Татры
Та́тры (па-славацку: Tatry, па-польску: Tatry) — найвышэйшая частка Карпатаў, якая знаходзіцца ў Славаччыне (3/4 плошчы) і Польшчы, частка Фатранска-Татранскай вобласьці. Найвышэйшы пункт — гара Герлахаўскі-Шціт, 2655 м. Татры налічваюць 25 пікаў вышэй за 2500 м.
Татры | |
Найвышэйшы пункт | |
---|---|
Герлахаўскі Шціт | |
Вышыня | 2654,4 м н. у. м. |
Геаграфічныя каардынаты | 49°10′ пн. ш. 20°8′ у. д. / 49.167° пн. ш. 20.133° у. д.Каардынаты: 49°10′ пн. ш. 20°8′ у. д. / 49.167° пн. ш. 20.133° у. д. |
Памеры | |
Даўжыня | 55 км |
Плошча |
|
Геаграфія | |
Кантынэнт | Эўропа |
Краіны | Славаччына, Польшча |
Горная сыстэма | Карпаты |
Татры | |
Геаграфія
рэдагавацьРэльеф Татраў утвораны воднымі патокамі і ледавікамі, якія расчлянілі сьцяг на некалькі асобных хрыбтоў. У часе найбольшага роскіду ледавікі ў Высокіх Татрах мелі плошчу 15 000 га, па іхнім таяньні ў Высокіх Татрах і ў іншых частках горнай сыстэмы засталіся наносы і азёры.
Тэрыторыя Татраў адносіцца да басэйну Чорнага (рэкі Ваг і Орава) і Балтыйскага мораў (Дунаец і Попрад)[1].
Галоўны грэбень Татраў мае даўжыню 75 км і цягнецца ад Гуцянскай седлавіны (905 м н. у. м.) на захадзе да седлавіны Под Прыслапам на ўсходзе (1081 м н. у. м.). Найзахаднейшай вяршыняй ёсьць Сівы Верх (1805 м н. у. м.), найусходнейшым — Мурань (1889,6 м н. у. м.).
Геамарфалягічнае мноства Татры складаецца з двух падмностваў: Заходніх і Ўсходніх Татраў, аддзеленых Лальлявай седлавінай (1947 м н. у. м.).
На тэрыторыі Татраў налічваецца да 330 пячораў, пераважна карставых з сталяктытаваю аздобаю і азёрцамі. Большасьць зь іх закрытая для наведваньня. З найбольшых пячораў варта назваць Бэльянскую (найбольш наведваная, даўжынёй 3,5 км, адкрытых 1275 м), Вялікую Сьнежную (найдаўжэйшая — 22 км — і найглыбейшая — 824 м), Высокую за Сям’ю Парогамі (даўжыня 10 км), Ментусю (даўжыня 9487 м), Сьнежную Студню (глыбінёй 701 м).
Турызм
рэдагавацьПершую вядомую выправу ў Высокія Татры зладзіла ў 1565 року кежмарская шляхцянка Бэата Ласка (праўдападобна да Зялёнага плеса(sk)). Першае ўзыходжаньне ў Татрах прадпрынялі ў 1615 року кежмарскія студэнты на чале з Давідам Фрэліхам, праўдападобна на Кежмарскі шчыт. На гару Крывань, якая стала сымбалем славакаў, бо доўга лічылася найвышэйшай кропкай Татраў, у 1840 року ўзышоў саскі кароль Фрыдрых Аўгуст II.
Разьвіцьцю турызму паспрыяла будаўніцтва Кошыцка-Богумінскай чыгункі ў 1871 року, якая спынялася на станцыях у Штырбе і Попрадзе, а асабліва інтэнсіўна рэгіён стаў разьвівацца пасьля ўтварэньня Чэхаславацкай рэспублікі. Паступова ў Татрах пачалі зьяўляцца горныя хаткі(sk) і прыстанкі, зь якіх пасьля вырасьлі сучасныя паселішчы.
Цяпер у Татры вядуць, акрамя галоўнага шляху — "дарогі Свабоды(sk) — яшчэ і Татранская электрыфікаваная чыгунка з Попраду да Старога Смокаўцу, адтуль да Татранскай Ломніцы і Штырбскага Плеса, а таксама зубчастая чыгунка з Татранскай Штырбы на Штырбскае Плеса.
Па ўсіх Татрах створанае мноства турыстычных дарожак. Праз усе горы праходзіць Татранская магістраль, іншыя турыстычныя маршруты вядуць далінамі да шчытоў, плесаў, горных хатак ці нават дазваляюць перайсьці на іншы бок Татраў. У зімовы сэзон (ад 1 лістапада да 15 чэрвеня) гэтыя сьцежкі ня дзейнічаюць, за выняткам тых, што вядуць да высакагорных хатак.
У Татрах і ля ўзножжа гораў разьмешчаныя мноства гатэляў, пансыёнаў і прыватных хостэлаў. Высокія Татры зьяўляюцца цэнтрам зімовых відаў спорту, найбольшыя пляцоўкі тут створаныя ў Штырбскім Плесе і Закапанах, катаньнем на лыжах можна таксама займацца ў Старым Смокаўцы, Татранскай Ломніцы, Жд’яры і некаторых падтатранскіх вёсках.
Найвышэйшы пункт гораў, на які можна ўзьняцца па сьцежках — Рысы, найцяжэйшы маршрут — Орля пэрць.
У Татрах дзейнічаюць два нацыянальныя паркі: з польскага і славацкага бакоў.
Этымалёгія
рэдагавацьПаходжаньне назвы Татры да канца ня высьветленае. На думку гісторыкаў, так гару назвалі плямёны, якія насялялі гэтую тэрыторыю яшчэ да прыходу славянаў. Тэрмін выводзяць ад арыйскага слова тамтра, татра ў значэньні «цёмны» альбо «цямнявы», якое адносілася да камяністай, неўрадлівай зямлі. Найпраўбападобнейшай можна лічыць вэрсію, што назоў Татры паходзіць ад славянскага тртрі, што азначае скалу[2][3][4].
Першыя згадкі пра гару датаваныя 999 рокам, калі чэскі князь Баляслаў II перад сконам прыгадвае часы, калі Чэскае княства сягала да Tritri montes. Асобны назоў Татры ўпершыню сустракаецца ў 1086 року ў дарчым лісьце нямецкага імпэратара Генрыха IV, які абмежаваў Праскае біскупства гарамі Tritri. У 1125 у Казьмовай хроніцы ўжо ўжываецца варыянт Tatri[5].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Vološčuk Ivan a kolektív: Tatranský národný park — biosférická rezervácia, Vydal Gradus, Martin, 1994, 552 s., ISBN 80-901392-4-8
- ^ Melich, Ján: Szláv jövevényszavaink (Zo slovanských jazykov prevzaté slová), Nyelvtud. közlemények, 1902
- ^ Czambel Samo: Slovenská reč I. 1906
- ^ Chaloupecký, Václav: Staré Slovensko, 1923
- ^ Tatry - František Kele a Milan Lučanský, Knižní klub, Praha 2001