Акцыя (пай[1][2]; франц. action) — каштоўная папера, што выпускаецца акцыянэрным таварыствам і ўвасабляе сабою ўдзел ейнага трымальніку (акцыянэру) у капітале таварыства. Уладальніку акцыі даюцца асаблівыя маёмасныя і асабістыя правы:

  • права на атрыманьне дывідэндаў, у залежнасьці ад прыбытку АТ
  • права на ўдзел у кіраваньні акцыянэрным таварыствам, галасуючы на агульных сходах акцыянэраў
  • права на атрыманьне часткі маёмасьці пасьля ліквідацыі.

Правы рэалізуюцца прапарцыйна колькасьці акцыяў ва ўладаньні акцыянэра.

Клясыфікацыя

рэдагаваць
  • Простая акцыя: дае асноўныя правы на ўласнасьць карпарацыі. Трымальнікі простых акцыяў маюць права:
    • абіраць раду дырэктараў
    • уплываць на ключавыя пытаньні
    • на рэштавых правох удзельнічаць у актывах пры ліквідацыі таварыства (пасьля таго, як будуць уплочаныя ўсе пазыкі і сваю долю атрымаюць прывілеяваныя акцыянэры)
  • Прывілеяваная акцыя: дае ўладальніку пэўныя прывілеі ў параўнаньні з трымальнікамі простых акцыяў. Прывілеі могуць заключацца ў:
    • атрыманьне дывідэндаў сталага, фіксаванага памеру
    • у пераважным атрыманьні рэштаў маёмасьці пры ліквідацыі
    • права выкупу акцыяў эмітэнта на ільготных умовах.

Пры гэтым прывілеяваныя акцыі звычайна ня маюць права голасу на сходах акцыянэраў, за выключэньнем некаторых пытаньняў (ліквідацыя, рэарґанізацыя і інш.)