Жабінкаўскі цукровы завод

харчовае прадпрыемства Беларусі

Каардынаты: 52°11′14″ пн. ш. 23°58′25″ у. д. / 52.18722° пн. ш. 23.97361° у. д. / 52.18722; 23.97361

«Жабінкаўскі цукровы завод» («ЖЦЗ») — дзяржаўнае харчовае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў сьнежні 1963 году ў Жабінцы (Берасьцейская вобласьць).

«Жабінкаўскі цукровы завод»
Тып адкрытае акцыйнае таварыства
Заснаваная 23 сьнежня 1963 (60 гадоў таму)[1]
Заснавальнікі Урад Беларускай ССР
Уласьнікі «Белдзяржхарчпрам»
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Берасьцейская вобласьць
Адрас Жабінка, вул. Калініна, д. 1
Ключавыя фігуры Ігар Баўтрамяюк (генэральны дырэктар), Васіль Бабрук (галоўны інжынэр)[2]
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя белы цукар, жэлявальны цукар, патака
Абарачэньне 174,08 млн рублёў (2021 год; 68,317 млн $)
Апэрацыйны прыбытак 44,652 млн рублёў (2021 год; 17,523 млн $)
Чысты прыбытак 42,919 млн рублёў (2021 год; 16,843 млн $)
Лік супрацоўнікаў 662 (2022 год)
Матчына кампанія «Белдзяржхарчпрам»[3]
Даччыныя кампаніі ААТ «Сталічны праспэкт» (66 %)
Аўдытар ТАА «Грант Торнтан»[4]

На 2022 год вырабляў цукар, патаку і жамерыны[5]. Заводу належала 66 % паёў гуртовага ААТ «Сталічны праспэкт» у Жабінцы, а таксама 25 % ТАА «Беларуская цукровая кампанія» ў Расеі (Масква) для збыту за мяжой і 20 % ТАА «Белагралінія» ў Менску[4]. Завод прымаў на перапрацоўку цукровыя буракі ад 76 земляробчых прадпрыемстваў ва ўсіх 13 раёнах Берасьцейскай вобласьці, а таксама ў Астравецкім і Ашмянскім раёнах на поўначы Гарадзенскай вобласьці. Для выбракоўваньня і ўзважваньня сыравіны выкарыстоўвалі 7 буракапрыёмачных пунктаў з буртовымі палямі: у Жабінцы пры заводзе і 6 у іншых раёнах Берасьцейскай вобласьці — Баранавіцкі і Бярозаўскі, Высокаўскі і Дарагічынскі, Івацэвіцкі і Пінскі[6]. Для гуртовага продажу цукру ў Беларусі выкарыстоўвалі 4 склады ў Баранавічах і Берасьці, Воршы (Віцебская вобласьць) і Койданаве (Менская вобласьць)[7]. У складзе прадпрыемства дзейнічалі: сыравінная служба і галоўная бухгальтэрыя, сэктар кадраў і вытворчая лябараторыя, а таксама 2 аддзелы — 1) вонкаваэканамічнай дзейнасьці і маркетынгу, 2) забесьпячэньня[2]. Прадпрыемства было горадаўтваральным для Жабінкі[8].

