Гомсельмаш
Каардынаты: 57°27′21″ пн. ш. 30°58′33″ у. д. / 57.45583° пн. ш. 30.97583° у. д.
«Гомсельмаш» — дзяржаўнае машынабудаўнічае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў кастрычніку 1930 году ў Гомлі.
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Лістынг на біржы | БВФБ: Гомсельмаш |
Заснаваная | 15 кастрычніка 1930 (94 гады таму) |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Гомель |
Адрас | Чыгуначны раён, Шашэйная вул., д. 41[1] |
Ключавыя фігуры | Аляксандар Новікаў, Віктар Пінчук |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | апрысквальнік, жняярка, камбайн, касілка, культыватар, падборшчык, прычэп, сеялка, стаматалягічная ўстаноўка |
Абарачэньне | ▲494,169 млн руб (2019 г.; 236,286 млн $ ЗША)[2] |
Апэрацыйны прыбытак | ▼91,831 млн руб (2019 г.; 43,909 млн $ ЗША) |
Чысты прыбытак | ▲0,56 млн руб (2019 г.; 0,268 млн $ ЗША) |
Лік супрацоўнікаў | 8010 (2020 год)[3] |
Матчына кампанія | Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь[4] |
Даччыныя кампаніі | «Гомельскі завод ліцьця і нармаляў», «Лідагропраммаш» |
Аўдытар | ТАА «ФБК-Бел» (Менск) |
На 2023 год быў адным з найбольшых у сьвеце вытворцаў уборачных камбайнаў, у тым ліку ўваходзіў у 5-ку найбольшых у сьвеце вытворцаў збожжаўборачных камбайнаў[5]. Выпускаў уборачныя камбайны для бульбы і збожжа, кармоў і кукурузы, а таксама касілкі пад таварным знакам «Палесьсе». Агулам вырабляў 16 відаў сельскагаспадарчых машынаў 75 узораў і 70 відаў прыстасаваньняў для жніва. Большасьць камбайнаў пастаўлялі ў 14 краінаў: 3 у Азіі — Казахстан, Кітай і Паўднёвую Карэю; 2 у Паўднёвай Амэрыцы — Аргентыну і Бразылію; 9 у Эўропе — Латвію, Летуву, Расею і Ўкраіну, а таксама ў Баўгарыю, Румынію, Славаччыну, Чэхію і Эстонію. У склад холдынгу «Гомсельмаш» уваходзілі 2 даччыныя прадпрыемствы: «Гомельскі завод ліцьця і нармаляў» і «Юбілейны-Агра» (Буда-Кашалёўскі раён)[6].
Вырабы
рэдагавацьНа 2023 год «Гомсельмаш» вырабляў пад беларускамоўным таварным знакам «Палесьсе»:
- 6 узораў збожжаўборачных камбайнаў магутнасьцю ад 230 да 520 конскіх сілаў (к.с.) з бункерам ад 5,5 да 10,5 кубамэтраў і плошчай ачысткі ад 3,86 да 5,8 кв.м, у тым ліку 3 гібрыдныя — «GS2124», «GH800» і «GS3219» з найбольшай магутнасьцю і зьмяшчальнасьцю[7];
- 2 узоры кормаўборачных камбайнаў з рухавіком ад 290 да 450 к.с., даўжынёй рэзкі ад 5 да 48 мілімэтраў і шырынёй барабана ад 41 да 78 см[8];
- 3 узоры бульбаўборачных камбайнаў «РТ2», «РТ25» «РТ260-2» для міжрадкоўя па 70—90 см[9];
- 2 узоры пачаткаўборачных камбайнаў для кукурузы — «ES4» і «ES6» магутнасьцю па 155 і 230 к.с. з шырынёй захопу па 2,8 і 4,2 мэтры[10];
- 8 узораў кормаўборачных навесаў і прычэпаў, у тым ліку 6 узораў касілак[11];
- 6 узораў глебаапрацоўчай тэхнікі з шырынёй захопу ад 2,8 да 6 мэтраў[12];
- 3 узоры сеялак з шырынёй захопу ад 2,4 да 12 мэтраў, у тым ліку для ўгнаеньня[13];
- 2 узоры самаходных касілак — «CS100» і «CS200» магутнасьцю па 100 і 200 к.с. з шырынёй захопу па 5 і 9,2 мэтраў[14];
- 2 узоры апрысквальнікаў — самаходны «АВС-4224» і прычапны «АПШ-3000-24» з шырынёй захопу па 24 мэтры[15];
- 2 узоры прычэпаў, сярод якіх бункер-загрузчык на 11,4 м³ і самазвальны «2ПТС-14» на 9,8 м³[16];
- бавоўнаўборачныя машыны ХМП-1,8 з шырынёй захопу 1,8 мэтру[17];
- 12 узораў жняярак ад 4 да 12 мэтраў, у тым ліку для збожжа, кукурузы, рапса, соі і траваў[18];
- 3 узоры падборшчыкаў шырынёй ад 2,7 да 3,88 мэтры, у тым ліку 2 для траваў[19];
- стаматалягічныя комплесы «Белдэнт»[20].
Гарантыя на вырабы складала 2 гады ад «Гомсельмашу» і яшчэ год ад дылера[21].
