Фэрдынанд Рушчыц
Фэрдына́нд Ру́шчыц (Фэрдынанд Эдуардавіч Рушчыц; па-польску: Ferdynand Ruszczyc; 10 сьнежня 1870, маёнтак Багданава, Ашмянскі павет, цяпер Валожынскі раён — 29 кастрычніка 1936, тамсама) — мастак, графік, тэатральны дэкаратар і пэдагог. Яскравы прадстаўнік культурных супярэчнасьцяў сваёй эпохі. У некаторых творах адметны ўплыў мадэрну. Аказаў пэўны ўплыў на далейшае разьвіцьцё жанру пэйзажу ў польскім мастацтве. Матэрыялізаваў магутны нацыянальна-патрыятычны імпульс, характэрны для польскага мастацтва ў цэлым і для мастацтва мяжы ХІХ—XX стагодзьдзяў у прыватнасьці. Яго вельмі цэльная па духу творчасьць мела непасрэднае дачыненьне да фармаваньня польскага нацыянальна-рамантычнага пэйзажу канца ХІХ — пачатку XX стагодзьдзя і найбольш ярка адлюстроўвала яго мастацкую праблематыку.[5]
Фэрдынанд Рушчыц | |
Дата нараджэньня | 10 сьнежня 1870[1][2][3] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 30 кастрычніка 1936[1][2][3] (65 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | мастак-пэйзажыст |
Навуковая сфэра | малярства[4], графіка[d][4] і сцэнаграфія[d][4] |
Месца працы | |
Жанры | пэйзаж |
Плынь | сымбалізм |
Узнагароды | |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Рушчыц.
У яго творчасьці знайшлі адлюстраваньне жыцьцё і побыт беларускага народу, праламіліся традыцыі беларускага рэалістычнага жывапісу. Дачка мастака Яніна Рушчыц сьцьвярджае, што яе бацька заўсёды лічыў сябе «тутэйшым», г. зн. беларусам.[6]
Продкі
рэдагавацьРод Рушчыцаў паходзіў з-над Бугу і належыў да гербу «Ліс». Род Рушчыцаў валодаў маёнткам Зьбірагі на Берасьцейшчыне. Дзед мастака, Фэрдынанд, быў адвакатам, абараняў інтарэсы Радзівілаў і жыў пераважна ў Вільні. Пасьля шлюбу з Ганнай Чаховіч атрымаў у пасаг маёнтак Вайгяны ля Багданава. У 1836 годзе ён набыў на аўкцыёне маёнтак Багданава. Дзядуля й бабуля, Фэрдынанд і Ганна з Чаховічаў, мелі 9 дзяцей. Бацька, Эдвард, — капітан царскай арміі, абсальвент берасьцейскага Кадэцкага корпуса. Маці, Альвіна з дому Мюнхаў, была датчанкай. Нарадзілася ў Нексё на востраве Борнхальм. Яе бацька Маркус Мюнх быў уладальнікам гандлёвага карабля. Бацькі Фэрдынанда сустрэліся ў Лібаве (Латвія), дзе служыў Эдвард. У Рушчыцаў было пяцёра дзяцей: чатыры дачкі й малодшы сын Фэрдынанд. Адпаведна сямейным рэлігійным прынцыпам дачок хрысьцілі й выхоўвалі згодна зь веравызнаньнем іх маці (у эвангелісцкай веры), а сына ― веравызнаньнем бацькі (у рымска-каталіцкай)[7]..
Біяграфія
рэдагавацьДзяцінства і вучнёўства
рэдагавацьДзед і бабуля, Фэрдынанд і Ганна з Чаховічаў мелі 9 дзяцей. Бацька, Эдвард, капітан царскай арміі, абсальвэнт берасьцейскага Кадзецкага корпуса. Маці, Альвіна з дому Мюнхаў, была датчанкай. Нарадзілася ў Нексё на востраве Борнгальм. Яе бацька Маркус Мюнх быў уладальнікам гандлёвага карабля. Бацькі Фэрдынанда сустрэліся ў Лібаве (Латвія), дзе служыў Эдвард. Родавым гняздом Рушчыцаў быў маёнтак Багданаў, які яны былі вымушаны пакінуць на нейкі час у выніку здушэньня паўстаньня Кастуся Каліноўскага, а сядзібу й зямлю здалі ў арэнду. Месцам далейшага жыхарства Рушчыцаў стала Лібава, дзе бацька атрымаў пасаду ў будаўнічай канторы Лібава-Роменскай чыгункі. У 1870-я гады ён пераехаў зь сям’ёй у Менск, дзе стаў начальнікам рахункаводаў ва ўпраўленьні будаўніцтвам чыгункі. Вярнуліся ў свой маёнтак зь Менску толькі ў 1888 годзе. У Рушчыцаў было пяцёра дзяцей: чатыры дачкі і малодшы сын Фэрдынанд.
