Глуск

мястэчка ў Беларусі

Глуск — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Пцічы. Адміністрацыйны цэнтар Глускага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 7138 чалавек[1]. Знаходзіцца за 170 км на паўднёвы захад ад Магілёва, за 33 км ад чыгуначнай станцыі Ратміравічы (лінія Бабруйск — Рудабелка). Аўтамабільныя дарогі злучаюць мястэчка з Бабруйскам, Старымі Дарогамі, Рудабелкай, Любаньню.

Глуск
лац. Hłusk
У цэнтры мястэчка
У цэнтры мястэчка
Герб Глуску Сьцяг Глуску
Першыя згадкі: XV ст.
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Глускі
Вышыня: 144 м н. у. м.
Насельніцтва: 7138 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2230
Паштовы індэкс: 213879
СААТА: 7217551000
Нумарны знак: 6
Геаграфічныя каардынаты: 52°53′28″ пн. ш. 28°41′19″ у. д. / 52.89111° пн. ш. 28.68861° у. д. / 52.89111; 28.68861Каардынаты: 52°53′28″ пн. ш. 28°41′19″ у. д. / 52.89111° пн. ш. 28.68861° у. д. / 52.89111; 28.68861
Глуск на мапе Беларусі ±
Глуск
Глуск
Глуск
Глуск
Глуск
Глуск
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Глуск — мястэчка на гістарычнай Случчыне (частка Наваградчыны) каля мяжы з Панізоўем, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятой Ганны, помнік архітэктуры XVII ст., зруйнаваны супольнымі намаганьнямі расейскіх і савецкіх уладаў.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Глуск утварыўся ў выніку трансфармацыі словаў «глух», «глуш»[2].

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Назва «Глуск» у пісьмовых крыніцах пачынае сустракацца з другой паловы XV ст. Першым гаспадаром вотчыны з цэнтрам Стары Глуск (з XIX ст. — Гарадок) быў Юры Гальшанскі. Па яго сьмерці ўладаньні падзялілі паміж сабой спадкаемцы. Каля 1520 году Юры Гальшанскі-Дубровіцкі выдзяліў сваю частку ў асобнае ўладаньне з цэнтрам у Глуску Дубровіцкім, які ўпершыню ўпамінаецца ў 1522 годзе ў каралеўскім прывілеі на заснаваньне замка.

У 1525 годзе Глуск атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта Старога прывілей на правядзеньне кірмашоў. Па сьмерці Юрыя Гальшанскага-Дубровіцкага паселішчам валодалі спачатку ягоныя сыны Януш і Ўладзімер, потым Сямён, якія ўсе сышлі беспатомнымі. У 1558 годзе ўсю рухомую і нерухомую маёмасьць князёў Гальшанскіх-Дубровіцкіх падзялілі паміж дочкамі Юрыя — князёўнамі Гальшанскімі Настасьсяй Заслаўскай і Соф’яй Палубінскай. Гэты падзел замацаваны лістом Жыгімонта Аўгуста ад 23 траўня 1558 году. Па сьмерці Настасьсі ў 1561 годзе ейная доля перайшла ўнукам Янушу і Міхаілу Заслаўскім, якія праз 10 гадоў саступілі палову сваёй часткі цётцы Ганьне Чартарыйскай, дачцэ княгіні Настасьсі, якая ў 1581 годзе выкупіла ў пляменьнікаў і іх палову. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Глуск увайшоў у Наваградзкі павет (Слуцкае княства) Наваградзкага ваяводзтва. У 1568 годзе Ян Хадкевіч атрымаў тытул «графа на Шклове, Быхаве, Мышы і Глуску». На 1571 год у мястэчку было 124 дамы і 12 крамаў[3].

У канцы XVI ст. Глускам супольна валодалі Палубінскія, і Чартарыйскія. У 1626 годзе М. Ю. Чартарыйскі прадаў сваю частку Глуску К. А. Палубінскаму, які стаў адзіным яго ўладальнікам. На 1638 год у мястэчку было 7 вуліцаў і 332 пляцы. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у сакавіку 1655 году Глуск «агнём і мячом датла» разбурылі казакі[4], па вайне ўлады Вялікага Княства Літоўскага вызвалілі мястэчка ад падаткаў тэрмінам на 10 гадоў[3]. Па пажары замак, умацаваны гароднямі, у 1670-х гадох ператварылі ў замак зь землянымі валамі і пяцьцю бастыёнамі. У 1667 годзе князь Палубінскі заснаваў у мястэчку кляштар бэрнардынаў. У 1672—1677 гадох у Глуску жыў гравёр А. Тарасевіч, які меў тут сваю майтэрню. У 1673 годзе мястэчка атрымала паўторнае вызваленьне ад падаткаў яшчэ на 12 гадоў. Па сьмерці князя Палубінскага Глуску перайшоў да ягонай дачкі Ганны, жонцы Дамініка Мікалая Радзівіла. З гэтага часу і да канца XVIII ст. мястэчка знаходзілася ў валоданьні Радзівілаў, за якімі Глуская воласьць мела назву «графста». На 1727 год у Глуску было 36 крамаў, у сярэдзіне XVIII ст. — 320 двароў. Пабудовы разьмяшчаліся на 12 вуліцах, сярод якіх былі дарогі на Менск, Слуцак, Мазыр, Бабруйск. Кампазыцыйным цэнтрам зьяўляўся 12-кутны Рынак, дзе разьмяшчаліся драўляныя Ўваскрасенская і Траецкая цэрквы, 47 крамаў і 25 камораў, якія ўтваралі замкнёныя гандлёвыя рады. Існавала прадмесьце Карпілаў, разьмешчанае на скрыжаваньні 2 дарог. У 1775 годзе Глуск пацярпеў ад пажару. У 1791 годзе ён увайшоў у Случарэцкі павет Наваградзкага ваяводзтва.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Глуск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Бабруйскім павеце. На 1798 год тут было 143 двары, замак, 2 касьцёлы, 3 царквы, гаспадарскі двор, 48 крамаў, паштовая станцыя, працаваў медналіцейны завод. З 1800 году маёнтак знаходзіўся ў валоданьні графа Юдзіцкага, пазьней перайшоў да Бжастоўскіх.

