Таварыства аматараў старажытнасьці і этнаграфіі ў Вільні
Тавары́ства ама́тараў старажы́тнасьці й этнагра́фіі[a] (па-польску: Towarzystwo miłośników starożytności i ludoznawstwa, па-летувіску: Senovės ir etnografijos mylėtojų draugija) — польская навукова-асьветніцкая арганізацыя, таксама вядомая як Археалягічны гурток (па-польску: Kółko Archeologiczne). Створаная ў 1899 годзе ў Вільні Станіславам Булгароўскім, Станіславам Мураўскім, Люцыянам Уземблам. У 1907 годзе арганізацыя спыніла сваё існаваньне.
Таварыства аматараў старажытнасьці і этнаграфіі | |
Лідэр партыі | Станіслаў Булгароўскі, Станіслаў Мураўскі, Люцыян Узембла |
---|---|
Заснавальнік | Люцыян Узембла |
Дата заснаваньня | 1899 |
Распушчаная | 1907 |
Штаб-кватэра | Вільня |
Колькасьць | 21 асоба ў 1899 г., 12 - у 1907 г. |
Дзейнасьць
рэдагавацьСябры Таварыства галоўнай сваёй мэтай паставілі збор народных рэліквій, культурных пажыткаў, а таксама іх абарону ад зьнішчэньня альбо вывазу зь Вільні. Памятаючы, які лёс напаткаў Віленскую археалягічную камісыю й музэй старажытнасьці, сваю арганізацыю не рэгістравалі й працавалі кансьпіратыўна. Рэгулярныя пасяджэньні праходзілі ў прыватных дамах сябраў. Праект стварэньня такой арганізацыі ўзьнік у 1898 годзе, а ініцыятарамі былі Люцыян Узембла (1864—1942), літаратар, калекцыянер і аматар старажытнасьці Вільні; Станіслаў Булгароўскі (1872—1935), адвакат і натарыюс, і Станіслаў Мураўскі, горны інжынер, а арганізацыйны збор сход адбыўся ў доме Браніслава Мураўскага[1][2]. Кіраўніцтва было ўтворана ў маі 1899 г. Першым старшынёй стаў Казімер Падэрня (1842—1910), які паходзіў з ваколіцаў Лепеля, гісторык і дасьледчык віленскіх помнікаў, бібліятэкарам — Людвік Чаркоўскі (1855—1928), потым працаваў бібліятэкарам унівэрсытэта імя Стэфана Баторыя; кансэрватарам помнікаў — Уладзіслаў Загорскі (1858—1927), сакратаром і скарбнікам — Люцыян Узембла. Праз шэсьць месяцаў кіраўніцтва зьмянілася, старшынёй абралі Вандаліна Шукевіча, сакратаром застаўся Станіслаў Яроцкі (1879—1944), мастак; скарбнікам — Францішак Юрэвіч (1850—1924), бібліятэкарам — Люцыян Узембла, а пасьля яго — Адам Карповіч (1842—1914).
Гурток функцыянаваў да 1906 году, і на працягу гэтага часу яго сябрамі былі каля трыццаці асобаў, галоўным чынам прадстаўнікі віленскай інтэлігенцыі. Гэта былі пісьменьнікі, мастакі, юрысты, некалькі выдаўцоў кніг, дзеячы асьветы, сярод іх Браніслаў Умястоўскі (1863—1933), купцы й інжынеры. Сябры гуртка імкнуліся падняць патрыятычны настрой і прыцягнуць да супрацоўніцтва шырокія колы грамадзкасьці й з гэтай мэтай арганізоўвалі ўрачыстасьці падчас народных сьвят, экскурсіі ў гістарычныя мясьціны: у Трокі, на Вілію, у Наваградак, уводзілі звычай аздабленьня й асьвячэньня ў дзень памерлых могілак заслужаных людзей для народнай гісторыі й культуры. Таксама займаліся кансэрвацыяй могілак віленскіх прафэсараў на Росе й на Бернардынскіх могілках. Арганізоўвалі лекцыі й гутаркі для моладзі й навучэнцаў гімназый[3][4]. У часопісе «Пад’ём» («Pobódka») зьмяшчалі артыкулы па тэматыцы «інвэнтарызацыі помнікаў далёкай мінуўшчыны». Прадметам клопату археалягічнага гуртка была кансэрвацыя жывапісу ў старых касьцёлах Вільні. У гэтай справе падтрымлівалі кантакт з выдатным прапаведнікам і гісторыкам ксяндзом-прэлатам Янам Курчэўскім, які дапамагаў ім уплываць на духоўную сьвядомасьць тых, хто спрабаваў аднавіць унутранае ўбранства касьцёлаў. Сябры гуртка служылі дарадцамі падчас аднаўленьня касьцёлаў і прадметаў, якія мелі мастацкую каштоўнасьць, а Францішак Юрэвіч, Станіслаў Яроцкі й Вацлаў Макоўскі (1854—1922) самі працавалі пры ачышчэньні фрэсак у капліцы Сьвятога Казімера. Пад уплывам стараньня археалягічнага гуртка магістрат Вільні выдаліў зь вежы, якая знаходзілася на замкавай гары, сыгналізацыю, а знутры яе — кавярню. Адным з найважнейшых заданьняў, якое рэалізоўваў археалягічны гурток, было выратаваньне ад поўнага зьнікненьня руін замка, які знаходзіўся на востраве ў Троках. Аб’ект ператвараўся ў руіны, а цэґлу зь яго муроў выкарыстоўвалі для будаўніцтва жыхары найбліжэйшага навакольля. Афіцыйным гаспадаром на падставе дамовы арэнды з горадам Трокі стаў Вандалін Шукевіч. Ён таксама атрымаў як вядомы дасьледчык згоду ад царскай Археалягічнай камісыі зь Пецярбурга на вядзеньне археалягічных дасьледаваньняў у замку й на востраве, а таксама на правядзеньне рамонтных прац на помніках даўніны. Стараньні сябраў археалягічнага гуртка выклікалі зацікаўленасьць і дапамогу польскай і летувіскай грамадзкасьці.[5][6]
Сакратаром Таварыства аматараў старажытнасьці і этнаграфіі першапачаткова быў ўласна адзін з галоўных ініцыятараў арганізацыі дадзенага таварыства Люцыян Узембла, які сышоў потым з пасады з-за канфлікту са Станіславам Яроцкім, пасьля чаго Станіслаў Яроцкі й стаў сакратаром таварыства[7].
У 1900 годзе зь ініцыятывы Станіслава Яроцкага грошы з Таварыства аматараў старажытнасьці і этнаграфіі былі зафундаваны на памятную табліцу Францішку Багушэвічу з партрэтам ў жупранскім Касьцёле[8].
Дзеячы
рэдагавацьНайбольш значнымі прадстаўнікамі Таварыства былі:
- Станіслаў Булгароўскі — юрыст
- Станіслаў Мураўскі — горны інжынэр
- Люцыян Узембла — краязнаўца
- Станіслаў Яроцкі
- Браніслаў Мураўскі — горны інжынэр
- Браніслаў Малеўскі — інжынэр з Трокаў
- Казімер Падэрня — гісторык
- Людвік Чаркоўскі — бібліятэкар
- Вандалін Шукевіч — археоляг
- Уладзіслаў Загорскі
- Міхал Вэнслаўскі
- Адам Карповіч
- Францішак Юрэвіч
- Браніслаў Умястоўскі
- Стэфан Сырвід
- Люцыян Марачэўскі
- Вацлаў Міхневіч
- Балеслаў Русецкі
- Зыгмунт Нагродзкі[b]
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Пад тэрмінам ludoznawstwo у польскай мове XIX-пачатку XX стст. трэба разумець навуковую дысцыпліну пад назвай этнаграфія.
- ^ Пра Зыгмунта Нагродзкага беларускі дзеяч Антон Луцкевіч узгадваў пазытыў, узгадваў, што ён быў пад вялікі ўражаньнем, калі атрымаў ад Юзэфа Пілсудзкага першае выданьне вершаў Багушэвіча «Дудка беларуская»[9].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Henryka Ilgiewicz, Societates Academicae Vilnenses Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907—1939) i jego poprzednicy Warszawa Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego 2008, s. 129—130.
- ^ Andrzej Romanowski, Pozytywizm na Litwie: polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864—1904, Kraków : «Universitas», 2003. — 485 s, s. 313.
- ^ Henryka Ilgiewicz, Societates Academicae Vilnenses Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907—1939) i jego poprzednicy Warszawa Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego 2008, s. 129—130.
- ^ Andrzej Romanowski, Pozytywizm na Litwie: polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864—1904, Kraków : «Universitas», 2003. — 485 s, s. 313.
- ^ Мар’яна Магдалена Бломберг, Вандалін Шукевіч. Сын лідскай зямлі — даследчык і грамадскі дзеяч. Варшава: Таварыства польскай культуры на Лідчыне; 2010, С. 60-62.
- ^ Henryka Ilgievič, Vilniaus senovės ir mokslo mylėtojai XX amžiaus pradžioje, Vilnius: LKTI, 2019, 344 p., p. 89-90.
- ^ Anita Magowska, Działalność naukowa i oświatowa Polaków w Wilnie w latach 1899—1915 w świetle listów Elizy Orzeszkowej i Lucjana Uziębło do Władysława Zahorskiego, Acta Medicorum Polonorum — Nr 7/2017, Zeszyt 1., s. 91.
- ^ Kurjer Wileński 1924, nr 25 (25 lipca), L-wislaw, O Kołku Miłośników wiedzy o Kraju, s. 2
- ^ Зыгмунт Нагродзкі і яго адносіны да беларусаў
Літаратура
рэдагаваць- Мар’яна Магдалена Бломберг, Вандалін Шукевіч. Сын лідскай зямлі — даследчык і грамадскі дзеяч. Варшава: Таварыства польскай культуры на Лідчыне; 2010
- Henryka Ilgiewicz Wileńskie towarzystwa i instytucje naukowe w XIX wieku. — Toruń: Wydawnictwo Adam Marszalek, 2005. — С. 39. — 468 с. — ISBN 83-7441-158-9 (пол.)
- Andrzej Romanowski, Pozytywizm na Litwie: polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864—1904, Kraków : «Universitas», 2003. — 485 s. (пол.)
- Henryka Ilgiewicz, Societates Academicae Vilnenses Towarzystwo Przyjaciół Nauk w Wilnie (1907—1939) i jego poprzednicy Warszawa Ministerstwo Kultury i Dziedzictwa Narodowego 2008 (пол.)
- Henryka Ilgievič, Vilniaus senovės ir mokslo mylėtojai XX amžiaus pradžioje, Vilnius: LKTI, 2019, 344 p., il, lent. ISSN 2351-4728 (лет.)