Мінуўшчына

рэдагаваць

У 1959 годзе ўрад Беларускай ССР ухваліў абгрунтаваньне будаўніцтва цукровага заводу ў Жабінцы (Берасьцейская вобласьць). У кастрычніку 1960 году заключылі дамову на будаўніцтва заводу з Польскай Народнай Рэспублікай. У 1961 годзе падраднікам выступіў Берасьцейскі будаўнічы трэст № 8 Міністэрства будаўніцтва БССР, які стаў усталёўваць абсталяваньне і ўзводзіць жылы пасёлак. 23 сьнежня 1963 году «Жабінкаўскі цукровы завод» запусьцілі, а 26 сьнежня яго прыняў у дзеяньне ягоны кіраўнік Мікалай Сарачынскі. Праектная магутнасьць заводу склала 3000 тонаў цукровых буракоў за содні, што складала 30 % вытворчасьці цукру ў Беларусі. Завод налічваў 1163 супрацоўнікі, зь іх 63 інжынэры і 36 службоўцаў. У 1965 годзе пачалі перапрацоўваць трысьняговы цукар-сырэц. У траўні 1979 году выпусьцілі мільённую тону цукру[9]. 30 сьнежня 1995 году Берасьцейскі абласны камітэт па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю і прыватызацыі зацьвердзіў Загад № 139 аб пераўтварэньні прадпрыемства ў адкрытае акцыйнае таварыства. Яго заснавальнікам выступіла Міністэрства па кіраваньні дзяржаўнай маёмасьцю і прыватызацыі Беларусі[10]. У 1997-м узьвялі будынак цеплаэлектрацэнтралі (ЦЭЦ). Прадпрыемства мела найбольшую ў Беларусі вытворчасьць цукру з цукровых буракоў, а таксама завазнога цукру-сырцу з Бразыліі і Кубы. Асноўнымі вырабамі былі цукар-пясок, патака-мелес і бурачныя жамерыны[11].

 
Пакунак бураковага цукру вытворчасьці «Жабінкаўскага цукровага заводу» з надпісамі па-беларуску (2022 год)

У 2000 годзе магутнасьць заводу давялі да 4500 тонаў цукровых буракоў за содні. У 2005 годзе ўвялі ў дзеяньне 1-ю лінію расфасоўкі цукру-пяску ў папяровыя пакеты па кіляграме[10]. У 2006 годзе адчынілі гандлёвыя прадстаўніцтвы ў Кыргыстане і Расеі[9]. У чэрвені 2007 году пачалі выпускаць жэлявальны цукар «Клясык» ў кіляграмовых пакетах. У 2008 годзе магутнасьць заводу павялічылі да 7000 тонаў цукровых буракоў за содні. У 2009-м скончылі будаўніцтва жамерынасушыльнага аддзяленьня з грануляцыяй[10]. 27 верасьня 2010 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 1387, які дазволіў толькі «Жабінкаўскаму цукроваму заводу» і 3-м іншым цукраперапрацоўчым прадпрыемствам Беларусі[12]. У 2010 годзе ўзьвялі склад бястарнага захоўваньня цукру на 50 000 тонаў, а таксама стварылі таварны знак «Салодкая лінія» і 2 замежныя прадстаўніцтвы ў Грузіі і Ўкраіне. У 2011-м стварылі прадстаўніцтва ў Казахстане[9]. 3 чэрвеня 2013 году запусьцілі фабрыку фасаванага цукру па 900 грамаў і 2 кг[10]. У 2016 годзе вытворчасьць цукру вырасла са 140 174 да 188 415 тонаў, зь якіх 31 % (58 784 т) вырабілі з сырцу[6]. У 2016-м сталі выпускаць цукар у папяровай упакоўцы па 5 і 10 кг. У 2017 годзе магутнасьць заводу дасягнула 8500 тонаў цукровых буракоў за содні[10]. У выніку прыём цукровых буракоў падала з 158 042 да 118 085 тонаў праз скарачэньне вытворчасьці з сырца да 29 410 тонаў у 2017 годзе і далейшую адмову ад яго выкарыстаньня[13]. У 2018—2020 гадох прыём цукровых буракоў павялічылі з 1188 тыс. тонаў да 1320 тыс. тонаў[6].

