Палеская чыгунка
Пале́ская чыгу́нка — дзяржаўная сетка чыгунак, пабудаваных у 1882—1907 роках. Праходзіла па тэрыторыі Віленскай, Гарадзенскай, Віцебскай, Менскай, Валынскай, Магілёўскай, Чарнігаўскай, Арлоўскай губэрніяў. Дарога знаходзілася ў вядзеньні МШЗ (управа ў Вільні).
Мінуўшчына
рэдагавацьДа зьяўленьня першай чыгуначнай лініі на тэрыторыі Беларусі група буйных палескіх землеўласьнікаў, сярод якіх былі князі Эдвін Друцкі-Любецкі, Уладзіслаў і Раман Сангушкі, Пётар Вітгенштайн, графы Іван Тышкевіч, Аўгуст Замойскі, Стэфан і Канстантын Патоцкія, хадайнічалі аб пракладцы чыгункі ад Беластоку цераз Пружану ў Пінск і далей на Валынь. Аднак у сувязі з падзеямі паўстаньня 1863—1864 рокаў ужо прынятае рашэньне было перагледжанае і прызнанае неадпаведным мэтам ураду, які мкнуўся зьвязваць заходнія губэрні не з Царствам Польскім, а з цэнтрам імпэрыі[1].
З пачатку 1880-х царскі ўрад актыўна заняўся нацыяналізацыяй прыватных чыгунак і пабудовай новых дарог. У 1891—1896 былі выкупленыя Лібава-Роменская, Пецярбурска-Варшаўская, Дзьвінска-Віцебская, Арлоўска-Віцебская, Паўднёва-Заходняя і Маскоўска-Берасьцейская чыгункі.
У 1881 року было падпісанае найвышэйшае павяленьне пра будаўніцтва 136-вёрставай галіны Жабінка — Пінск, дзе ўпершыню ў будаўніцтве чыгунак былі выкарыстаныя чыгуначныя войскі. Дарога была пабудаваная за адно лета. Гэтаму спрыялі раўнінная мясцовасьць і амаль поўная адсутнасьць штучных пабудоў. 9 лістапада 1882 на галіне быў распачаты пасажырскі і таварны рух. Лінія мела 74 масты, абслугоўвалася 8 паравозамі і 272 вагонамі.
24 студзеня 1883 ваенны міністар ізноў абвясьціў пра неабходнасьць будаўніцтва стратэгічных чыгунак праз Палесьсе. Гэтым разам сябры Асобае нарады загадалі міністру шляхоў зносін прыняць усе меры дзеля своечасовага, не пазьней чым трохгадовага тэрміну сканчэньня пабудовы Палескай чыгункі. У красавіку пачалося будаўніцтва ўчастку Вільня — Лунінец і Лунінец — Пінск даўжынёй 353 вярсты, адчыненага 30 сьнежня 1884, а таксама ўчастку Лунінец — Роўна даўжынёю 182 вярсты, адчыненага 2 жніўня 1885 року. У 1886 былі ўведзеныя ў эксплюатацыю ўчасткі Лунінец — Гомель ды Баранавічы — Беласток.
У 1886 Вільня-Ровенская і Пінская чыгункі перайменаваныя ў Палескія чыгункі. Пасьля адкрыцьця 8 жніўня 1887 року галіны Гомель — Бранск агульная іх даўжыня склала 1408 вёрстаў.
У траўні 1918 перададзеная НКШЗ. Некаторыя лініі адышлі да Польшчы. Па стане на пачатак 1991 року большасьць ліній уваходзіла ў склад Беларускай і Прыбалтыйскай чыгунак.
Значэньне
рэдагавацьПалеская чыгунка злучала паўднёвы захад Расеі з прыбалтыйскім, паўночна-заходнім, цэнтральна-прамысловым раёнамі. Мела вайскова-стратэгічнае значэньне, спрыяла распрацоўцы лясных масіваў Палесься, разьвіцьцю дрэваапрацоўчай і гарбарнай прамысловасьці, росту гарадоў (Вільні, Слуцку, Беластоку, Берасьця, Гомеля, Бранску). Адыгрывала істотную ролю ў экспарце лесу і яго вывазе на ўнутраны рынак.
Асноўныя лініі
рэдагаваць- Жабінка — Пінск (1882 год)
- Вільня — Лунінец — Пінск (1884)
- Лунінец — Роўна (1885)
- Лунінец — Гомель
- Беласток — Баранавічы (1886)
- Гомель — Бранск (1887)
- Берасьце — Жабінка — Бранск (1887)
- Масты — Гародня (1907)
Працягласьць (паводле стану на 1913 год) — 1904 вярсты (у тым ліку 1039 вёрст — дзьвюхкалейнага шляху).
Рухомы склад
рэдагавацьУ 1885 року на Палескай чыгунцы налічвалася: 68 паравозаў, 200 пасажырскіх вагонаў і 1511 грузавых вагонаў. У 1905 — 410 пасажырскіх вагонаў і 7927 грузавых[2].
Інфраструктура
рэдагавацьНа Палескай чыгунцы былі пабудаваныя чыгуначныя майстэрні (у Пінску, Вільні, Гомелі). На дарозе ўзьведзеныя 412 драўляных і 235 мэталічных мастоў, 6 пуцепровадаў і іншыя штучныя пабудовы. Адчынены шпаланасычальны завод, 72 пакгаўзы. Дзейнічалі 17 вучэльняў і школ (на ст. Баранавічы, Берасьце, Пінск, Лунінец), курсы па падрыхтоўцы службоўцаў па камэрцыйным і тэхнічным руху.
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ Андрей Киштымов, Валентина Яновская. По семи губерниям // Транспортный вестник. — 10 траўня 2012.
- ^ Полесские железные дороги (рас.) История строительства железных дорог в Беларуси. Беларуская чыгунка (12 студзеня 2010). Праверана 6 ліпеня 2012 г.
Літаратура
рэдагаваць- Полесские железные дороги // Железнодорожный транспорт: Энциклопедия / Гл. ред. Н. С. Конарев. — М.: Большая Российская энциклопедия, 1994. — С. 315. — ISBN 5-85270-115-7
- Полесские железные дороги // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Гісторыя будаўніцтва Палескай чыгункі(недаступная спасылка) (рас.)
- Строительство первых дорог (рас.)
- Полесские железные дороги (рас.)