Валадар Глебавіч (1090-я — па 1167) — князь менскі (1151—1158 і з 1162) і полацкі (1167). Сын Глеба Ўсяславіча.

Валадар Глебавіч
лац. Vaładar Hlebavič
Князь полацкі
1167 — 1167
Наступнік Валадар Глебавіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1090-я
Памёр па 1167
Дынастыя Рагвалодавічы
Бацька Глеб Усяславіч

Вёў змаганьне за дамінаваньне Менску ў Полацкай зямлі, дзеля чаго выкарыстоўваў аддзелы зь літвы.

Валдар, Валтар або Валдэр, пазьней Вальтэр (Waldhar, Waltar, Walder, Walter) і Ерывалд (Erivald) — імёны германскага паходжаньня[1]. Іменная аснова -валд- (-алд, -олт) (імёны ліцьвінаў Геральт, Левалт, Рамвольт; германскія імёны Gerwald, Lewolt, Romuald) паходзіць ад гоцкага і германскага waldan 'валодаць, гаспадарыць' або wulþus 'слава, мажнасьць', а аснова -гер- (-ер-) (імёны ліцьвінаў Герман, Гунтэр, Кіндэр; германскія імёны Herman, Gunter, Kinder) — ад гоцкага harjis[2], германскага heri 'войска, загон' або гоцкага hairus[3], германскага heru 'меч'[4].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: а Володарь нецелова крестъ, оже ходяше подъ Литвою в лесехъ (1159 год), Том же лете приходи Рогъволодъ на Володаря с Полотьчаны к Городцю, Володарь же не да ему полку (1162 год), Том же лете пойде Володарь Глебовичь к Полотьскоу ратью… и побеже Володарь от Витебьска (1167 год)[5].

Біяграфія

рэдагаваць

Сын менскага князя Глеба Ўсяславіча, брат Расьціслава Глебавіча. 5 чэрвеня 1135 году ажаніўся, верагодна другім шлюбам, з Рыкісай дачкой Баляслава III Крывавустнага.

З 1151 году, калі яго брат Расьціслаў быў полацкім князем, Валадар валодаў Менскам, трымаў у турме Рагвалода-Васіля. 23 кастрычніка 1157 году выдаў замуж сваю дачку Сафію за караля Даніі Вальдэмара I. Відаць гэта было вынікам нейкага пагадненьня паміж Даніяй і Полацкай зямлёй.

У 1158 годзе быў мусіў вызваліць Рагвалода-Васіля, які хутка захапіў Друцак выгнаўшы адтуль пляменьніка Валадара — Глеба Расьціслававіча. Валадар разам з Расьціславам браў удзел у выправе на Друцак, але ня здолеўшы захапіць яго браты склалі мір з Рагалодам-Васілём. У тым жа 1158 годзе палачане выгналі Расьціслава з Полацку і ён вярнуўся ў Менск. Полацкім князем з 8 ліпеня 1158 году зноў стаў Рагвалод-Васіль, які ў хаўрусе з смаленскімі князямі выступіў супраць Глебавічаў. Забраўшы ў іх Заслаўе і перадаўшы яго сваім хаўрусьнікам Давыдавічам, пратрымаўшы ў безвыніковай 10-дзённай аблозе Менск заключыў з Расьціславам мір. Валадар жа не заключаў міру з Рагвалодам-Васілём, бо ў гэты час «ходяше под литвою в Лесех».

У 1159 годзе Глебавічы вярнулі сабе Заслаўе захапіўшы Давыдавічаў — Брачыслава і Валодшу, пасадзіўшы іх у менскую турму. У выніку гэтага ў 1160 годзе Рагвалод-Васіль наладзіў новую выправу на Менск — Давыдавічы былі вызваленыя і ім было вернутае Заслаўе.

У 1161 годзе Рагвалод-Васіль зь нейкіх прычынаў зноў ваяваў з Глебавічамі, але безвынікова. У гэтым жа годзе памёр Расьціслаў і Валадар стаў менскім князем. У 1162 годзе Рагвалод-Васіль зноў прыйшоў да Менску (у некаторых летапісах памылкова названы Гарадцом) супраць Валадара. Аблога Менску Рагвалодам-Васілём была безвыніковай, у час начной вылазкі Валадар у войску якога была шмат літвы нанёс палачанам цяжкую паразу — шмат іх было забіта, яшчэ болей трапіла ў палон. Рагвалод-Васіль уратаваўся ўцёкамі ў Слуцак, больш у Полацак не вярнуўся, а пайшоў княжыць у Друцку. Полацкую пасаду заняў Усяслаў Васількавіч.

У 1167 годзе Валадар з войскам, у якім была шмат літвы, выступіў супраць Усяслава Васількавіча, перамог яго ў бітве і заняў полацкую пасаду, заключыўшы з полацкім вечам умову і замацаваўшы яе цалаваньнем крыжа. Затым накіраваўся на Віцебск, куды ўцёк Усяслаў, але даведаўшыся, што на дапамогу віцяблянам ідзе смаленскі князь Раман, вярнуўся ў свае землі. Гэта паклала канец актыўнай дзейнасьці Валадара па ўзвышэньні Менску і аб’яднаньні Полацкай зямлі, але ён вёў інтрыгі — напрыклад у тым жа 1167 годзе разам зь Вячкам Сьвятаслававічам дапамог наўгародцам паслаць у Кіеў весткі аб нападзе смаленцаў і суздальцаў з палачанамі. Больш у крыніцах ня згадваецца.

Нашчадкі

рэдагаваць
Папярэднік
Усяслаў III
Полацкі князь
1167—1167
Наступнік
Усяслаў III
Папярэднік
Расьціслаў Глебавіч
Менскі князь
1151—1158; 1162 — па 1167
Наступнік
Уладзімер Валадаравіч
  1. ^ Förstemann E. W. Altdeutsches Namenbuch. Bd. 1: Personennamen. — Bonn, 1900. S. 780, 1506—1507.
  2. ^ Kremer D. Die Germanischen Personennamen in Katalonien // Estudis romànics. Nr. 14, 1972. S. 143.
  3. ^ Morlet M.-T. Les noms de personne sur le territoire de l’ancienne Gaule du VIe au XIIe siècle. T. I: Les noms issus du germanique continental et les créations gallo-germaniques. — Paris, 1971. P. 124.
  4. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
  5. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 133.

Літаратура

рэдагаваць