Дзяцінства і юнацтва будучага мастака прайшло ў Менску. У 1883 годзе 13-гадовы Фэрдынанд паступіў у менскую клясычную гімназію, якую скончыў у 1890 годзе з залатым мэдалём. Тут жа ён атрымаў пачатковую мастацкую адукацыю ў выкладніка Кузьмы Якаўлевіча Ермакова, выхаванца Пецярбурскай Акадэміі мастацтваў.[8]
Бацька, Эдуард Рушчыц, не ўхваляў захапленьне сына, лічачы, што маляваньнем не заробіш на жыцьцё, і настойваў, каб той пайшоў па сьлядах дзеда. Увосень 1890 году Фэрдынанд паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту, дзе на працягу двух гадоў старанна вучыўся і толькі ў 1891 годзе падаў прашэньне ў Пецярбурскую Акадэмію мастацтваў з просьбай залічыць яго вольным слухачом на аддзеле жывапісу.[8]
У 1892—1897 гг. навучаўся жывапісу ў Пецярбурскай імпэратарскай Акадэміі мастацтваў(ru) спачатку пад кіраўніцтвам Івана Шышкіна, а пасьля таго, як той пакінуў акадэмію — у Архіпа Куінджы, вучнямі якога таксама былі Аркадзь Рылоў, Мікалай Рэрых, Вільгельм Пурвіт, Канстанцін Урублеўскі. У сваім дзёньніку Рушчыц пісаў:
Я паказаў свае этуды Куінджы. Напэўна, ён ведаў, што я вучань Шышкіна, ва ўсякім разе, судзіў ён іх далёка стражэй за працы іншых вучняў. | ||
У час вучобы Рушчыца як калярыста вельмі высока ацаніў Ільля Рэпін. У Акадэміі пасябраваў з А. Рыловым і іншымі вучнямі, якія вызнавалі рэалізм, узбагачаны вопытам францускіх імпрэсіяністаў. У час вучобы зьдзейсніў некалькі паездак у Крым і на Балтыку[9]. У 1897 годзе з посьпехам дэбютаваў на дыплёмнай выстаўцы, прадставіўшы тры вялікія карціны — «Вячэрняя зорка», «Трытоны» і «Вясна», апошнюю набыў сам Павал Трацякоў.
Творчы шлях
рэдагаваць4 лістапада 1897 году Рушчыц скончыў акадэмію і атрымаў званьне мастака. У 1898 годзе, на вясновай выстаўцы ў Акадэміі маскоўскі калекцыянэр і мецэнат Сава Марозаў купіў карціну «Зімовы млын», што дазволіла маладому мастаку зьдзейсьніць доўгае падарожжа па Заходняй Эўропе. За два месяцы ён наведаў Бэрлін, Дрэздэн, Кёльн, Парыж, Брусэль, Мілян, Вэрону, Вэнэцыю, Вену. Пасьля доўгі час жыў у сядзібе Багданава, якую пасьля шматгадовага заняпаду давёў да ладу яго бацька, зрэдку падарожнічаў па Беларусі і Расеі. У 1899 годзе прайшла першая выстаўка ў Вільні. Браў удзел у грамадзкім і культурным жыцьці гораду, супрацоўнічаў з тэатрам.[8][10]
Прымаў эпізадычны ўдзел у аб’яднаньні «Сьвет мастацтва» (між іншым, удзельнічаў у выстаўцы ў Маскве ў 1902 годзе). У 1900 годзе ў Кракаве ўвайшоў у кола ўдзельнікаў таварыства польскіх мастакоў мадэрнісцкай арыентацыі «Штука» (па-польску: Sztuka; «Мастацтва»).
Тым часам Рушчыц стварыў своеасаблівую эпічную сагу пра лёс простых людзей. Першым у гэтай сэрыі лічыца палатно «Зямля» (па-польску: Ziemia; 1898), якую праз выхад за звыклыя рамкі ня прынялі ў Пецярбургу, другім — «Ля касьцёла» (па-польску: Koło kościoła; 1899), дзе сяляне, якія быццам вырастаюць з той самай зямлі, нясуць у храм свае нягоды і беды. Яшчэ адно палатно «Ў сьвет» (па-польску: W świat) пра тых, хто вымушаны сыйсьці з абжытых родных месцаў, шукаць працу ў далёкім краі, было створана ў 1901 годзе. Працягам і магутным завяршэньнем тэмы нарэшце сталі «Эмігранты» (1902), дзе зьнясіленыя людзі пакідаюць радзіму ў пошуках лепшай долі. Тэма палатна, верагодна, была навеяная масавай эміграцыяй беларусаў у Амэрыку напачатку XX стагодзьдзя. Карціны Рушчыца экспанаваліся ў Варшаве і Пецярбургу, крытыкі адразу заўважылі яго выключны дарунак калярыста. [11]
У 1902 годзе атрымаў узнагароду Акадэміі ведаў у Кракаве за карціну «Лясны ручай». У гэтым жа годзе яму даручылі правесьці ў залі венскага таварыства «Сецэсія» першую экспазыцыю кракаўскай суполкі «Sztuka». У 1903 годзе Фэрдынанд Рушчыц упершыню арганізаваў выстаўку таварыства «Sztuka» ў Вільні, у садзе былога бэрнардынскага кляштара. У 1903―1904 гадах жыў у невялічкім мястэчку Влохі пад Варшавай. Разам зь мясцовымі мастакамі Каралем Ціхім, Эдвардам Траяноўскім, Конрадам Крыжакоўскім і Казімерам Стаброўскім браў актыўны ўдзел у адраджэньні Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве. Вілу Рушчыца часта наведваў Чурлёніс.
З 1904 прафэсар Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве. У 1907 годзе, пасля смерці Яна Станіслаўскага, Рушчыца запрасілі на пасаду загадчыка катэдрай пэйзажнага жывапісу ў Кракаўскую акадэмію мастацтваў(pl), але інтрыгі ў акадэміі і разлады сярод кракаўскіх мастакоў вымусілі яго ўжо ў 1908 годзе адмовіцца ад яе. У тым жа годзе пераязджае з Кракава ў Вільню, каб у меру сваіх «сіл служыць справе ўздыму мастацкай культуры гэтай частцы краю».[8]
У 1908 годзе ў мастацкай творчасьці Рушчыца адбыўся важны злом ― ён стварыў карціну «Гняздо» і да канца свайго жыцьця больш не зьвяртаўся да жывапісу. Надалей актыўна працаваў як тэатральны мастак і кніжны графік, рабіў эскізы дэкарацый і касьцюмаў, адказваў за афармленьне юбілейнай інсцэнізацыі паэта Юльюша Славацкага (да 100-годзьдзя з дня нараджэньня) «Ліла Венеда» Польскага тэатра Нуны Младзяеўскай. Наступнай тэатральнай інсцэнізацыяй Рушчыца стаў спэктакль «Нязломны князь» Ю. Славацкага, прымеркаваны да 80-годзьдзя паўстаньня 1830—1831 гадоў і пастаўлены ў зале «Лютні» Віленскага архіва.
У 1908 годзе ў знакамітага мастака зьявілася ідэя стварыць беларускі нацыянальны скансэн, але пляны перакрэсліла Першая сусьветная вайна.[12]
У 1910 годзе Рушчыц выдаў першы нумар «Віленскага штотыднёвіка», які быў прысьвечаны мастацка-культурным падзеям краю[7]. Пасля выхаду 15-га нумару выхад штотыднёвіка быў забаронены расейскай цэнзурай.
У 1910 годзе ў Вільні памірае бацька мастака, Эдуард Рушчыц. Яго сьмерць усклала на мастака новыя абавязкі, зьвязаныя з апекай гаспадаркі ў Багданаве. Ён быў вымушаны дзяліць свой час паміж Вільняй і Багданавам[8].
У 1911 годзе арганізаваў выставу польскага мастацтва ў менскім клюбе «Вогнішча», у чым яму дапамаглі мясцовыя творцы: Яраслаў Тышынскі, Генрых Вэйсэнгоф, Багуслаў Адамовіч, Атон Краснапольскі. Упершыню ў Менску дэманстравалі працы вядомых кракаўскіх мастакоў, сярод якіх Ян Станіслаўскі, Юзэф Віткевіч, Ксавэры Дунікоўскі. Адкрыцьцё выстаўкі ператварылася ў сапраўдную культурную падзею, якая па словах менскага скульптара Яна Багушэўскага прадвяшчала вялікае прабуджэньне «з жадданьнем тварэньня ў грудзях»[13]. У пачатку 1911 году мастак таксама падрыхтаваў у віленскай гарадзкой зале дабрачынны вечар-кірмаш для Дома Сэрца Езуса «У сьвеце казак і забавак», стварыў для яго эскізы касьцюмаў. аформіў вокладку й праілюстраваў шматлікімі малюнкамі часопіс «Літва й Русь» у памяць пра Уладзіслава Сыракомлю, выдаў альбом «Вільня праз стагодзьдзі» з рэпрадукцыямі Францішка Смуглевіча і асабістымі малюнкамі. Акрамя таго, Рушчыц зьбіраў творы народных майстроў (тканіны, паясы) і актыўна працаваў над захаваньнем помнікаў мінуўшчыны. Пад кіраўніцтвам свайго сябра Яна Булгака зьбіраў фотаздымкі помнікаў архітэктуры для «Гарадзкога архіва фатаграфій», які зацьвярджалі ў гарадзкой управе.
У 1912 годзе мастак пазнаёміўся з сваёй будучай жонкай Гінай Рэуцкай (Gina Rouck), якая была малодшай за мастака на 22 гады, і 25 лістапада 1913 году ажаніўся зь ёй. У шлюбе з Гінай нарадзілася шасьцёра дзяцей (Фэрдынанд, Яніна — 1914, Багдан — 1915, Оскар — 1917, Эва — 1922, Барбара — 1925). Ад вялікіх філязофскіх абагульненьняў, якімі былі адзначаныя яго работы раньняга пэрыяду, пераходзіць да пошукаў каляровых і кампазыцыйных эфэктаў. Піша інтэр’еры сваёй багданаўскай сядзібы, робіць замалёўкі і этуды любімых куткоў прыроды.[8]
Вялікую ўвагу надаваў куратарству над разьвіцьцём народнай творчасьці Беларусі й Літвы. У 1913 годзе распрацаваў плякат Першай краёвай выстаўкі дробнага промыслу й народнай творчасьці ў Вільні, дзе разам з гістарычнай геральдыкай скампанаваныя народныя паясы, велікодныя «віленскія пальмы», прасьніца. На плякаце ўпершыню ў практыцы эўрапэйскай прыкладной графікі зьявіўся подпіс кірылічнымі літарамі на беларускай мове. Апрача ўсяго, на выставе была шырока прадстаўлена народная творчасьць Менскай губерні, што выклікала станоўчы водгук у газэце «Наша ніва»[13]. У сувязі з гэтай выставай быў апублікаваны адмысловы нумар часопіса «Wieś Ilustrowana» (9/1913), прысвечаны народнаму мастацтву Літвы і Беларусі, падрыхтаваны пад апекай Фэрдынанда Рушчыца.
У 1914 годзе па заказу дырэктара Польскага тэатру ў Варшаве Арнольда Шыфмана, зрабіў эскізы дэкарацый і строяў да пастаноўскі «Балядыны» Ю. Славацкага. У канцы лета 1915 году зноў пераехаў у Багданава, дзе й перажыў пэрыяд Першай сусьветнай вайны.
Першая сусьветная вайна
рэдагавацьВіленскі пэрыяд
рэдагаваць19 красавіка 1919 году вярнуўся ў Вільню, прыняў актыўны ўдзел у стварэньні Ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя. У пачатку мая 1919 году стаў сябрам камітэту Адбудовы Віленскага ўнівэрсытэта, выказаўся за наданьне ў якасьці патрона ўстановы Стэфана Баторыя. Заняўся стварэньнем адзьдзяленьня прыгожых мастацтваў. У жніўні 1919 году Юзэф Пілсудзкі прызначыў яго адным зь пяці першых сяброў Акадэмічнага сэнату, у верасьні атрымаў званьне звычайнага прафэсара адзьдзяленьня прыгожых мастацтваў. 12 кастрычніка браў удзел ва ўрачыстым адкрыцьці ўнівэрсытэта. Праекту дзьве табліцы з гербам Стэфана Баторыя й польскім Арлом, якія былі ўмураваныя ў галоўны фасад унівэрсытэта, стварае інтэр’ер Калённай залі й залі Сьнядэцкіх, таксама аўтар праекту рэктарскага ланцуга й унівэрсытэцкай пячаткі[14]. Для адзьдзяленьня прыгожых мастацтваў падбірае будынак былога бернардынскага кляштара, і ў лістападзе 1919 году там распачаліся заняткі, што па словах самога мастака «сымбалізавала ўваскрэшаньне даўнейшых традыцый мастацтва на тэрыторыі віленскай навучальнай установы»[15].
У 1919—1932 — прафэсар аддзяленьня прыгожых мастацтваў Унівэрсытэта Стэфана Баторыя ў Вільні. У гэты ж час быў абраны радным места Вільня й узначальваў камісыю па вызначэньню назваў вуліц і паркаў. Улетку 1920 году падчас бальшавіцкага наступленьня вымушаны эвакуяваццца у Варшаву, дзе працуе на адзьдзеле прапаганды генэральнага інспэктарату. 15 студзеня 1921 году аднаўляюцца заняткі адзьдзяленьня прыгожых мастацтваў. Акрамя пэдагагічнай працы Рушчыц таксама выконваў функцыі сябры ўнівэрсытэцкага сэнату, шматразова абіраўся дэканам і намесьнікам дэкана. Пад яго кіраўніцтвам ва ўнівэрсытэце разьвіваўся стыль «віленскага нэаклясыцызму». Актыўнасьць Рушчыца праявілася ў самых розных сфэрах: творчай, педагагічнай, навуковай. Разам зь педагогамі й студэнтамі ён займаўся інсцэнаваньнямі, рабіў эскізы да сьцягоў унівэрсытэта, стварыў экспазыцыі мэмарыяльных залаў выбітных дзеячоў гісторыі, навукі й культуры, афармляў кнігі, часопісы, дэкарацыі да ўрачыстасьцей і шматлікіх тэатральных інсцэнізацыяў у Віленскім
У 1921 годзе стаў арганізатарам першай афіцыйнай выстаўкі польскіх мастакоў у Гран-Пале ў Парыжы. У сувязі з гэтым быў узнагароджаны ордэнам Ганаровага легіёна.
Быў адным зь ініцыятараў стварэньня ў Вільні помніка Манюшку і на яго адкрыцьці ў 1922 годзе выступіў з урачыстай прамовай. У гэтым жа годзе спраектаваў срэбраны саркафаг для рэліквій сьвятога Казімера. У 1927 годзе быў сябрам камітэту па ўшанаваньню памяці Юльюша Славацкага, у 1928 годзе ўдзельнічаў у пачатку працы віленскага радыёвяшчаньня. Быў сябрам камітэту па арганізацыі каранацыі Маці Божай Вастрабрамскай. 28 красавіка 1929 году як прадстаўнік Віленскага ўнівэрсытэту прыняў удзел у адкрыцьці помніка Адама Міцкевічу ў Парыжы, дзе прачытаў прамову на францускай мове. У 1931 годзе браў удзел у рэстраўрацыі Маці Божай Вастрабрамскай, спраектаваў разьмяшчэньне там тысячаў
Рушчыц пастаянна збіраў і вывучаў беларускае народнае прыкладное мастацтва. Напрыклад, у 1925 годзе пры яго непасрэдным удзеле ў Варшаве выйшаў часопіс «Wieś ilustrowana», прысьвечаны менавіта беларускай фальклёрнай творчасьці.[16]
Браў удзел у камітэце па ліквідацыі наступстваў павадкі ў Вільні, а таксама у археалягічных дасьледаваньнях падзямельляў Віленскага катэдральнага сабору, з натуры замаляваў парэшткі Барбары Радзівіл, якія былі знойдзены сярод каралеўскіх пахаваньняў[17]. Працаваў старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасьці, наведваў руіны замкаў у Крэве, Міры, Лідзе і інш., збіраў гістарычныя зьвесткі пра іх, і рабіў замалёўкі, этуды.
Сярод яго вучняў ― беларускія мастакі Пётра Сергіевіч і Міхаіл Сяўрук.
Пісьменнік Міхал Крышпін Паўлікоўскі такім чынам падсумаваў вынікі культурнай дзейнасьці Рушчыца ў Вільні: «Трыццацігадовая мастацкая дыктатура Рушчыца — гэта новы залаты век адроджанай Вільні»[18].
Апошнія гады жыцьця
рэдагавацьПасьля таго, як ў 1930-х гадах камісія была ліквідаваная, пакінуў унівэрсытэт і канчаткова пераехаў у Багданава ў 1932 годзе.
У 1932 годзе цяжка захварэў. Хвароба пазбавіла яго магчымасьці гаварыць, а таксама пісаць правай рукой. Толькі дзякуючы адданасьці й намаганьням жонкі й дачкі жыцьцё Рушчыца атрымалася падоўжыць на чатыры гады. У першы пэрыяд хваробы Рушчыц знаходзіўся ў Вільні. У 1933 годзе стан яго здароўя настолькі палепшыўся, што ён мог зьдзяйсьняць непрацяглыя шпацыры па горадзе разам з суправаджэньнем. У 1935 годзе мастак назаўжды пераехаў у Багданава. Ён навучыўся пісаць левай рукой, спрабаваў маляваць. У гэтыя гады ім былі створаны шматлікія малюнкі членаў сям’і, напісаны некалькі эцюдаў з матывамі Багданава. Аднак да канца жыцьця мастак працягваў працаваць толькі левай рукой.
У 1935 годзе прэзыдэнт Польшчы Ігнацы Масьціцкі ўдастоіў яго званьня ганаровага прафэсара УСБ.
У 1930-я Рушчыц зрабіў другую спробу стварыць нацыянальны скансэн пад Вільняй, але далейшаму разьвіцьцю ягонай ідэі зноў перашкодзіла вайна.[12]
Памёр 30 кастрычніка 1936 году ў Багданаве, пахаваны на мясцовых могілках[19].
Творчасць
рэдагавацьЯк я мару, перш за ўсё, быць добрым сынам сваёй Радзімы, для яе працаваць, араць. І калі штосьці вырасьце, аддаць ёй у падарунак увесь плён, бо я люблю яе сэрцам і толькі ёй належу целам і душой… | ||
- Асноўны артыкул: Сьпіс карцін Фэрдынанда Рушчыца
У сваёй творчасьці Рушчыц аддаваў перавагу пісаць сьветлыя матывы. Мастак любіў і любаваўся сваёй роднаю зямлёй. Майстра краявідаў, ён бачыў тэмы для сваіх прац у кожным фрагмэнце беларускай прыроды, так і называў свае карціны: «Млын», «Берагі Вілейкі», «Лясны ручай».[8] У пэйзажах, такіх як «Пустка» і «Стары млын», адчуваюцца жывыя чалавечыя перажываньні. Шматлікія пэйзажы Рушчыца адзначаны экспрэсіяй, драматызмам і манумэнтальнасьцю формаў, ім ўласьціва востра індывідуальная своеасаблівасьць; малюнак заўсёды выразны, плястыка аб’ёмаў аголена.[16] Кампазыцыі палотнаў Рушчыца простыя і ляканічныя, аднак у іх заўсёды ёсьць адчуваньне рэальнай прасторы. Яны вельмі матэрыяльныя, паветраныя.[11] Стары драўляны млын недалёка ад Багданава, касьцёлы ў Багданаве і Вішнева, роднае гняздо Рушчыцаў — упадабаныя матывы, да якіх Фэрдынанд ахвотна вяртаўся і пісаў у розны час дня і года, кожны раз адкрываючы ў іх штосьці новае. Любімай парой аўтара была ранняя вясна, калі прырода абуджалася ад зімовага сну. Сярод усёй творчасьці вылучаецца г. зв. багданаўскі цыкль.[8]
У такіх палотнах, як «Мост зімою», «З берагоў Вілейкі», «Зімовая казка», «Старыя яблыні», выразна адчуваецца сьвядомае прынцыповае жаданьне мастака адысьці ад празаічнага эмпірызму пэйзажаў-этудаў.[16]
Крытыкі адзначалі істотны ўнёсак Фэрдынанда Рушчыца як калярыста, а мастацтвазнаўцы завуць мастака «майстрам чатырох стыхіяў».[9]
Працаваў над кніжнай графікай. Стварыў ілюстрацыі ці аформіў звыш пяцідзесяці кніг. Сярод іх — даведнік па Вільні (па-польску: „Przewodnik po Wilnie“) Юльюша Клоса.
У 1910—1932 супрацоўнічаў з тэатрамі, аформіў 15 спэктакляў. Аўтар дэкарацый для пятнаццаці тэатральных пастановак, уключаючы «Баладзіна» Юльюша Славацкага (1914), «Вясельле» (1910) і «Лістападаўская ноч» (1930) Станіслава Высьпянскага; інсцэнаваў шэраг драматычных твораў (апроч пералічаных — Сыд П’ера Карнэля ў віленскім тэатры, 1924). Пісаў артыкулы пра помнікі даўніны Вільны.
Палотны захоўваюцца ў музэях Польшчы, Літвы, Расеі, а таксама эўрапейскіх і амэрыканскіх збораў, у тым ліку прыватных.
Творы ў беларускіх калекцыях
рэдагавацьУ Беларусі доўгі час захоўвалася толькі адна карціна Фердынанда Рушчыца — «Ля касьцёла», набытая ў 1957 годзе па ініцыятыве дырэктаркі Мастацкага музэя Алены Аладавай у маскоўскага калекцыянэра Абрама Шустэра[20]. У лістападзе 2019 года Нацыянальны мастацкі музей набыў у сям’і мастака яшчэ тры невялікіх творы з раньняга пэрыяду творчасьці — «Менскі краявід» (1890), «Саборная плошча. Менск» (каля 1890), «Дахі Менска» (каля 1911).
У прыватнай калекцыі захоўваецца твор «Партал касьцёла» (пад якім апазнаецца партал касьцёла бэнэдыктынцаў у Тынцу, што дазваляе яго аднесьці да нешматлікіх твораў кракаўскага пэрыяду 1907/08 гадоў).
У 2015 годзе Белгазпрамбанк набыў у сваю карпаратыўныю калекцыю палотны «Пэйзаж. Вілія»[21] і «Пуня і азярод» (1899)[22], а таксама эскіз дэкарацыі «Заля Кіркора» да пастаноўкі «Балядына» Юльюша Славацкага (1914)[23]. У 2016 годзе дадаткова была набыта карціна «Сядзіба ў Багданава»[24].
Галерэя
рэдагаваць-
Елка, 1893
-
Млын узімку, 1897
-
Млын ноччу, 1898
-
Зямля, 1898
-
Ля касьцёла, 1899
-
Эзкіс да баляды, 1899
-
Берагі Вільні, 1900
-
Пустэча. Восеньскі вечар, 1901
-
Дом у Багданаве, 1901
-
Крыж у сьнезе, 1902
-
Стары дом, 1903
-
Старыя яблыні, 1903
-
Nec Mergitur, 1904-1905
-
Інтэр’ер Багданава – канторэк, 1906
-
Вясна, 1907
Ушанаваньне памяці
рэдагавацьВонкавыя выявы | |
---|---|
Мэмарыяльная шыльда Ф. Рушчыцу ў Менску |
Імем Фэрдынанда Рушчыца названая вуліца ў Вялікай Сьляпянцы ў Менску, дзе 19 сьнежня 2002[25] году адбылося адкрыццё памятнага знака ў гонар жывапісца на доме № 1[26]. У пасёлку Багданаў каля школы, дзе знаходзіца музэй мастака, стаіць помнік Ф. Рушчыцу[27]. У Рудаміне (Літва) імем Рушчыца названая гімназія.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Skalska-Miecik L. Ferdynand Ruszczyc // Ruszczyc, Ferdynand (анг.) // Grove Art Online / J. Turner — [Oxford, England], Houndmills, Basingstoke, England, New York: OUP, 2017. — doi:10.1093/GAO/9781884446054.ARTICLE.T074715
- ^ а б Ferdynand Ruszczyc // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
- ^ а б Архіў прыгожых мастацтваў — 2003.
- ^ а б в Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Колесникова Татьяна Анатольевна. Национально-романтический пейзаж конца XIX — начала XX века в творчестве Фердинанда Рущица : Дис. … канд. искусствоведения : 17.00.09 СПб., 2004 308 с. РГБ ОД, 61:05-17/147
- ^ Живопись Пейзаж (рас.) Праверана 2011-12-23 г.
- ^ а б Пракапцоў Уладзімір. Зямля і неба Фердынанда Рушчыца. Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2020.
- ^ а б в г д е ё ж Каролина ДЯТЛИКОВИЧ (11.04.2002) Фердинанд Рущиц, художник из Воложина (рас.). «Свободные новости». Праверана 2011-12-23 г.
- ^ а б Фердинанд Рущиц (1870—1936). К 140-летию со дня рождения художника (рас.). Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь. Праверана 28 сьнежня 2013 г.
- ^ РУЩИЦ, Фердинанд (рас.). Словарь терминов искусства. Праверана 2011-12-23 г.
- ^ а б Богданов П.С., Богданова Г.Б. Рущиц Фердинанд (рас.). Илья Клейнер. Праверана 2011-12-23 г.
- ^ а б Антон СІДАРЭНКА Як прыцягнуць інвестара на 150 гектараў спадчыны? (бел.). «Культура». Праверана 2011-12-23 г.
- ^ а б Шунейка Яўген. Зямля і неба Фердынанда Рушчыца // Праспект Незалежнасці. — Мінск: Галіяфы, 2012. Сс. 5-21.
- ^ Krzysztofowіcz-Kozakowska Stefanіa. Ferdynand Ruszczyc. Krakćw: Kluszczyńskі, 2007.
- ^ Інеўска Эльжбета. Фердынанд Рушчыц. Грамадзянін Незалежнай. Мінск: Галіяфы, 2019.
- ^ а б в Барыс КРЭПАК Богданаўская “святыня думання” Фердынанда Рушчыца (бел.). Культура. Праверана 2011-12-23 г.
- ^ Ferdynand Ruszczyc, Dziennik: W Wilnie 1919—1932 (T. 2), Warszawa 1996, s. 593.
- ^ Pawlikowski Michał K. Sumienie Polski i inne szkice kresowe. Łomianki: LTW, 2014. S. 45.
- ^ Месца пахавання Фердынанда Рушчыца ў мястэчку Багданава Валожынскага раёна Архівавана 18 красавіка 2019.
- ^ Вусава Надзея. Нядзеля ля касцёла // Наша гісторыя. 2020. № 11. Сс. 48-51.
- ^ Пейзаж. Вилия
- ^ Сарай и прясло для сена
- ^ Зал Киркора. Эскиз декорации к спектаклю «Балладина» Ю. Словацкого(недаступная спасылка)
- ^ Поместье в Богданово
- ^ Пресс-центр Мингорисполкома (13 снежня 2002) Памяти художника (рас.) Праверана 2011-12-23 г.
- ^ Из страны забвения (рас.). Агенство «Минск-Новости» (3 студзеня 2003). Праверана 2011-12-23 г.
- ^ Музей Ф. Рушчыца ў Багданаўскай школе (бел.) Праверана 2011-12-23 г.
Літаратура
рэдагаваць
|
|
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Праграма Вусы Скарыны: Фэрдынанд Рушчыц
- Старонка пра Фэрдынанда Эдуардавіча Рушчыца
- Богданаўская «сьвятыня думаньня» Фэрдынанда Рушчыца(недаступная спасылка) «Культура»
- Фэрдынанд Рушчыц Спадчына Беларусі: гісторыя і мастацтва
- Фердинанд Рущиц, художник из Воложина
- Beata Antonienko. Ferdynand Ruszczyc (1870—1936) (пол.)
- Galeria Malarstwa Polskiego (пол.)
- Рушчыц Ф. Дзённік — Мн.: Медысонт, 2002.
- АПОСТАЛ ДУХОЎНАСЦІ «Наша вера» (бел.)
- Ferdynand Ruszczyc: Życie i twórczość (пол.)