Тадэвуш Сапліца

пэрсанаж „Пана Тадэвуша“

Тадэвуш Сапліца — галоўны герой эпічнай паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», сын Яцака Сапліцы, пляменьнік Судзьдзі, спадчыньнік Сапліцава. Малады, прыгожы, закаханы ў Зосю, уплятаецца ў пэрэпэтыі каханьня зь яе апякункай Талімэнай. У рэшце рэшт заручаецца з Зосяй.

Тадэвуш Сапліца, якога закрывае ягоны бацька, Яцак Сапліца. Сцэна «Бітва» з паэмы «Пан Тадэвуш», выкананая з слановай косьці для аздабленьня шкатулкі з чорнага дрэва, якая прызначалася для захоўваньня рукапісу паэмы. Праца разьбяра Юзафа Бжастоўскага 1873 году на аснове рысунка Юліюша Косака, захоўваецца ў Нацыянальным Інстытуце імя Асалінскіх ва Ўроцлаве.

Дзяцінства

рэдагаваць

Сын Яцака Сапліцы. Нарадзіўся, верагодна, у 1791 годзе. Тадэвушам яго назвалі ў гонар Тадэвуша Касьцюшкі, нацыянальнага героя вайны 1792 году (адзін са шматлікіх анахранізмаў у паэме, сын Яцака нарадзіўся на год раней да таго, як слава Касьцюшкі разыйшлася па ўсёй Літве). Рана асірацеў. Бацька, уцякаючы за мяжу даручыў выхаваньне сына свайму малодшаму брату. Тадэвуш, перакананы ў бацькавай сьмерці, падрастае, атачоны клопатам да яго ўсіх жыхароў Сапліцава. Малы Сапліца выклікае спачуваньні нават у Гервазы.

Скончыў вучобу ў Віленскім унівэрсытэце. У час завязкі сюжэту Тадэвушу ўжо дваццаць год, вяртаецца са школы па выкліку Судзьдзі, свайго дзядзькі. Тадэвуш малады й прыгожы. Убачыўшы Зосю ўпершыню, адразу ж у яе закахаўся. Ад бацькоў у спадчыну атрымаў чэрствасьць і фізычную моц, як і ўсе ў родзе Сапліцы, якія, як вядома, былі крэпкія, дужыя, моцныя й здатныя да салдацкае службы, але менш ахвочыя да навукі. Тадэвуш не адрозьніваўся ад сваіх продкаў:

Тадэвуш ад дзядоў сваіх не адрадзіўся:
І пешшу мог хадзіць, і на каня садзіўся.
Тупы не быў, ды ад вучобы ўзяў не многа,
Хоць дзядзька для яго не шкадаваў нічога.
Ён ахватней страляў ці шабляй забаўляўся,
Бо для вайсковай службы змалку рыхтаваўся,
Каб быць у згодзе з бацькавай апошняй воляй.

— Адам Міцкевіч, Пан Тадэвуш, 9 кніга, 390—394

У часы навучаньня Тадэвуш ірвецца перадусім да «сваволі» і свабоды. Каханьне да Зосі, саперніцтва з Храбям, агульнае паляваньне — ва ўсёй гэтай мітусьні Тадэвуш да канца ня можа ўцяміць, што стрэўся пад адным дахам з Яцакам, сваім сапраўдным бацькам. Але бацька да апошняга моманту не дазваляе раскрыць сваю таямніцу.

Малады патрыёт, які шануе абрады й традыцыі, нясе таксама новыя вартасьці — падчас урачыстых заручынаў ён распрыгоньвае сялянаў:

Мы вольныя, хай будуць вольнымі й сяляне,
Аддайма ім зямлю на вечнае ўладанне,
Бо за яе яны крывавай працай плацяць
І цэлыя вякі ўсіх кормяць і багацяць.

— Адам Міцкевіч, Пан Тадэвуш, 12 кніга, 509—512

Далейшы лёс

рэдагаваць

Тадэвуш вяртаецца ў Сапліцава ўжо афіцэрам (з рукою на перавязі), хутка яго адкамандыроўваюць у дзевятнаццаты полк уланаў, які фармуецца ў Наваградку. Пра гэты полк вядома толькі тое, што ён браў удзел у маскоўскім паходзе і быў разьбіты пад Сераковам. Падчас расфармаваньня палка ў 1814 годзе там засталося толькі 5 афіцэраў, 22 жаўнера й унтэр-афіцэра. З гэтага, і ранейшага ўпамінаньня вынікае, што Тадэвуш не застаўся на бацькоўскай зямлі. Невядома, ці памёр, ці эміграваў, ці, як і шматлікія, уцёк, каб не паказвацца на вочы ўладзе й схаваўся дзесьці ў далёкіх сваякоў.

У тэатры

рэдагаваць

У спектаклі «Пан Тадэвуш» рэжысёра Мікалая Пінігіна (2014) ролю Тадэвуша выконвае Павал Харланчук.