У 1861 годзе ў Глуску было 430 двароў, мураваныя касьцёл і кляштар, 2 драўляныя цэрквы, 5 малітоўных дамоў. У 1885 годзе ў мястэчку працавалі 5 скураных заводаў і 82 крамы. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Глуску было 675 двароў; працавалі 2 расейскія народныя вучэльні, царкоўнапрыходзкая школа, лячэбніца, паштова-тэлеграфная кантора, 125 крамаў, 9 заезных дамоў, 3 медаварні; дзеялі 2 цэрквы, касьцёл, 5 сынагог. На 1907 год — 870 двароў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Глуск занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Глуск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР. З жніўня 1919 да 12 ліпеня 1920 году Глуск займалі польскія войскі. У 1921 годзе ў мястэчку пачалі працаваць аптэка і тэлеграф, у 1922 годзе — 7-гадовая школа, хата-чытальня і вэтэрынарны пункт, у 1923 годзе — лякарня. 17 ліпеня 1924 году Глуск стаў цэнтрам раёну (у 1962—1966 гадох уваходзіў у склад Бабруйскага раёну). З 1927 году пачала працаваць мэтэаралягічная станцыя, з 1929 году — народны дом. З прадпрыемстваў найбольш значнымі былі паравы і вадзяны млыны, электрастанцыя, стужкавая (269 работнікаў), абутковая (57 работнікаў) і кравецкая (70 работнікаў) арцелі. 17 верасьня 1938 году Глуск атрымаў афіцыйны статус гарадзкога пасёлку. У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 26 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 1944 годзе ў Глуску пачалі працаваць 2 электрастанцыі, 2 паравыя млыны, 2 лесапільні, ваўначоска і сукнавальня, аднавілі працу гарбарны завод, лякарня, амбуляторыя, аптэка. У 1956 годзе адбыўся ўвод у эксплюатацыю плодаагародніннага, у 1971 годзе — масласырзавода, у 1975 годзе — мэблевай фабрыкі.

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XVIII стагодзьдзе: 1727 год — 673 чал.[5]; 1798 год — 1336 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1861 год — 3278 чал.; 1864 год — каля 3 тыс. чал.[6]; 1882 год — каля 5 тыс. чал.[7];1897 год — 4778 чал.[8]
  • XX стагодзьдзе: 1911 год — 6680 чал.; 1924 год — 4600 чал.; 1939 год — 5125 чал.; 1970 год — 5 тыс. чал.[9]; 1977 год — 6,4 тыс. чал.; 1995 год — 8,6 тыс. чал.[10]
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 7,8 тыс. чал.[11]; 2008 год — 7,6 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 год — 7,5 тыс. чал.; 2016 год — 7233 чал.[12]; 2017 год — 7152 чал.[13]; 2018 год — 7138 чал.[1]

Адукацыя

рэдагаваць

У Глуску працуюць 3 сярэднія, санаторная школа-інтэрнат, школа мастацтваў.

Мэдыцына

рэдагаваць

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе местачковая лякарня.

Культура

рэдагаваць

Дзеюць дом культуры, 2 бібліятэкі.

Мас-мэдыя

рэдагаваць

У мястэчку выдаецца раённая газэта «Радзіма».

Забудова

рэдагаваць

Па апошняй вайне ў Глуску галоўным чынам будаваліся драўляныя хаты сядзібнага тыпу. Пазьней, паводле генэральнага пляну сфармаваліся паўночная жылая і паўднёвая прамысловая зоны, дзе ў наш час працуюць 8 прадпрыемстваў.

Вуліцы і пляцы

рэдагаваць
Афіцыйная назва Гістарычная назва
Горкага вуліца Касарыцкая вуліца
Камсамольская вуліца Царкоўная вуліца
Карла Маркса вуліца Пагулянка вуліца
Кастрычніцкая вуліца Поблінская вуліца
Кірава вуліца Менская вуліца
Луначарскага вуліца Хваставіцкая вуліца
Савецкая вуліца Шашэйная вуліца
Слабадзкая вуліца[a]
Сацыялістычная вуліца Слуцкая вуліца

Таксама ў Глуску існавалі Бабруйская вуліца і пляц Рынак.

Эканоміка

рэдагаваць

Прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай прамысловасьці.

  • Глуская філія ААТ «Асіповіцкі малочны камбінат»
  • ЗАТ «Глускдрэў»
  • ПУП «Глускі камбінат каапэратыўнай прамысловасьці»

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць

Інфраструктура

рэдагаваць

Спыніцца можна ў гатэлі «Глуск»[14].

Славутасьці

рэдагаваць
  • Забудова гістарычная (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
  • Замчышча (XVI—XVII стагодзьдзі)
  • Могілкі юдэйскія

Страчаная спадчына

рэдагаваць
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 72.
  3. ^ а б Грыцкевіч Ю. Глуск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 537.
  4. ^ Грыцкевіч А. Глуск // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 48.
  5. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 409.
  6. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 303.
  7. ^ Jelski A. Hłusk // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 78—79.
  8. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 410.
  9. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  10. ^ Грыцкевіч А. Глуск // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 49.
  11. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 408.
  12. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  13. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  14. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя

рэдагаваць