Збытавая сетка
рэдагавацьНа 2020 год «Гомсельмаш» меў 94 замежныя прадстаўніцтвы ў 41 краіне:
- 14 у 12 краінах Азіі — ААЭ (Дубай), Армэнія (Ерэван), Грузія (Балнісі), Індыя (Новы Дэлі), Казахстан (Кастанай), Кітай (Харбін і Чунцын), Кыргыстан (Бішкек), Манголія (Улан-Батар), Пакістан (Ісламабад і Карачы), Таджыкістан (Гісар), Турэччына (Бандырма) і Ўзбэкістан (Ташкент);
- 1 у адной краіне Акіяніі — Аўстралія (Госнэлс, штат Заходняя Аўстралія);
- 8 у 8 краінах Афрыкі — Ангола (Луанда), Зымбабвэ (Харарэ), Нігерыя (Кано), Паўднёвая Афрыка (Пітэрмарыцбург, правінцыя Квазулу-Натал), Судан (Хартум), Танзанія (Дар-эс-Салам), Эгіпет (Хургада, Чырванаморская вобласьць) і Этыёпія (Адыс-Абэба);
- 2 у 2 краінах Паўднёвай Амэрыкі — Аргентына (Сан-Францыска, правінцыя Кордава) і Бразылія (Веранопаліс, штат Рыў-Гранды-ду-Сул);
- 69 у 18 краінах Эўропы — Латвія (Добэле), Летува (Радзівілішкі, Шавельскі павет), Польшча (Саколка, Падляскае ваяводзтва і Прыбараў), Расея (47; Абакан, Арол, Барнавул, Бранск і Тростань у Бранскай вобласьці, Валгаград, Варонеж, Волагда, Вусьць-Лабінск і Канеўская станцыя ў Краснадарскім краі, Вялікі Істок у Сьвярдлоўскай вобласьці, Гагарына ў Цюменскай вобласьці, Ёшкар-Ала, Іванава, Іжэўск, Іркуцк, Качанёва ў Новасыбірскай вобласьці, Канск у Краснаярскім краі, Казань, Бярозаўка і Кіндэры ў Татарстане, Кіраў, Курган, Курск, Ліпецк, Ніжні Ноўгарад, Новы Аскол у Белгародзкай вобласьці, Пенза, Перм, Растоў-на-Доне, Азоў і Канстанцінаўск у Растоўскай вобласьці, Самара і Тальяці ў Самарскай вобласьці, Санкт-Пецярбург, Саранск, Саратаў, Старажылава ў Разанскай вобласьці, Тамбоў, Томск, Уладзівасток, Уладзімераўка ў Амурскай вобласьці), Ульянаўск, Уфа, Чалябінск, Чыгуначны пасёлак у Маскоўскай вобласьці, Чэбаксары і Южна-Сахалінск) і Ўкраіна (Канстанцінаўка Новаадэскага раёну, Кіеў і Мікалаеў), а таксама Аўстрыя (Тульн-ан-дэр-Донаў, зямля Ніжняя Аўстрыя), Баўгарыя (Плевэн), Бэльгія (Брусэль), Вугоршчына (Будапэшт), Гішпанія (Жырона, аўт.суп. Каталёнія), Малдова (Кішынёў), Нямеччына (Ляйпцыг, зямля Саксонія), Славаччына (Пэзінак, Браціслаўскі край), Славенія (Любляна), Сэрбія (Нові Сад, аўт.край Ваяводзіна), Францыя (Сандувіль, дэп. Прыморская Сэна і Тыль-Шатэль, дэп. Кот-д’Ор), Чэхія (Прага і Сьмідары, Кралаваградэцкі край) і Эстонія (Тарту)[22].
Фінансаваньне збыту празь лізінг і пазыку ажыцьцяўлялі ў: 7 краінах Азіі — Азэрбайджане, Армэніі, Казахстане, Кыргыстане, Таджыкістане, Туркмэністане і Ўзбэкістане; і ў 31 краіне Эўропы: суседніх Латвіі, Летуве, Польшчы, Расеі і Ўкраіне, а таксама ў Малдове і Сэрбіі, як і ў астатніх 24-х краінах Эўразьвязу[23]. Лізінг забясьпечвалі беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы «ААБ Лізінг» ад «Беларусбанка» і «Прамагралізінг», а таксама мясцовыя наймадаўцы ў адпаведных краінах. Пазыкі пад набыцьцё вырабаў «Гомсельмашу» выдаваў Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь і мясцовыя банкі ў краінах збыту[24]. У Беларусі дадатковыя камэрцыйныя пазыкі забясьпечвалі 2 дзяржаўныя банкі — «Белаграпрамбанк» і сам «Беларусбанк»[25].
Распрацоўка і абсталяваньне
рэдагавацьНа 2020 году «Гомсельмаш» меў уласны «Навукова-тэхнічны цэнтар камбайнабудаваньня» («НТЦК»), які месьціўся ў Гомлі па вуліцы Яфрэмава, д. 61. «НТЦК» існаваў з 1947 году, калі быў заснаваны ў якасьці Спэцыялізаванага канструктарскага бюро (СКБ) для распрацоўкі машынаў і мэханізмаў для жывёлагадоўлі і кормавытворчасьці. У сваёй лябараторыі «НТЦК» ажыцьцяўляў: 1) разьліковыя дасьледаваньні і віртуальныя выпрабаваньні, 2) праектаваньне і распрацоўку канструктарскай дакумэнтацыі, 3) распрацоўку тэхналягічнай дакумэнтацыі і выраб досьледнага ўзору, 4) стэндавыя выпрабаваньні досьледнага ўзору і давядзеньне вырабу, 5) пастаноўку выраба на вытворчасьць і яго сэрыйнае суправаджэньне[26]. На 2017 год былыя супрацоўнікі «НТЦК» выкладалі ў 2-х ВНУ Гомлю — Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце транспарту (БДУТ) і Гомельскім дзяржаўным тэхнічным ўнівэрсытэце (ГДТУ), дзе была спэцыяльнасьць «праектаваньне сельскагаспадарчых машынаў». Адмыслоўцы «НТЦК» удзельнічалі ў дзяржаўных камісіях па абароне дыплёмаў. У «НТЦК» праходзіў пераддыплёмную практыку ўвесь выпуск спэцыялізаванай катэдры ВНУ (26 студэнтаў). Большасьць прыманых на працу таксама складалі маладыя адмыслоўцы: у 2015-м — 16 з 28, у 2016 — 20 з 30, у 2017 — 17 з 21. На працоўных месцах канструктараў выкарыстоўвалі амэрыканскую сыстэму распрацоўкі вырабаў «Ўіндчыл», што дазваляла выпрабоўваць тэхніку ў лябараторыі. Сярод іншага «НТЦК» распрацоўваў і вырабляў стаматалягічны комплекс «Белдэнт-3», за што яго супрацоўнікаў узнагародзілі Дзяржаўнай прэміяй Беларусі[27]. На ліпень 2020 году «НТЦК» налічваў каля 600 адмыслоўцаў, зь іх 60 працавалі выпрабавальнікамі камбайнаў[28].
Прадпрыемства мела ў сваім складзе 10 вытворчасьцяў: афарбовачную, загатовачную, зборачную, зварачную, інструмэнтальную, ліцейную, мэталавырабную, мэханаапрацоўчую, прэсавую і тэрмічную[29]. У ліцейнай вытворчасьці выкарыстоўвалі індукцыйныя печы для выплаўкі чыгуна зь лічбавым праграмным кіраваньнем (ЛПК) загрузкай і плаўкай, аўтаматычныя фармовачныя лініі і сумесепрыгатавальнае абсталяваньне. Таксама працавала сталеліцейнае аддзяленьне. Прэсава-загатовачная вытворчасьць аснашчалася лазэрнымі мэталарэзамі з ЛПК, аўтаматызаванымі сыстэмамі перавозкі для падачы лістоў мэталу на раскрой, лазэрнымі прыладамі аўтаматызаванага раскрою ліставога матэрыялу, трубаў і профіляў безь цеплавой дэфармацыі мэталу. У халодна-ліставой штампоўцы таксама выкарыстоўвалі лазэры. Лістазгінальныя прэсы з ЛПК захоўвалі ў памяці да 50 000 відаў згінаў. Таксама выкарыстоўвалі прэсы для згінаньня спосабам 3-х кропак і прэсы для тоўстага ліста. У тэрмічнай вытворчасьці карысталіся аўтаматычнымі лініямі хіміка-тэрмічнай апрацоўкі дэталяў, якія ажыцьцяўлялі навугляроджваньне, нітрацэмэнтаваньне, закалку, сьветлае адпальваньне, нізкі і высокі водпуск. Таксама ўкаранілі абсталяваньне для плаўкі валаў пасьля тэрмаапрацоўкі. Устаноўкі іённа-плязьменнага азатаваньня прымянялі для павышэньня зносастойкасьці паверхні дэталяў. Пры гэтым нагрэў да 350-6000 градусаў дазваляў вырабляць дэталі безь лінейных і дыямэтральных скажэньняў да тэрмаапрацоўкі. Кавальская вытворчасьць складалася зь 7 лініяў раскрою профільнага і круглага пракату, у складзе якіх былі стужкава-адразныя станкі з прываднымі рольгантамі. Таксама перад каваньнем на молатах і штампоўкай выкарыстоўвалі 4 індукцыйныя награвальнікі. Зварачную вытворчасьць ажыцьцяўлялі паўзварачнымі інвэртарнымі аўтаматамі. Робат ажыцьцяўляў зварку здрабляльных барабанаў кормаўборачных камбайнаў шоўнымі злучэньнямі[5].
