Беларускі мэталюргічны завод (БМЗ) — мэталаапрацоўчае прадпрыемства Жлобіну, заснаванае ў 1984 годзе. Яго будаўніцтва пачалі ў 1982 годзе. У 1984 г. пусьцілі 1-ую чаргу (электрасталеплавільны і гатункапракатны цэхі). У 1987 г. — 2-ую чаргу (комплекс мэталакорду), у 1991 г. — 3-юю чаргу. Працуе на мэталаломе. У 1994 г. вырабляў мэталакорд для шынаў і пасаў (17,2 тыс. т), сталёвы дрот (9,9 тыс. т), гарачакатаную сталь (711 тыс. т) і сталёвую катанку, сталёвы пракат (656 тыс. т), сталёвы вугалок, швэлер і ўшчыльнікавыя мэталічныя накрыўкі. На 1996 г. дзейнічалі 15 цэхаў. Ажыцьцяўлялася супраца зь нямецкімі вытворцамі ліставой сталі «Круп» (Эсэн, Дусэльдорфская акруга, зямля Паўночны Райн — Вэстфалія) і «Хет»[3]. У 2008 годзе завод выпусьціў 45 тыс. тонаў (35%) дроту са 130 тыс. тонаў сусьветнай вытворчасьці. За 2010 год на заводзе вырабілі 2530 тыс. т сталі, звыш 2 млн т пракату, 100 тыс. т трубаў і 94 тыс. т мэталакорду[4]. На 2011 г. завод меў 8 замежных гандлёвых прадстаўніцтваў у 6 краінах сьвету: у Аўстрыі (Лінц, зямля Верхняя Аўстрыя), ЗША (Маямі, штат Флорыда), Кітаі (Шанхай), Летуве (Шаўлі), Нямеччыне (Бэрлін) і Расеі (Масква і Санкт-Пецярбург). У 2013 г. звыш 80% вырабаў паставілі за мяжу[5]. Збыт у Расею дасягнуў каля $1 млрд, што склала прыблізна 15% валютнай выручкі Беларусі[6].
Беларускі мэталюргічны завод Тып | Адкрытае акцыянэрнае таварыства
|
---|
Дэвіз | Надзейнае зьвяно ў Вашым бізнэсе
|
---|
Заснаваная | 15 кастрычніка 1984 (38 гадоў таму)
|
---|
Краіна |
|
---|
Разьмяшчэньне | Жлобін, Гомельская вобласьць, Беларусь
|
---|
Ключавыя фігуры | Анатоль Савянок, Сяргей Баршчоў
|
---|
Галіна | Мэталюргія
|
---|
Прадукцыя | Сталь, чыгун, фэрасплаў
|
---|
Абарачэньне | 13 140 млрд рублёў[1] (2013; $1465 млн)[2]
|
---|
Апэрацыйны прыбытак | -86,9 млрд руб ($-9,68 млн)
|
---|
Чысты прыбытак | -86,6 млрд руб ($-9,65 млн)
|
---|
Лік супрацоўнікаў | 11 302 (2013)
|
---|
Матчына кампанія | Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь
|
---|
Даччыныя кампаніі | Кобрынскі інструмэнтальны завод, Магілёўскі мэталюргічны завод, Менскі падшыпнікавы завод, Рэчыцкі метызны завод, «Белколермэт», Завод «Легмаш» (Віцебск), «Палесьсеэлектрамаш» (Лунінец)
|
---|
|