Эма Дмахоўская (па-польску: Emma Dmochowska, у дзявоцтве Яле́нская; 29 лютага 1864, вёска Камаровічы, Мазырскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя — 24 студзеня 1919, Вільня) — польская і беларуская пісьменьніца, фальклярыстка, этнографка, асьветніца[1].

Эма Дмахоўская
Emma z Jeleńskich Dmochowska
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Emma Jeleńska
Псэўданімы Elian
Нарадзілася 29 лютага 1864(1864-02-29)
Памерла 24 студзеня 1919(1919-01-24) (54 гады)
Пахаваная
Бацькі Зыгмунт-Гектар Яленскі[d]
Амелія з Аскеркаў[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьніца
Мова польская мова, расейская мова і беларуская мова
Дэбют 1897
Значныя творы Panienka (1899), Bociany (1908), Jak odłamana gałąź (1914)

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Належала да каталіцкага шляхецкага роду Яленскіх гербу «Корчак», прадстаўнікі якога мелі значныя маёнткі ў Наваградзкім ваяводзтве і Мазырскім павеце ВКЛ, дзе і займалі высокія земскія пасады, адносячыся да рэгіянальнай эліты. У часы Расейскай імпэрыі Яленскія адносіліся да рэгіянальнай эліты Менскай губэрні і мелі значныя маёнткі ў Слуцкім, Мазырскім і Рэчыцкім паветах Менскай губэрні[2].

Эма Нарадзілася 28 лютага 1864 г. у вёсцы Камаровічы ў сям’і сярэднезаможнага земляўласьніка Мазырскага павету Менскай губэрні Жыгімонта-Гектара Казіміравіча Яленскага (1824—1871) і ягонай жонкі Амэліі (Анэлі) Эмільеўны Аскеркі, якая паходзіла з роду рэгіянальнай эліты Рэчыцкага павету ВКЛ і Рэчыцкага павету Менскай губэрні (Расейская імпэрыя). Бацька Амэліі Аскеркі — Эміль Паўлавіч Аскерка — быў родным братам Баляслава Паўлавіча Аскеркі (1822—1896), мазырскага павятовага маршалка (1862—1863) і паўстанца 1863 году. Бацька Эмы Жыгімонт-Гектар Яленскі валодаў значным маёнткам Камаровічы ў Мазырскім павеце Менскай губэрні[2].

Поўнае імя, якое дзяўчынка атрымала пры хросьце 7 сакавіка 1864 г. у касьцёле ў мястэчку Капаткевічы (якое належала іншым прадстаўнікам роду Яленскіх) Мазырскага павету, было «Эмілія-Казіміра Жыгімонтаўна-Гектараўна-Маркаўна Яленская»[3].

Атрымала хатняе выхаваньне і адукацыю — пад наглядам маці і прыватных настаўнікаў[2].

У 1890 г. выйшла замуж за двараніна Расейскай імпэрыі Казіміра Дмахоўскага (1856—1939), які быў лекарам. Сям’я дзяцей ня мела. Пасьля шлюбу Эма ўзяла прозьвішча мужа і пераехала на жыхарства ў Вільню[3].

У Вільні сям’я Дмахоўскіх падтрымлівала блізкія таварыскія кантакты з графамі Тышкевічамі, Лапацінскімі, князямі Агінскімі, Ромэрамі, Карыбут-Дашкевічамі і іншымі ўплывовымі сем’ямі Віленскай губэрні і Вільні. Эма была таксама знаёмая зь пісьменьніцамі Элізай Ажэшкай і Канстанцыяй Скірмунт[3].

З 1908 г. Эма Дмахоўская рэдагавала віленскую польскамоўную газэту «Zorza Wileńska», а пасьля закрыцьця гэтай газэты расейскімі ўладамі — рэдагавала з 1909 г. газэту «Jutrzenka», якую паставіла на высокі журналісцкі ўзровень. Дмахоўская неаднаразова ўваходзіла ў спрэчкі з афіцыйнымі расейскімі ўладамі і цэнзурай, што аднойчы скончылася палітычным судовым працэсам і вязьненьнем (з 29 кастрычніка па 30 сьнежня 1911 г.) у віленскай турме ў Лукішках. Яшчэ больш актыўную дзейнасьць у справе падтрымкі польскамоўнага навучаньня і ўмацоўваньня пазыцыяў польскай мовы Дмахоўская разгарнула з пачаткам Першай сусьветнай вайны і заняцьцем Вільні і Віленскай губэрні нямецкімі войскамі, дзейнічала ў поўным паразуменьні з польскім Адукацыйным камітэтам, які кіраваў справамі польскай асьветы ў акупаванай Віленшчыне. Дмахоўская таксама стала заснавальніцай і старшынёй Патрыятычнага саюзу полек, які падтрымліваў ідэю ўключэньня Вільні і Віленшчыны ў склад Польшчы, а не Летувы[4].

Эма Дмахоўская памерла ад пнэўманіі ў Вільні 24 студзеня 1919 г. і была пахаваная на мясцовых могілках Росы[2].

Творчасьць рэдагаваць

У літаратурных творах яна закранала маральныя і сацыяльныя праблемы, прыхільнасьць да роднай зямлі, шляхецкія традыцыі. Ейныя творы перакладзеныя на нямецкую, чэскую і расейскую мовы[3].

Яленская як пісьменьніца працягвала традыцыі Баляслава Пруса і Элізы Ажэшкі. Для ўсіх ейных аповесьцей характэрная займальная фабула, прыгожы аповяд і вобразнасьць, зьвязанасьць з шляхецкімі традыцыямі — і адсюль вырашэньне праблемы заўсёды ў духу пунктуальнай маральнасьці і з альтруістычнага пункту гледжаньня (карысьці і службы ўсяму грамадзтву)[5].

Першая аповесьць «Жоўтыя ружы» (закранала становішча жыдоў у родным краі) была высока ацэненая Чэславам Янкоўскім, але не была нідзе надрукаваная. Першым друкаваным творам стала навэля «З Літвы», у якой Эма распавядала пра гвалтоўны перавод каталікоў у «Літве» (г.зн. у Паўночна-Заходнім краі) у праваслаўе пасьля задушэньня паўстаньня 1863—1864 гг. у краі, — яна была надрукаваная ў 1889 г. пазнаньскай газэце «Wielkopolanin»[5].

Апрача літаратурнай дзейнасьці зьбірала фальклёрны матэрыял. Запісала 11 сшыткаў народных песень, склала два рукапісныя зборнікі — казак, сабраных у Мазырскім, Рэчыцкім і Наваградзкім паветах Менскай губэрні (62 творы ў рукапісе, выдадзеныя ў 1976 г. пад назвай «Беларускі казачны эпас»), і «Песьні, прыслоўі і загадкі з Камаровічаў»[6].

Асаблівую ўвагу надала адлюстраваньню гісторыі, геаграфіі і культуры сваёй роднай вёскі Камаровічы. У этнаграфічнай працы «Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце» (1891), выдадзенай спачатку ў часопісе «Wisła» і пасьля асобнай кніжкай у Варшаве ў 1892 г., з замілаваньнем апісала жыцьцёвы ўклад, традыцыі, працоўную дзейнасьць і эстэтычныя погляды камаровіцкіх сялянаў[6].

У францускім часопісе «La tradition» («Традыцыя») у 1894—1895 гг. было надрукавана ейнае дасьледаваньне «Палескі фальклёр» і 8 беларускіх народных песень у перакладзе на францускую мову. У тым жа часопісе «La tradition» (сакавік-красавік 1895 г.) Яленская надрукавала і сваё дасьледваньне пра вёску Камаровічы «Un village en Polésie» («Вёска на Палесьсі») у перакладзе на францускую мову[7].

Шырокая літаратарская дзейнасьць пачалася пасьля 1897 г., калі на конкурсе газэты «Kurier Codzienny» Эма атрымала першы прыз (узнагароду) за аповесьць «Паненка»[8]. Пасьля былі напісаныяь аповесьць «Двор у Галінішках» (1899), надрукаваная ў газэтах «Kurier Codzienny», «Nowa Reforma» і ў кніжным варыянце; аповесьць «Віленская кальварыя» (1903), надрукаваная ў часопісе «Tygodnik Ilustrowany» і асобнай кніжкай у Вільні ў друкарні Завадзкага ў 1903 г.; аповесьць «Ад каханьня» (1903) — у часопісе «Dobra Gospodyni», газэце «Kurier Lwowski» і асобнай кніжкай у 1909 г.; аповесьць «Буслы» (1908) — у газэце «Słowo» і ў зборніку «Буслы», куды ўвайшло некалькі навэляў («Буслы», «Трыюмфатар», «У день патрона», «Пры лямпе», «Пантофэлькі» і інш.); аповесьць «Пярсьцёнкі» (1907) і «Жанчына, пуху марны» (1909) — у газэце «Kurier Litewski» і асобнымі кніжкамі. У кніжных варыянтах выйшлі ейныя аповесьці «Юбілей» (1911), «Роза і муха», «Тры пакаленьні» (1913), «Як адламаная галінка» (1914). Аповесьць «Маці» была апублікаваная ў 1922 г. — ужо пасьля сьмерці аўтаркі[6].

Публікавала некаторыя свае артыкулы і аповесьці ў газэце «Kurier Litewski» — адным з самых папулярных польскамоўных пэрыядычных выданьняў таго часу ў літоўска-беларускіх губэрнях[6].

У 1951 годзе ўсе ейныя творы ў Польшчы былі цалкам цэнзураваныя і забароненыя ў бібліятэках і кнігарнях[9].

Творы рэдагаваць

  • 1899: Panienka,
  • 1903: Dwór w Haliniszkach,
  • 1903: Z miłości,
  • 1903: Kalwarya pod Wilnem,
  • 1904 — Syn (п’еса),
  • 1907 — Obrączka,
  • 1908 — Bociany (зборнік навэляў),
  • 1909 — Kobieto, puchu marny...,
  • 1911 — Jubileusz i inne nowele (зборнік навэляў),
  • 1912 — Krzywda (п’еса),
  • 1913 — Trzy pokolenia,
  • 1914 — Jak odłamana gałąź,
  • 1922 — Matka.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Tadeusz Wolsza, Towarzystwo Oświaty Narodowej (1899-1905), w: Kwartalnik Historyczny, 1987, nr. 2, s. 94.
  2. ^ а б в г Inesa Szulska, Działalność oświatowa Emmy Jeleńskiej-Dmochowskiej na Wileńszczyźnie w latach 1890-1919, Magazyn Wileński, 12.03.2021, http://www.magwil.lt/material,dzialalnosc-oswiatowa-emmy-jelenskiej-dmochowskiej-na-wilenszczyznie-w-latach-1890-1919,665.html
  3. ^ а б в г Kościałkowski, St. Dmochowska Emma z Jeleńskich / St. Kościałkowski // Polski Słownik Biograficzny. — Kraków, 1939—1946. — T. V. Dąbrowski Henryk Jan — Dunin Piotr Stanisław. — S. 201—202.
  4. ^ Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — Санкт-Пецярбург : Неўскі прасцяг, 2004, с. 104.
  5. ^ а б M. Niedziałkowska-Dobaczewska, Emma Jeleńska-Dmochowska. Strażniczka kresowa, Kraków 1932 s. 4-5.
  6. ^ а б в г I. Fedorovič, Emma Jeleńska-Dmochowska – "patriotka bez lęku i skazy", [w:] Vilniaus kultūrinis gyvenimas: motėrų indėlis 1900-1945, Vilnius 2005, s. 46-63.
  7. ^ I. Szulska, Przykładem i piórem. Codzienność Emmy Jeleńskiej-Dmochowskiej (1864-1919) w świetle twórczości i dokumentów epoki, [w:] Kresowianki. Krąg pisarek heroicznych, pod red. K. Stępnika, M. Gabryś, seria "Obrazy Kultury Polskiej", Lublin 2006, s. 195-208.
  8. ^ Васілевіч, У. «Паненка» з вёскі Камаровічы // Работніца і сялянка. 1982. № 2.
  9. ^ Cenzura PRL, posłowie Zbigniew Żmigrodzki, Wrocław 2002, s. 18.