Краёўцы
Краёўцы (па-польску: Krajowcy) — плынь літоўскага ("беларускага") нацыянальнага руху пачатку XX стагодзьдзя ў Беларусі і Летуве.
Краёўцы адчувалі свае літоўскія (беларускія ў заходнерускім сэнсе) карані, выйшлі з той часткі грамадзтва, сьвядомасьць якой часта акрэсьлівалася формулай: «ліцьвін па паходжаньні, паляк па нацыянальнасьці». У сваёй грамадзка-палітычнай дзейнасьці яны зыходзілі з нацыянальна-культурных, эканамічных, рэлігійных і гістарычных асаблівасьцяў беларуска-летувіскага краю, кіраваліся мясцовымі (краёвымі) інтарэсамі. Ва ўмовах уздыму беларускага і летувіскага нацыянальных рухаў выступалі за аўтаномію Беларусі і Летувы і, пры гэтым імкнуліся захаваць пазыцыі палякаў у краі.
Сярод краёўцаў пераважалі прадстаўнікі кансэрватыўнага кірунку:
- Эдвард Вайніловіч
- Т. Дамбоўскі
- Іпаліт Корвін-Мілеўскі
- Эдвард Роп
- Раман Скірмунт і інш.
Яны выступалі за захаваньне памешчыцкіх зямельных уладаньняў.
Краёўцы-лібэралы:
- Людвік Абрамовіч
- Б. Крыжаноўскі
- Міхал Піюс Ромэр
- Тадэвуш Урублеўскі і інш.
Выступалі за адчужэньне памешчыцкай зямлі на карысьць сялянаў. З краёўцаў-кансэрватараў складаліся аб’яднаньні дэпутатаў ад Беларусі і Летувы ў I—IV Дзяржаўных думах Расеі і ў Дзяржаўным савеце.
У 1907 року краёўцы стварылі Краёвую партыю Літвы і Русі. У 1908 партыя зьнікла з палітычнай арэны. Зноў актывізавалася падчас 1-й сусьветнай вайны. Па меры адраджэньня Польшчы як незалежнай дзяржавы і адмовы ад канфэдэрацыйных плянаў краёвасьць перастала быць кірункам польскага грамадзка-палітычнага руху.
ЛітаратураРэдагаваць
- Смалянчук А. Беларускае пытанне і польскі рух // Полымя : часопіс. — 1994. — № 6.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2 — С. 246.