Герб Летувы
Віціс (лет. Vytis — «гнацца»[1] альбо паляваць[2]) — дзяржаўны герб Летувы; усталяваны 15-м артыкулам Канстытуцыі Летувіскай Рэспублікі, прынятай у выніку рэфэрэндуму 1992 году, і апісаны ў Законе аб дзяржаўным гербе.
Герб Летувы | |
Апісаньне | |
---|---|
Зацьверджаны | 1992 |
Аўтар гербу | Арвідас Каждайліс |
Назва
рэдагавацьПошук летувіскага слова дзеля азначэньня гербу Вялікага Княства Літоўскага — Пагоні — пачаўся ўжо ў XVII стагодзьдзі. У той час Канстанцін Шырвід дзеля азначэньня Пагоні прапаноўваў два словы — «waykitoias» (прыкладны пераклад зь летувіскай мовы: «чалавек, які ганяе каго-небудзь») і «waykimas» (прыкладны пераклад зь летувіскай мовы: «перасьледаваньне»).
У летувіскамоўнай літаратуры канца XVIII — пачатку XIX стагодзьдзяў Пагоню звычайна звалі «Vaikymas» («Перасьледаваньне»). У сярэдзіне XIX стагодзьдзя Сымонас Даўкантас (лет. Simonas Daukantas) прапанаваў новаўтворанае ім слова «výtis»[3] (з малой літары і з націскам на першым складзе), але не для Пагоні цалкам, а толькі дзеля азначэньня яе вершніка-рыцара. Дзеля азначэньня ж Пагоні цалкам слова «Vytís» (ужо зь вялікай літары і з націскам на другім складзе) упершыню выкарыстаў Мікалоюс Акелаітіс (лет. Mikalojus Akelaitis) у 1884 годзе.
Да канца XIX стагодзьдзя слова «Vytis» стала агульнапрынятым у Летуве дзеля азначэньня «Пагоні». Аднак яшчэ доўгі час ішлі спрэчкі пра тое, на якім складзе трэба рабіць націск — на першым ці на другім. Толькі ў 1930-я гады з гэтым канчаткова вызначыліся — спыніліся на «Výtis»[4].
Гісторыя
рэдагавацьУ 1920 годзе летувісы ўзялі за герб уласнай незалежнай дзяржавы варыянт гербу Вялікага Княства Літоўскага Пагоні. Такім парадкам, прысваеньне літоўскага гербу мусіла падмацаваць прэтэнзіі маладой Летувіскай Рэспублікі на гістарычную пераемнасьць зь Вялікім Княствам Літоўскім.
Аднак у 1920—1930-я гады многія дзяржаўныя дзеячы Летувы зьвярталі ўвагу на неадпаведнасьць гербу менавіта летувіскай гістарычнай традыцыі, у летувіскім друку агучваліся прапановы зьмяніць назву краіны на Жамойць, а герб — на жамойцкага Мядзьведзя[5]. У 1935 годзе прэм’ер-міністар Летувіскай Рэспублікі Ёзас Тубаліс(lt) афіцыйна прызнаў не летувіскае (славянскае[5]) паходжаньне Пагоні і паведаміў пра тое, што ідзе праца з стварэньня новага дзяржаўнага гербу. З усяго відаць, гэтую працу спынілі падзеі 1939—1940 гадоў[6][7].
У 1940 годзе, па акупацыі краіны Савецкім Саюзам, дзяржаўны герб Летувіскай Рэспублікі забаранілі да ўжытку.
Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу «Віціс» разам зь іншымі гістарычнымі сымбалямі сталі сымбалямі нацыянальнага адраджэньня Летувы.
У 1988 годзе «Віціс» атрымаў статус нацыянальнага сымбалю, а 11 сакавіка 1990 году ён зноў стаў дзяржаўным сымбалем Летувы. 10 красавіка 1990 году афіцыйны статус гербу зацьвердзіў Вярхоўны Савет Летувы.
Структура
рэдагавацьНа чырвоным фоне геральдычнага шчыта намаляваны срэбны вершнік у латах на белым кані, з паднятым у правай руцэ над галавой срэбным мячом. На левым плячы вершніка сіні шчыт з падвойным залатым крыжом. Сядло і аброць у каня сіняга колеру, дзяржальня мяча, страмёны, злучэньні збруі і іншыя дэталі — залатога колеру. У каня хвост падняты ўверх.
Выкарыстаньне
рэдагавацьКарыстацца пячаткамі, блянкамі дакумэнтаў, вокладкамі і тытульнымі старонкамі друкаваных выданьняў з Гербам Летувы маюць права:
- Летувіскі Сойм і падведамныя ўстановы,
- прэзыдэнт Летувіскай Рэспублікі, Урад Летувы і яго ўстановы, міністэрствы,
- Банк Летувы,
- адміністрацыі начальнікаў паветаў,
- Канстытуцыйны суд і суды, Генэральная пракуратура і тэрытарыяльныя пракуратуры,
- Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі і яго тэрытарыяльныя падпадзяленьні, Служба адмысловых расьсьледаваньняў, установы паліцыі,
- дыпляматычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы,
- установы самакіраваньня, якія ня маюць усталяваных афіцыйных гербаў, дзяржаўныя ўстановы адукацыі і навукі,
- прыставы і натарыюсы, некаторыя іншыя службовыя асобы (напрыклад, старасты ў мясцовасьцях, дзе адсутнічаюць установы грамадзянскай мэтрыкацыі выкарыстоўваюць гербавую пячатку пры рэгістрацыі сьмерці і зьдзяйсьненьні натарыяльных дзеяньняў).
На пячатках вершнік (элемэнт дзяржаўнага гербу) адлюстроўваецца бяз поля геральдычнага шчыта.
Галерэя
рэдагаваць-
Мядзьведзь — гістарычны герб Жамойці (XVI—XVIII стагодзьдзі)
-
Адзін з варыянтаў гербу Летувы (1920)
-
Герб, які выкарыстоўваўся на банкнотах і плакатах ў 1920–30 гады
-
Малюнак герба Ю. Зікараса (1925 г.), які выкарыстоўваўся на манетах Літвы да 1940 г.
-
Герб, які выкарыстоўваўся на марках і ў чыгуначным ведамстве ў 1930 гады
-
Герб з паспарта Літоўскай Рэспублікі 1940 года
-
Літоўская марка 1991 гады з дзяржаўным гербам
-
Вялікі герб Летувы
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ vytis. Литовско-русский словарь.
- ^ vytis. литовский-русский Словарь онлайн.
- ^ Краўцэвіч А. Як здарылася, што Жамойць пачала называцца Літвою? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 54.
- ^ Rimša E. Heraldika // Iš praeities į dabartį. — Vilnius: Versus aureus, 2004. — P. 61—63.
- ^ а б Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 373.
- ^ Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Менск: РІВШ БДУ, 1999. С. 155.
- ^ Скобла М. Анатоль Цітоў: «Гербу „Пагоня“ — 730 гадоў», Радыё Свабода, 31 студзеня 2008 г.
- ^ Aruodai. Lietuvių kultūros šaltinių elektroninis sąvadas (aruodai.lt)
- ^ Герб Литвы 1990 года (aminoapps.com)
- ^ Image: Litva COA 1990 (vector-images.com)
- ^ Гербы Литовской Республики (heraldicum.ru)
Літаратура
рэдагаваць- 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Менск: РІВШ БДУ, 1999. — 176 с. ISBN 985-6299-36-5.