Джым Ён Кім (анг. Jim Yong Kim, Jimyong Kim, нар. 8 сьнежня 1959 году, Сэул, Паўднёвая Карэя) — амэрыканскі лекар карэйскага паходжаньня. 12-ы старшыня Сусьветнага банку (з 2012 да 2019 году).

Джым Ён Кім
кар. 김용
1 ліпеня 2012 — 4 красавіка 2019
Папярэднік Робэрт Зэлік[d]
Наступнік Дэвід Малпас[d]
17-ы рэктар Дартмуцкага каледжу
1 ліпеня 2009 — 30 чэрвеня 2012
Папярэднік: Джэймз Эдўард Райт
Наступнік: Філіп Гэнлан
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 8 сьнежня 1959(1959-12-08)[1][2][3] (64 гады)
Партыя:
Сужэнец: Юнсук Лім[d]
Дзеці: 2 сыны: Томас (нар. 2000 г.), Ніко (2009)
Адукацыя:
Узнагароды:

Раньнія гады

рэдагаваць

Пераехаў з бацькамі ў ЗША ва ўзросьце 5 гадоў (у 1965 годзе). Вырас у Маскаціне (штат Аёва). Бацька выкладаў стаматалёгію ва Ўнівэрсытэце Аёвы (горад Аёва, акруга Джонсан), дзе маці атрымала навуковую ступень доктара філязофіі (Ph. D.). Джым Ён Кім наведваў Маскацінскую сярэднюю школу, дзе быў найбольш пасьпяховым вучнем і старастай клясы. Гуляў за школьныя каманды па амэрыканскім футболе і баскетболе. 1,5 гады вучыўся ў дзяржаўным Унівэрсытэце Аёвы. Пасьля перавёўся ў прыватны Браўнскі ўнівэрсытэт (Провідэнс, штат Род-Айлэнд), які скончыў у 1982 годзе «зь вялікай хвалой» (лац. magna cum laude) са ступеняй бакаляўра мастацтваў у біялёгіі чалавека. У 1991 г. атрымаў ступеню доктара мэдыцыны ад Мэдычнай школы Гарвардзкага ўнівэрсытэту (Бостан, штат Масачусэтс). У 1993 г. атрымаў у Гарвардзкім унівэрсытэце (Кембрыдж, акруга Мідлсэкс, штат Масачусэтс) ступеню доктара філязофіі ў антрапалёгіі за дысэртацыю «Таблеткі, выраб і знакавы код: фармацэўтыка і палітычная эканомія значэньня ў Паўднёвай Карэі» (IV, 336 аркушаў).

У 1987 годзе заснаваў у Бостане некамэрцыйную арганізацыю «Супольнікі ў здароўі». Да пачатку 1990 г. «Супольнікі ў здароўі» ахапілі хатнім лячэньнем ад сухотаў больш за 100 тыс. жыхароў Гаіці. Лячэньне каштавала каля $200 на хворага, бо ажыцьцяўлялася мясцовымі жыхарамі пасьля адпаведнай падрыхтоўкі. Джым Ён Кім удзельнічаў у распрацоўцы парадку лячэньня і закупе лекаў у якасьці выканаўчага кіраўніка арганізацыі. У 1994 годзе «Супольнікі ў здароўі» пашырылі дзейнасьць на Пэру. У чэрвені 2002 году Сусьветная арганізацыя здароўя пераняла ў «Супольнікаў у здароўі» парадак лячэньня хваробаў, які ўжылі ў больш за 40 краінах. У 2003 г. заняў пасаду дарадцы галоўнага кіраўніка Сусьветнай арганізацыі здароўя. У сакавіку 2004 г. атрымаў прызначэньне кіраўніком аддзела ВІЧ і СНІД Сусьветнай арганізацыі здароўя. На гэтай пасадзе да канца 2006 году загадваў распаўсюдам дапамогі пры СНІД сярод 3 млн жыхароў Афрыкі і іншых краінаў ў стадыі разьвіцьця.

