Станіслаў Яроцкі

польскі маляр, пісьменьнік, пэдагог

Станіслаў Яроцкі (па-польску: Stanisław Jarocki, па-летувіску: Stanislovas Jarockis; 22 кастрычніка 1871[4][5][6][7][a], Варшава, Царства Польскае — 13 кастрычніка 1944, Вільня, Летува) — польскі, летувіскі й беларускі мастак, пэдагог, этнограф, асьветнік, грамадзкі дзеяч.

Станіслаў Яроцкі
Станіслаў Яроцкі
Дата нараджэньня 22 кастрычніка 1871[1]
Месца нараджэньня Варшава, Царства Польскае
Дата сьмерці 13 кастрычніка 1944
Месца сьмерці Вільня, Летува
Адукацыя Кракаўская акадэмія мастацтваў імя Яна Матэйкі, Акадэмія Каляросі
Месца вучобы
Занятак мастак, пэдагог, этнограф
Навуковая сфэра малярства, адукацыя і фізычная культура[d]
Сябра ў "Falcon" Polish Gymnastic Society[d], Polish scouting[d], Таварыства аматараў старажытнасцей і народазнаўства[d], Polish Tourist Society[d] і Таварыства заахвочваньня прыгожых мастацтваў[d]
Жанры гістарычны жывапіс, партрэтнае маляваньне[d], рэлігійны жывапіс[d] і пэйзаж
Плынь постімпрэсіянізм[2], рэалізм, мадэрн[3], сымбалізм, нэарамантызм
Працы «Пэйзаж Залесься» (1899), «Сьвятая Жамойція» (1910), «Від на Вільню з Туравай гары» (1921), «Залатая восень у Беняконях» (1927), «Сьвіран у Беніцы» (1927), «Люгана» (1929) «Вільня – від на Антокаль» (1933)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Яроцкі.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Адукацыя

рэдагаваць

Нарадзіўся ў Варшаве ў сям’і Лукаша Земавіта Ігнацы Яроцкага гербу Равіч[11] і Ванды Саламеі Альдоны Гасьціцкай гербу Любіч[12], меў малодшую сястру Зоф’ю[13]. Паходзіў са знакамітага шляхецкага роду Яроцкіх гербу Равіч. Навучаньне распачаў у Варшаўскай Клясе Маляваньня ў Войцеха Герсана(pl), працягнуў навучаньне у 1891—1894 гадах у Кракаўскай акадэміі мастацтваў(pl) у Яна Матэйка, Юзэфа Ўнежыскага(pl) й Леапольда Лёфлера(pl)[14][15]. Вучыўся ў 1894—1895 гадах у Акадэміі Каляросі(pl) у Парыжы ў Рафаэля Коліна(fr), Люка-Аліўе Мэрсона(fr) і Эдмона Аман-Жана. У 1896 годзе пераехаў у Мюнхэн, дзе вучыўся ў Шымана Холашы(hu), пасьля ў 1897 годзе пераехаў у Рыме, дзе амаль два гады навучаўся самастойна, адкуль дасылаў карціны на выставы. У Мюнхэне арганізаваў суполку «Сокалаў(pl)[b]», а ў Рыме заснаваў «Чытальню»[c][16].

Дзейнасьць у Вільні

рэдагаваць

У 1898 г. пераехаў ў Вільню, дзякуючы запрашэньню Баляслава Русецкага(pl)[d][17]. У Вільні працаваў выкладнікам малярства, скульптуры й малюнку ў мастацкай школе Івана Трутнева(ru)[18]. Унёс у кансэрватыўную сыстэму акадэмічнай адукацыі сьвежыя павевы стылістыкі постімпрэсіянізму й сэцэсыйнасьці[19]. Пад уплывам моднага у той час накірунку сэцэсыйнасьці малюе карціну «Мары немаўляці». Нягледзячы на на гэта, знакаміты віленскі мастацкі й тэатральны крытык Напалеон Роўба(pl) з 1899 г. напісаў разгромны артыкул аб творчасьці Станіслава Яроцкага, дзе параіў яму, каб мастак «пакінуў на якісьці час кампазыцыі й вырабленьне карцінаў, і вярнуўся да цярплівага навучаньня»[20]. Люцыян Узембла называў Станіслава Яроцкага «прадстаўніком новай школы сымбалізму й нават містыкі», называў яго адным з завадатараў новай эпохі віленскага мастацтва, бо мастак прыўнёс у мастацкае жыцьцё Вільні павевы францускага сымбалізму[21][22].

У 1898 годзе Станіслаў Яроцкі быў адзным зь ініцыятараў арганізацыі віленскага Таварыства аматараў старажытнасьці й этнаграфіі (па-польску: Towarzystwo miłośników starożytności i ludoznawstwa, па-летувіску: Senovės ir etnografijos mylėtojų draugija)[e], вядомага таксама як археалягічны гурток[f], быў пэўны час сакратаром гэтага таварыства[g][24][25][26][27]. У 1900 годзе зь ініцыятывы Станіслава Яроцкага грошы з Таварыства аматараў старажытнасьці і этнаграфіі былі зафундаваны на памятную табліцу Францішку Багушэвічу з партрэтам ў жупранскім Касьцёле[28].

З 1899 г. Станіслаў Яроцкі кіраваў моладзевымі мастацкімі гурткамі, арганізоўваў тайныя самаадукацыйныя гурткі[h] (усяго стварыў 28), бібліятэкі[30][31][32][33]. З 1900 году выкладаў у бясплатных гуртках тэхнічнага маляваньня й чарчэньня. у 1904 годзе пасьля пераўтварэньня Юзэфам Монтвілам(pl) гэтай навучальнай установы ў класы маляваньня ён вёў курсы пэйзажнага жывапісу[34]. у 1907 годзе пасьля стварэньня Таварыства сяброў віленскае навукі стаў арганізатарам яго мастацкіх збораў[35]. Арганізоўваў у Вільні выставы мясцовых і польскіх мастакоў. З 1899 году праектаў касьцюмы й дэкарацыі для таемных тэатраў, якія зваліся «Заўрацальнямі»[36][37].

Быў актыўным дзеячом і ўваходзіў у склад кіраўніцтва віленскага таварыства «Асьвета»[i][j][42][43][44]. У 1908 годзе Станіслаў Яроцкі арганізаваў дзьве выставы польскіх мастакоў у Вільні, штуршком да чаго стала сэрыяў выстаў літоўскіх мастакоў у 1906—1907 гадоў[45]. На выставах прысутнічалі працы ў тым ліку мастакоў з Польскага каралеўства, але асабліва мастак ацэньваў творчасьць мясцовых мастакоў: Фэрдынанда Рушчыца, Казімера Альхімовіча, Казімера Стаброўскага. Плянаваў пасьля таксама зладзіць асобную выставу карцінаў і графікі ваколіцаў Кушлянаў са збору Казімера Шафнагель[46], але так і не рэалізаваў гэтую задумку[47]. У 1912 годзе Станіслаў Яроцкі арганізаваў у Вільні вялікую выставу пэйзажаў[48]. У 1912 годзе падчас выставы ўбачыў скульптуру Пэтраса Рымшы(lt) пад назвай «Kova» (па-беларуску: Змаганьне), на якой была адлюстравана бітва паміж вершнікам (Віціс) і польскім Арлом[49]. Убачаная скульптура абурыла Станіслава Яроцкага, які быў прыхільнікам польска-літоўскага паразуменьня. Яроцкі паводле сьведчаньняў публічна разарваў каталёг выставы[50]. У той жа час Станіслаў Яроцкі захапляўся літоўскі мастацтвам і высока ацэньваў літоўскіх мастакоў, мастацкую тэхніку Мікалоюса Чурлёніса параўноўваў да японскай[51][52].

