Сьпіс вялікіх князёў літоўскіх
Вялі́кі князь літо́ўскі — найвышэйшы княжацкі тытул у ВКЛ. Вялікі князь быў кіраўніком дзяржавы. Яму былі падначалены князі, магнаты, якія кіравалі асобнымі княствамі, землямі, вотчынамі. Выбіраўся фэадаламі, звычайна з сыноў ці блізкай радні папярэдняга вялікага князя. Меў шырокія паўнамоцтвы: весьці міжнародныя справы, уступаць у зьвязы, абвяшчаць вайну і заключаць мір, распараджацца ўзброенымі сіламі дзяржавы, дзяржаўнай маёмасьцю, даходамі і скарбамі, дараваць дзяржаўную маёмасьць, тытулы і званьні, ажыцьцяўляць найвышэйшы суд і памілаваньне засуджаных. Яму належала заканадаўчая ініцыятыва, усе асноўныя законы і прававыя акты выдаваліся за яго подпісам. Прывілей 1447 году і прывілей 1492 году юрыдычна абмежавалі ўладу вялікага князя літоўскага. Паводле іх ён ня меў права самастойна вырашаць найбольш важныя пытаньні зьнешняй і ўнутранай палітыкі. Нягледзячы на тое, што заканадаўчыя акты, у тым ліку Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году, падкрэсьлівалі, што ўлада вялікага князя ад Бога, яго становішча было тыповым для абмежаванага фэадальнага манарха, правы яго грунтаваліся на выбарнай аснове. Калі ў XIV ст. Рада Вялікага княства Літоўскага пры вялікім князю была толькі дарадчым органам, то пазьней яе значэньне намнога павысілася, многія мерапрыемствы дзяржаўнага кіраваньня маглі быць зьдзейсьнены толькі зь яе згоды. У адсутнасьць вялікага князя рада фактычна была найвышэйшым дзяржаўным органам і дзейнічала самастойна. Абмежаваньне ўлады вялікага князя літоўскага прадугледжвалася заканадаўствам ВКЛ у форме клятвы і абяцаньня вялікім князем захоўваць пэўныя правы і прывілеі, а таксама ў форме прамой забароны. Напрыклад, вялікаму князю забаранялася пачынаць вайну або ўстанаўліваць падаткі на ваенныя патрэбы без дазволу на тое сойму, выдаваць законы, якія б пярэчылі Статуту ВКЛ, раздаваць духоўныя і сьвецкія пасады, тытулы і землі ВКЛ іншаземцам, у тым ліку польскай шляхце.
Пасьля Люблінскай уніі 1569 году вялікі князь ВКЛ адначасова быў каралём Польшчы, стаяў на чале агульнай саюзнай дзяржавы — Рэчы Паспалітай. Вялікі князь акрамя гэтага тытула, меў тытулы па назьве земляў, якімі валодаў. Напрыклад, Жыгімонт III Ваза меў тытулы караля польскага, вялікага князя літоўскага, рускага, прускага, жамойцкага, мазавецкага, інфлянцкага, насьледнага гаспадара і караля швэдзкага, гоцкага, вандальскага, вялікага княжыча фінляндзкага і інш.
Вялікія князі літоўскія да Люблінскай уніі 1569 году Рэдагаваць
Гады кіраваньня | Ілюстрацыя | Імя |
---|---|---|
каля 1236 — 1263 | Міндоўг | |
1263—1264 | Транята | |
1264—1266 | Войшалк | |
1267—1270 | Шварн | |
1270—1282 | Трайдзень | |
1280-я гг.[1] | Даўмонт | |
1282—1292[2] | Будзівід | |
1292—1294[2] | Будзікід | |
1294—1316 | Віцень | |
1316—1341 | Гедзімін | |
1341—1345 | Яўнут | |
1345—1377[3] | Альгерд | |
1377—1381[3] | Ягайла | |
1381—1382 | Кейстут | |
1382—1392 | Ягайла | |
1392—1430 | Вітаўт | |
1430—1432 | Сьвідрыгайла | |
1432—1440 | Жыгімонт Кейстутавіч | |
1440—1492 | Казімер Ягелончык | |
1492—1506 | Аляксандар Ягелончык | |
1506—1548 | Жыгімонт I Стары | |
1544—1569 | Жыгімонт II Аўгуст |
Вялікія князі літоўскія пасьля Люблінскай уніі 1569 году Рэдагаваць
- Генрык Валезы (1573) — адначасова кароль польскі.
- Стэфан Баторы (1576—1586) — адначасова кароль польскі.
- Максіміліян Габсбург (1575—1576) — імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі, абраны па падвойнай элекцыі 1575 г. адначасова з Баторыем.
- Жыгімонт Ваза (1587—1632) — адначасова кароль польскі Зігмунт III.
- Максіміліян Габсбург (1587—1589) — эрцгерцаг, сын імпэратара Максіміліяна II, абраны па падвойнай элекцыі 1587 г. адначасова з Жыгімонтам Вазам.
- Уладзіслаў Ваза (1632 — 1648) — адначасова кароль польскі Ўладзіслаў IV.
- Ян Казімер (1648 — 1668) — адначасова кароль польскі Ян II Казімір.
- Карл Густаў, кароль Швэцыі, па заключэньні Кейданскай уніі лічыцца сваімі прыхільнікамі за вялікага князя літоўскага ў 1655—1660.
- Міхал Вішнявецкі (1669—1673) — адначасова кароль польскі.
- Ян Сабескі (1674—1696) — адначасова кароль польскі Ян III.
- Аўгуст Моцны (1697—1706) — адначасова кароль польскі Аўгуст IІ і курфюрст саксонскі Фрыдрых Аўгуст І.
- Франсуа Луі Бурбон (1697) — прынц дэ Конці, абраны па падвойнай элекцыі 1697 г. адначасова з Аўгустам ІІ.
- Станіслаў Ляшчынскі (13 ліпеня 1704—1706) — адначасова кароль польскі Станіслаў II, абраны канфэдэрацыяй. Да адрачэньня ў 1706 годзе Аўгуста Моцнага ўладарыў адначасова зь ім.
- Аўгуст Моцны (1709—1733) — другі раз, адначасова кароль польскі пад імем Аўгуст II.
- Аўгуст Сас (1733 — 1763) — адначасова кароль польскі Аўгуст III і курфюрст саксонскі Фрыдрых Аўгуст ІІ.
- Станіслаў Ляшчынскі (1733) — другі раз, адначасова кароль польскі Станіслаў II, абраны па падвойнай элекцыі 1733 г. адначасова з Аўгустам ІІІ.
- Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1764—1795) — адначасова кароль польскі.