Шахматы
Ша́хматы, ша́хі — настольная лягічная гульня, якая спалучае ў сабе элемэнты мастацтва, навукі і спорту. Адна з найстарэйшых гульняў на Зямлі, што захаваліся да нашага часу; доўгі час уважалася за гульню каралёў і арыстакратаў.
Шахматы | |
Гульцы па чарзе рухаюць такія фігуры па дошцы | |
Краіна паходжаньня | Індыя |
---|---|
Жанр(ы) | інтэлектуальная гульня[d] і абстрактная стратэгічная гульня[d] |
Колькасьць гульцоў | 2 |
Дыяпазон узростаў | 5+ |
Час устаноўкі | звычайна 10—60 сэкундаў |
Працягласьць гульні | 1 хвіліна — некалькі гадзінаў * |
Складанасьць правілаў | высокая |
Узровень стратэгіі | высокі |
Уплыў выпадковасьці | няма |
Неабходныя ўменьні | тактыка, стратэгія, непасьпешнасьць |
* Гульні па перапісцы цягнуцца значна даўжэй. | |
На цяперашні час шахматы — адна з найпапулярнейшых гульняў у сьвеце. Штогод у сьвеце адбываюцца тысячы розных спаборніцтваў па шахматах, мільёны людзей гуляюць у шахматы ў клюбах, па перапісцы, у сяброўскім коле.
Шырока распаўсюджаная думка, што шахматы спрыяюць разьвіцьцю разумовых здольнасьцяў, памяці, творчага мысьленьня.
Гісторыя
Індыйскія вытокі
Радзімай шахматаў зьяўляецца Індыя[1][2]. Існуе старадаўняя легенда, якая прыпісвае стварэньне шахматаў нейкаму браміну. За сваё вынаходнітцва ён папрасіў у раджы нязначную, здавалася б, узнагароду: столькі пшанічных зярнятак, колькі апынецца на шахматнай дошцы, калі на першую клетку пакласьці адно зярнятка, на другую — два зярняткі, на трэцюю — чатыры, і далей на кожную наступную ўдвая больш, чым на папярэдняй. Высьветлілася, што такое колькасьці зерня няма ва ўсім сьвеце (яно роўнае 264 − 1 ≈ 1,845×1019 зярнятак, чаго дастаткова, каб запоўніць сховішча аб’ёмам 180 км³).
Не пазьней пачатку VI стагодзьдзя на паўночным захадзе Індыі зьявілася першая вядомая нам гульня, роднасная шахматам — чатуранга, што ў перакладзе азначае «чатыры вайсковыя падразьдзяленьні». Яна мела ўжо даволі пазнавальны «шахматны» выгляд, але прынцыпова адрозьнівалася ад сучасных шахматаў двума асаблівасьцямі: гульцоў было чацьвёра, а ня два (гулялі пара на пару), а хады зьдзяйсьнялі згодна з вынікамі кіданьня ігральных костак. Дошка для гульні называлася аштапада. Кожны гулец меў па чатыры фігуры — калясьніца (ладзьдзя), конь (вершнік), слон (афіцэр), кароль — і па чатыры пешкі (латнікі)[3]. Конь і кароль хадзілі так сама, як і ў шахматах, калясьніца і слон былі значна слабейшыя за сваіх шахматных ладзьдзю і афіцэра. Візыру не было ўвогуле. Для выйгрышу ў партыі патрэбна было зьнішчыць усё войска супраціўнікаў.
Арабскія пэраўтварэньні
У тым жа VI або, магчыма, у VII стагодзьдзі чатуранга была запазычаная арабамі. На Арабскім Усходзе чатуранга была рэфармаваная: гульцоў стала двое, кожны атрымаў пад кіраўніцтва два камплекты фігур чатурангі, адзін з каралёў стаў візырам (хадзіў на адно поле па дыяганалі). Ад костак адмовіліся, сталі хадзіць строга па чарзе. Перамога стала фіксавацца не па зьнішчэньні ўсіх фігур суперніка, а па пастаноўцы мату альбо пату, а таксама пры завершаньні гульні з каралём і прынамсі адной фігурай супраць аднаго каралю (апошнія два варыянты былі вымушаныя, бо паставіць мат са слабымі фігурамі, што засталіся ад чатурангі, атрымоўвалася далёка не заўжды). Гэткая гульня ў арабаў мела назоў шатрандж, у пэрсаў — «шатранг». Пазьней у таджыкаў шатрандж атрымаў назву «шахмат» (у перакладзе — «уладар павержаны»). Першая згадка пра шатрандж датаваная прыблізна 550 годам. 600 год — першая згадка шатранджа ў мастацкай літаратуры — пэрсыдзкім рукапісе «Карнамук».
У сувязі з павелічэньнем колькасьці людзей, якія гулялі ў шатрандж, паўстала неабходнасьць стварэньня своеасаблівай кваліфікацыйнай сыстэмы. У залежнасьці ад сілы гульні і форы, якая прадастаўлялася для выраўнаньня шанцаў, гульцы падзяляліся на 5-6 клясаў. Найвышэйшую клясу складалі «аліі» — майстры шатранджу. У 819 годзе пры двары халіфа аль-Мамуна ў Харасане адбыўся турнір трох «аліяў»: Джабіра аль-Куфі, Абылджафара Ансары і Зайраба Катана. З арабскім пэрыядам у разьвіцьці шахматаў зьвязана вынаходніцтва спосабу запісу згуляных партыяў, так званай апісальнай натацыі. Гульцы сталі зьбіраць гэтыя партыі і аналізаваць іх. У 847 годзе выйшла першая шахматная кніга, якую напісаў Аль-Алі. Зьявіліся рукапісы, якія ахоплівалі розныя аспэкты шатранджу — гісторыю, правілы гульні, стратэгію і асабліва тактыку (самы стары рукапіс, які дайшоў да нашага часу, датаваны 1140 годам. Аднак ён абапіраецца на ранейшыя сачыненьні, напісаныя ў IX і X стагодзьдзях). Былі распрацаваныя разнастайныя дэбютныя расстаноўкі фігураў — «табіі»[4].
Пранікненьне ў Эўропу
У VIII—IX стагодзьдзях, падчас заваяваньня Гішпаніі арабамі шатрандж трапіў у Гішпанію, затым, цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў — у Партугалію, Італію і Францыю. Гульня хутка заваявала сымпатыі эўрапейцаў, вікінгі паспрыялі распаўсюджаньню гульні на Брытанскіх выспах і ў Скандынавіі. У XI-XII стагодзьдзях шахматы лічылі адной з самых распаўсюджаных забаў фэўдальнай шляхты і ўлучылі іх у праграму рыцарскага выхаваньня.
