Віцебск — магдэбурскае места, адно з найстарэйшых у Беларусі. Колішняя сталіца ўдзельнага княства, цэнтар гістарычнага рэгіёну і старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. У наш час прэтэндуе на неафіцыйны статус культурнай сталіцы краіны. Тут захаваліся меская ратуша, царква Зьвеставаньня Багародзіцы, царква Покрыва Багародзіцы на Маркаўшчыне, манастыр базылянаў, комплекс кляштару трынітарыяў з касьцёлам Апекі Найсьвяцейшай Панны Марыі, касьцёл Сьвятой Барбары і палац Кудзіновічаў, помнікі архітэктуры XII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся царква Сьвятых Барыса і Глеба на Пескаваціку, комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла і Фарны касьцёл, помнікі архітэктуры XVIII ст., зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама цэрквы саборная Прачыстай Багародзіцы (адноўлена), Уваскрасеньня Хрыстова на Рынку (адноўлена), Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа, Божага Яўленьня, Уваскрасеньня Хрыстова на Заручаўі, Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, Сьвятога Яна Хрысьціцеля, Сьвятога Спаса, Раства Хрыстова, Сьвятога Духа і Сьвятой Тройцы, комплекс езуіцкага калегіюма з касьцёлам Сьвятога Язэпа, кляштарныя комплексы бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Антонія і піяраў з касьцёлам Маці Божай Шкаплернай, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі. Калі на пачатак XIX стагодзьдзя Віцебск упрыгожвала 12 унікальных твораў віленскага барока (другое месца пасьля Вільні), то па расейскім і савецкім панаваньні зь іх захаваўся толькі адзін у перабудаваным выглядзе.

Герб Віцебску з прывілея 1597 г.

Раньнія часы

рэдагаваць

Датаваньне першага пісьмовага ўпаміну пра Віцебск няпэўнае. Паводле легенды зь Віцебскага летапісу, складзенага ў XVIII ст., горад у 974 годзе заклала княгіня кіеўская Вольга, аднак вядома, што яна памерла яшчэ ў 969 годзе. З гэтай прычыны на сёньняшні дзень паміж гісторыкамі вядзецца спрэчка: як імаверную дату заснаваньня называюць 947 год (паводле «Аповесьці мінулых часоў» у 947 годзе Вольга наведвала міжрэчча Дзьвіны і Дняпра і ўтварыла тут пагосты для збору даніны, у тым ліку на рэках Мсьце і Лузе, магчыма тады зьявіўся пагост і на Віцьбе — Віцебск), а таксама 914 год[1].

 
Рысунак места Віцебску, 1664 г.

У Х—ХІІІ стагодзьдзях Віцебск займаў важнае месца на «шляху з варагаў у грэкі». У 1021 годзе князь кіеўскі Яраслаў Уладзімеравіч перадаў места разам з Усьвятам князю полацкаму Брачыславу Ізяславічу пры складаньні міру.

Па сьмерці князя полацкага Ўсяслава Чарадзея (1101 год) Віцебск стаў сталіцай удзельнага княства. Першым князем віцебскім быў Сьвятаслаў Усяславіч, пазьней местам і княствам валодалі ягоныя нашчадкі Васількавічы. У 1167 годзе князь менскі Валадар Глебавіч узяў Віцебск у аблогу, а ў 1196 годзе каля места адбылася бітва аб’яднаных сілаў полацкіх і чарнігаўскіх князёў з смаленскімі князямі. Полацкія князі перамаглі і вярнулі сабе Віцебскае княства. З 1318 году тут княжыў Яраслаў Васільевіч, які аддаў сваю адзіную дачку Марыю замуж за князя крэўскага Альгерда.

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Па сьмерці князя Яраслава (1320 год) Віцебск паводле спадчыны перайшоў да вялікага князя Альгерда і такім чынам далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У 1341 годзе тутэйшыя жыхары на чале з Альгердам дапамаглі Пскову супраць крыжакоў[2]. З 1345 году места знаходзілася ў валоданьні Андрэя Альгердавіча.

 
Герб Віцебскага ваяводзтва

Паводле гістарычных крыніцаў, у 1351 годзе ў Віцебску завяршылася будаваньне княскага палаца і муравана-драўляных Верхняга і Ніжняга замкаў, даўжыня сьценаў якіх складала 1,75 км[2]. У канцы XІV ст. места апынулася ў цэнтры міжусобнага змаганьня паміж сынамі і суродзічамі Альгерда за права валоданьня гэтым важным стратэгічным пунктам. Верхні і Ніжні замкі неаднаразова супрацьстаялі шматлікім і працяглым аблогам. 15 ліпеня 1410 году віцебская харугва ўзяла ўдзел у Грунвальдзкай бітве.

У XV—XVІ стагодзьдзях Віцебск стаў буйным гандлёвым і рамесным цэнтрам. На 1441 год ён уваходзіў у лік 15 найбольшых местаў Вялікага Княства Літоўскага.

Паводле ўстаўной граматы вялікага князя Казімера 1444 году Віцебск атрымаў абмежаванае самакіраваньне, таксама грамата фактычна зафіксавала аўтаномію Віцебскай зямлі[3]. Надалей у XVІ ст. места атрымала некалькі прывілеяў, якія гарантавалі недатыкальнасьць зямельных уладаньняў фэўдалаў і мяшчанаў, правы бязмытнага гандлю і вольнага выезду ў межах дзяржавы[3].

У 1508 годзе на базе Віцебскага намесьніцтва ўтварылася ваяводзтва[4]. 17 сакавіка 1597 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў месту Магдэбурскае права і герб[5]: «у блакітным полі пагрудная выява Ісуса Хрыста, пад якой чырвоны меч». Вытрымка з адпаведнага вялікакняскага прывілею:

  Герб надаем месту нашаму Віцебскаму ў блакітнам полю абраз сьвятога Спаса Збавіцеля нашага, а пры том зараз трохі ніжэй меч голы чырвоны, што ся маець разумець крававы.  

У другой палове XVІ — пачатку XVІІ стагодзьдзяў у Віцебску ўтварылася супольнасьць кальвіністаў, у якую ўваходзілі заможныя месьцічы і сябры магістрату. Адначасна ў месьце распачалі сваю дзейнасьць праваслаўныя брацтвы, якія спрыялі захаваньню беларускай мовы і культуры

Ад пачатку XVІ ст. Віцебск неаднаразова (у 1502, 1516, 1519, 1534 і 1536 гадох) цярпеў ад агрэсіі Маскоўскай дзяржавы, войскі якой спусташалі ваколіцы места, забівалі і бралі ў палон ягоных жыхароў[6]. У Інфлянцкую вайну маскоўскія захопнікі двойчы бралі Віцебск у аблогу (у 1562 і 1568 гадох), зьнішчаючы ягоныя пасады і ваколіцы[6].

У 1602 годзе вяртаючыся дадому з вайны Рэчы Паспалітай з Швэцыяй места абрабавалі запароскія казакі[6]:

  Таго ж року запароскія казакі ў Швэцыі былі, да нічога не памаглі, толька вялікую шкоду гаспадару ўчынілі, бо места слаўнае, места багатае Віцебск зваявалі, мяшчан пабілі, панны паплюгавілі, скарбы пабралі.  

Баркулабаўскі летапіс

На гэтай жа вайне віцебская мяшчанская харугва колькасьцю 500 чалавек пад камандаю Марка Лыткі авалодала ў 1605 замкам Фэліна, за што пана Лытку ўвялі ў шляхецтва і надалі прозьвішча Фэлінскі[6].

12 лістапада 1623 году ў Віцебск выбухнуў бунт[7], вынікам якога стала забойства полацкага ярхіяпіскапа Язафата Кунцэвіча. За ўдзел часткі жыхароў у бунце места пазбавілі Магдэбурскага права. Самакіраваньне вярнулі толькі ў 1644 годзе разам з правам бязмытнага гандлю. У сярэдзіне XVІІ ст. Віцебск быў буйным адміністрацыйным, рамесным і гандлёвым цэнтрам, у якім налічвалася больш за тысячу дамоў. Тут разьвіваліся мэтала- і дрэваапрацоўка, гарбарнае, ганчарнае, васкабойнае рамёствы, а таксама мёдаварэньне.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Віцебску і ваколіцаў ліцьвінамі: «литвин, из Витепска, Иванко Мещеринов» (1609 год)[8], «…Давыдко Кученин в роспросе сказался: родом литвин[a] белорусец Витепского повету» (1627 год)[11], «литвин Александр Лабыт… шляхтич Витебского повету» (1632 год)[12], «[из Витебска] литвин… Гришка Яновский» (1647 год)[13], «литвина… витепского торгового человека мещанина Остафья Андреева сына Пажанка» (1668 год)[14], «…в распросе своем сказал: зовут его Сенькою Тихонов сын, родом литвин, города Витебска крестьянский сын деревни Гавриленки» (1684—1685 гады)[15].

З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Віцебскі замак па амаль 3-месячнай аблозе захапіла 20-тысячнае войска маскоўскіх ваяводаў і ўкраінскіх казакаў. У баях загінула большасьць месьцічаў, значная частка шляхты і жыдоў трапіла ў палон. Акупанты прымусова вывезьлі ў Маскву нямала тутэйшых рамесьнікаў[6]. Толькі ў 1667 годзе Віцебск, згодна з умовамі замірэньня, вярнулі Вялікаму Княству Літоўскаму. Паводле тагачаснага інвэнтару ў месьце было тры замкі — Верхні (Горны), дзе знаходзіўся палац ваяводы, Ніжні (Дольны) і Ўзгорскі. Замкі стаялі ў атачэньні муроў з 20 вялікімі і 3 малымі вежамі. Неўзабаве ў Віцебску адкрыўся езуіцкі калегіюм (1682 год).

У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) 28 верасьня 1708 году на загад Пятра I[16] места спалілі расейскія войскі[17]. Згарэлі замкі, ратуша, крамы, усе пасады, 12 цэркваў і 4 касьцёлы. 3 гэтага часу пачаўся заняпад эканомікі места[6].

Па аднаўленьні ў другой палове XVІІІ ст. Віцебск сваёй велічынёю стаў другім (пасьля Магілёва) местам на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 1764 годзе яго ўраўнавалі ў правох з сталіцай — Вільняй[18], тут пачалося будаваньне новай мураванай ратушы (скончылася ў 1775 годзе).

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Новы мескі герб, 1781 г.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Віцебск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам правінцыі (у 1796 годзе цэнтар Беларускай, з 1802 году Віцебскай губэрні). У 1781 годзе расейскія ўлады зацьвердзілі новы герб места з «Пагоняй» на бел-чырвона-белым фоне. У 1803 годзе на загад з Санкт-Пецярбургу ўсе мескія прывілеі накіравалі ў Сэнат на рэвізію, з тых часоў няма зьвестак пра іхнае месца знаходжаньня[18]. У 1777 годзе ў Віцебску пачало працаваць першае прамысловае прадпрыемства — гарбарня, у 1797 годзе — губэрнская друкарня. У 1804 годзе адкрылася гімназія. У вайну 1812 году з 16 ліпеня да 26 кастрычніка места займалі францускія войскі.

На 1825 год у Віцебску працавалі 10 прадпрыемстваў, 135 крамаў, 8 корчмаў, 150 шынкоў, 6 навучальных установаў, места ўпрыгожвалі 24 сакральныя будынкі розных канфэсіяў. У 1826 годзе ўтварылася Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, з 1845 году пачаў сваю дзейнасьць мескі тэатар.

За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1863 годзе група гімназістаў і канцылярскіх урадоўцаў спрабавала пакінуць Віцебск і далучыцца да паўстанцкіх аддзелаў, але іх затрымалі ўлады. Расейцы абвясьцілі ў месьце ваеннае становішча[18].

У 1866 годзе празь Віцебск прайшла Рыга-Арлоўская чыгунка, пазьней чыгуначныя лініі злучылі места з Масквой, Берасьцем, Санкт-Пецярбургам і Кіевам. З 1874 году пачало сваю дзейнасьць Віцебскае навуковае таварыства лекараў. У 1881—1882 гадох тутэйшы фатограф Сігізмунд Юркоўскі першым у сьвеце разьлічыў і сканструяваў імгненны фатаграфічны затвор, апісаньне якога апублікаваў у часопісе «Фатограф».

На 1887 год у Віцебску было каля 2,8 тыс. будынкаў, працавалі 3 друкарні і 2 лякарні. На 1891 год у месьце было 22 навучальныя ўстановы, 5 бібліятэк, чытальня. У 1893 годзе тут адкрыўся царкоўна-археалягічны музэй, заснаваны з ініцыятывы Е. Раманава і А. Сапунова. Паводле зьвестак за 1895 год, у Віцебску налічвалася 650 мураваных і 7200 драўляных будынкаў, 2 тэатры, 3 друкарні, 8 кнігарань, 4 бібліятэкі і каля 80 прамысловых прадпрыемстваў. У 1897 годзе Бэльгійскае акцыянэрнае таварыства збудавала ў Віцебску электрастанцыю, а ў 1898 годзе — першую на Беларусі трамвайную лінію з электрычнай цягай. Апроч таго, у цэнтры места праклалі водаправод.

У 1905 годзе ў Віцебску адкрыўся першы кінатэатар. З 1910 году пачаў сваю дзейнасьць першы на Беларусі настаўніцкі інстытут. 20 красавіка (3 траўня) 1917 году жыхары места ўпершыню змаглі ўрачыста адзначыць гадавіну прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня[19]. У 1917—1918 гадох у Віцебску дзеяў Беларускі народны саюз.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Віцебск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце ўтварылася Беларуская рада, жыхары Каралёўскай воласьці Віцебскага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[20]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Віцебск увайшоў у склад Беларускай ССР[21], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 3 сакавіка 1924 году Віцебск вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну і акругі (з 15 студзеня 1938 году — цэнтар вобласьці).

У 1926 годзе ў Віцебску адкрыўся Тэатар імя Якуба Коласа, які сьпярша зваўся II Беларускім дзяржаўным тэатрам. У 1920-я гады пачало дзеяць Віцебскае краязнаўчае таварыства, якое выдавала зборнік «Віцебшчына». Сябры мастацкай сэкцыі таварыства зьбіралі ўзоры народнага мастацтва, рабілі замалёўкі помнікаў архітэктуры і інш. У гэты ж час у Віцебску сфармавалася творчая мастацкая школа, якая ў сусьветнай мастацтвазнаўчай літаратуры атрымала назву «Віцебскай школы абстракцыянізму» (Ю. Пэн, М. Шагал, К. Малевіч). Мастацкая школа-майстэрня Ю. Пэна пачала сваю дзейнасьць яшчэ ў 1898 годзе.

27 верасьня 1938 году Віцебск атрымаў афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. У гэты час тут працавалі 209 прадпрыемстваў, 3 ВНУ, 42 агульнаадукацыйныя школы, 40 бібліятэк, 11 лякарняў, 3 кінатэатры. Места стала буйным прамысловым і культурным цэнтрам Беларусі.