З 1911 году ён актыўна займаўся гарцэрствам(pl)[k], арганізаваў у Вільні гняздо “Сокалаў”(pl)[53][54]. У спартовай залі «Сокалаў» праводзіў мастацкія выставы[55]. У 1907—1912 гадах кіраваў адьдзелам выяўленчага мастацтва «Таварыства сяброў навук»[l] у Палацу Пшэздзецкіх(pl)[56][57].

З 1931 г. сябра Віленскага таварыства выяўленчых мастакоў. Таксама быў сябрам Нацыянальнай лігі(pl)[m] з 1906 году[58].

Пражываў у Вільні ва ўласнай кватэры ў доме Юзэфа Монтвіла[n] на Лукішках[o].

Праект Дому Адама Міцкевіча й удзел у рэканструкцыях

рэдагаваць
 
Праект дому «Адама Міцкевіча» ў Вільні аўтарства Станіслава Яроцкага

У 1900—1902 гадах займаўся кансэрвацыяй фрэсак у капліцы сьв. Казімера(pl) ў віленскай катэдры [61][62]. У 1906—1912 быў ініцыятарам і актыўным удзельнікам рэканструкцыі Касьцёлу Сьв. Міхала ў Вільні[63][64]. У 1905 годзе быў апублікаваны праект Станіслава Яроцкага па ўшанаваньні памяці Адама Міцкевіча ў Вільні ў выглядзе «Дома Міцкевіча»[65]. Генрык Масьціцкі(pl) пісаў пра гэты праект так:

  Мастаку-жывапісцу Станіславу Яроцкаму прыйшла ў галаву шчасьлівая ідэя аб’яднаць усе ідэі й заснаваць «Дом імя Міцкевіча», у якім маглі б разьмясьціцца бясплатная школа, бібліятэка й музэй Міцкевіча. Альбо ў апсыдзе будынка, альбо на фоне будынку павінна быць разьмешчана статуя паэта. Увесь народ павінен спрычыніцца да «Дому Міцкевіча» ў Вільні, няхай усе нашы сэрцы й розумы зліюцца тут на гонар вялікага Адама[66].  

Этнаграфічнай дзейнасьць

рэдагаваць
 
Графіка «Працэсыя на Жамойці» 1878 году мастака Станіслава Віткевіча(pl) — адзін зь першых прыкладаў выяўленьня літоўскіх крыжоў у мастацтве

Быў актывістам Польскага краязнаўчага таварыства(pl), выдаў даведнік «Ваколіцы Вільні» (1925)[67], напісаў артыкулы пра народную творчасьць, помнікі культуры Вільні[68]. Замалёўваў паўсядзённасьць жыхароў Віленшчыны[69][70][71]. З 1931 г. удзельнічаў у дзейнасьці Віленскага таварыства мастакоў. Удзельнічаў у выставах у Таварыстве заахвочваньня мастацтваў(pl) і ў салёне Аляксандра Крывульта(pl) ў Варшаве, у Вільні, ў Львове й Закапанэ. Ён таксама ўдзельнічаў у выставах у Рыме (1897) і Вэнэцыі (1932). Цікавіўся тэмай рэканструкцыі й аднаўленьня Віленскага, Троцкага, Медніцкага, Наваградзкага, Мірскага замкаў[72]. Шмат вандраўваў па тэрыторыі старажытных местаў гістарычнай Літвы, цікавіўся й замаляўваў прадметы народнай культуры, неаднакроць наведваў Трокі, Залесьсе, Жупраны, Беніцу й Ашмяны, краявідамі якіх захапляўся. Адразу па прыезьдзе ў Вільню ў мастак на вакацыі выязжаў у Палац ў Залесьсі[73]. Палац быў на той момант ужо занядбаны, але, тым ня менш, уразіў мастака. Недалёка ад Палацу Агінскіх знаходзілася мястэчка Беніца, якое мастак часта наведваў.

У 1901 годзе Станіслаў Яроцкі напісаў артыкул аб драўляных прыдарожных крыжах на тэрыторыі Літвы й Жамойці, вылучыў стыль крыжоў у асблівы «літоўска-жамойцкі» й параўнаў гэты стыль з закапанскім[74]. У 1910 годзе мастак малюе карціну «Сьвятая Жамойція», прысьвечанай прыдарожным крыжам. Цікавасьць Станіслава Яроцкага да прыдарожных крыжоў і каплічак натхніла іншых дасьледнікаў на вывучэньне дадзенай зьявы[75][76], распаўсюджанай на тэрыторыі сучаснай Летувы й Заходняй Беларусі. Таксама тэма прыдарожны крыжоў натхніла летувіскіх мастакоў. Мастак Антанас Жмуйдзінавічус малюе ў 1910 годзе карціну «Dzūkų kaimelis»[p], дзе каля дрэва бачым прыдарожны крыж [77]. У 1913 годзе Антанас Жмуйдзінавічус стварыў карціну «Regėjimas»[q][78], дзе на фоне Пагоні, што ўзыходзіла нібы сонца, стаялі прыдарожныя крыжы, што сымбалізавала, як пашану традыцыям, так і адраджэньне летувіскага народу. Мікалоюс Чурлёніс стварыў у 1909 годзе асобную карціну прысьвечаную прыдарожным крыжам «Žemaičių kapinės»[r][79]. Архэёляг і этнограф Міхал Брэнштэйн(pl) пад уплывам Яроцкага напісаў працу: «Krzyże i kapliczki żmudzkie: materyały do sztuki ludowej na Litwie»[s][80]. Цікава, што ў мястэчку Беніца і ваколіцах, якія так часта наведваў Яроцкі, таксама распаўсюджаны прыдарожныя крыжы. Беларускі дасьледнік Зьміцер Скварчэўскі зьвярнуў увагу на адну цікавую асаблівасьць Беніцы: Варта зьвярнуць увагу на такую зьяву, як драўляныя прыдарожныя крыжы, якія завяршаюцца паўсфэрай (фактычна той жа самы «парасон»), якія сустракаюцца ў Маладэчанскім (в. Беніца, Рэдзькі) і Ашмянскім (в. Карабы, Міхайлоўшчына, Цюпішкі) раёнах. Было б цікава ўдакладніць іх геаграфію і суаднесьці з арэалам камянёў з «парасонамі»[81].

Успаміны аб мастаку

рэдагаваць
 
Станіслаў Яроцкі, Аўтапартрэт, 1904

Досыць грунтоўны ўспамін аб мастаку пакінула яго вучаніца Яніна Путкамэр-Жаўтоўская[t]:

  Спробы маляваньня гіпсаў, відаць, атрымліваліся ўдалымі, бо пасьля нашага вяртаньня ў вёску, Яроцкі стаў прыязджаць у Бальценікі[u] кожныя два тыдні. Вечарам на «горцы» я малявала з натуры мадэлі, але толькі галовы, а калі прыходзіла вясна, выходзілі рабіць алейныя замалёўкі пэйзажаў. Яроцкага лічылі мастаком, ён даваў лекцыі ў віленскіх школах, выстаўляў уласныя карціны на мясцовых выставах, лекцыі, здавалася, плянаваліся з розумам і дбайнасьцю, і калі б я была адорана талентам у вялікіх памерах, я абавязкова знайшла бы выхад з гэтых павярхоўных і нездавальняючых пачаткаў. Усё, што я рабіла, выклікала захапленьне й хвалу, і гэта мяне яшчэ больш бянтэжыла, таму што я, вядома, не разумела, што нічому не вучуся й ніколькі не прагрэсую. Часам мая маці казала: канчай!, а для мяне гэта азначала больш-менш тое самае, што: размаўляй па-кітайску правільна. Толькі праз шмат гадоў я зразумела, што занятак гэты быў пустым дылетантызмам, а галоўная яго прывабнасьць — у сядзеньні на вуліцы, перад зялёным полем з калыхаючымся жытам ці пад квітнеючай яблыняй.