Эўрапейскія майстры прадоўжылі мадыфікацыю правілаў, у рэшце рэшт пераўтварыўшы шатрандж у сучасныя шахматы. Па-першае, ад XI ст. шахматная дошка стала двух колераў (на Ўсходзе яна была аднастайнай). Па-другое, перамога стала прысуджацца толькі пры ўмове пастаноўкі мату. Па-трэцяе, імкнучыся паскорыць гульню, эўрапейцы дазволілі ход латнікам на дзьве клеткі ў пачатку гульні, прыдумалі скачок караля (у межах простакутніка с1 — с3 — g1 — g3) — правобраз будучай ракіроўкі. Да таго ж, пасьля пераўтварэньня латніка ў візыра, апошні мог скочыць на любое трэцяе поле вакол сябе. У XV стагодзьдзі шахматы набылі, у цэлым, сучасны выгляд, хоць празь няўзгодненасьць зьменаў яшчэ некалькі стагодзьдзяў па розных краінах існавалі ўласныя, часам даволі дзіўныя, асаблівасьці правілаў. У Італіі, напрыклад, аж да XIX стагодзьдзя латнік, што дасягнуў апошнюю гарызанталь, мог перавярнуцца толькі ў зьнятыя з дошкі фігуры. Пры гэтым хадзіць латнікам на апошнюю гарызанталь пры адсутнасьці пабітых фігур не забаранялася; такі латнік чакаў моманту, калі супраціўнік біў фігуру, і адразу ж станавіўся ёю. Там сама была не забаранялася ракіроўка пры наяўнасьці між ладзьдзёй і каралём фігуры ці пры праходзе каралём празь бітае поле.
З распаўсюдам шахматаў у Эўропе сталі зьяўляцца як уласна шахматныя, так і мастацкія творы з аповедамі пра гэтую гульню. У 1160 годзе зьявілася першая шахматная паэма, якую стварыў Эзрой. У 1283 годзе на загад караля Ляону, Галіцыі і Кастыліі Альфонса X Мудрага выйшла першая шахматная кніга ў Эўропе — трактат «Кніга гульняў». Гэтая кніга мае значную гістарычную цікавасьць, бо зьмяшчае апісаньне як новых эўрапейскіх шахматаў, так і ўжо адыходзячага шатранджу.
Шахматы і хрысьціянства
З моманту зьяўленьня шахматаў рэзка нэгатыўную пазыцыю ў дачыненьні да іх заняла хрысьціянская царква. Шахматы прыроўніваліся да азартных гульняў і п’янства. Адзначым, што адзінае такое думкі прытрымваліся прадстаўнікі розных адгалінаваньняў хрысьціянства. У 1161 годзе каталіцкі кардынал Дам’яні выдаў загад пра забарону гульні ў шахматы сярод духавенства. У сваім лісьце да папы Аляксандра III ён назваў шахматы «д’яблавай выдумкай», «гульнёй непрыстойнай, непрымальнай». Заснавальнік ордэну тампліераў Бэрнар у 1128 годзе казаў пра неабходнасьць змагацца супраць захапленьня шахматамі. Францускі біскуп Аід Сюлі ў 1208 годзе забараніў патэрам «кранацца шахматаў і мець іх у хаце». Кіраўнік рэфармісцкага крыла пратэстанцкай царквы Ян Гус таксама быў праціўнікам шахматаў. Пад уплывам царкоўнага непрыманьня забаранялі гульню ў шахматы кароль польскі Казімер II Справядлівы, францускі Людовік IX (Сьвяты), ангельскі Эдуард IV. На Русі праваслаўная царква таксама забараніла гульню ў шахматы пад пагрозай адлучэньня ад царквы, што было афіцыйна замацавана ў кормчай кнізе 1262 году і пацьверджана ў 1551 годзе Стогаловым саборам.
Нягледзячы на царкоўныя забароны, шахматы распаўсюджваліся, прычым між духавенства захапленьне гульнёй было ня меншым (калі ня большым), чым у іншых саслоўях. У Эўропе ў 1393 годзе Рэгенсбурскі сабор выключыў шахматы зь ліку забароненых гульняў. Найстарэйшая друкаваная кніга, якая дайшла да нашых дзён, Навучаньне любові і майстэрству гульні ў шахматы гішпанскага сьвятара Люіса Рамірэза дэ Люсэна, была выпушчаная ў Саляманцы ў 1497 годзе. Люсэна, а пасьля і партугалец Пэдра Дам’яна, італійцы Джавані Леанарда ды Бона, Джуліё Чэзара Палерыё і Джаакіна Грэка, а таксама гішпанскі сьвятар Руй Лёпэз дэ Сэгура распрацавалі элемэнты дэбютаў і пачалі аналізаваць элемэнтарныя заканчэньні.
У Расеі зьвестак пра афіцыйнае скасаваньне царкоўнае забароны на шахматы няма, але прынамсі з XVII—XVIII стагодзьдзяў гэтая забарона фактычна ня дзейнічала. Гуляў у шахматы і Іван Грозны. Пры Аляксеі Міхайлавічы шахматы былі распаўсюджаныя між прыдворных, уменьне гуляць у іх было звыклым сярод дыпляматаў. У Эўропе захаваліся тагачасныя дакумэнты, дзе, у прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што расейскія пасланцы знаёмыя з шахматамі і гуляюць у іх даволі моцна. Захаплялася шахматамі царэўна Соф’я. Пры Пятры I асамблеі не праходзілі бяз шахматаў.
Разьвіцьцё шахматнай тэорыі
Да XV—XVI стагодзьдзяў шахматныя правілы збольшага ўсталяваліся, дзякуючы чаму пачалося разьціцьцё сыстэматычнай шахматнай тэорыі. У 1561 годзе Руі Лопэс выдаў першы поўны падручнік шахматаў, у якім былі разгледжаныя існуючыя цяпер этапы партыі — дэбют, мітэльшпіль і эндшпіль. Ён жа ўпершыню апісаў характэрны від дэбюту — «гамбіт», у якім перавага ў разьвіцьці дасягаецца шляхам ахвяры матэрыялу.
Аграмадны ўнёсак у разьвіцьцё шахматнай тэорыі ў XVIII стагодзьдзі зрабіў Філідор. Ён сур’ёзна скрытыкаваў погляды папярэднікаў, найперш італійскіх майстроў, якія лічылі, што найлепшым стылем гульні зьяўляецца масіраваная атака на караля супраціўніка ўсімі наяўнымі сродкамі, і ўжывалі латнікаў толькі як дапаможны матэрыял. Філідор разьвіў тое, што цяпер носіць назоў пазыцыйнага стылю гульні. Ён лічыў, што гулец павінен ня кідацца ў бязглуздыя атакі, а паступова разбудоўваць моцную, устойлівую пазыцыю, наносіць дакладна разьлічаныя ўдары па слабасьцях пазыцыі супраціўніка, пры неабходнасьці ўжываць разьмены і спрашчэньні, калі яны вядуць да выгаднага эндшпілю. Правільная пазыцыя, паводле Філідора, гэта, найперш, правільнае разьмяшчэньне латнікаў. Па словах Філідора, «латнікі — душа шахматаў; толькі яны ствараюць атаку і абарону, ад іх добрага ці благога разьмеркаваньня цалкам залежыць перамога ці параза». Філідор распрацаваў тактыку прасоўваньня латнікавага ланцугу, настойваў на значнасьці латнікавага цэнтру і прааналізаваў барацьбу за цэнтар. У многім ягоныя ідэі ляглі ў аснову шахматнай тэорыі наступнага стагодзьдзя. Кніга Філідора «Аналіз шахматнай гульні» стала клясыкай, яна вытрымала 42 выданьні толькі ў XVIII стагодзьдзі і шматкроць перавыдавалася пазьней.