У мэханаапрацоўчай вытворчасьці працавалі мэталарэзы з ЛПК, у тым ліку станкі для апрацоўкі валаў і шківаў. Такарнымі станкамі з прывадным інструмэнтам і котршпіндзялямі апрацоўвалі валы і целы кручэньня. Кіраваныя люнэты і сыстэмы сачэньня дазвалялі апрацоўваць гэтыя дэталі за адну ўстаноўку. За дакладнасьцю вырабу наглядалі каардынатна-вымяральныя машыны. Мэханічныя перадачы вырабляліся цэнтрамі з хуткаснамі прыладамі, што апрацоўвалі дэталі бартавых рэдуктараў, і станкамі для шасьцерняў. На такарных прутковых станках выраблялі дэталі гідраўлікі. У гарызантальных апрацоўчых цэнтрах апрацоўвалі балкі мастоў вядучых колаў. На афарбовачнай вытворчасьці працавалі лініі з кампутарным кіраваньнем і наглядам. Грунт на афарбоўваныя дэталі наносілі спосабам катафарэзу для злучэньня з мэталам на малекулярным узроўні. Робат наносіў парашковую фарбу без рашчынальніка. У зборачнай вытворчасьці выкарыстоўвалі адрасную падачу вузлоў на галоўны канвэер з цэхаў пры дапамозе падвясных канвэераў. Пры гэтым вялася карт-зборка кожнай машыны[5].
Мінуўшчына
рэдагавацьХХ стагодзьдзе
рэдагавацьУ сакавіку 1928 году ў Гомель (Беларуская ССР) прыехалі будаўнікі для ўзьвядзеньня Гомельскага заводу сельскагаспадарчага машынабудаваньня. Пры канцы ліпеня 1928 году першы камень заклалі ў падмурак ліцейнага цэха. 15 кастрычніка 1930 году ўзьвядзеньне ліцейнага цэха скончылі, што дазволіла стварыць вытворчасьць сіласарэзак, бульбасартавальнікаў і льномалатарняў[30]. У 1932 годзе сталі выпускаць кормапрыгатавальную машыну «Унівэрсалку»[31]. У 1940 годзе «Гомсельмаш» выпускаў 26 відаў тэхнікі, частку якой прадавалі за мяжу[32]. 23 чэрвеня 1941 году пасьля пачатку Нямецка-савецкай вайны «Гомсельмаш» перавялі на вытворчасьць мінаў. У жніўні 1941 году завод разам са станкамі вывезьлі на Ўрал[33]. 3 ліпеня 1945 году «Гомсельмаш» аднавіў працу ў Гомлі пасьля вяртаньня вытворчасьці з Уралу, дзе ў Нямецка-савецкую вайну выраблялі міны[34]. У 1947 годзе на заводзе «Гомсельмаш» стварылі Спэцыялізаванае канструктарскае бюро (СКБ) для распрацоўкі абсталяваньня для мэханізацыі ў жывёлагадоўлі і расьлінаводзтве. У 1957 годзе СКБ «Гомсельмаша» распрацавала сіласаўборачны камбайн СК-2,6. У 1977 годзе стварылі першы ў СССР самаходны кормаўборачны камбайн КСК-100[27]. Папярэдне ў 1976 годзе на заводзе стварылі навучальны цэнтар, дзе за 40 гадоў падрыхтавалі звыш 200 000 чалавек па такіх 7 прафэсіях, як газарэзчык, зваршчык, каваль, кранаўшчык, ліфцёр, сьлесар і стропальшчык[35]. У 1978 годзе на аснове завода «Гомсельмаш» стварылі вытворчае аб'яднаньне[36]. Па выніках 1984 году «Гомсельмаш» заняў 1-е ў сьвеце месца паводле вытворчасьці кормаўборачных камбайнаў[31].
У 1987 годзе стварылі ўнівэрсальны энэргетычны сродак (УЭС) «Палесьсе-250» для ўборкі цукровых буракоў і кармоў. Пазьней распрацавалі малагабарытны энэргасродак «Палесьсе-30», што ўлучаў 20 будаўнічых і дарожна-камунальных машынаў. У 1996 годзе СКБ «Гомсельмаша» распрацавала першы беларускі збожжаўборачны камбайн «Палесьсе-Ротар», за што яго супрацоўнікі атрымалі Дзяржаўную прэмію Беларусі. У 1999 годзе асвоілі вытворчасьць самаходных камбайнаў для ўборкі льну і кармоў, а таксама прычапных бульбаўборачных камбайнаў і касілак[27].
ХХІ стагодзьдзе
рэдагавацьУ 2005 годзе стварылі ўборачныя камбайны для збожжа і кармоў з магутнасьцю рухавіка 450—600 к.с., што перанакіравала збыт за мяжу[27]. У 2007 годзе ў расейскім Новасыбірску стварылі Гандлёвы дом «Гомсельмаш-Сыбір», празь які да 2014 году паставілі 2800 камбайнаў ад Цюмені да Чыты[37]. У 2008 годзе ў казаскім Кастанаі стварылі зборачную вытворчасьць, дзе да 2017 году сабралі звыш 3000 камбайнаў для мясцовага рынку[38]. У 2009 годзе «Гомсельмаш» адчыніў сумесную вытворчасьць у кітайскім Харбіне[39]. У 2011 годзе на беларуска-кітайскім сумесным прадпрыемстве «Харбін Дондзін-Гомсельмаш» у правінцыі Хэйлунцзян сабралі 300 кукурузаўборачных камбайнаў КПС-4. На 2012 год «Гомсельмаш» выпускаў уборачныя камбайны для бульбы і буракоў, збожжа і кармоў, касілкі-здрабняльніцы і касілкі-плюшчылкі. За студзень-жнівень 2012 году экспарт вырабаў вырас да 262 млн $[36].