У Бальценіках Яроцкага заўсёды сустракалі як прыемнага госьця. Cумленнасьць і звычайная ветлівасьць ішлі побач зь няведаньнем характараў, што ўжо належыла да кола традыцыйных уяўленьняў, у якім загразьлі ўсе. Праўда, мой бацька ніколі не абмяняўся зь Яроцкім больш чым некалькімі ветлівымі словамі, але мой бацька дома выконваў ролю асобнага, таямнічага чалавека, у якім пастаянна тлела крыўда. Яроцкі клапаціўся пра мастацтва гэтак жа, як жыхары Вільні пра брахманскую рэлігію. У яго, можа, і была цяжкая маладосьць, але ён пра гэта зусім не згадваў. Здаецца, у вучобе яму дапамагалі некаторыя заможныя сваякі ў Кароне, але ён пра гэта маўчаў. Ён атрымаў адукацыю ў Мюнхэне, калі там квітнела плеяда польскіх жывапісцаў, такіх як Кавальскі(pl) й непараўнальны Брант, і ён ніколі не згадваў іх, нават вялікага Хэлмонскага(pl). Я наўмысна згадваю жывапісцаў сталай славы, бо венскае «мастацтва» й Кракаўская акадэмія былі яшчэ новымі. Яроцкі меў «сапліцаўскі[v]» густ, але не зь першапачатковага натхненьня, а са злосьці й крыўды. Ён расказаў, што, калі ехаў па Швайцарыі, яму так надакучылі горы, што ён апусьціў штору ў вагоне й заснуў. Зь хітрасьцю, тыповай для людзей зь невялікім талентам, але поўных самалюбства, ён стварыў тып самога сябе, і ён навязаў гэты тып зь велізарнай маніяй вялікасьці. Невысокага росту, з дужымі вусамі й арліным носам; апранаўся характэрна ў капялюш са сьветлага фільцу, укладзенага набакір, хадзіў у пляшчы з закапанскай палкай для хады зь сякеркай на канцы палкі. Ён высьмейваў модных прэрафаэлітаў, маю слабасьць да Раскіна, Тыцыян быў для яго састарэлым, у ім не было й сьледу добрага густу, і выгляд прыгожага прадмета яго зусім не кранаў. Ён прапаведаваў скрайнія й дэмакратычныя погляды, пры гэтым падкрэсьліваў, што сам паходзіў з аднаго са старэйшых родаў, прагісторыя якога сягала да Попеля[w] у Яроціне, роду Яроцкіх. Ён ганарыўся сваёй стойкасьцю духу, атлетызмам, сілай і асабліва сваім уплывам на патрыятычна настроеную моладзь, даваў зразумець, што знаходзіцца ў кроку ад самай сур’ёзнай змовы, але кіраваўся асьцярожнасьцю й разважлівасьцю. Набліжаліся часы волі, розныя навіны хадзілі па, здавалася, спарахнелай Вільні. Яроцкі расказаў, што ў яго ёсьць запасы зброі й боепрыпасаў і што на фехтаваньне да яго ходзіць «моладзь». Часам здаецца, што ён трымае ўсіх пад сваёй уладай пад вышэйшым і высакародным уплывам. Ён ненавідзеў кожнага багатага паніча, і ніхто з нас не падазраваў, што крыніцай гэтай нянавісьці была рэўнасьць. Ён працягнуў абразы й сарказм у адрас тых, хто «дзеля жарту, езьдзіў брычкамі на гумах альбо перасядалі ў кабарэце Шумана». Тыя, крычаў ён, хто сядзіць у Шумана, ніколі ня будуць належаць да руху. На роўні з залатой моладзю, ён пагарджаў кампаніяй, «такая пані Леска[x]», — паўтараў ён з пагардай. Вельмі спрытна ён знайшоў мішэнь для сваіх кпінаў у маладым пане Катоўскім, які быў худы, дробны й трохі кволы, насіў высокія й вузкія каўняры й, відаць, танцаваў толькі зь дзяўчатамі, аб якіх ведаў, як іхніх маткі з дому. Паводле Яроцкага, пані Леска, падавала толькі два пальцы й цягнула словы. На гэтым фоне дэгенератаў вылучаўся сам Яроцкі тым, што арганізоўваў моладзевыя вандроўкі па Вільні, насіў заплечнікі, спыняўся каля вогнішча, як напамін пра паўстанцкія адзьдзелы. Той жа Яроцкі прывозіў у Бальценікі нелегальную літаратуру й невялікія сшыткі «Польскай нацыянальнай думкі», надрукаваныя на тонкай паперы. Каштоўнасьць для яго мела толькі кантрабандная літаратура, іншая літаратура не магла будзіць духу. Праўда, у Вільні казалі, што ён ня меў вялікага ўплыву на моладзь, альбо страціў яго, як толькі хлопцы вырасьлі й зусім перасталі яго слухаць. Разважаньні такога кшталту ў Бальценіках былі блізкія да паклёпу. Я таксама ніколі не даведалася ці Яроцкі быў чалавекам тайнай арганізацыі. Я думаю, што ён належаў да «заржэўцаў(pl)», а можа, да ««зэтаўцаў(pl)», бо калі нацыянал-дэмакратыя пачала актыўна ўдзельнічаць у палітыцы, ён адышоў ад яе й працягваў весьці ўласную партызанку пад лёзунгам «збор ў лесе». І ўсё ж, нягледзячы на некампэтэнтнасьць настаўніка, гэтыя лекцыі жывапісу былі напоўнены чарамі, я ніколі не магла выйсьці за вузкія рамкі эскізу й самага лёгкага для перадачы ўражаньня. Усялякія недахопы Яроцкага кампэнсаваліся дабрачыннай і вясковай прыгодай. Я сядзела з палітрай у руцэ перад мальбэртам і глядзела на зьменлівыя аблокі, на цёмную паласу лясоў, якія акружалі гарызонт, на ярка-зялёны веснавы луг. Кожны раз, як падказаў Раскін, я адчувала сваю маленькасьць і ні з чым не параўнальную прыгажосьць навакольных колераў і формаў. Мне асабліва падабаліся паездкі на досьвітку, каб зафіксаваць наступствы ранішняга сонца, залатыя палосы аблокаў на ўсходзе, раптоўны бляск сонца, якое ўзыходзіць над беняконскім лесам, а таксама адлюстраваньне й цішыню зямлі перад тым, як людзі дабяруцца уверх. Седзячы на нізкім зэдліку, я патанаў у паху расы й палявых траваў. Потым я вярнулася дадому пад пякучымі промнямі сонца й моцна адчула розьніцу паміж паветранай прасторай неабсяжных палёў і кампактнай шчыльнасьцю й ажыўленасьцю сядзібы. Я зноў занурылася ў яго арганічную адметнасьць, у яго расьліннае багацьце, у яго гронкі дрэваў, у каштоўную смарагдавую зеляніну яго лугоў, у глыбіню яго ценяў, у пышныя формы яго кветак. Я зьела кавалак хлебу грубага памолу, выпіла шклянку халоднага малака й заснула у паўзмроку пакоя, фіранкі якога варушыў лёгкі вецер, прасякнуты ранішняй маладосьцю, толькі каб прачнуцца ў звычайны дзень, ужо згаслы ў сваёй штодзённасьці.[82].