Шахматныя спаборніцтвы
З XVI стагодзьдзя пачалі зьяўляцца згуртаваньні аматараў шахматаў і праводзіцца больш-менш масавыя спаборніцтвы. Цягам двух наступных стагодзьдзяў распаўсюджаньне шахматаў выклікала зьяўленьне нацыянальных турніраў у большасьці эўрапейскіх краінаў. Выпускаюцца шахматныя выданьні, напачатку адзінкавыя і нерэгулярныя, але з часам яны набываюць усё бо́льшую папулярнасьць.
У турнірах XIX стагодзьдзя пачаў выкарыстоўвацца кантроль часу, для чаго сьпярша ўжывалі звычайныя пясочныя гадзіньнікі. У 1883 годзе на турніры ўпершыню выкарыстаныя адмысловыя шахматныя гадзіньнікі, сканструяваныя ангельскім аматарам Вільсанам. Звычайная норма часу — дзьве гадзіны на сорак хадоў. Апошні буйны шахматны турнір без кантролю часу (дакладней, кантроль часу быў, але за пратэрмінаваньне шахматысту не залічвалася параза) быў праведзены ў 1906 годзе ў Нюрнбэргу. Каб абмежаваць час роздуму, арганізатары спаборніцтва ўвялі арыгінальнае правіла: штраф у 1 марку за кожную пратэрмінаваную хвіліну. Ад ужываньня гэткай меры на практыцы давялося адмовіцца, бо ў канцы турніру некаторыя гульцы назапасілі такія даўгі, што іх давялося б пасадзіць у турму. Надалей з шахматаў кантроль часу перайшоў у большасьць настольных гульняў, па якіх праводзяцца афіцыйныя спаборніцтвы: шашкі, рэндзю, го, сінцы, сёгі і іншыя. З увядзеньнем кантролю часу ў шахматах зьявіўся панятак цайтноту — гульні ва ўмовах рэзка абмежаванага часу. Зьявілася таксама яшчэ адна разнавіднасьць шахматаў — «бліц», у якім час на абмеркаваньне абмежаваны некалькімі хвілінамі на партыю.
У XIX стагодзьдзі пачынаюць праводзіцца міжнародныя турніры. На першым зь іх, які ладзіўся ў Лёндане ў 1851 годзе, нечакана атрымаў перамогу малавядомы Адольф Андэрсэн, стаўшы, такым чынам, першым неафіцыйным (паколькі афіцыйнага тытулу яшчэ не было) чэмпіёнам сьвету. Ягоная яскравая атакуючая гульня стала ў той час прывабным стылем[5]. Яскравыя партыі Андэрсэна Бессьмяротная гульня і Пола Морфі Гульня ў опэры адзначаныя як найвышэйшае дасягненьне шахматнага мастацтва[6].
З 1886 году ладзіцца афіцыйнае сусьветнае першынство па шахматах. Першым афіцыйным чэмпіёнам стаў Вільгельм Стэйніц, атрымаўшы перамогу ў матчы зь Ёганам Цукертортам.
Некаторыя даты з гісторыі шахматаў
- 1119 — адбылася першая партыя па перапісцы паміж каралём Англіі Генрыхам I і каралём Францыі Людовікам VI.
- 1173 — у францускім манускрыпце ўпершыню ўжытая альгебраічная шахматная натацыя.
- 1471 — першая праца, цалкам прысьвечаная тагачасным шахматам — Гётынгенскі рукапіс.
- 1490 — упершыню выкарыстанае правіла «ўзяцьця на праходзе».
- 1497 — кніга Лусэні — першая эўрапейская праца па шахматных дэбютах.
- 1512 — першая шахматная кніга ў Італіі (выдадзеная Даміяна).
- 1550 — у Італіі створаны першы шахматны клюб.
- 1575 — першы шахматны турнір, які прайшоў пры каралеўскім двары ў Мадрыдзе.
- 1744 — першый сэанс гульні ўсьляпую супраць дваіх гульцоў (Філідор у Парыжы).
- 1763 — зьяўленьне музы шахматаў Каісы ў паэме Ўільяма Джонса.
- 1769 — першы шахматны «аўтамат» — турак Кемпелена.
- 1779 — першы шахматны артыкул у Амэрыцы: Бэнджамін Франклін, «Маральныя вартасьці шахматаў».
- 1791 — у Расеі выйшла першая шахматная кніга.
- 1795 — першы сыстэматычны трактат па шахматах на нямецкай мове. Аўтар — Альгаер.
- 1836 — першы шахматны часопіс Palamede, выдаваны Лябурданэ ў Парыжы.
- 1840 — першы шахматны часопіс па-ангельску: Chess Player’s Chronicle.
- 1846 — першы шахматны часопіс па-нямецку: Deutsche Schachzeitung Людзьвіга Бледава.
- 1851 — першы міжнародны шахматны турнір у Лёндане (7 траўня — 15 ліпеня).
- 1857 — першыя дэманстрацыйныя шахматы дызайну Лёвенталя.
- 1857 — першы нацыянальны шахматны турнір у Нью-Ёрку (ЗША). Скончыўся перамогай Пола Морфі.
- 1861 — першы Амэрыканскі шахматны кангрэс (Нью-Ёрк, 6 кастрычніка).
- 1866 — першы афіцыйны чэмпіянат Брытаніі. Пераможца — С. дэ Вэр.
- 1867 — першае выкарыстаньне шахматных гадзіньнікаў на турніры ў Парыжы (4 чэрвеня).
- 1873 — у Вене ўпершыню апрабаваныя «тай-брэйкі» (12 удзельнікаў гулялі па кругавой сыстэме матчы да дзьвюх перамог).
- 1876 — першы расейскі шахматны часопіс — «Шахматный листок» Чыгорына.
- 1876 — упершыню ўручаны прыз «за прыгажосьць» (срэбны кубак) — Г. Бёрду за разгром Дж. Мэзона.
- 1878 — згуляная першая шахматная партыя па тэлефоне.
- 1880 — правіла «ўзяцьця на праходзе» прызнанае ва ўсіх краінах.
- 1881 — пачатак выхаду British Chess Magazine.
- 1881 — першы міжнародны матч па тэлеграфе між Лівэрпулем і Калькутай.
- 1883 — першае выкарыстаньне шахматных гадзіньнікаў з двума цыфэрблятамі (Лёндан, 26 красавіка).
- 1885 — першы кангрэс Брытанскай шахматнай асацыяцыі (15 чэрвеня).
- 1886 — першы афіцыйны матч за званьне чэмпіёна сьвету па шахматах між Стэйніцам і Цукертортам.
- 1888 — першы шахматны турнір па перапісцы.
- 1889 — упершыню нададзены прыз за найлепшую партыю — І. Гунсбэргу за перамогу над Дж. Мэзонам.
- 1895 — у Цюрыху ўпершыню правялі турнір па швайцарскай сыстэме.
- 1896 — першы матч цераз трансатлянтычны кабэль між Лёнданам і Нью-Ёркам (13 сакавіка — 14 сакавіка).
- 1897 — першы міжнародны жаночы турнір у Лёндане. Перамагла Мары Рудж.
- 1905 — на турніры ў Остэндзе ўпершыню скарыстаная ступень «гросмайстар».
- 1906 — у падмаскоўнай Каломне заснаваны клюб аматараў шахматнай гульні.
- 1925 — у Маскве зьняты першы фільм пра шахматы — «Шахматная гарачка».
- 1927 — упершыню выкарыстаная альгебраічная фігурная натацыя ў часопісе L’Echiquier (Бэльгія).
- 1936 — першы афіцыйны чэмпіянат ЗША выйграў С. Рашэўскі.
- 1937 — першы балет на шахматную тэму — «Шах і мат» Артура Бліса.
- 1945 — першае пасьля вайны міжнароднае спартовае спаборніцтва — радыёматч СССР — ЗША.
- 1947 — у Баўгарыі выпушчаная першая шахматная марка.
- 1947 — першая кампутарная шахматная праграма Элана Т’юрынга.
- 1948 — пабачыў сьвет першы артыкул пра кампутарныя шахматы (аўтар — Клёд Шэнан).
- 1963 — каманда БССР здабыла свае першыя бронзавыя мэдалі на ІІІ Спартакіядзе Народаў СССР.[7]
- 1970 — першы шахматны турнір сярод кампутараў.
- 1974 — першы чэмпіянат сьвету сярод шахматных праграмаў выйграла савецкая «Каіса».
- 1976 — упершыню на буйных спаборніцтвах забаранілі паленьне.
- 1980 — Віктар Купрэйчык першым з ураджэнцаў савецкай Беларусі здабыў званьне гросмайстра.[7]
- 1996 — упершыню кампутар (Deep Blue) перамог чэмпіёна сьвету пры звычайным кантролі часу.
- 1997 — упершыню кампутар (Deep Blue) перамог у матчы з чэмпіёнам сьвету.
- 1998 — створаны генэратар шахматных канчаткаў Налімава.
- 2000 — высокакваліфікаваныя шахматысты пачалі гуляць паказальныя партыі ў шахматы Фішара. Звычайна такія сустрэчы ладзіліся ў якасьці дадаткаў да якіх-небудзь традыцыйных шахматных спаборніцтваў.
- 2007—2008 гады — першы он-лайнавы турнір па баявых шахматах.
- 2009 — у Беларусі распрацаваныя «шахматы-5039», яны ж вольныя шахматы.
Правілы
Ніжэй зьмешчаны правілы гульні ў клясычныя шахматы[8]:
Дошка і пачатковая пазыцыя
Гульня адбываецца на дошцы, падзеленай на роўныя квадратныя клеткі, альбо палі. Памер дошкі — 8×8 клетак. Палі нумаруюцца па гарызанталях лацінскімі літарамі ад a да h зьлева направа, па вэртыкалі — лічбамі ад 1 да 8 зьнізу ўгару. Кожная клетка мае адпаведнае абазначэньне, напрыклад, c4. Палі расфарбаваныя ў цёмны і сьветлы колеры (і называюцца, адпаведна, чорнымі і белымі) так, што суседнія па вэртыкалі і гарызанталі палі расфарбаваныя ў розныя колеры, а поле а8 — белае.
Удзельнічаюць два гульцы. Кожны мае набор фігураў, у які ўваходзяць:
Адзін з супраціўнікаў гуляе белымі фігурамі, другі — чорнымі. У пачатку гульні фігуры разьмешчаныя на вызначаных пачатковых пазыцыях, займаючы акурат дзьве гарызанталі (1 і 2 — белыя, 7 і 8 — чорныя). Парадак першапачатковага разьмешчаньня фігур на гарызанталях 1 і 8 (ад a да h): ладзьдзя, вершнік, афіцэр, візыр, кароль, афіцэр, вершнік, ладзьдзя. Візыр кожнага гульца займае клетку ўласнага колеру. Гарызанталі 2 і 7 займаюць латнікі.
Хады
Гульцы па чарзе зьдзяйсьняюць хады. Пачынаецца гульня ходам белых. За адзін ход перасоўваць можна толькі адну сваю фігуру (акрамя ракіроўкі, калі перасоўваюцца дзьве фігуры). Першымі ходзяць белыя. Ніводная фігура, акрамя вершніка, ня можа скочыць цераз свае ці чужыя фігуры. Нельга рабіць ход на поле, калі яно занятае сваёй фігурай. Пры ходзе на поле, занятае чужой фігурай, гэтая фігура здымаецца з дошкі (узяцьце).
Фігуры ходзяць наступным чынам:
- візыр — на любую адлегласьць па вэртыкалі, гарызанталі ці дыяганалі;
- ладзьдзя — на любую адлегласьць па вэртыкалі ці гарызанталі;
- афіцэр — на любую адлегласьць па дыяганалі;
- вершнік — у форме літары «Г»: на 1 клетку па гарызанталі і на 2 па вэртыкалі, ці наадварот, на 1 клетку па вэртыкалі і 2 па гарызанталі;
- латнік — ходзіць з узяцьцем і без узяцьця па-рознаму:
- без узяцьця латнік можа зрабіць першы ход на 1 ці 2 клеткі наперад (для белых наперад — у кірунку ўзрастаньня нумару радку, для чорных — у кірунку зьмяншэньня), а наступныя хады — толькі на 1 клетку наперад;
- з узяцьцем — на адну клетку лявей ці правей за тую, што наперадзе бягучай пазыцыі латніка.
- кароль — на адну клетку ў любы бок.
Акрамя таго, ёсьць асаблівыя хады:
- ракіроўка — адзін раз за гульню кароль можа зьдзейсьніць ход на дзьве клеткі — ракіроўку. Пры гэтым кароль перамяшчаецца на дзьве клеткі па восьмай гарызанталі ў бок любой з ладзьдзяў, затым гэтая ладзьдзя займае поле побач з каралём з процілеглага боку. Ракіроўка магчымая толькі пры выкананьні ўсіх наступных умоваў:
- кароль і ладзьдзя, у бок якой зьдзяйсьняецца ракіроўка, ня рухаліся з пачатку гульні;
- перад пачаткам ракіроўкі кароль не знаходзіцца пад шахам, і палі, якія ён павінен перасекчы, ці поле, якое ён павінен заняць, таксама не атакаваныя адной зь фігураў партнэра;
- між каралём і ладзьдзёй, зь якой праводзіцца ракіроўка, няма фігураў, што заміналі б ракіроўцы.
- узяцьце на праходзе — калі латнік зьдзяйсьняе свой першы ход на дзьве клеткі і пры гэтым зьлева альбо справа ад яго знаходзіцца варожы латнік, то наступным і толькі наступным ходам варожы латнік можа ўзяць латніка, які хадзіў, пры гэтым перамяшчаючыся на клетку між старой і новай пазыцыямі латніка, які хадзіў.
- праход латніка — калі латнік дасягае процілеглага боку дошкі (для белых — 8-ай гарызанталі, для чорных — 1-ай гарызанталі), гулец мае права замяніць яго на любую фігуру свайго колеру (па ягоным выбары), акрамя караля. На дыяграме справа белы латнік c7 наступным ходам мае права пераўтварыцца ў любую сваю фігуру (візыра, ладзьдзю, афіцэра ці вершніка).
Дадатковыя абмежаваньні на магчымыя хады:
- Поле знаходзіцца пад ударам супраціўніка (бітае поле), калі пры сваім ходзе супраціўнік мог бы ўзяць фігуру, якая там знаходзіцца (незалежна ад таго, ці ёсьць такая фігура на гэтым полі).
- Кароль, які знаходзіцца на бітым полі, знаходзіцца пад шахам.
- Забараняецца зьдзяйсьняць ход, калі пасьля яго свой кароль апынецца пад шахам. Калі кароль ужо знаходзіцца пад шахам, тады забароненыя любыя хады, акрамя тых, пасьля якіх шаха свайму каралю больш ня будзе. Пазбавіцца ад шаху можна трыма спосабамі: узяць фігуру, пад боем якой знаходзіцца кароль (немагчыма, калі шахуюць дзьве фігуры адначасна), закрыцца ад шаху фігурай (немагчыма, калі шахуе вершнік альбо шахуюць дзьве фігуры адначасна), адысьці каралём на ня бітае поле.
- Калі кароль гульца знаходзіцца пад шахам і гулец ня мае магчымасьці зрабіць ніводнага ходу, які б дазволіў пазбавіцца ад гэтага шаху, такая сытуацыя называецца матам.
- Калі кароль гульца не знаходзіцца пад шахам, але пры гэтым немагчыма зрабіць ніводнага ходу, такая сытуацыя носіць назву пат.
Вынік гульні
Гульня можа завяршыцца перамогай аднаго з бакоў альбо нічыёй.
Перамога фіксуецца ў наступных выпадках:
- На дошцы пастаўлены мат. Гулец, які паставіў мат каралю супраціўніка, выйграе.
- Адзін з гульцоў здаўся. Гулец, які вырашыў, што далей весьці супраціў ня мае сэнсу, можа здацца ў любы момант. Ягоны супраціўнік абвяшчаецца пераможцам.
- Адзін з гульцоў пратэрмінаваў час. Ягоны супраціўнік абвяшчаецца пераможцам, калі пры гэтым ён мае фармальна дастаткова матэрыялу, каб паставіць мат (падрабязьней глядзіце ў разьдзеле «Кантроль часу»).
- Тэхнічная перамога — прысуджаецца ў афіцыйных турнірах удзельніку, калі ягоны супраціўнік не зьявіўся на партыю цягам вызначанага правіламі турніру часу, альбо перапыніў партыю (распачаў яе, а пасьля адмовіўся гуляць), альбо ў выпадку грубага парушэньня правілаў турніру ці непадпарадкаваньня судзьдзі.
Нічыя фіксуецца ў наступных выпадках:
- Пат.
- Гульцы згадзіліся на нічыю, то бок адзін з гульцоў пры сваім ходзе прапанаваў нічыю, другі яе прыняў. Для такой прапановы дастатне сказаць «нічыя». Калі супраціўнік робіць ход, не адказваючы на прапанову, яна лічыцца адрынутай.
- Ніводзін з бакоў паставіць мат у прынцыпе ня можа (напрыклад, на дошцы засталіся толькі каралі і адна лёгкая фігура).
- Адзін з гульцоў пратэрмінаваў час, але ягоны супраціўнік ня мае дастаткова матэрыялу, каб паставіць мат.
- Трохразовы паўтор пазыцыі, прычым паўтарыцца мусіць ня толькі разьмешчаньне фігураў, але й магчымыя хады (у тым ліку права на ракіроўку і ўзяцьце на праходзе). Для фіксацыі нічыёй гулец, які заўважыў трохразовы паўтор пазыцыі, павінен зьвярнуцца да судзьдзі.
- Абодва бакі зрабілі 50 апошніх хадоў без узяцьця і бяз ходу латнікам. Як і ў папярэднім выпадку, нічыя фіксуецца на патрабаваньне любога з гульцоў. Раней у шахматным кодэксе агаворвалася, што ў пазыцыі, дзе выйгрыш дасяжны, але для яго не хапае 50 хадоў і гэта можна даказаць, колькасьць неабходных для нічыёй хадоў дазвалялася павялічыць да 100. Дадзеным пунктам, што праўда, ніхто ніколі не карыстаўся, і пасьля яго скасавалі, зрабіўшы вынятак толькі для трох тыпаў канчаткаў — ладзьдзя і афіцэр супраць ладзьдзі, два вершнікі супраць латніка і ладзьдзя з латнікам супраць слана з латнікам. У 1970—1980-х гадох кампутарны аналіз паказаў, што для многіх іншых тыпаў эндшпілю 50 хадоў таксама недастаткова, і кодэкс быў дапоўнены. Аднак пазьней усе выняткі скасавалі, і цяпер правіла 50 хадоў дзейнічае ў любых пазыцыях.
Правіла «даткнуўся — хадзі»
- Гулец, які пры сваім ходзе дакрануўся да сваёй фігуры, абавязаны гэтым ходам ёй пахадзіць, а калі дакрануўся да чужой — узяць яе.
- Калі гэта немагчыма, крананьне фігуры не выклікае ніякіх іншых наступстваў.
- Калі гулец дакрануўся да некалькіх фігураў, якімі можна хадзіць ці якія можна ўзяць, ён павінен хадзіць той (узяць тую фігуру), да якой даткнуўся першай.
- Калі гулец хоча паправіць фігуру, якая неакуратна стаіць, ён папярэдне павінен сказаць «папраўляю» (па-ангельску: I adjust, па-француску: J’adoube). У такім выпадку крананьне фігуры не выклікае ніякіх наступстваў.
- Гулец, які зрабіў памылковы ход, абавязаны перахадзіць, прычым той самай фігурай, калі гэта магчыма. Калі памылковы ход заўважаны не адразу, партыя павінна быць перайграная з гэтага месца. У бліцы, калі гулец зрабіў няслушны ход, а ягоны супраціўнік у нейкі момант да сканчэньня партыі гэта заўважыў, гульцу залічваецца параза.
- Ракіроўка лічыцца ходам караля. Таму пры ракіроўцы сьпярша трэба перасунуць караля, потым ладзьдзю. Калі гулец па абмылцы спачатку крануў ладзьдзю, ён мусіць рабіць ход ладзьдзёй. Калі гулец зрабіў ракіроўку не па правілах (напрыклад, церазь бітае поле), ён павінен замест яе зрабіць ход каралём.
Кантроль часу
Як на афіцыйных спаборніцтвах, так і ў шахматных клюбах падчас шахматнай партыі ўжываюць кантроль часу. Для гэтага выкарыстоўваецца адмысловы шахматны гадзіньнік. Гулец пасьля таго, як зробіць ход, націскае на сваёй палове гадзіньніка кнопку. Адлік ягонага часу спыняецца і запускаецца гадзіньнік супраціўніка. Рэглямэнтаваны час можа вагацца ад 30 хвілінаў на партыю да 7 гадзінаў (у бліц-партыях кантроль часу складае ад 3 да 15 хвілінаў на кожнага).
У вызначаны правіламі турніру момант пачатку партыі судзьдзя запускае гадзіньнік гульца, які гуляе белымі фігурамі, незалежна ад таго, прысутнічае ён ці не. Акрамя таго, правілы турніру могуць вызначаць дадатковы штраф для гульца, які спазьніўся, напрыклад, падваеньне часу спазьненьня.
Час гульца лічыцца прамінулым, калі сьцяжок на ягоным гадзіньніку ўпаў і гэты факт занатаваў судзьдзя, ці адзін з гульцоў зьвярнуў на гэта ўвагу судзьдзі. Пры гэтым гульцу, у якога ўпаў сьцяжок, залічваецца параза, акрамя наступных выпадкаў:
- Калі на дошцы стаіць мат. Незалежна ад таго, чый сьцяжок упаў, перамагае той гулец, які паставіў мат.
- Калі на дошцы пат ці нічыя ў адпаведнасьці з правілам трохразовага паўтору пазыцыі ці правілам 50 хадоў, гульня завяршаецца нічыёй.
- Калі сьцяжкі ўпалі ў абодвух гульцоў, незалежна ад таго, у каго першага выйшаў час, залічваецца нічыя.
- Калі той з гульцоў, у якога сьцяжок ня ўпаў, ня можа паставіць мат у прынцыпе, нават пры найгоршай гульні ягонага супраціўніка, прысуджаецца нічыя.
Існуюць пазыцыі, заранёў пройгрышныя, у якіх у таго, хто прайграе, фармальна дастаткова матэрыялу, каб паставіць мат (напрыклад, візыр супраць афіцэра й латніка — візыр, за рэдкімі выключэньнямі, выйграе). Калі гулец зь пераможнай пазыцыяй трапляе ў гостры цайтнот (недастачу часу), супраціўнік можа цягнуць час, спадзеючыся, што ягоны супраціўнік фізычна не пасьпее зрабіць хады ці праз цайтнот дапусьціць грубую памылку. Многія турніры маюць правілы, якія забараняюць такія паводзіны.
Нарэшце, ёсьць дадатковыя тэхнічныя правілы:
- Кнопку неабходна націскаць той самай рукой, якой зьдзяйсьняецца ход.
- Гулец, якому неабходнае ўмяшаньне судзьдзі (напрыклад, рэгістрацыя нічыёй з-за трохразовага паўтору пазыцыі), спыняе гадзіньнік. Калі судзьдзя палічыць, што прэтэнзыя гульца відавочна неабгрунтаваная, ён можа аштрафаваць гульца, зьмяншаючы ягоны час ці, наадварот, дадаючы час ягонаму супраціўніку.
Шахматная натацыя
Шахматныя партыі і дыяграмы запісваюцца з дапамогай сыстэмы абазначэньняў, якія паказваюць разьмяшчэньне фігураў на дошцы і іхнія перамяшчэньні. У большасьці краінаў прынятая альгебраічная шахматная натацыя[9].
У гэтай натацыі ход запісваецца ў наступным фармаце:
- скарочанае азначэньне фігуры, якая ходзіць (К — кароль, В — візыр, Л — ладзьдзя, А — афіцэр, Вк — вершнік, для латніка скарачэньне не ўжываецца);
- поле, на якім стаіць фігура (гарызанталь+вэртыкаль);
- пунктуацыйны падзяляльны знак (найчасьцей працяжнік, для ўзяцьця — знак ×);
- поле, куды ходзіць фігура;
- пунктуацыйны знак для камэнтару ці выніку ходу (не абавязкова: для шаху — знак +, для падвойнага шаху — ++, для мату — #, для нічыёй — знак =; камэнтары: ! ці !! — добры ход, ? ці ?? — благі ход, ?! — рызыкоўны, !? — цікавы).
Акрамя таго, калі латнік пры сваім ходзе зрабіў пераўтварэньне, дасягнуўшы апошняй гарызанталі, пасьля поля, на якое ён пахадзіў, пазначаецца фігура, у якую ён пераўтвараецца[10] (c8В у прыкладзе на ранейшай дыяграме).
Ракіроўка пазначаецца адмысловым спосабам. Для кароткай ракіроўкі ўжываецца запіс 0-0, для доўгай 0-0-0.
Прыклад запісу дзіцячага мату ў поўнай альгебраічнай натацыі:
- 1. e2—e4 e7—e5
- 2. Аf1—c4 Вкb8—c6
- 3. Вd1—h5?! Вкg8—f6??
- 4. Вh5×f7#
Стратэгія і тактыка
Шахматная стратэгія заключаная ў выбары і дасягненьні цягам гульні доўгатэрміновых мэтаў — напрыклад, аптымальнага месцазнаходжаньня фігураў. Шахматная тактыка заключаная ў неадкладных манэўрах. Дзьве гэтыя часьціны гульні ня могуць існаваць асобна адна ад другое, паколькі стратэгічныя мэты ў асноўным здабываюцца сродкамі тактыкі, а тактычныя памкненьні заснаваныя на абранай стратэгіі гульні.
Паколькі колькасьць стратэгічных і тактычных варыянтаў у шахматах неверагодная, шахматная партыя падзяляецца на тры этапы.
Этапы шахматнай партыі
Дэбют
Дэбют — пачатковая стадыя гульні (каля 10—20 хадоў), характарызуецца мабілізацыяй сілаў гульцоў.
Мітэльшпіль
Мітэльшпіль — сярэдзіна гульні — стадыя партыі, у якой, як правіла, разьвіваюцца асноўныя падзеі ў шахматнай барацьбе — атака і абарона, пазыцыйнае манэўраваньне, камбінацыі і ахвяры. Характарызуецца вялікай колькасьцю фігураў і разнастайнасьцю плянаў гульні.
Эндшпіль
Эндшпіль — заключная частка партыі. Характарызуецца зазвычай невялікай колькасьцю фігураў і падвышэньнем значнасьці караля і латнікаў.
Шахматы як від спорту
Шахматы ўяўляюць сабой арганізаваны від спорту з герархіяй званьняў, разьвітай сыстэмай рэгулярных турніраў, нацыянальнымі і міжнароднымі лігамі, шахматнымі кангрэсамі.
Міжнародная шахматная фэдэрацыя
Галоўным органам, які займаецца арганізацыяй шахматных спаборніцтваў, зьяўляецца FIDE (па-француску: Fédération Internationale des Échecs), паўсталая ў 1924. У многіх краінах сьвету існуюць нацыянальныя згуртаваньні шахматыстаў.
FIDE зьяўляецца сябрам Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК), хоць шахматы ніколі не зьяўляліся алімпійскім відам спорту. Па шахматах кожныя два гады праводзіцца асобная Шахматная алімпіяда, якая ўяўляе сабой каманднае спаборніцтва. Алімпіяда 2006 году прайшла ў Турыне, Італія, у тым самым памяшканьні, дзе адбываліся спаборніцтвы па канькабежным спорце на Зімовай Алімпіядзе 2006 году. Залатыя мэдалі ў мужчын і жанчын заваявалі Армэнія і Ўкраіна адпаведна.
Для фармальнай ацэнкі ўзроўню шахматыстаў FIDE ўжывае рэйтынг Эла — сыстэму рэйтынгаваньня, распрацаваную вугорскім прафэсарам Арпадам Эла[11][12].
Прафэсійная шахматная асацыяцыя
У 1993 годзе з ініцыятывы Гары Каспарава і Найджала Шорта створаная Прафэсійная шахматная асацыяцыя (ПША). У яе ўвайшоў цэлы шэраг гросмайстраў, нязгодных з палітыкай FIDE. ПША праводзіла ўласнае першынство сьвету па шахматах. У 1996 ПША спыніла сваё існаваньне, страціўшы спонсараў, пасьля чаго чэмпіёнаў сьвету па вэрсіі ПША сталі называць «чэмпіёнамі па клясычных шахматах».
Асноўныя спаборніцтвы
Галоўным шахматным спаборніцтвам зьяўляецца чэмпіянат сьвету па шахматах. З 1993 па 2006 гады існавалі рознагалосьсі з нагоды таго, каму прыналежыць тытул чэмпіёна сьвету. Пасьля аб’яднаўчага матчу Крамнік-Тапалаў у 2006 годзе адноўленая манаполія FIDE на правядзеньне сусьветнага першынства і наданьне званьня чэмпіёна сьвету па шахматах. Першым «аб’яднаным» чэмпіёнам стаў Уладзімер Крамнік (Расея).
Традыцыйны для FIDE спосаб выяўленьня чэмпіёна сьвету ўлучаў у сябе працяглую сэрыю адборачных этапаў. Пераможцы занальных спаборніцтваў выходзілі ў міжзанальны турнір. Уладальнікі лепшых вынікаў бралі ўдзел у кандыдацкім турніры, дзе ў сэрыі партыяў «на вылёт» вызначаўся пераможца, які праводзіў матч зь дзейсным чэмпіёнам. Цяпер пераможцы занальных турніраў удзельнічаюць у адзіным турніры зь лепшымі гульцамі сьвету; чэмпіёнам сьвету станае пераможца гэтага турніру.
Шахматы ў Беларусі
Гістарычныя сьведчаньні
Сярэднявечча
Як сьведчаць археалягічныя раскопкі, шахі прыйшлі на Беларусь ужо ў XI стагодзьдзі. Датаваныя гэтым часам шахматныя фігуры былі знойдзеныя на тэрыторыі Менскага Замчышча, а таксама ў Берасьці, Віцебску і Полацку. Цяпер яны захоўваюцца ў музэі старажытнай беларускай культуры інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру НАН Беларусі[13]. У XI — XIII стагодзьдзях беларускія землі паводле распаўсюджанасьці дадзенай гульні займалі пераважнае месца ўва Ўсходняй Эўропе. З дваццаці ўсходнеславянскіх местаў часоў Полацкага і Тураўскага княстваў, у якіх знойдзена хаця б адна шахматная фігурка, пятнаццаць (Берасьце, Ваўкавыск, Віцебск, Горадня, Друцак, Копысь, Лукомль, Менск, Амсьціслаў, Наваградак, Полацак, Рагачоў, Слонім, Тураў і горад на рацэ Менка) знаходзяцца ў межах сучаснай Беларусі[14].
Першыя шахі на Беларусі мелі абстрактную форму, вобразна не зьвязаную зь лексічным значэньнем назвы. Прыкладна ў ХІ—ХІІ стагодзьдзях назіраецца адыход ад усходняга канону. Фігурка ставіцца на точаную, амаль як у сучасных шахматах, круглую аснову з кароткай шыйкай, падзеленай крыгавым борцікам на два ярусы. Шахматныя фігуры страчваюць падабенства са сваімі ўсходнімі папярэднікамі і набываюць ускладнёную форму.
Параўнаньне знойдзеных на Беларусі абстрактных шахаў зь іх аналягамі з Кіева, Вялікага Ноўгарада і Сандаміра (Польшча) паказвае, што ўсе яны выкананыя ў адным традыцыйным стылі. Дакладнае тэхнічнае-кампазыцыйнае падабенства дазволіла польскім навукоўцам Е. і Г. Гансоўскім зрабіць выснову, што ў Польшчу шахі трапілі з «суседняй Русі», г. зн. зь Беларусі[15].
Цікава, што ў Кормчай кнізе (1262), якая зьяўлялася зборам рэлігійных кананічных правілаў і нормаў, шахі параўноўваліся зь п’янствам, гуляць у іх забаранялася пад страхам адлучэньня ад царквы. Аднак гэта не перашкодзіла павелічэньню попыту на шахі, пра што сьведчыць узьнікненьне новай рамесьніцкай спэцыяльнасьці — «шахматнікаў»[15].
У пазьнейшы час шахі ня страцілі сваёй папулярнасьці: так, у адпаведнасьці з археалягічнымі дасьледваньнямі ў Трокскім замку, атачэньне князёў Вялікага Княства Літоўскага вельмі захаплялася шахамі[16]. Не абміналі ўвагай шахматную гульню і славутыя літоўскія (беларускія) шляхецкія роды: вядома, што ў шахі гуляла Барбара Радзівіл[17], а канцлер ВКЛ Леў Сапега меў уласны набор фігурак, якія былі зробленыя са слановай косткі[18]. На Беларусі існавалі дзьве традыцыі вырабу шахматных фігурак — стылізаваныя шахі й шахі-выявы як творы мастацтва. Матэрыяламі для вырабу шахаў зьяўляліся косткі, рогі, дрэва і камень. У розных мясьцінах шахматныя фігуркі мелі розную форму. Да прыкладу, віцебская ладзьдзя нагадвала трызубец, гарадзенская — баявы карабель зь вёсламі, ваўкавыскія латнікі ўяўлялі зь сябе барабаншчыкаў, а лукомльскі візыр — вайскавода[13]. Апісаньні шахматных фігурак пад рознымі назвамі сустракаюцца ў летапісных зводах.
Новы час
Пасьля ўваходжаньня беларускіх зямель у склад Расейскай імпэрыі шахі працягваюць карыстацца папулярнасьцю сярод мясцовай шляхты, а шахматная гульня робіцца адным з атрыбутаў вялікалітоўскіх кавярань[19]. Цікава, што сярод асабістых рэчаў Кастуся Каліноўскага, канфіскаваных расейскімі ўладамі, згадваецца і скрынка з шахматамі[20]. На пачатку ХХ ст. папулярнасьць шахаў на Беларусі значна ўзрастае. Так, у 1903 годзе ствараецца шахматны гурток у Менску, а ўжо ў 1904 годзе ён праводзіць шахматны турнір, пераможца якога атрымаў пазнамок з надпісам «Найлепшы шахматыст Менску»[21]. Значнай падзеяй у спартовым жыцьці Віцебску было стварэньне гуртка аматараў шахматнай гульні ў 1901 годзе[22]. Першым яго значным мерапрыемствам быў матч па перапісцы з шахматыстамі Цьвяры[23].
Найноўшы час
Найвялікшага свайго разьвіцьця шахматная гульня на Беларусі дасягнула ў часы БССР. У гэты час шахі робяцца па-сапраўднаму масавай гульнёй. Шахматамі захапляліся клясыкі беларускай літаратуры Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, акадэмікі І. Вятохін, М. Місюк, Б. Сьцяпанаў, Ф. Фёдараў, а народны паэт БССР Аркадзь Куляшоў і народны артыст рэспублікі кампазытар Д. Смольскі выступалі ў афіцыйных спаборніцтвах і мелі першы спартовы разрад. Першым чэмпіёнам БССР стаў доктар Саламон Розэнталь у 1924 г., першай чэмпіёнкай БССР — работніца менскага заводу «Мэтал» Дунэр у 1928 г. У міжваенны пэрыяд віцяблянін Уладзіслаў Сіліч, менчукі Ісаак Мазэль, Гаўрыла Верасаў і гамяльчук Абрам Маневіч здабылі званьне майстра. Усе яны выступалі ў чэмпіянатах СССР і паказвалі някепскія вынікі. Так, у 1940 годзе Верасаў падзяліў у чэмпіянаце СССР сёмае месца, атрымаўшы перамогі над гросмайстрамі Керасам, Котавым, Левэнфішам і Пятровым. На пачатку 1950-х гадоў у БССР былі запрошаныя выбітны гросмайстар і тэарэтык Ісаак Баляслаўскі, майстры Аляксей Суэцін, Аляксей Сакольскі, Барыс Гальдзенаў, чэмпіёнка СССР Кіра Зварыкіна. Першым посьпехам зборнай каманды БССР былі бронзавыя мэдалі на III Спартакіядзе Народаў СССР. Выдатныя вынікі былі дасягнутыя на міжнароднай арэне — гэта перамогі над камандай Польшчы, адной з наймацнейшых на той час камандай Вугоршчыны, зборнай НДР і Заходняга Бэрліна. Найбуйнейшымі шахматнымі спаборніцтвамі, праведзенымі ў гэты час на Беларусі, былі чэмпіянаты СССР 1979 і 1987 гадоў. У канцы 1960-х гадоў зьявілася вялікая група маладых таленавітых шахматыстаў — Альберт Капенгут, Віктар Купрэйчык, Тамара Галавей, Галіна Арчакова, Вячаслаў Дыдышка і іншыя. У 1980 годзе Віктар Купрэйчык, першы з выхаванцаў беларускіх трэнэраў, здабыў званьне міжнароднага гросмайстра. У далейшым званьні гросмайстраў атрымалі Барыс Гельфанд, Ільля Сьмірын, Андрэй Кавалёў, Вячаслаў Дыдышка і іншыя. Увогуле, Беларусь мае 15 гросмайстраў[7].
Наш час
У цяперашні час папулярнасьць шахаў у Беларусі некалькі зьнізілася: закрыліся спэцыялізаваны бюлетэнь «Шахматы, шашки в БССР» і часопіс «Шахматы», эмігравалі зь Беларусі заслужаныя трэнэры Міхаіл Шарашэўскі, Аба Шагаловіч, Альбэрт Капэнгут і Тамара Галавей, а таксама гросмайстры Барыс Гельфанд, Ільля Сьмірын, Яўген Агрэст[24].
Беларусь, станам на канец 2000-ых, займала 23-е месца ў рэйтынгу Міжнароднай фэдэрацыі шахаў. У краіне налічвалася больш за 10 гросмайстраў і каля 30 майстроў. У беларускіх ДЮСШ працавала больш за 30 аддзяленьняў шахаў, былі спэцыялізаваныя шахматна-шашачныя школы. Каардынуе шахматнае жыцьцё ў краіне ГА «Беларуская фэдэрацыя шахаў».
Дэбюты, зьвязаныя зь Беларусяй
Іншыя зьвесткі
- Для захаваньня і перадачы шахматных партыяў ужываецца фармат файлаў PGN.
- У кадаваньні Юнікод ёсьць сымбалі для белых і чорных шахматных фігураў (дыяпазон U+2654…U+265F: ♔♕♖♗♘♙♚♛♜♝♞♟).
Шахматныя праграмы
Варыянты шахматаў
Крыніцы
- ^ Leibs, Andrew (2004). Sports and Games of the Renaissance. Westport, CT: Greenwood Publishing Group. p. 92 ISBN 0-313-32772-6. (анг.)
- ^ Калядзінскі Л. У. Шахматы // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: БелЭН, 1993. — С. 652. — 702 с.
- ^ Ужываецца тэрміналёгія паводле Караткевічавага твору «Ладзьдзя роспачы»
- ^ Энцыкляпэдыя «Кругосвет»
- ^ World Title Matches and Tournaments — Chess history. worldchessnetwork.com (анг.)
- ^ Burgess, Graham, Nunn, John and Emms, John The Mammoth Book of the World's Greatest Chess Games. — Carroll & Graf Publishers, 1998. — ISBN 0-7867-0587-6, ст. 14. (анг.)
- ^ а б в Абрам Ройзман. Игра миллионов. // Шахматы в Беларуси
- ^ Правілы шахматаў на бачыне FIDE (анг.)
- ^ Дадатак да правілаў шахматаў на бачыне FIDE. (анг.)
- ^ Вывучаем шахматную натацыю (анг.)
- ^ European Chess Union. (анг.)
- ^ FIDE Top 100 Players (анг.)
- ^ а б Шахматы и шашки(недаступная спасылка)
- ^ С. Цярохін. Шахматы продкаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 132
- ^ а б С. Цярохін. Шахматы продкаў // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 133
- ^ Вячаслаў Ракіцкі. Шахматы — народная гульня: Размова з Алегам Трусавым // «Скарбы» 1992-5 [1]
- ^ Барбара Радзівіл
- ^ Сяргей Чыгрын. У Слонімскай друкарні адноўленая цэнзура // Радыё Свабода, 12.07.2005
- ^ Алег Дзярновіч. Кава // Наша Ніва, 2005-19
- ^ Віктар Корбут. Па віленскім бруку // «Турызм і адпачынак» №22/2008
- ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994. С. 200
- ^ Ала Галубовіч, Ларыса Лісава. Віцебская губерня ў дакументах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс, 2002-04
- ^ Витебск — город спортивных традиций
- ^ Евгений Мочалов. Битва интеллектов продолжается // Физкультурник Белоруссии, 22 июля 2008
Літаратура
- С. Лучыцкая. Мэтафары сярэднявечнага грамадства: цела, будынак, шахматы (рас.) // «На меже меж Голосом и Эхом». Зб. артыкулаў у гонар Т. В. Цыўян. М., 2007, с. 269—275
- Джэймс Ід. Шахматы для «чайников» = Chess for Dummies. — 2-ое. — Масква: «Дыялектыка», 2008. — С. 336. — ISBN 978-5-8459-1441-5
- Часопіс «Наука и жизнь» № 7, №8, форум
- Вячаслаў Ракіцкі. Шахматы — народная гульня: Размова з Алегам Трусавым // «Скарбы» 1992-5 [2]
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
Вонкавыя спасылкі
- Афіцыйная бачына Міжнароднай шахматнай фэдэрацыі
- Беларуская фэдэрацыя шахматаў (рас.)
- Часопіс «Шахматы ў Беларусі» (рас.)
- Астроўскі А. (1 красавіка 2008) Гісторыя беларуска-ліцьвінскіх шахматаў
- Мінулае і будучыня айчынных шахмат. Arche: пачатак. Архіўная копія ад 15 студзеня 2013 г.