Адначасна ў 1993—2009 гадох выкладаў у Мэдычнай школе Гарвардзкага ўнівэрсытэту. У 2003 г. атрымаў стыпэндыю імя Макартураў, якая складала $500 тыс. і выдавалася часткамі цягам 5 гадоў. На 2009 г. сумяшчаў пасады загадчыка аддзела сусьветнага здароўя і грамадзкай мэдыцыны ў Брыгхэмска-жаночай лякарні (Бостан) і кіраўніка Цэнтру здароўя і правоў чалавека імя Франсуа-Ксаўе Баню пры Школе грамадзкага здароўя Гарвардзкага ўнівэрсытэту (Бостан). Стаў сябрам Інстытуту мэдыцыны Нацыянальнай акадэміі навук ЗША (г. Вашынгтон, ЗША; цяпер Нацыянальная акадэмія мэдыцыны ЗША).

У траўні 2009 году быў абраны на пасаду рэктара Дартмуцкага каледжу (Гановэр, акруга Графтан, штат Нью-Гэмпшыр), якую заняў 1 ліпеня 2009 году. Пры канцы студзеня 2010 году сабраў у каледжы больш за $1 млн ахвяраваньняў, за якія ўдалося даставіць на Гаіці больш за 18 тонаў лекаў і 25 лекараў для дапамогі ў пераадоленьні наступстваў землятрусу 12 студзеня 2010 году. У траўні 2010 г. заснаваў пры Дартмуцкім каледжы Навуковы цэнтар дастаўкі аховы здароўя за кошт атрыманьня $35 млн ахвяраваньня. У 2010 г. быў абраны сябрам Амэрыканскай акадэміі мастацтваў і навук (ААМН; Кембрыдж, штат Масачусэтс). 23 сакавіка прэзыдэнт ЗША прапанаваў прызначыць Джыма Ёна Кіма на пасаду старшыні старшыні Сусьветнага банку[5]. 16 красавіка 2012 году Рада кіраўнікоў Сусьветнага банку абрала Джыма Ёна Кіма на пасаду старшыні, якую той заняў 1 ліпеня 2012 году[6]. 27 верасьня 2016 г. Джым Ён Кім быў пераабраны старшынём Сусьветнага банку на другі 5-гадовы тэрмін, які пачаўся 1 ліпеня 2017 году. Паставіў задачу скараціць галечу да 3% ад насельніцтва сьвету[7]. У студзені 2019 году заявіў пра сыход з пасады старшыні[8].

Навуковыя працы

рэдагаваць

Аўтар больш за 50 артыкулаў у часопісах «The Lancet», «The New England Journal of Medicine» і інш. Паводле стану на 16 студзеня 2022 году, у базе Scopus мае h-індэкс, роўны 27[9].

  • Kim J. Y. et al. Limited good and limited vision: multidrug-resistant tuberculosis and global health policy // Social Science & Medicine. — 2005. — Vol. 61. — № 4. — P. 847-859.
  • Kim J. Y., Farmer P. AIDS in 2006 — Moving toward One World, One Hope? // N Engl J Med. — 2006. — Vol. 355. — P. 645-647.
  • Kim J. Y., Evans T. Promoting women's health for sustainable development // The Lancet. — 2015. — Vol. 386. — № 9999. — P. e9-e10.
  • Kim J. Y. Data for better health—and to help end poverty // The Lancet. — 2012. — Vol. 380. — № 9859. — P. 2055.
  • Kim J. Y., Farmer P., Porter M. E. Redefining global health-care delivery // The Lancet. — 2013. — Vol. 382. — № 9897. — P. 1060-1069.
  • Kim J. Y. Time for even greater ambition in global health // The Lancet. — 2013. — Vol. 382. — № 9908. — P. e33-e34.
  1. ^ а б Murray L. Jim Yong Kim // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ а б Jim Yong Kim // Munzinger Personen (ням.)
  3. ^ а б Davos 2014 Participant List
  4. ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #173475671 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  5. ^ President Obama Announces U.S. Nomination of Dr. Jim Yong Kim to Lead World Bank (анг.) whitehouse.gov
  6. ^ Абраны новы дырэктар Сусьветнага банка // Зьвязда : газэта. — 18 красавіка 2012. — № 75 (27190). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Jim Yong Kim (анг.) Powerful People 2018. Forbes.
  8. ^ Inman P. (7 студзеня 2019) Jim Yong Kim resigns as World Bank president (анг.). The Guardian.
  9. ^ Kim, Jimyong (анг.). Scopus. Праверана 16 студзеня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Джым Ён Кімсховішча мультымэдыйных матэрыялаў