9 красавіка 2013 году «Гомсельмаш» заключыў дамову на продаж звыш 100 камбайнаў у Чалябінскую вобласьць Расеі[40]. У чэрвені 2013 году «Гомсельмаш» стварыў збожжаўборачны камбайн на вусенях паводле заказу ўрада Амурскай вобласьці Расеі. На той час прадпрыемства мела сумесныя зборачныя вытворчасьці ў Казахстане, Кітаі і Расеі. Прадстаўніцтвы «Гомсельмашу» працавалі ў Аргентыне і Чэхіі. Прадпрыемства ўваходзіла ў 5-ку найбольшых у сьвеце вытворцаў камбайнаў, наймагутнейшым зь якіх быў кормаўборачны «КВК-8060» з 600 конскімі сіламі. Пад таварным знакам «Палесьсе» выпускалі камбайны для ўборкі буракоў і збожжа, кармоў і кукурузы, льну і рысу[41]. Цягам 2013 году ў Амурскую вобласьць паставілі 130 камбайнаў на вусеневым ходзе, які патрабаваўся празь пераўвільготненасьць глебы Прыамур’я[42]. 24 ліпеня 2013 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову № 652, паводле якой да 1 жніўня «Гомсельмаш» перадаў у лізінг абласным аграсэрвісам 227 збожжаўборачных камбайнаў КЗС-1218-11 з прыстасаваньнямі для ўборкі рапсу ПР-7 і абсталяваньнем для ўборкі кукурузы КОК-8-2. Таксама паводле Пастановы, «Беларусбанк» выдаў «Гомсельмашу» гадавую пазыку на 500 млрд рублёў у валюце (55,7 млн $ ЗША) пад 9 %, зь якіх 4,5 % пагашаў урад[43]. У 2013 годзе ўнітарнае прадпрыемства «Гомсельмаш» пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства[44]. За 2013 год на «Гомсельмашы» распрацавалі і выпрабавалі 3 узоры збожжаўборачных камбайнаў з прадукцыйнасьцю 5, 14 і 16 кг/сэк. Пры гэтым наймагутнейшы зь іх быў у 2,6 разу таньнейшым за нямецкі адпаведнік[45]. Па выніках 2013 году «Гомсельмаш» увайшоў у 4-ку найбольшых прамысловых прадпрыемстваў Гомельскай вобласьці[46]. Звыш 90 % камбайнаў на экспарт выпусьцілі на сумесных вытворчасьцях за мяжой. У студзені 2014 году такі экспарт у Расею прыпыніўся праз заканадаўства, што не дазваляла пастаўляць машынакамплекты на сумесныя прадпрыемствы для далейшай зборкі[47].
10 лютага 2014 году дзяржаўнае прадпрыемства «Прамагралізінг» заключыла дамову лізінга на пастаўку 15 камбайнаў «Гомсельмаш» у расейскую Разань на 60,2 млн расейскіх рублёў (1,7 млн $ ЗША)[48]. 8 красавіка 2014 году кіраўніцтва «Гомсельмашу» зацьвердзіла статут Гандлёвага дому «Гомсельмаш-Украіна». Яшчэ 4 адпаведныя гандлёвыя прадстаўніцтвы працавалі ў Расеі — «Гомсельмаш-Поўдзень», «Гомсельмаш-Сыбір», «Гомсельмаш-Урал» і «Гомсельмаш-Цэнтар». На той час прадпрыемства вырабляла звыш 40 найменьняў сельскагаспадарчых машынаў[44]. 11 ліпеня 2014 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 670 аб стварэньні да 26 верасьня холдынгу «Гомсельмаш», якому падпарадкавалі 5 ААТ: «Гомельскі завод ліцьця і нармаляў», «Гомельскі завод спэцінструмэнту і тэхналягічнай аснасткі», «Навукова-тэхнічны цэнтар камбайнабудаваньня», «Сьветлагорскі машынабудаўнічы завод» (Гомельская вобласьць) і «СП-Буд»[49]. У ліпені 2014 году «Гомсельмаш» паставіў земляробчым прадпрыемствам Беларусі 300 камбайнаў[50] на ўмовах лізінгу, зь іх 85 у Менскую вобласьць[51]. У 2014 годзе ў расейскім Тамбове адчынілі гандлёвае прадстаўніцтва і рамонтную майстэрню «Гомсельмашу»[52]. 2 верасьня 2014 году на «Гомсельмашы» выпрабавалі збожжаўборачны камбайн «Палесьсе GS16» для палёў з ураджайнасьцю 70—100 цэнтнэраў/га. Панарамнае шкло для яго вырабіла прадпрыемства «Гомельшкло», бартавы кампутар — «Інтэграл» (Менск), а шырокапрофільныя шыны — «Белшына» (Бабруйск). Камбайн «Палесьсе GS16» таксама прызначаўся для ўборкі зернебабовых і кукурузы, рапсу і сланечніку з дапамогай адмысловых прыстасаваньняў[53]. У 2014 годзе «Пэкінская імпартна-экспартная кампанія саўгасаў» стала дылерам «Гомсельмашу» ў Кітаі[54]. Па выніках 2014 году 75 % экспарту прыпала на Расею[55]. Рэшта паставак прыпадала на 15 іншых краінаў[56].
16 лютага 2015 году пачалі распрацоўку новага вусеневага камбайна на заказ з Амурскай вобласьці Расеі[57]. 22—26 лютага 2015 году «Гомсельмаш» упершыню прадставіў свой камбайн «Палесьсе GS12» на 76-й Міжнароднай выставе сельскагаспадачых машынаў (МВСМ-2015) у Парыжы (Францыя). Папярэдне ў сьнежні 2014 году «Гомсельмаш» заключыў дылерскую дамову з францускім прадпрыемствам «Подыя», якое мела каля 120 гандлёвых прадстаўніцтваў у Бэльгіі, Люксэмбургу і Францыі. Таксама дылеры «Гомсельмашу» працавалі ў яшчэ 4 краінах Эўразьвязу — суседняй Летуве, а таксама Баўгарыі, Славаччыне і Чэхіі[58]. 5 сакавіка 2015 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 170 аб пазыцы да 2020 году 6 абласным аграсэрвісным прадпрыемствам для пагашэньня запазычанасьці перад «Гомсельмашам». Пры гэтым «Гомсельмаш» паставіў гэтым прадпрыемствам тэхнікі на 340,5 млрд рублёў (20,9 млн $ ЗША)[59]. Да 20 траўня 2015 году геаграфія паставак камбайнаў пашырылася з 16 да 29 краінаў параўнальна з 2014 годам[60]. У траўні 2015 году з кітайскім заводам «Цзуншэнь» падпісалі дамову пра стварэньне 2 зборачных пляцовак у правінцыях Хэбэй і Ганьсу. У выніку ў верасьні 2015 году адчынілі зборачную вытворчасьць у правінцыі Хэбэй[54]. 4 чэрвеня 2015 году на Беларуска-індыйскім бізнэс-форуме, які прайшоў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, «Гомсельмаш» заключыў пагадненьне аб стварэньні сумеснага прадпрыемства ў Індыі[61]. 17—18 верасьня 2015 году «Гомсельмаш» прадставіў камбайн «Палесьсе GS16» на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі ў Сочы (Краснадарскі край). Яго прадукцыйнасьць складала 24 тоны за гадзіну, а прапускная здольнасьць — 16 кг за сэкунду. Цана камбайна была ўдвая таньнейшай за амэрыканскі і нямецкі адпаведнікі[62]. Яго распрацавалі ў даччыным «Навукова-тэхнічным цэнтры камбайнабудаваньня» («НТЦК») ў Гомлі з шырынёй малатарні 170 см[63]. У 2015 годзе запусьцілі вытворчасьць бульбаўборачнага камбайна КПБ-260-2 з бакавым падкопам[27]. За 2015 год «Гомсельмаш» паставіў за мяжу 90 % сваіх вырабаў[64]. Пры гэтым у 2015 годзе доля «Гомсельмашу» ў экспарце з Гомельскай вобласьці ў Кітай склала каля 70 %[54].
6 лютага 2016 году на зборачнай вытворчасьці ў кітайскім Харбіне выпрабавалі ўборачныя камбайны для бульбы і збожжа. На гэтай вытворчасьці маглі выпускаць 3000 камбайнаў за год, як і на СП у правінцыі Хэбэй. Пры гэтым урады Кітаю і правінцыі пакрывалі пакупнікам звыш паловы цаны камбайнаў сумеснай вытворчасьці ў Харбіне[65]. 20—25 верасьня 2016 году «Гомсельмаш» прыняў удзел у 5-й міжнароднай выставе «Кітай — Эўразія» ва Ўрумчы (Сіньцьзян-Уйгурскі аўтаномны раён). На выставе прадставілі камбайн «Палесьсе GS05» і энэргасродак «Палесьсе U450» для глебаапрацоўкі і пасеву, кашэньня травы, нарыхтоўкі сенажу і сіласу[66]. Да кастрычніка 2016 году сумеснае прадпрыемства ў Харбіне выпусьціла звыш 2000 камбайнаў ад часу заснаваньня[54]. 12 лістапада 2016 году «Гомсельмаш» пачаў пастаўкі камбайнаў у Турэччыну[67]. У 2016 годзе «Гомсельмаш» паставіў свае камбайны ў 31 краіну. За 2013—2016 гады «НТЦК» паставіў у вытворчасьць 19 узораў машын, у тым ліку збожжаўборачныя самаходныя камбайны КЗС-1624-1, КЗС-1420 і КЗС-1218А-1, самаходны кормаўборачны камбайн КВК-6025, самаходныя касілкі і бульбаўборачныя камбайны[27].
На сакавік 2017 году «Гомсельмаш» выпускаў збожжаўборачныя камбайны прадукцыйнасьцю 5—8, 10, 12—13 і 16 кг/сэк., навясныя, прычапныя і самаходныя касілкі. «НТЦК» распрацоўваў збожжаўборачны камбайн на газавым паліве, а таксама з гібрыдным і ротарным абмалотам. Асвойваўся выраб вусеневых касілак для рысу і адаптэраў для збожжа- і кормаўборачных камбайнаў[27]. У 2017 годзе асвоілі вытворчасьць касілак для ўборкі рысу. На 2018 год «Гомсельмаш» цалкам пакрываў попыт на камбайны ў Беларусі. Большасьць паставак за мяжу прыпадала на Расею, Казахстан, Армэнію, Малдову і Таджыкістан. Прадпрыемства ўваходзіла ў 5-ку найбольшых у сьвеце вытворцаў камбайнаў. У 2018 годзе пачалі выпуск першага ў сьвеце газаматорнага камбайна[30]. 11 красавіка 2017 году на 1-м Беларуска-пакістанскім сельскагаспадарчым форуме ў Пакістане адбылося падпісаньне Мэмарандуму аб супрацы між «Гомсельмаш» і мясцовым «Банкам разьвіцьця сельскай гаспадаркі»[68]. У 2017 годзе запрацаваў дылер «Гомсельмашу» ў расейскай Пензе[69]. 18 чэрвеня 2017 году «Гомсельмаш» стварыў сумесную вытворчасьць у Індыі для зборкі камбайнаў[70]. 19 ліпеня 2017 году НТЦК «Гомсельмашу» выпрабаваў збожжаўборачны камбайн КЗС-1319 на ўборцы рапсу ў Паўднёвым агракамбінаце Гомельскага раёну. Гэты камбайн ажыцьцяўляў гібрыдны абмалот пры дапамозе барабаннай і ротарнай малацільняў[71]. 21 ліпеня 2017 году на Беларуска-ўкраінскім бізнэс-форуме ў Кіеве падпісалі дамову на пастаўку 67 машынакамплектаў збожжаўборачных камбайнаў КЗС-1218A1 для Гандлёвага дому «МТЗ-Беларус-Украіна»[72]. За 1997—2017 гады на «Гомсельмашы» асвоілі вытворчасьць 7 збожжаўборачных камбайнаў і 38 іх мадыфікацыяў[73]. 11 верасьня 2017 году на Беларуска-індыйскім форуме ў Новым Дэлі «Гомсельмаш» і «ДВР Інфратэх» падпісалі Мэмарандум аб разьвіцьці сумеснага прадпрыемства «Гомсельмаш Індыя», зь якім «Гомсельмаш» падпісаў катракт на пастаўку тэхнікі[74]. На кастрычнік 2017 году ва Ўкраіне налічвалася каля 2000 пастаўленых «Гомсельмашам» камбайнаў[75]. 20 лістапада 2017 году «Гомсельмаш» прадставіў свае збожжа- і кормаўборачныя камбайны «Палесьсе» на Агравыставе ў Тбілісі (Грузія)[76]. 29 лістапада 2017 году «Гомсельмаш» заключыў дамову на пастаўку ў Казахстан 500 машынакамплектаў збожжаўборачных камбайнаў для зборкі ў Кастанаі. Гэта дазволіла заняць 50 % рынку камбайнаў у Казахстане[38]. За 2011—2017 гады ўкладаньні ў асноўны капітал склалі 69,3 млн рублёў (35,8 млн $ ЗША), што дазволіла ўкараніць 346 адзінак вытворчага абсталяваньня і павялічыць вытворчую магутнасьць да 5000 камбайнаў за год[77]. Цягам 2011—2017 гадоў «Гомсельмаш» зарабіў на імпартазамяшчэньні звыш 2 млрд даляраў. У 2017 годзе кормаўборачныя камбайны «Палесьсе» занялі 40 % рынка Аргентыны[32], а на сумесным прадпрыемстве ва Ўкраіне выпусьцілі 90 камбайнаў[78].
17 лютага 2018 году ў Каіры (Эгіпет) адчынілі зборачную вытворчасьць «Менскага аўтамабільнага заводу», пад дахам якой пачалі зборку камбайна ад «Гомсельмаша» для ўборкі пшаніцы і сорга[79]. 6 чэрвеня 2018 году «Гомсельмаш» паказаў 20 відаў сваёй тэхнікі на 28-й міжнароднай выставе «Белагра» ў Менскі раёне. Сярод іншага прадставілі камбайн КЗС 1624-1, унівэрсальны мабільны энэргетычны сродак, які замяняў кормаўборачны камбайн і трактар, і 1-ы ў сьвеце газаматорны збожжаўборачны камбайн. На той час камбайнамі «Гомсельмашу» карысталіся ў 38 краінах[80]. Пры гэтым «Гомсельмаш» атрымліваў дэталі ад амаль 400 пастаўшчыкоў у Беларусі. Камбайн з газаматоным рухавіком на мэтане дазваляў ашчаджаць да 50 % параўнальна з дызэльным палівам. У 2018 годзе пачаліся продажы ў Судан і Этыёпію[32]. У ліпені 2018 году пастаўленыя ў Грузію камбайны «Гомсельмашу» пачалі выкарыстоўваць на жніве[81]. У жніўні 2018 году распрацавалі і вырабілі камбайн КЗС-2124 для палёў з ураджайнасьцю збожжа звыш 60 ц/га. Пры гэтым яго цана была амаль у 2,5 разы меншай, чым у нямецкага адпаведніка[77]. На жнівень 2018 году «Гомсельмаш» адначасна выпрабоўваў 5 узораў камбайнаў[82]. Сярод іх камбайн КЗС-1624 абсталявалі аўтакіраваньнем праз спадарожнік ад станцыі навядзеньня на Зямлі[83]. 11 кастрычніка 2018 году «Гомсельмаш» паказаў камбайн «Палесьсе» магутнасьцю 530 к.с. на 10-м Маскоўскім аграсалёне[84]. 5—10 лістапада 2018 году «Гомсельмаш» прыняў удзел у Кітайскай міжнароднай выставе імпарту ў Шанхаі[85].
20 сакавіка 2019 году «Гомсельмаш» паказаў збожжа- і кормаўборачныя камбайны, а таксама касілкі на выставе «Зроблена ў Беларусі», якая прайшла ў Тбілісі (Грузія). Падчас выставы падпісалі дамовы на пастаўку 30 камбайнаў агульнай цаной 2,5 млн даляраў[86]. На 2019 год у Таджыкістане дзейнічала прадстаўніцтва «Гомсельмашу»[87]. 25 чэрвеня 2019 году ў кітайскім Хандане адчынілі новы корпус сумеснага прадпрыемства «Хэбэй Цзуншэнь-Гомсельмаш» і адгрузілі 500-ы камбайн «Цзуншэнь-Гомель». Адначасна падпісалі кантракт на пастаўку машынакамплектаў кормаўборачных камбайнаў на 1,5 млн $[88]. У жніўні 2019 году «Гомсельмаш» прадставіў сеялкі і камбайны для жніва збожжа і кармоў на Кенійскай міжнароднай гандлёвай выставе ў Найробі[89]. Увосень 2019 году заключылі дамову з «Ташкенцкім заводам сельскагаспадарчай тэхнікі» аб стварэньні ва Ўзбэкістане зборачнай вытворчасьці камбайнаў[90].
17 сакавіка 2020 году «Гомсельмаш» пачаў адгрузку 20 збожжаўборачных камбайнаў КЗС-812 у Зымбабвэ[91]. За першы квартал 2020 году «Гомсельмаш» паставіў 136 камбайнаў у беларускія гаспадаркі і 278 за мяжу, у тым ліку найбольш у Расею, Казахстан, Украіну і Малдову[92]. У ліпені 2020 году «Гомсельмаш» выпускаў за содні каля 15 камбайнаў[28]. 25 жніўня 2020 году «Гомсельмаш» упершыню паставіў у Армэнію збожжаўборачныя камбайны «GS12A1» з рухавіком магутнасьцю 330 к.с.[93]. На кастрычнік 2020 году 80 % камбайнаў у гаспадарках Беларусі вырабілі на «Гомсельмашы». На прадпрыемстве працавала каля 7000 чалавек[94]. 26 кастрычніка «Гомсельмаш» выпрабаваў кормаўборачны камбайн «FS 450» з рухавіком магутнасьцю 450 к.с. і жняяркай шырынёй захопу 4,5 мэтры. Таксама на ім выпрабавалі падборшчык і жняярку для траваў з шырынёй захопу 5 мэтраў[95].
12 мая 2023 году Украіна ўвяла санкцыі супраць «Гомсельмашу» і Гомельскага заводу ліцьця і нармаляў[96], са жніўня 2024 году «Гомсельмаш» знаходзіцца у санкцыйным сьпісе Канады[97].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Я.Я. Амбражунас (1930—1933)
- А.К. Генкін (1933—1943)
- В.Т. Серыкаў (1943—1944)
- Т.І. Якаўлеў (1944—1946)
- А.Я. Быкаў (1946—1955)
- А.А. Сафронаў (1955—1956)
- Ф.Н. Дзянісаў (1956—1960)
- І.П. Кацёнак (1960—1972)
- Н.І. Афанасьеў (1972—1987)
- С.С. Дрозд (1987—1992)
- С.І. Пракапенка (1992—1995)
- Валеры Жмайлік (1995—2012)
- Аляксандар Камко (28 сьнежня 2012[98] — 2019)
- Аляксандар Новікаў (з 28 сакавіка 2019 году)[99]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Зьвесткі для сувязі (рас.) // ААТ «Гомсельмаш», 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Аляксей Петух, Аляксандар Новікаў, Ларыса Гатальская. Кансалідаваная фінансавая справаздачнасьць за 2019 год (рас.) // ААТ «Гомсельмаш», 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Гадавая справаздача за 2019 год (рас.) // ААТ «Гомсельмаш», 13 красавіка 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Палажэньне (рас.) // Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь, 15 лютага 2019 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ а б в Палітыка ў галіне якасьці (рас.) // ААТ «Гомсельмаш», 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Аб прадпрыемстве // ААТ «Гомсельмаш», 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2023 г.
- ^ Збожжаўборачныя камбайны // ААТ «Гомсельмаш», 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2023 г.
- ^ Кормаўборачныя камбайны // ААТ «Гомсельмаш», 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2023 г.
- ^ Бульбаўборачныя камбайны // ААТ «Гомсельмаш», 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2023 г.
- ^ Пачаткаўборачныя камбайны // ААТ «Гомсельмаш», 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2023 г.
- ^ Прычапная і навясная кормаўборачная тэхніка // ААТ «Гомсельмаш», 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2023 г.
- ^ Глебаапрацоўчая тэхніка (рас.) // ААТ «Гомсельмаш», 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Сеялкі (рас.) // ААТ «Гомсельмаш», 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Самаходныя касілкі (рас.) // ААТ «Гомсельмаш», 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Апрысквальнікі (рас.) // ААТ «Гомсельмаш», 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Прычэпы (рас.) // ААТ «Гомсельмаш», 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Бавоўнаўборачная машына ХМП-1,8 // ААТ «Гомсельмаш», 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2023 г.
- ^ Жняяркі // ААТ «Гомсельмаш», 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2023 г.
- ^ Падборшчыкі // ААТ «Гомсельмаш», 2022 г. Праверана 29 ліпеня 2023 г.
- ^ Стаматалягічныя комплексы «Белдэнт» (рас.) // ААТ «Гомсельмаш», 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Гарантыя (рас.) // ААТ «Гомсельмаш», 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Дылерская сетка (рас.) // ААТ «Гомсельмаш», 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Фінансаваньне (рас.) // ААТ «Гомсельмаш», 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Эўропа (фінансаваньне) (рас.) // ААТ «Гомсельмаш», 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Беларусь (фінансаваньне) (рас.) // ААТ «Гомсельмаш», 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ «Навукова-тэхнічны цэнтар камбайнабудаваньня» (рас.) // ААТ «Гомсельмаш», 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ а б в г д е ё Уладзімер Хількевіч. Ад саламарэзкі да гаспадара беларускай нівы // Саюз — Эўразія. — 28 сакавіка 2017. — № 5 (65). — С. 4.
- ^ а б Ганна Кавалёва, тэлеканал «Беларусь 1». «Гомсельмаш» павялічвае сутачныя аб'ёмы выпуску прадукцыі // Белтэлерадыёкампанія, 4 ліпеня 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Імпартазамяшчэньне і каапэрацыя (рас.) // ААТ «Гомсельмаш», 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ а б Ганна Кавалёва. «Гомсельмаш» адзначыў сёлета 90-гадовы юбілей // Белтэлерадыёкампанія, 24 кастрычніка 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ а б Гісторыя (рас.) // ААТ «Гомсельмаш», 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ а б в Андрэй Крывашэеў, тэлеканал «Беларусь 1». Галоўная ўмова пасьпяховай работы прадпрыемства - забесьпячэньне высокай якасьці прадукцыі // Белтэлерадыёкампанія, 10 жніўня 2018 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Алег Ксяндзоў. На месцы дома ўбачыў варонку // Голас Радзімы : газэта. — 26 лютага 2020. — № 4 (3616). — С. 4. — ISSN 0439-3619.
- ^ Алена Кравец. «Залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю» // Зьвязда. — 30 чэрвеня 2018. — № 124 (28740). — С. 4.
- ^ Навучаньне (рас.) // ААТ «Гомсельмаш», 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ а б Валеры Сідорчык. «Гомсельмаш» пашырае сваю прысутнасьць на кітайскім рынку // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 14 верасьня 2012 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Тацяна Грыгаровіч. «Гомсельмаш» вывучае магчымасьці пастаўкі ў Сыбір ільноўборачных камбайнаў // БелТА, 23 кастрычніка 2014 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ а б У Казахстан адправяцца 500 машынакамплектаў «Гомсельмаш» // Белтэлерадыёкампанія, 29 лістапада 2017 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Андрэй Крывашэеў. На тыдні Аляксандар Лукашэнка наведаў з працоўным візытам Кітай // Белтэлерадыёкампанія, 6 верасьня 2015 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Больш за сотню камбайнаў «Гомсельмаш» паставіць у Чалябінскую вобласьць // Белтэлерадыёкампанія, 9 красавіка 2013 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Вольга Халадовіч. ВА «Гомсельмаш» вырабляе больш за 40 відаў розных сельскагаспадарчых машын // Белтэлерадыёкампанія, 4 чэрвеня 2013 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Беларуская тэхніка - у дапамогу расейскім аграрыям // Белтэлерадыёкампанія, 6 лютага 2014 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Тацяна Грыгаровіч. «Гомсельмаш» на ўмовах лізінгу паставіць арганізацыям АПК Беларусі больш як 220 збожжаўборачных камбайнаў // БелТА, 26 ліпеня 2013 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ а б Валеры Сідорчык. «Гомсельмаш» створыць гандлёвы дом ва Ўкраіне // БелТА, 9 красавіка 2014 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Дбайна выкарыстоўваць кожны ўчастак сельскагаспадарчай зямлі // Зьвязда. — 2 жніўня 2014. — № 16 (27626). — С. 1,2.
- ^ Старшыня Гомельскага аблвыканкама правёў сустрэчу з працоўным калектывам «Гомсельмаша» // Белтэлерадыёкампанія, 27 студзеня 2014 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Ірына Асташкевіч. Выдаткі трэба скарачаць // Зьвязда : газэта. — 29 студзеня 2014. — № 16 (27626). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Алеся Вараб'ёва. Погляд: замежныя СМІ аб Беларусі і Мытным саюзе // Газэта «Зьвязда», 11 лютага 2014 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Тацяна Іванюк. Холдынг з шасьці прадпрыемстваў ствараецца на базе ААТ «Гомсельмаш» // БелТА, 15 ліпеня 2014 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Дар'я Белавусава-Пятроўская. Уборку збожжавых у Беларусі плянуюць скончыць да сярэдзіны жніўня // Белтэлерадыёкампанія, 24 ліпеня 2014 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Натальля Кезік. Сёньня аграрыі Беларусі намалацілі восьмы мільён збожжа // Белтэлерадыёкампанія, 8 жніўня 2014 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Інвэстыцыйная прывабнасьць // Зьвязда. — 5 жніўня 2014. — № 145 (27755). — С. 1, 2.
- ^ Ірына Асташкевіч. Новы камбайн стымулюе айчынных вытворцаў // Зьвязда. — 3 верасьня 2014. — № 166 (27776). — С. 3.
- ^ а б в г Ірына Асташкевіч. Камбайны з цукеркамі для Кітая // Зьвязда. — 15 кастрычніка 2016. — № 200 (28310). — С. 2.
- ^ Міхаіл Мясьніковіч пабываў на вытворчым аб'яднаньні «Гомсельмаш» // Белтэлерадыёкампанія, 9 лютага 2015 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Вольга Халадовіч. Канструктыўны дыялёг паміж уладай і грамадзянамі становіцца ўсё больш адкрытым // Белтэлерадыёкампанія, 9 лютага 2015 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ У Беларусі пачалі распрацоўку магутнага вусеневага камбайна // Белтэлерадыёкампанія, 16 лютага 2015 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Валеры Сідорчык. «Гомсельмаш» прадставіць сваю збожжаўборачную тэхніку на выстаўцы ў Парыжы // БелТА, 23 сьнежня 2014 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Сельгаспрадпрыемствам Беларусі дадуць бюджэтныя крэдыты для пагашэньня запазычанасьці перад ААТ «Гомсельмаш» // БелТА, 10 сакавіка 2015 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Выпрабавальны запуск завода па вытворчасьці беленай цэлюлёзы прызначаны на кастрычнік // Белтэлерадыёкампанія, 20 траўня 2015 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Сяргей Хамянтоўскі. Патэнцыял Беларусі і Індыі адкрывае новыя магчымасьці // Белтэлерадыёкампанія, 4 чэрвеня 2015 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Аляксей Адашкін. Другі дзень працы форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі // Белтэлерадыёкампанія, 18 верасьня 2015 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Уладзімер Хількевіч. «На рынкі ідзём з машынамі найвышэйшай клясы» // Зьвязда. — 14 лістапада 2015. — № 221 (28079). — С. 14.
- ^ «Гомсельмаш» у 2016 годзе плянуе сур’ёзна пашырыць рынкі збыту // Белтэлерадыёкампанія, 6 лютага 2016 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Натальля Брэвус. «Вялікі камень» прымае чараду замежных делегацый // Белтэлерадыёкампанія, 6 лютага 2016 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Сяргей Куркач. У якасьці ганаровай краіны // Зьвязда. — 17 верасьня 2016. — № 180 (28290). — С. 3.
- ^ Андрэй Лапцёнак. Вялікі беларуска-турэцкі дзень: вынікі афіцыйных перамоваў // Белтэлерадыёкампанія, 12 лістапада 2016 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Уладзіслаў Лукашэвіч. Узаемная зацікаўленасьць // Зьвязда. — 12 красавіка 2017. — № 69 (28433). — С. 2.
- ^ Беларусь актыўна разьвівае ўзаемадзеяньне з расейскімі рэгіёнамі // Белтэлерадыёкампанія, 6 чэрвеня 2017 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Алеся Высоцкая. Новы завод па стварэньні беларуска-кітайскіх аўтамабіляў выйшаў на фінішную прамую // Белтэлерадыёкампанія, 18 чэрвеня 2017 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ «Гомсельмаш» пачаў выпрабаваньні камбайна з гібрыднай схемай абмалоту і сэпарацыі // БелТА, 19 ліпеня 2017 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Кантракты на суму больш як $45 млн падпісаныя на беларуска-ўкраінскім бізнэс-форуме // БелТА, 21 ліпеня 2017 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Уладзімер Мацьвееў. Лукашэнка на флягманскім беларускім камбайне праінспэктаваў ход жніва // БелТА, 18 жніўня 2017 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Уладзімер Мацьвееў. Сямашка: урад Беларусі абяцае падтрымку разьвіцьцю сумесных зь Індыяй бізнэс-праектаў // БелТА, 11 верасьня 2017 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Ірына Асташкевіч. Паглыбленьне фарватэру — цяпер рэальнасьць // Зьвязда. — 7 кастрычніка 2017. — № 194 (28558). — С. 2.
- ^ У Тбілісі адкрылася Агравыстава ежы, пітва і тэхнікі // Белтэлерадыёкампанія, 20 лістапада 2017 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ а б Вераніка Пуставіт. Лукашэнка зробіць працоўную паездку ў Гомель // Белтэлерадыёкампанія, 10 жніўня 2018 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Ілона Красуцкая, тэлеканал «Беларусь 1». Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны: мір у агульным доме - падмурак эканомікі // Белтэлерадыёкампанія, 26 кастрычніка 2018 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Андрэй Лапцёнак. Учора ў Каіры адкрылася новая зборачная вытворчасьць «МАЗ» // Белтэлерадыёкампанія, 18 лютага 2018 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Вікторыя Антоненкава, тэлеканал «Беларусь 1». «Белагра» працягвае сустракаць гасьцей і наладжваць партнэрскія сувязі // Белтэлерадыёкампанія, 6 чэрвеня 2018 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». На працягу тыдня Беларусь атрымлівала віншаваньні з Днём Незалежнасьці з усяго сьвету // Белтэлерадыёкампанія, 8 ліпеня 2018 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Надзея Анісовіч. Дзецям — клопат, аграрыям — тэхніку // Зьвязда. — 11 жніўня 2018. — № 194 (28558). — С. 1, 2.
- ^ Марыя Дадалка. З прыстаўкай супэр // Зьвязда. — 14 жніўня 2018. — № 154 (28770). — С. 2.
- ^ Дар'я Белавусава-Пятроўская, тэлеканал «Беларусь 1». Вынікі супрацоўніцтва Беларусі і Расеі ў аграпрамысловым сэктары дэманструюць у Маскве // Белтэлерадыёкампанія, 11 кастрычніка 2018 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». У Шанхаі стартавала першая Кітайская міжнародная выстава імпартных тавараў // Белтэлерадыёкампанія, 5 лістапада 2018 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Вікторыя Антоненкава, тэлеканал «Беларусь 1». У Шанхаі стартавала першая Кітайская міжнародная выстава імпартных тавараў // Белтэлерадыёкампанія, 20 сакавіка 2019 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Беларусь - Таджыкістан: новыя пункты росту // Белтэлерадыёкампанія, 3 чэрвеня 2019 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ «Гомсельмаш» паставіць у Кітай партыю машынакамплектаў на больш як $1,5 млн // БелТА, 25 чэрвеня 2019 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ «Гомсельмаш» плянуе разьвіваць супрацоўніцтва з Кеніяй // БелТА, 14 жніўня 2019 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ «Гомсельмаш» прадставіць свой патэнцыял на аграрным форуме ва Ўзбэкістане // БелТА, 21 лютага 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ ААТ «Гомсельмаш» пачынае адгрузку 20 збожжаўборачных камбайнаў КЗС-812 у Зімбабвэ // БелТА, 17 сакавіка 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ ААТ «Гомсельмаш» у І квартале паставіў на зьнешнія рынкі больш за 270 камбайнаў і машынакамплектаў // БелТА, 24 красавіка 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ «Гомсельмаш» пачаў пастаўкі камбайнаў GS12A1 у Армэнію // БелТА, 25 жніўня 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Восем зь дзесяці камбайнаў, якія працуюць на палях Беларусі, - вытворчасьці «Гомсельмаш» // БелТА, 16 кастрычніка 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ «Гомсельмаш» пасьпяхова правёў выпрабаваньні новага кормаўборачнага камбайна // БелТА, 26 кастрычніка 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Камбайны «Гомсельмаша» больш не паедуць ва Украіну (бел.) Новы час
- ^ Канада запровадила санкції проти наймолодшого сина Лукашенка Колі
- ^ А.Лукашэнка даў згоду на назначэньне гендырэктараў прадпрыемстваў «Гомсельмаш» , «Віцязь», МТЗ і МАЗ // БелТА, 28 сьнежня 2012 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- ^ Аляксандар Новікаў узгоднены на пасаду гендырэктара «Гомсельмаша» // БелТА, 28 сакавіка 2019 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Электронныя звароты (рас.) // ААТ «Гомсельмаш», 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.
- «Гомсельмаш» // Газэта «Зьвязда», 14 жніўня 2020 г. Архіўная копія ад 14 жніўня 2020 г. Праверана 8 лістапада 2020 г.