На 2020 год «Жабінкаўскі цукровы завод» налічваў звыш 900 супрацоўнікаў, зь якіх 83 % складалі работнікі. Найвышэйшую асьвету мела 19 % працаўнікоў, пры гэтым 17 % былі адмыслоўцамі і кіраўнікамі. Працаўнікі ў веку ад 23-х да 49 гадоў складалі 52 %, а да 31-го году — 25 %. Сярэдні ўзрост працаўнікоў складаў 42 гады. Звыш 70 % працаўнікоў мелі звыш 5 гадоў стажу на сваіх пасадах. Асноўнымі заказчыкамі цукру ў Беларусі былі «Белбакалея» і Белкаапсаюз, «Савачкаў прадукт» і «Санта Брэмар», «Берасьцехлебпрам» і фабрыка «Спартак» (Гомель), сталічныя фабрыкі «Слодыч» і «Камунарка», Рагачоўскі (Гомельская вобласьць) і Глыбоцкі (Віцебская вобласьць) малочнакансэрвавыя камбінаты. За мяжу цукар пастаўлялі ў 7 краінаў Азіі — Грузію, Ізраіль, Казахстан, Кыргыстан, Таджыкістан, Туркмэністан і Ўзбэкістан, а таксама ў 5 краінаў Эўропы — суседнія Латвію, Польшчу, Расею і Ўкраіну, а таксама ў Грэцыю. Сярод іншага, выпускалі цукар, узбагачаны ёдам і сэленам, вітамінамі С і Е, фоліевай кісьляй, а таксама вапну[9]. У 2021 годзе сярод 174 млн рублёў (68,3 млн даляраў ЗША) выручкі 87 % (151,8 млн руб.) прыпала на цукар, 8 % (13,7 млн руб.) — на спадарожныя вырабы (патаку і жамярыны) і 3 % (4,8 млн руб.) — гандаль насеньнем. Збыт на 58 % (101,1 млн руб.) накіравалі на ўнутраны рынак Беларусі, 27 % (46,9 млн руб.) — у Расею, 9 % (15,6 млн руб.) — у краіны Сярэдняй Азіі і Каўказу, 6 % (10,3 млн руб.) — у іншыя краіны[4].

Кіраўнікі

рэдагаваць
  1. ^ Марына Карпішчук. 23 сьнежня 2013г. – 50 гадоў з пачатку дзейнасьці (1963) Жабінкаўскага цукровага заводу // Берасьцейская абласная бібліятэка, 13 траўня 2014 г. Праверана 2 верасьня 2022 г.
  2. ^ а б Кантакты // ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод», 2022 г. Праверана 2 верасьня 2022 г.
  3. ^ Графік прыёму грамадзянаў па асабістых пытаньнях // ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод», 2022 г. Праверана 2 верасьня 2022 г.
  4. ^ а б в І.І. Баўтрамяюк, А.В. Апекунова, Кірыл Кандраценка, Алена Сантэрская. Кансалідаваная фінансавая справаздачнасьць за 2021 год (рас.) // ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод», 16 чэрвеня 2022 г. Праверана 2 верасьня 2022 г.
  5. ^ Аб кампаніі // ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод», 2022 г. Праверана 2 верасьня 2022 г.
  6. ^ а б в Сыравінная база // ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод», 2022 г. Праверана 2 верасьня 2022 г.
  7. ^ Пункты продажу ў Беларусі // ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод», 2022 г. Праверана 2 верасьня 2022 г.
  8. ^ Жабінка // Партал «Ветліва», 2022 г. Праверана 2 верасьня 2022 г.
  9. ^ а б в г д ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод» // Жабінкаўская цэнтральная раённая бібліятэка, 2022 г. Праверана 2 верасьня 2022 г.
  10. ^ а б в г д Гісторыя // ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод», 2022 г. Праверана 2 верасьня 2022 г.
  11. ^ Жабінкаўскі цукровы завод // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — С. 410. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0
  12. ^ БелаПАН. Экспартаваць цукар з Беларусі змогуць толькі заводы // Агенцтва «Тэлеграф», 28 верасьня 2010 г. Праверана 2 верасьня 2022 г.
  13. ^ Эканамічныя і вытворчыя паказьнікі // ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод», 2022 г. Праверана 2 верасьня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць