Пагост (тып паселішча)
Пагост — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на Русі. Упершыню адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленьне на Русі ўсталявала княгіня Вольга, падзяліўшы Наўгародзкую зямлю на пагосты, усталяваўшы для іх урокі, пагост тым самым асацыяваўся зь месцам прыпынку князя і яго лютвы падчас збору ўроку — пагосьцем (свайго роду гасьціны двор[1], ад словаў «пагасьцяваць», «гасьцяваць»).
У наступным пагостамі сталі зваць адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі, якія складаюцца зь некалькіх населеных пунктаў (аналяг сучасных сельскіх селішчаў, муніцыпальных утварэньняў раённага ўзроўню ў абласьцях), а таксама і населеныя пункты, што зьяўляюцца цэнтрамі такіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Тэрмін ужываўся на сучасных беларускіх землях да XVIII ст.
У пагосьце меліся абшчынныя могілкі, цэнтральнае капішча (пасьля прыняцьця хрысьціянства — царква), праводзіліся вечавыя сходы, мірскія суды, агульныя для абшчыны сьвяты і абрады і інш. Гэтаксама ў пагост паступала даніна з навакольных паселішчаў.
Зьнікненьне пагоста як гістарычнага тыпу паселішча можна прымяркоўваць да пэрыяду канчатковага запрыгоньваньня абшчынных земляў (XIII—XIV стст.). З гэтага часу пагост як тып паселішча трансфармуецца ў відавы тапонім, ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі назва пагост захоўваецца за могілкамі. У адрозьненьне ад Расеі, дзе пагост часам трансфармаваўся ў цэнтар воласьці, на тэрыторыі Беларусі ва ўмовах фэадальна-прыгоннай сыстэмы гаспадараньня на зьмену пагостам прыходзілі сёлы, як цэнтры вотчынных і памесных фэадальных уладаньняў. На месцы некаторых пагостаў узьніклі населеныя пункты.
Тыпы
рэдагаваць- Пагост-акруга — некалькі бессыстэмных маладворных населеных адзінак (дворышчаў).
- Пагост-цэнтар — кампактнае пасяленьне, якое мела радыяльна-кругавую пляноўку.
Ляндшафтава-плянавальная структура
рэдагавацьЦэнтар забудовы пагосту вызначаўся царкоўным дваром (цьвінтаром), побач зь якім знаходзіўся грамадзкі сьвіран (крама) і заезны дом. Радыяльна, па кірунках асноўных дарог фармаваліся вуліцы-канцы. Там, дзе дарогі не маглі быць вызначальнымі ў пляноўцы (пры даволі рэдкай сетцы камунікацыяў), двары ставіліся вакол цэнтру (царквы), утвараючы канцэнтрычную структуру забудовы.[2]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Гістарычны слоўнік Беларускай мовы / пад рэдакцыяй А. М. Булыкі. — Менск: Навука і тэхніка, 1986. — Т. 7. Гляденье-Девичество. — С. 113. — 303 с.
- ^ Беларусы: У 8 т. Т.2. Дойлідства/ А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. С. 18—19
Літаратура
рэдагаваць- Гістарычны слоўнік Беларускай мовы / пад рэдакцыяй А. М. Булыкі. — Менск: Беларуская навука, 2005. — Т. 25. Побунтованье—позначати. — С. 133. — 428 с. — ISBN 985-08-0676-1
- Беларусы: У 8 т. Т.2. Дойлідства/ А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. — 391 с.: іл. ISBN 985-6234-28-X
- Сабаленка, Э.Р., Гуркоў, У.С., Іваноў, У.М., Супрун, Дз.Д. Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973.