У Другую сусьветную вайну з 11 ліпеня 1941 да 26 ліпеня 1944 году Віцебск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У верасьні 1941 году ў месьце заснавалі канцлягер «Пяты полк», дзе да канца нямецкай акупацыі забілі 75 тыс. ваеннапалонных і 4 тыс. віцяблянаў[22]. За час нямецкай акупацыі 70 000 (39 %) са 180 000 месьцічаў Віцебска сагналі на прымусовую працу ў Нямеччыну. Таксама расстралялі 20 000 жыдоў і стварылі 4 канцэнтрацыйныя лягеры[23].

Гістарычная графіка

рэдагаваць


Гістарычныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[9] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[10]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
  1. ^ Шишанов В. 974, 947 или 914? // «Витебский проспект» № 45, 10 ноября 2005. С. 3.
  2. ^ а б Калядзінскі Л., Ткачоў М. Віцебск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 448.
  3. ^ а б Калядзінскі Л., Ткачоў М. Віцебск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 449.
  4. ^ Насевіч В. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 34—39.
  5. ^ Ткачев М. Замки Беларуси. — Мн., 2002. С. 126.
  6. ^ а б в г д е Калядзінскі Л., Ткачоў М. Віцебск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 450.
  7. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 208.
  8. ^ Акты исторические, собранные и изданные Археографической коммиссией. Т. 2. — СПб., 1841. С. 262.
  9. ^ Троицкая летопись. Реконструкция текста. Изд. М. Д. Присёлков. — М. — Л., 1950. С. 344—345.
  10. ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 199—201.
  11. ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 94.
  12. ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 433.
  13. ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 209.
  14. ^ Русско-белорусские связи во второй половине XVII в. (1667—1686 гг.). Сборник документов. — Мн., 1972. С. 52.
  15. ^ Труды… Тульской Губернской Учетной Архивной Комиссии. Кн. 1. — Тула, 1915. С. 556.
  16. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Віцебска. Кн. 1. — Мн., 2002. С. 74.
  17. ^ Ткачев М. Замки Беларуси. — Мн., 2002. С. 132.
  18. ^ а б в Віцебск // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  19. ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 114—115.
  20. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  21. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  22. ^ Алена Дзядзюля. Сапраўдны твар вайны яшчэ трэба намаляваць // Зьвязда : газэта. — 30 чэрвеня 2011. — № 121 (26985). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  23. ^ Натальля Голубева. Калябаранты. Цана адраджэньня // Зьвязда. — 13 сакавіка 2021. — № 47 (29416). — С. 5.

Літаратура

рэдагаваць
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — 480 с. — ISBN 985-11-0090-0
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Віцебска: у 2-х кн. Кн. 1-я. — Мн.: БелЭн, 2002. — 648 с.: іл. ISBN 985-11-0246-6.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Віцебска: у 2-х кн. Кн. 2-я. — Мн.: БелЭн, 2003. — 680 с. ISBN 985-11-0257-1.
  • Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
  • Чарняўская Т. Архітэктура Віцебска: З гісторыі і планіроўкі забудовы горада — Менск: Навука і тэхніка, 1980. — 112 с.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
  • Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
  • Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893.
  • Витебск: Энциклопедический справочник / Гл. редактор И. П. Шамякин — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1988. — 408 с. ISBN 5-85700-004-1.
  • Любезный мне город Витебск… Мемуары и документы. Конец XVIII — начало XIX в. / Вступ. ст., науч., коммент., сост., публ. В. А. Шишанова. — Мн.: Асобны Дах, 2005. — 40 с. [1]
  • Ткачев М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачев. — Мн.: Беларусь, 2002. — 200 с.: ил. ISBN 985-07-0418-7.
  • Шибеко З. Из истории Витебских археологических «курсов» // «Нёман» № 6, 1980.
  • Шишанов В. А. Витебский Музей современного искусства: история создания и коллекции. 1918—1941. — Минск: Медисонт, 2007. — 144 с. [2]
  • Шишанов В. А. Изобразительное искусство Витебска 1918—1923 гг. в местной периодической печати: библиограф. указ. и тексты публ. — Минск: Медисонт, 2010. — 264 с .[3]