны лібэрыйскае вайны зьявіліся пад прэзыдэнцкім палацам і зь нечуванай дзёрзкасьцю запатрабавалі выплаты грошай за службу ў місіі. Прэзыдэнт ня толькі заплаціў, але й пасадзіў у турму нялюбага войску камандуючага, а на яго месца прызначыў нігерыйца.

Войска не зьбіралася спыняцца на дасягнутым, і Джавара папрасіў Нігерыю прыслаць яшчэ чатыры тузіны афіцэраў. Неўзабаве на кожны тузін гамбійскіх жаўнераў (а ўсё гамбійскае войска — гэта прыкладна 800 чалавек) прыпадаў ужо адзін нігерыйскі афіцэр. Таму цяжка даць веры, што нігерыйцы нічога ня ведалі пра змову і ніяк не замяшаныя ў путчы.

У 1994 годзе адбыўся вайсковы пераварот. 28-гадовы капітан жандармэрыі Яг’я Джамэг ўзначаліў выступ супраць прэзыдэнта і разам зь іншымі кіраўнікамі перавароту паабяцаў змагацца з карупцыяй і сувора разабрацца зь міністрамі-злодзеямі. Ён таксама паабяцаў адразу пасьля ўпарадкаваньня справаў, сама больш праз 4 гады, аддаць уладу цывільным. Паспаліты люд прыхільна паставіўся да зьмены ўлады, да таго ж людзям спадабалася, што былога прэзыдэнта адпусьцілі і не расстралялі, як зрабілі б у Гане ці Нігерыі. Афрыка, звыклая да такіх падзеяў, спакойна паставілася да зьменаў у Гамбіі, і толькі паўднёваафрыканскі прэзыдэнт Нэльсан Мандэла, што толькі-толькі заступіў на пасаду, настаўнік дэмакратыі для ўсяго кантынэнту, выказаў пратэст. Сэнэгал, якому не было шкада забойцы Сэнэгамбіі, ня радавалі таксама і новыя гамбійскія ўладары. Па-першае, сэнэгальскія ўлады занепакоіліся, каб іхнае войска не ўзяло прыкладу з гамбійцаў і не занялося палітыкай. Па-другое, Сэнэгал, як і астатняя франкамоўная Афрыка, баяўся экспансіянізму ангельскамоўнай Нігерыі і ня верыў запэўніваньням генэралаў, кіраўнікоў Нігерыі, што тыя не замяшаныя ў гамбійскія падзеі. Малады Джамэг, мала дасьведчаны ў дзяржаўнай навуцы, няўдзячна паставіўся да нігерыйцаў і ў 1995 годзе ў адзіночку выйшаў з падпарадкаваньня Нігерыі, заступіўшыся за апазыцыйнага пісьменьніка Кена Сара-Віву, якога меліся пакараць сьмерцю. Балела галава Дакару і з-за чутак наконт сувязяў Джамэга зь незалежнікамі з сэнэгальскай правінцыі Казаманка. Гэтыя паўстанцы — людзі народу джола, зь якога паходзіць гамбійскі прэзыдэнт. Хадзілі плёткі і пра тое, што асабістая ахова Джамэга набраная з казаманцаў.

Абыдзены ўвагай сьвету, новы прэзыдэнт вымушана сябраваў з усімі, хто толькі яму прапаноўваў прыязьнь — Кадафі, іранцамі, Кастра, час ад часу — зь нігерыйскімі генэраламі, а таксама кіраўнікамі Тайваню, якія за дыпляматычнае прызнаньне іхнай краіны заплацілі маладому прэзыдэнту гатоўкай. Гэта папсавала вобраз Гамбіі, які быў склаўся на Захадзе. Джамэг тады паспрабаваў зьмяніць імідж. Ягоным настаўнікам быў сам Ролінгз — лідэр Заходняй Афрыкі ў галіне дэмакратыі і Realpolitik. Па прыкладзе паручніка Ролінгза ён зьмяніў мундзір на традыцыйны народны строй, каб выйграць выбары 1996 году цывільным чалавекам, але ў Гамбіі спэктакль ня ўдаўся, і міжнародная супольнасьць назвала выбары фарсам.

Тым ня менш, Джамэг, хоць і правіў цьвёрдай рукой, але стараўся не перасьледаваць апазыцыі беспадстаўна і казаў міністрам дбаць найперш пра дабро людзей. Адным з удалых напрамкаў новае палітыкі стала прывабліваньне турыстаў, дзеля чаго была збудаваная адпаведная новая інфраструктура, палепшаная сыстэма транспартных камунікацыяў, пачатае ўзмоцненая будаўніцтва ў вёсках школаў і клінікаў.

Палітыка

рэдагаваць

Сёньня Гамбія — гэта шматпартыйная рэспубліка, з аднапалатным парлямэнтам. З 1994 да 2001 краінай кіравала вайсковая хунта. Але пасьля выбараў 2001 году да ўлады вярнуўся зьвергнуты прэзыдэнт Яг'я Джамэг.

Адміністрацыйны падзел

рэдагаваць
 
Адміністрацыйны падзел Гамбіі

Гамбія падзелена на пяць раёнаў і адзін выдзелены горад. Раёны дзеляцца на 37 акругаў.

Геаграфія

рэдагаваць

Гамбія — гэта самая маленькая па плошчы краіна Афрыкі, займае паласу шырынёй 50 км ўздоўж ракі Гамбія. Рака складае асноўны элемэнт абшараў краіны. Яна цячэ па даліне абкружанай невысокімі ўзгор’ямі і пласкагор’ямі.

Клімат краіны субэкватарыяльны з моцнымі ападкамі ў пару дажджоў. Сярэдняя тэмпэратура складае ад +27 °C +29 °C. У рачной даліне сустракаюцца невялікія балоты, абкружаныя экватарыяльнымі лясамі. На ўзгор’ях пераважае саванная расьліннасьць.

Эканоміка

рэдагаваць

Эканоміка Гамбіі заснаваная на сельскай гаспадарцы, у якой працуе каля ¾ працаздольнага насельніцтва. Сельская гаспадарка прыносіць 29% нацыянальнага прыбытку. Асноўнай сельскагаспадарчай культурай зьяўляецца зямляны арэх, экспарт якога складае 50% агульнага экспарту краіны. Так сама вырошчваецца проса, сорга, кукуруза, рыс. Існаваньне мухі цэ-цэ абмяжоўвае рост жывёлагадоўлі, але ўсё большае значэньне грае рыбная лоўля.

У Гамбіі існуюць радовішчы калію і медзі, аднак яны не распрацаваныя. У прамысловасьці пераважаюць прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.

Транспарт у асноўным прадстаўлены воднымі відамі, па рацэ Гамбія. Чыгункі няма.

Дэмаграфія

рэдагаваць

Насельніцтва Гамбіі складаецца зь вялікай колькасьці этнічных групаў, між якімі не існуе значных супярэчнасьцяў. Кожная зь іх захоўвае сваю мову і традыцыі. Асноўнымі этнічнымі групамі зьяўляюцца: мандзінка (40% насельніцтва), фуланы (19%), валофы (15%), дыёла (10%), санінке (8%).

90% насельніцтва краіны зьяўляюцца мусульманамі (90%), астатнія гэта хрысьціяне (9%) і паганцы (1%). Афіцыйнымі сьвятамі краіны зьяўляюцца як мусульманскія, так і хрысьціянскія сьвяты.

Каля 65% насельніцтва — сельскія жыхары, але колькасьць гарадзкіх жыхароў паступова павялічваецца.

Культура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць