Алькагалізм
Алькагалізм — наркатычная залежнасьць, якая характарызуецца хваравітай цягай да ўжываньня алькагольных напояў (псыхічная і фізычная залежнасьць) і алькагольным (хімічным) пашкоджаньнем нутраных органаў. Пры гэтай шкоднай звычцы адбываецца дэградацыя чалавека як асобы; страта нутранага «Я». Пасьля лячэньня праявы хваробы зьнікаюць больш як на год толькі ў 20% хворых. Чыньнікамі вылячэньня ёсьць воля захварэлага, наяўнасьць сям’і, дзяцей і працы, задавальненьне ад цялеснай работы і ежы.
Папярэджаньне
рэдагавацьХваробу прадухіляе адмаўленьне ўсялякага ўжыцьця алькаголю пры наяўнасьці п’яніцаў сярод родзічаў першай ступені роднасьці (бацька, маці, родныя браты і сёстры). Таксама варта ўнікаць выпіваньня падчас жыцьцёвых зьменаў — плоцевае высьпяваньне і згасаньне, шлюб, развод, народзіны дзіцяці, прафэсійны рост, узбагачэньне і зьбядненьне. Нават пры адсутнасьці ўсялякіх супрацьпаказаньняў ужыцьцё алькаголю мае абмяжоўвацца 12 чаркамі (па 25 грамаў) віскі, гарэлкі або каньяку на тыдзень, што раўняецца 12 келіхам (па 150 г) віна або 12 куфлям (па 300 г) піва. Таксама варта пазьбягаць ужыцьця за адну выпіўку больш чым 5 чарак. Пры гэтым два дні на тыдні выпіваньне цалкам выключаецца[1].
Праявы
рэдагавацьПершымі прыкметамі хваробы ёсьць суправаджэньне ап’яненьня дзівацкімі паводзінамі і стратай памяці, пошук нагоды выпіць і павышэньне дозы ўжываньня сьпірту. Хваробай паражаюцца галаўны мозаг (амнэзія(en), галюцыноз, дэпрэсія, псыхоз, энцэфаляпатыя(en) і эпілепсія), кроў (малакроўе), нэрвы (полінэўрапатыя(en)), падстраўнікавая залоза (панкрэатыт), печань (жаўтуха, тлушчавая дыстрафія і цыроз(be)), скура (язва), страўнік (гастрыт), сэрца (інфаркт і міякардыядыстрафія(en)) і яечкі (імпатэнцыя)[2].
Беларусь
рэдагавацьЗ 1993-га па 2003 год колькасьць улічаных хворых на алькагалізм вырасла з 30 тыс. да 140 тыс. чалавек[3]. На 2011 год чыньнікам пашырэньня хваробы служыла істотнае падзеньне цаны на моцны алькаголь. Гарэлка каштавала амаль столькі, колькі піва. У 1980-я ж гады гарэлка каштавала ў 10 разоў даражэй за піва[4]. На 16 красавіка 2013 году ў Беларусі на адмысловым уліку стаяла каля 270 тысячаў залежных ад алкаголю людзей (амаль 3% насельніцтва)[5].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Сьвятлана Барысенка. Сушыце чаркі // Краіна здароўя. — 8 ліпеня 2010. — № 32 (201). — С. 5.
- ^ Сьвятлана Барысенка. Аглаблёвая, або Забойства на клетачным узроўні // Краіна здароўя. — 2 лістапада 2010. — № 57 (226). — С. 5.
- ^ Мікола Дзябёла. Нацыя співаецца // Зьвязда : газэта. — 4 красавіка 2003. — № 84-85 (24768-24769). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Яўген Валошын. Алькагольны лад жыцьця навязваецца па ТБ // Зьвязда : газэта. — 17 жніўня 2011. — № 155 (27019). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ Сьвятлана Барысенка. Калі ты можаш спыніцца // Краіна здароўя. — 16 красавіка 2013. — № 5 (306). — С. 5.