 

У той жа час цікавыя ўспаміны, дзе ўзгадваецца Станіслаў Яроцкі пакінуў бацька знакамітага польскага гісторыка Стэфана Кіневіча(pl), Антоні Кіневіч, які паходзіў зь вёскі Дарашэвічы. Антоні Кіневіч узгадваў, што лецкыі Яроцкага падабаліся студэнтам і «Януся» (Яніна Путкамэр-Жаўтоўская) вельмі любіла гэтыя лекцыі й праяўляла дужыя здольнасьці ў гэтым накірунку[83]. Мастачка й настаўніца Яўгенія Сянкевіч-Пшыялгоўская(pl), вучаніца Станіслава Яроцкага ўзгадвала яго лекцыі зь цеплынёй:

  Пасьля рэвалюцыі я хадзіла у мастацкую клясу па вуліцы С... якраз у падворку ля тэатра (раней называўся Лютняй), гэту школу стварыў віленскі дабрадзей Монтвіл. Я там тры гады была, у альбоме ёсьць сьведчаньне. Лектарам быў улюбёнец студэнтаў Станіслаў Яроцкі. Ён так горача перадаваў нам свае веды й так прыязна ставіўся да нас, што кожны аддаў бы за яго жыцьцё. Першапачаткова малявала на гэтых занятках фігуры, а потым перайшла ў апошні кляс маляваньня галоў і аголеных. Там разам працавалі хлопцы й дзяўчаты... Па нядзелях і сьвятах у гэтай школе ўсе вучні зьбіраліся ў майстэрні Яроцкага й Яроцкі маляваў з намі партрэты старэйшых і маладых людзей. Там людзе супольна працавалі аж да 10... а потым Яроцкі сказаў, што ён больш ня можа мяне вучыць і каб я ехала вучыцца ў Кракаў. Яшчэ Яроцкі казаў мне цэлы месяц маляваць аголеную фігуру хлопца, каб я прызвычаілася, бо ў Кракаве я магу ўпасьці ад сораму на ўступным экзамене, калі нейкі дзіўны прафэсар будзе правяраць маю працу. Мастакі Шэйна й Бабятынская раней вучыліся ў Яроцкага й ужо мелі выставы. Шмат хто вучыўся ў нас, але ўсіх цяжка ўспомніць. Вельмі здольнымі былі Аляксандар Жылка, Ішора, Вазьніцкі, Нарэмскі, але яны сталі архітэктарамі, лекарамі, але не мастакамі. Русецкая й Станкевіч былі здольнымі й, хіба, сталі мастачкамі.[84]  

Мастак Станіслаў Роліч, які навучаўся ў Станіслава Яроцкага, узгадваў, што да захапленьня мастацтвам яго заахвоціў Станіслаў Яроцкі[85]. Паводле Станіслава Роліча, Яроцкі нагадваў Юзэфа Пілсудзкага: у яго быў востры арліны нос і густыя вусы[85]. Асацыяцыю зь Пілсудзкім дапаўняла форма ваенізаванай спартовай арганізацыі «Сокал», якую Яроцкі насіў падчас школьных экскурсій: чорная кашуля, пінжак, шорты колеру хакі, кепка зь дзюбай, спартовы абутак й шарсьцяная вопратка да каленяў, шкарпэткі[85]. Яроцкі ўмеў заўважыць і заахвоціць нават самыя маленькія пробліскі мастацкіх здольнасьцяў, і пад яго апекай Станіслаў Роліч адчуў, што знайшоў свой шлях[85]. На працягу ўсяго жыцьця ён з удзячнасьцю ўспамінаў ацэнкі Яроцкага «выдатна» і дэманстраваў свае першыя спробы маляваньня на выставах, якія праводзіліся ў школьных калідорах[85].

Зоф’я Дэмбоўская-Ромэр пакінула аб Станіславе Яроцкім такі ўспамін:

  Пару дамоў далей[y], у адным з капітульных дамоў у дзядзінцы была цудоўная мастацкая майстэрня. Калісьці арандаваў яе мастак Яроцкі, ня той “вялікі” Яроцкі(pl) з Кракаву, але наш, віленскі, празваны “Кунігунда Яроцкі” з-за грубай палкі для хады, якую заўсёды насіў і якая называлася Кунігунда.[86]  

Чэслаў Мілаш потым узгадываў, што мянушка Яроцкага «Кунігунда» была ўсё ж «алюзыяй» да гомасэксуальнасьці мастака[87]. Польскі мастак Яўстах Пяткевіч[z] даваў высокую ацэнку творчасьці Станіслава Яроцкага:

  «Станіслаў Яроцкі не фанатычна капіюе ўбачанае, а паэтызуе, стварае настрой, падае цікавыя моманты з насычанымі танамі, тонкімі пераходамі ад ценю да сьвятла»[89][90].  

Творчасьць

рэдагаваць

У яго жывапісе пераважаюць пэйзажы. Акрамя алейнага жывапісу выкарыстоўваў пастэль. Алейнымі фарбамі й пастэльлю маляваў пэйзажы, партрэты, бытавыя й сымбалічныя палотны, рэлігійныя карціны[91]. Удзельнічаў у выставах у Варшаве, Кракаве, Вільні, Менску, Пецярбурзе, Львове, Закапанэ, Рыме (1897), Маскве, Познані, Вэнэцыі (1932)[92]. Сярод найбольш ацэненых працаў мастака былі палотны на італьянскую тэматыку[93] «Ля ўваходу ў катакомбы», «У садах Баргезэ»[94]. Таксама карціны на гістарычную тэматыку: «Ценям Касьцюшкі»[aa][95].

Найбольш вядомыя пэйзажы мастака: «Цішыня», «Вячэрні настрой» (абодва 1898), «Вясна», (1900), «Пэйзаж» (1903), «З ваколіцаў Ашмяны», «Сьвятая Жамойція» (1910), татранскі цыкль[ab] пэйзажаў (1924—1925)[ac]: Гевонт[ad], Скала Сарня[ae], Збуецкая Турня[af], а таксама — партрэты («Аўтапартрэт», 1904), тэматычныя кампазыцыі («Шчасьце чалавека», 1909—1913).

Погляды на нацыянальнасьць

рэдагаваць

Станіслаў Яроцкі паходзіў з тэрыторыі Польшчы, нарадзіўся ў Варшаве. Пасьля пераезду ў Вільню доўгі час вандраваў па тэрыторыі Літвы, Жамойці. Палюбіў народную культуру летувісаў і беларусаў. Займаўся вывучэньнем народнай культуры беларусаў Віленскай губэрні[97][98]. Быў знаёмы й супрацоўнічаў зь Янам Луцкевічам, шанаваў Францішка Багушэвіча. Яго погляды на пытаньне нацыянальнасьці на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага былі блізкія да ідэяў краёўцаў. Спрачаўся з прадстаўнікамі летувіскага нацыянальнага руху аб пытаньні, паводле якога мова была фундаментальнай для ідэнтычнасьці нацыі[99]. Лічыў, што польскамоўных пісьменьнікаў можна лічыць сапраўднымі летувісамі. Аб Адаме Міцкевічы выказываўся наступным чынам:

  Безумоўна, мы называем яго літоўскім мастаком, і гэта ў старым, добрым сэнсе Міцкевіча, які не саромеўся называць Літву сваёй Радзімай, хаця ў яго жылах не было ані кроплі літоўскай крыві[100].  

Фотагалерэя

рэдагаваць

Навуковыя артыкулы і публіцыстыка Станіслава Яроцкага

рэдагаваць
  • Stanisław Jarocki, Krzyże na Żmujdzi i Litwie, «Tygodnik Ilustrowany», 1901, nr. 18.
  • Stanisław Jarocki, Kościół św. Piotra w Wilnie, «Tygodnik Ilustrowany», 1901, nr. 22, s. 435.
  • Stanisław Jarocki, Z legend wileńskich, «Tygodnik Ilustrowany», 1902, nr. 11, s. 207.
  • Stanisław Jarocki, Posąg św. Jacka w Wilnie, «Tygodnik Ilustrowany», 1902, nr. 15, s. 293.
  • Stanisław Jarocki, Dziesięciolecie Szkoły rysunkowej w Wilnie, «Tygodnik Ilustrowany», 24, 1/6, 1904, nr. 6.
  • Stanisław Jarocki, Dom Mickiewicza w Wilnie, «Tygodnik Ilustrowany», 1906, nr. 11, s. 218.
  • Stanisław Jarocki, Druga litewska wystawa sztuk pięknych, «Goniec wileński», 03. 14. 1908.
  • Stanisław Jarocki, Zdobnictwo ludowe w gubernii wilenskiej, «Tygodnik Ilustrowany», 1911, Nr. 35, s. 690—691.
  • Stanisław Jarocki, Okolice Wilna: z 23 ilustracjami w tekście i mapką, Wilno: nakł. i druk. Józefa Zawadzkiego, 1925.

Літаратура

рэдагаваць
  1. ^ У літаратуры сустракаюцца іншыя даты нараджэньня мастака: 1872[8] ці 1879[9][10] год.
  2. ^ Гімнастычнае таварыства «Sokół» - піянэрская арганізацыя фізычнага выхаваньня й спорту ў Польшчы. Найстарэйшае польскае гімнастычнае таварыства, сябры якога ўнесьлі, між іншым, вялікі ўнёсак у справу папулярызацыі гімнастыкі ў польскім грамадзтве, заснаваньня шматлікіх спартовых клюбаў і Польскага скаўцкага зьвязу. «Sokół» дзейнічаў на тэрыторыі Расейскай, Аўстра-Вугорскай, Германскай імпэрыяў, пасьля аднаўленьня незалежнасьці Польшчы й на працягу ўсяго міжваеннага пэрыяду. Пасьля Другой сусьветнай вайны быў забаронены камуністамі й забаронены ў часы Польскай Народнай Рэспублікі. Першыя гнёзды адноўленага «Sokół» пачалі зьяўляцца толькі пасьля падзеньня камунізму ў Польшчы ў 1989 годзе.
  3. ^ Чытальня знаходзілася пры Caffe Grecco на Via Condotti.
  4. ^ Працоўня Баляслава Русецкага ў Вільні знаходзілася па вуліцы Бакшта (па-летувіску: Bokšto gatvė).
  5. ^ Гады актыўнай дзенайнасьці таварыства: 1899—1907, у 1907 годзе таварыства спыніла сваё існаваньне.
  6. ^ Таварыства аматараў старажытнасьці і этнаграфіі, вядомае як археалягічны гурток. Яго сябры галоўнай сваёй мэтай паставілі збор народных рэліквій, культурных пажыткаў, а таксама іх абарону ад зьнішчэньня альбо вывазу зь Вільні. Памятаючы, які лёс напаткаў Віленскую археалягічную камісыю й музэй старажытнасьці, сваю арганізацыю не рэгістравалі й працавалі кансьпіратыўна. Рэгулярныя пасяджэньні праходзілі ў прыватных дамах сябраў. Праект стварэньня такой арганізацыі ўзьнік у 1898 годзе, а ініцыятарамі былі Люцыян Узембла (1864-1942), літаратар, калекцыянер і аматар старажытнасьці Вільні; Станіслаў Булгароўскі (1872-1935), адвакат і натарыюс, і Станіслаў Мураўскі, горны інжынер. Кіраўніцтва было ўтворана ў маі 1899 г. Першым старшынёй стаў Казімер Падэрня (1842-1910), гісторык і дасьледчык віленскіх помнікаў, бібліятэкарам - Людвік Чаркоўскі (1855-1928), потым працаваў бібліятэкарам унівэрсытэта імя Стэфана Баторыя; кансэрватарам помнікаў - Уладзіслаў Загорскі (1858-1927), сакратаром і скарбнікам - Люцыян Узембла. Праз шэсьць месяцаў кіраўніцтва зьмянілася, старшынёй абралі Вандаліна Шукевіча, сакратаром застаўся Станіслаў Яроцкі (1879-1944), мастак; скарбнікам - Францішак Юрэвіч (1850-1924), бібліятэкарам - Люцыян Узембла, а пасьля яго - Адам Карповіч (1842-1914). Гурток функцыянаваў да 1906 году, і на працягу гэтага часу яго сябрамі былі каля трыццаці асобаў, галоўным чынам прадстаўнікі віленскай інтэлігенцыі. Гэта былі пісьменьнікі, мастакі, юрысты, некалькі выдаўцоў кніг, дзеячы асьветы, сярод іх Браніслаў Умястоўскі (1863-1933), купцы й інжынеры. Сябры гуртка імкнуліся падняць патрыятычны настрой і прыцягнуць да супрацоўніцтва шырокія колы грамадзкасьці й з гэтай мэтай арганізоўвалі ўрачыстасьці падчас народных сьвят, эcкурсыі ў гістарычныя мясьціны: у Трокі, на Вілію, у Наваградак, уводзілі звычай аздабленьня й асьвячэньня ў дзень памерлых могілак заслужаных людзей для народнай гісторыі й культуры. Таксама займаліся кансэрвацыяй могілак віленскіх прафэсараў на Росе й на Бернардынскіх могілках. Арганізоўвалі лекцыі й гутаркі для моладзі й навучэнцаў гімназый. У часопісе ”Пад’ём” (”Pobódka”) зьмяшчалі артыкулы па тэматыцы ”інвэнтарызацыі помнікаў далёкай мінуўшчыны”. Прадметам клопату археалягічнага гуртка была кансэрвацыя жывапісу ў старых касьцёлах Вільні. У гэтай справе падтрымлівалі кантакт з выдатным прапаведнікам і гісторыкам ксяндзом-прэлатам Янам Курчэўскім, які дапамагаў ім уплываць на духоўную сьвядомасьць тых, хто спрабаваў аднавіць унутранае ўбранства касьцёлаў. Сябры гуртка служылі дарадцамі падчас аднаўленьня касьцёлаў і прадметаў, якія мелі мастацкую каштоўнасьць, а Францішак Юрэвіч, Станіслаў Яроцкі й Вацлаў Макоўскі (1854-1922) самі працавалі пры ачышчэньні фрэсак у капліцы Сьвятога Казімера. Пад уплывам стараньня археалягічнага гуртка магістрат Вільні выдаліў зь вежы, якая знаходзілася на замкавай гары, сыгналізацыю, а знутры яе - кавярню. Адным з найважнейшых заданьняў, якое рэалізоўваў археалягічны гурток, было выратаваньне ад поўнага зьнікненьня руін замка, які знаходзіўся на востраве ў Троках. Аб’ект ператвараўся ў руіны, а цэґлу зь яго муроў выкарыстоўвалі для будаўніцтва жыхары найбліжэйшага навакольля. Афіцыйным гаспадаром на падставе дамовы арэнды з горадам Трокі стаў Вандалін Шукевіч. Ён таксама атрымаў як вядомы дасьледчык згоду ад царскай Археалягічнай камісыі зь Пецярбурга на вядзеньне археалягічных дасьледаваньняў у замку й на востраве, а таксама на правядзеньне рамонтных прац на помніках даўніны. Стараньні сябраў археалягічнага гуртка выклікалі зацікаўленасьць і дапамогу польскай і летувіскай грамадзкасьці.
  7. ^ Сакратаром Таварыства аматараў старажытнасьці і этнаграфіі першапачаткова быў ўласна адзін з галоўных ініцыятараў арганізацыі дадзенага таварыства Люцыян Узембла, які сышоў потым з пасады з-за канфлікту са Станіславам Яроцкім, пасьля чаго Станіслаў Яроцкі й стаў сакратаром таварыства[23].
  8. ^ Арганізацыя Кол самаадукацыі па-польску: organizacja Kół Samokształcenia была створана Станіславам Яроцкім у 1899 годзе й дзейнічала 18 гадоў, у яе дзейнасьці сярод іншых прымаў удзел беларускі дзеяч Вацлаў Ластоўскі[29].
  9. ^ Віленскае таварыства «Асьвета» паўстала яшчэ ў 1890 годзе дзякуючы Міхалу Вэнслаўскаму(pl)[38].
  10. ^ Таварыствы «Асьвета» - польскія грамадзкая арганізацыі, якая былі заснаваны на тэрыторыі Расейскай імпэрыі. Да 1907 году таварыствы дзейнічала ў кансьпірацыі, у 1907—1909 гадах — легальна, пазьней — зноў у кансьпірацы. Задачай «Асьветы» было выхаваньне мясцовых жыхароў (асабліва дзяцей) у духу «польскасьці» — галоўным чынам праз арганізацыю і падтрымку прыватнай польскамоўнай і рэлігійнай (каталіцкай) адукацыі. Таварыствы ўхілялася ад палітызацыі сваёй дзейнасьці, афіцыйна дэкляруючы толькі асьветніцка-культурныя мэты[39], але само распаўсюджаньне польскай мовы і падтрымка каталіцызму выклікалі нэгатыўную рэакцыю і перасьлед з боку афіцыйнай расейскай улады, бо ўваходзілі ў супярэчаньне зь неафіцыйнай (пасьля ўвядзеньня ў 1905 годзе законаў аб верацярпімасьці і свабоды друку на роднай мове) палітыкай ураду па русіфікацыі Заходняга краю Расейскай імпэрыі. Гэта стала галоўнай нагодай для самаскасаваньня таварыстваў ў 1909 годзе і пераходу яго на нелегальныя ўмовы работы. Найбольш вядомыя падобныя таварыствы на тэрыторыі Беларусі былі ў Менску, Нясьвіжы(pl). Акрамя таго, як адзначае польская дасьледніца Стэфанія Валасэк на тэрыторыі Віленскай губэрні (сучасная тэрыторыя Беларусі й Летувы) дзеячамі «Асьветы» быў створаны цэлы шэраг перадшколаў па-польску: Ochronkowe Koło, у тым ліку , ў Смаргонях, Глыбокім, ў Гальшанах, ў Эйшышках, ў Панявежу, ў Кернаве, ў Косьцевічах, ў Параф’янаве, ў Жалудку, ў Жосьлях, ў Кашадарах[40][41]. У адкрыцьці дадзеных перадшколаў дзейны ўдзел прымаў Станіслаў Яроцкі, Людвіка Жыцкая, Эма Дмахоўская і іншыя дзеячы віленскай «Асьветы».
  11. ^ Гарцэрства - польскі грамадзка-асьветніцкі й пэдагагічны рух, які быў часткай скаўцкага руху.
  12. ^ У Таварыстве сяброў навук Станіслаў Яроцкі супрацоўнічаў зь беларускім нацыянальным дзеячом Янам Луцкевічам.
  13. ^ Нацыянальная ліга - тайная палітычная арганізацыя, якая дзейнічала ў 1893–1928 гадах, была цэнтрам нацыянальна-дэмакратычнага руху палякаў на тэрыторыі Расейскай, Аўстра-Вугорскай і Германскай імпэрыяў.
  14. ^ Дом захаваўся, сучасны адрас дому Монтвіла: Vilnius, J. Tumo-Vaižganto gatvė 6[59].
  15. ^ Цікава, што дом, у якім жыў Станіслаў Яроцкі, вылучаўся ў шэрагу суседніх будынкаў архітэктурным стылем мадэрн і сваім флюгерам з выявай крылатага гусара[60].
  16. ^ Па-беларуску назва гучыць, як “Хутар у Дзукіі”, па-польску: “Przysiółek w Dzukii”.
  17. ^ Па-беларуску назва гучыць, як “Візыя” ці “Зданьне”, па-польску: “Wizja”.
  18. ^ Па-беларуску назва гучыць, як “Жамойцкія могілкі”, па-польску: “Cmentarz żmudzki”.
  19. ^ Па-беларуску назва гучыць, як “Жамойцкія крыжы і каплічкі: матэрыялы да народнага мастацтва на Літве”.
  20. ^ Яніна была з роду Путкамэраў, прыходзілася роднай унучкай каханай Адама Міцкевіча Марылі Верашчацы.
  21. ^ Радавы маёнтак Путкамэраў, роду, зь якога паходзіла Яніна.
  22. ^ Г. зн. шляхетны густ, Сапліцы - гэта маёнтак роду Сапліцаў у паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», выразам сапліцаў падкрэсьваліся шляхетныя якасьці пэрсанажаў паэмы Тадэвуша й Судьдзі з роду Сапліцаў. Рэальныя Сапліцы - гэта колішняя шляхецкая ваколіца, якая ўжо не існуе. Радавы маёнтак Райца Яніны Путкамэр, аўтаркі ўспамінаў, знаходзіўся побач Сапліцаў і належаў калісьці брату каханай Адама Міцкевіча МарыліЮзэфу Верашчаку. У 1897 годзе Верашчакі прадалі маёнтак Путкамэрам (унукам Марылі). У 1910 годзе яго атрымала ў пасаг дачка Яніна, пабраўшыся шлюбам з прафэсарам Кракаўскага ўнівэрсытэту Адамам Жултоўскім.
  23. ^ Попель II (Папелек; памёр у 843) — апошні легендарны князь палян з дынастыі Папелідаў, сын Попеля I.
  24. ^ Ікона Маці Божай зь Леска. Па легендзе, абраз Лескай Божай Маці быў створаны звышнатуральным чынам. Мяркуецца, што яго знайшоў русінскі селянін на ствале сьсечанага дуба на Лескаўскіх могілках. Пра праўдзівасьць гэтай легенды сьведчыць той факт, што мясцовы грэка-каталіцкі сьвятар загадаў выкапаць куфар як цудатворны й у 1517 годзе ўклаў яго ў алтар могілкавай царквы ў Леску. Абраз знаходзіўся ў левай частцы іканастаса, а калі па невядомых прычынах была разбурана першая царква, Леская Божая Маці была перанесена ў т.зв. загарадную царкву, разьмешчаную ў Пасадзе Леску на беразе ракі Сан, па-за кампактнай забудовай горада, якая існавала да пасьляваенных часоў.
  25. ^ Маецца на ўвазе: пару дамой далей ад пачатку вуліцы ”Skopówka”(lt) ў Вільні.
  26. ^ Яўстах Пяткевіч – польскі мастак і сцэнограф, апрацоўваў сцэнаграфію да пастаноўкі “Дзядоў” (1908 г.), “Жыгімонта Аўгуста(pl)” (1909 г.), “Балядыны(pl)” і інш.[88].
  27. ^ Карціна захоўваецца ў Летувіскім Нацыянальным Мастацкім музэі.
  28. ^ Тэма горных масіваў цікавіла й натхняла мастака, вядомыя таксама замалёўкі мастаком Карпатаў[96].
  29. ^ Дадзены цыкль Станіслаў Яроцкі прадставіў на выставе ў Варшаве ў 1925 г.
  30. ^ Гевонт (па-польску: Giewont) - горны масіў у Заходніх Татрах вышынёй 1895 м над узроўнем мора й даўжынёй 2,7 км. Яе галоўная вяршыня, Вялікі Гевонт, звычайна лічыцца найвышэйшай вяршыняй Заходніх Татраў, якая цалкам знаходзіцца ў Польшчы.
  31. ^ Скала Сарня (па-польску: Sarnia Skała) - вяршыня ў горным поясе Заходніх Татраў, паміж далінай Бялы й далінай Стражыскай, вышынёй 1378 м. (паводле папярэдніх вымярэньняў, 1377 м.
  32. ^ Па-польску: Zbójecka Turnia; Turnia з гуральскай гаворкі(pl) перакладаецца, як вострая вяршыня, скала зь вельмі стромкімі альбо вэртыкальнымі сьценамі.
  1. ^ Henryka Ilgievič, Vilniaus senovės ir mokslo mylėtojai XX amžiaus pradžioje, Vilnius: LKTI, 2019, 344 p., p. 216.
  2. ^ Józef Marian Poklewski, Polskie życie artystyczne w międzywojennym Wilnie, Wydawnictwo Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, Toruń, 1994, s. 89
  3. ^ Henryka Ilgiewicz, Societates Academicae Vilnenses Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907-1939) i jego poprzednicy Warszawa Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego 2008, s. 143.
  4. ^ Stanisław Jarocki z Jaroszyna h. Rawicz
  5. ^ Polski Słownik Biograficzny t. 10 s. 634 Jarocki Stanisław
  6. ^ Emmanuel Swieykowski, Pamiętnik Towarzystwa Przyjaciół Sztuk Pięknych w Krakowie 1854—1904, Kraków 1905
  7. ^ Meno albumas «Peizažo erdvė» (I tomas). Sud. N. Tumėnienė. Vilnius, LAWIN, 2010, P. 88.
  8. ^ Stanislovas Jarockis
  9. ^ Stanislovas Jarockis (Stanisław Jarocki)
  10. ^ Mieczysław Jackiewicz, Wileński słownik biograficzny (wydanie drugie poszerzone). — Bydgoszcz: Zaklad Poligraficzny SPRINT Tomasz Toczkiewicz, 2008. — С. 172. — 605 с. — ISBN 978-83-87865-59-7
  11. ^ Łukasz Ziemowit Ignacy Jarocki z Jaroszyna h. Rawicz
  12. ^ Wanda Salomea Aldona Gościcka z Gościc h. Lubicz
  13. ^ Zofia Jarocka z Jaroszyna h. Rawicz
  14. ^ Józef Marian Poklewski, Polskie życie artystyczne w międzywojennym Wilnie, Wydawnictwo Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, Toruń, 1994, s. 59
  15. ^ Henryka Ilgiewicz, Societates Academicae Vilnenses Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907—1939) i jego poprzednicy Warszawa Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego 2008, s. 142.
  16. ^ Emmanuel Swieykowski, Pamiętnik Towarzystwa Przyjaciół Sztuk Pięknych w Krakowie 1854—1904, Kraków 1905
  17. ^ Andrzej Romanowski, Pozytywizm na Litwie: polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864—1904, Kraków : «Universitas», 2003. — 485 s, s. 217.
  18. ^ S. Jarocki, Dziesięciolecie Szkoły rysunkowej w Wilnie, «Tygodnik Ilustrowany» 24 1/6 n 1904, nr 6.
  19. ^ Stanislovas Jarockis (Stanisław Jarocki)
  20. ^ N. Rouba: Wystawa wilenska, «Prawda» 4/16 IX 1899, nr 37.
  21. ^ Uzięblo L., Malarstwo wileńskie, Biesiada literacka, 1899, I, Nr. 15, s. 290.
  22. ^ Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 142.
  23. ^ Anita Magowska, Działalność naukowa i oświatowa Polaków w Wilnie w latach 1899—1915 w świetle listów Elizy Orzeszkowej i Lucjana Uziębło do Władysława Zahorskiego, Acta Medicorum Polonorum — Nr 7/2017, Zeszyt 1., s. 91.
  24. ^ Мар’яна Магдалена Бломберг, Вандалін Шукевіч. Сын лідскай зямлі — даследчык і грамадскі дзеяч. Варшава: Таварыства польскай культуры на Лідчыне; 2010, С. 60-62.
  25. ^ Henryka Ilgiewicz, Societates Academicae Vilnenses Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907—1939) i jego poprzednicy Warszawa Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego 2008, s. 129—130.
  26. ^ Andrzej Romanowski, Pozytywizm na Litwie: polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864—1904, Kraków : «Universitas», 2003. — 485 s, s. 313.
  27. ^ Henryka Ilgievič, Vilniaus senovės ir mokslo mylėtojai XX amžiaus pradžioje, Vilnius: LKTI, 2019, 344 p., p. 89-90.
  28. ^ Kurjer Wileński 1924, nr 25 (25 lipca), L-wislaw, O Kołku Miłośników wiedzy o Kraju, s. 2
  29. ^ Ludwіka Życka, Krótki rys dziejów tajnej oświaty polskiej na ziemi wileńskiej od 1880 do 1919, Wilno, 1932, s. 19.
  30. ^ Stefania Walasek, Polska oświata w guberni wileńskiej w latach 1864—1915 — Kraków: Impuls, 2003. — 178 s. S. 100.
  31. ^ Myslicki L, Zarys historii walk o oswiatą polską w Wileńszczyznie i Mińszczyznie, Warszawa 1930, s. 6.
  32. ^ Andrzej Romanowski, Pozytywizm na Litwie: polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864—1904, Kraków : «Universitas», 2003. — 485 s, s. 306.
  33. ^ M. Zakrzewska, Jarocki Stanislaw, [w:] Słownik, t. 3, s.236-237
  34. ^ Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 31.
  35. ^ Henryka Ilgiewicz, Societates Academicae Vilnenses Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907—1939) i jego poprzednicy Warszawa Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego 2008, s. 326.
  36. ^ Inesa Szulska, Współpraca wileńskiego artysty i publicysty Stanisława Jarockiego z «Tygodnikiem Ilustrowanym» (1899—1914) Rocznik historii prasy polskiej T. XXV (2022) Z. 3 (67), ISSN 1509-1074, s. 28.
  37. ^ Andrzej Romanowski, Pozytywizm na Litwie: polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864—1904, Kraków : «Universitas», 2003. — 485 s, s. 308.
  38. ^ Henryka Ilgiewicz, Wileńskie towarzystwa i instytucje naukowe w XIX wieku. — Toruń: Wydawnictwo Adam Marszalek, 2005. — С. 39. — 468 с. — ISBN 83-7441-158-9
  39. ^ Ustawa Polskiego Towarzystwa "Oświata" w Wilnie Wilno : [s.n., 1906 (Wilno : Józef Zawadzki), 1906.]
  40. ^ Stefania Walasek, Polska oświata w guberni wileńskiej w latach 1864–1915 – Kraków: Impuls, 2003. – 178 s. S. 118-119.
  41. ^ Myslicki L, Zarys historii walk o oswiatą polską w Wileńszczyznie i Mińszczyznie, Warszawa 1930, s. 9-10.
  42. ^ Andrzej Romanowski, Pozytywizm na Litwie: polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864—1904, Kraków : «Universitas», 2003. — 485 s, s. 299—300.
  43. ^ Henryka Ilgiewicz, Societates Academicae Vilnenses Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907—1939) i jego poprzednicy Warszawa Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego 2008, s.27.
  44. ^ Henryka Ilgievič, Vilniaus senovės ir mokslo mylėtojai XX amžiaus pradžioje, Vilnius: LKTI, 2019, 344 p., p. 17.
  45. ^ Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 33.
  46. ^ U., Wystawa sztuki graficznej, Kurjer litewski, 1908, 11. 04.
  47. ^ Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 35.
  48. ^ Zycka L., Wystawa krajobraz polski, Gazeta codzienna, 1912 05.27.
  49. ^ Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 60.
  50. ^ Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 61.
  51. ^ Jarocki S., Druga litewska wystawa sztuk pięknych, Goniec wileński, 1908 03.14.
  52. ^ Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 77.
  53. ^ Mieczysław Jackiewicz, Wileński słownik biograficzny (wydanie drugie poszerzone). — Bydgoszcz: Zaklad Poligraficzny SPRINT Tomasz Toczkiewicz, 2008. — С. 172. — 605 с. — ISBN 978-83-87865-59-7
  54. ^ Józef Marian Poklewski, Polskie życie artystyczne w międzywojennym Wilnie, Wydawnictwo Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, Toruń, 1994, s. 60
  55. ^ Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 35.
  56. ^ Mieczysław Jackiewicz, Wileński słownik biograficzny (wydanie drugie poszerzone). — Bydgoszcz: Zaklad Poligraficzny SPRINT Tomasz Toczkiewicz, 2008. — С. 172. — 605 с. — ISBN 978-83-87865-59-7
  57. ^ Henryka Ilgievič, Vilniaus senovės ir mokslo mylėtojai XX amžiaus pradžioje, Vilnius: LKTI, 2019, 344 p., p. 140.
  58. ^ Stanіsław Kozіckі, Hіstorіa Lіga Narodowa (perіod 1887—1907), London 1964, s. 575.
  59. ^ Montvilos kolonija Lukiškėse
  60. ^ D. Pocevičius, 100 istorinių Vilniaus reliktų nuo XIV a. iki 1944 m., Vilnius, 2016, p. 540–548
  61. ^ Henryka Ilgievič, Vilniaus senovės ir mokslo mylėtojai XX amžiaus pradžioje, Vilnius: LKTI, 2019, 344 p., p. 96.
  62. ^ Mieczysław Jackiewicz, Wileński słownik biograficzny (wydanie drugie poszerzone). — Bydgoszcz: Zaklad Poligraficzny SPRINT Tomasz Toczkiewicz, 2008. — С. 172. — 605 с. — ISBN 978-83-87865-59-7
  63. ^ Henryka Ilgiewicz, Societates Academicae Vilnenses Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907—1939) i jego poprzednicy Warszawa Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego 2008, s. 160.
  64. ^ Henryka Ilgievič, Vilniaus senovės ir mokslo mylėtojai XX amžiaus pradžioje, Vilnius: LKTI, 2019, 344 p., p. 101.
  65. ^ Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 40.
  66. ^ H. Mościcki, Pomnik Mickiewicza w Wilnie, „Tygodnik Ilustrowany” 1906, nr 11, s. 218.
  67. ^ Stanisław Jarocki, Okolice Wilna : z 23 ilustracjami w tekście i mapką, Wilno : nakł. i druk. Józefa Zawadzkiego, 1925.
  68. ^ Mieczysław Jackiewicz, Wileński słownik biograficzny (wydanie drugie poszerzone). — Bydgoszcz: Zaklad Poligraficzny SPRINT Tomasz Toczkiewicz, 2008. — С. 172. — 605 с. — ISBN 978-83-87865-59-7
  69. ^ Prowincjusz z Wileńszczyzny
  70. ^ Prowincjusz z Wileńszczyzny w restauracji
  71. ^ Przerażony mężczyzna szarpany przez szlachcica i księdza
  72. ^ Лорэнц Станіслаў. Віленскі альбом (Вільня, творчая інтэлігенцыя, краёўцы) // Наша слова.pdf № 37 (89), 13 верасня 2023.; № 38 (90), 20 верасня 2023.; № 39 (91)
  73. ^ Emmanuel Swieykowski, Pamiętnik Towarzystwa Przyjaciół Sztuk Pięknych w Krakowie 1854—1904, Kraków 1905
  74. ^ Jarocki St., Krzyże na Żmujdzi i Litwie, «Tygodnik Ilustrowany» 1901, nr 18.
  75. ^ Inesa Szulska, Współpraca wileńskiego artysty i publicysty Stanisława Jarockiego z «Tygodnikiem Ilustrowanym» (1899—1914) Rocznik historii prasy polskiej T. XXV (2022) Z. 3 (67), ISSN 1509-1074, s. 35.
  76. ^ Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 81.
  77. ^ Dzūkų kaimelis
  78. ^ Regėjimas
  79. ^ Litewska opowieść Mikalojusa Konstantinasa Čiurlionisa
  80. ^ Michał Eustachy Brensztejn, Krzyże i kapliczki żmudzkie: materyały do sztuki ludowej na Litwie, Kraków, 1906.
  81. ^ Скварчэўскі, Д. Камяні з выявай знака ў выглядзе восі з паўсферай: да праблемы паходжання, арэала, класіфікацыі і датавання / Д. Скварчэўскі // Беларускі фальклор. Матэрыялы і даследаванні. — 2017. — Выпуск 4. — С. 52.
  82. ^ Janina z Puttkamerow Żółtowska Inne czasy, inni ludzie, Londyn 1959, s. 89.
  83. ^ Antoni Kiniewicz Nad Prypecią, dawno temu…: wspomnienia zamierzchłej przeszłości, Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1989, 557 s., s. 233.
  84. ^ E. Sienkiewicz‑Przyałgowska, Wspomnienia, s. 3
  85. ^ а б в г д Nacių režimo nepabūgęs Stanisławas Roliczius: su Hitleriu kovojo savo kūriniais
  86. ^ Zofia Dembowska – Romer, Wspomnienia z Wilna sprzed pierwszej wojny światowej, S.6.
  87. ^ Czeslaw Milosz, autoportret przekorny, Rozmowy przeprowadzil A. Fiut, Krakow 1988, s. 213.
  88. ^ Eustachy Pietkiewicz
  89. ^ Pietkiewicz E., Z salonu Richlinga, I, Przegląd wileński, 1914, Nr. 21-22, s. 13.
  90. ^ Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 36.
  91. ^ Jerzy Malinowski, Wileńskie środowisko artystyczne 1919—1945 (Kultura artystyczna Wilna 1893—1945), Biuro Wystaw Artystycznych w Olsztynie, Olsztyn 1989, s.18.
  92. ^ Inesa Szulska, Współpraca wileńskiego artysty i publicysty Stanisława Jarockiego z «Tygodnikiem Ilustrowanym» (1899—1914) Rocznik historii prasy polskiej T. XXV (2022) Z. 3 (67), ISSN 1509-1074, s. 29.
  93. ^ Vilniaus paveikslų galerijoje atidaroma paroda «Po Italijos saule. XVIII a.-XX a. I pusės Lietuvos dailininkų kūryba»
  94. ^ «Po Italijos saule. XVIII—XX a. I pusės Lietuvos dailininkai Italijoje» Istorinė apžvalga, Katalogas, I dalis, Lietuvos dailės muziejus, Vilnius, 2019, P. 159.
  95. ^ Inesa Szulska, Współpraca wileńskiego artysty i publicysty Stanisława Jarockiego z «Tygodnikiem Ilustrowanym» (1899—1914) Rocznik historii prasy polskiej T. XXV (2022) Z. 3 (67), ISSN 1509-1074, s. 29.
  96. ^ Karpaty : góry Czarnogorskie
  97. ^ Jarocki S., Zdobnictwo ludowe w gubernii wilenskiej, Tygodnik illustrowany, 1911, Nr. 35, p. 690—691.
  98. ^ Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 67.
  99. ^ Laima Laučkaitė, Vilniaus dailė XX amžiaus pradžioje, Vilnius: Baltos lankos, 2002, 207 p., p. 54.
  100. ^ J. Obst (1913c): Od Redakcji, Litwa i Ruś, październik–grudzień, s. 154.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць