Павал (Панамароў)

расейскі праваслаўны мітрапаліт

Мітрапалі́т Па́вал (нар. 1952, Караганда, цяпер Казахстан) — архірэй Расейскай праваслаўнай царквы.

Мітрапаліт Павал
рас. Митрополит Павел
2016 год
11-ы круціцкі мітрапаліт
15 красавіка 2021 — дагэтуль
ЦаркваРасейская праваслаўная царква
АбшчынаКаломенская япархія
ПапярэднікЮвяналій (Паяркаў)

19-ы кацярынадарскі мітрапаліт
25 жніўня 2020 — 15 красавіка 2021
АбшчынаКацярынадарская япархія
ПапярэднікІсідор (Кірычэнка)
НаступнікРыгор (Пятроў)

2-і беларускі экзарх
25 сьнежня 2013 — 25 жніўня 2020
ЦаркваБеларускі экзархат
ПапярэднікФіларэт (Вахрамееў)
НаступнікВеніямін (Тупека)

46-ы разанскі мітрапаліт
8 кастрычніка 2011 — 25 сьнежня 2013
АбшчынаРазанская мітраполія
ПапярэднікСімон (Новікаў)
НаступнікВеніямін (Зарыцкі)

9-ы венскі архіяпіскап
23 лютага 2001 — 7 траўня 2003
АбшчынаВенская япархія
ПапярэднікІрыней (Зуземіль)
НаступнікІларыён (Алфееў)

5-ы зарайскі япіскап
22 сакавіка 1992 — 29 сьнежня 1999
Абраньне19 лютага 1992
АбшчынаЗарайскае вікарыяцтва
ПапярэднікАляксій (Куцепаў)
НаступнікМяркурый (Іваноў)

Намесьнік Пскова-Пячорскага манастыра
26 жніўня 1988 — 22 сакавіка 1992
АбшчынаПскоўская япархія
ПапярэднікГаўрыіл (Сьцеблючэнка)
НаступнікРаман (Жарабцоў)

АдукацыяМаскоўская духоўная акадэмія (1980)
Дзейнасьцьсьвятар
Сапраўднае імяГеоргі Васільевіч Панамароў
Нарадзіўся19 лютага 1952 (72 гады)
Караганда, Казаская ССР, СССР
БацькаВасіль Панамароў
МаціГанна Панамарова
Прыняцьце сьвятога сану5 сакавіка 1978 (46 гадоў таму)
Прыцяцьце манаства17 сьнежня 1977 (47 гадоў таму)
Япіскапская хіратонія22 сакавіка 1992 (32 гады таму)

Узнагароды
Ордэн сьвятога дабравернага князя Данііла Маскоўскага II ступені Ордэн вялебнага Сергія Раданескага II ступені Ордэн сьвятога вялебнага Серафіма Сароўскага II ступені
Ордэн сьвяціцеля Інакенція, мітрапаліта Маскоўскага і Каломенскага, II ступені
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

11-ы круціцкі мітрапаліт, патрыяршы намесьнік Маскоўскай мітраполіі, пастаянны сябра Сьвятога сыноду РПЦ (ад 15 красавіка 2021 году). 2-і беларускі экзарх (2013—2020). У сьнежні 2014 году хадайнічаў перад маскоўскім патрыярхам Кірылам і Сьвятым сынодам Расейскай праваслаўнай царквы аб самакіраванасьці Беларускай праваслаўнай царквы «паводле ўзору Латвіі, Малдовы і Эстоніі», бо ў Беларусі 8-кратна і 3-кратна больш япархіяў, чым у тых краінах. Аднак у студзені 2015 году паведаміў, што ў Маскоўскім патрыярхаце нават такое сьціплае пажаданьне БПЦ аб самакіраванасьці «выклікала хвалю абурэньня з боку агромністай колькасьці людзей».

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Георгі Васільевіч Панамароў нарадзіўся ў сям’і расейскіх работнікаў у Казаскай ССР[1]. У сталым веку згадваў: «мае бацькі задоўга да вайны былі сасланыя ў Казахстан. Тата быў на той час вельмі запатрабаваным спэцыялістам высокай клясы — галоўным маркшэйдэрам. Гэта асаблівы кірунак у распрацоўцы шахтавых праходаў. Безь яго нельга было зьдзяйсняць выпрацоўку вугалю, таму бацьку вызвалілі ад вайсковай службы. Але ён быў на ўласнай перадавой. У яго шмат дзяржаўных узнагародаў за працу падчас Вялікай Айчыннай вайны. Мама гадавала дзяцей. Два бацькавы браты загінулі на фронце. Адзін прыйшоў інвалідам без нагі»[2]. Таксама пра бацькоў прыгадваў: «у сям’і тата быў чалавекам няверуючым — перакананым атэістам, хоць і нарадзіўся ў сям’і сьвятара. Так склалася, што ў тыя, ужо далёкія, пасьлярэвалюцыйныя гады ўсіх дзяцей зь сем’яў сьвятароў, чыіх бацькоў высылалі ў лягеры, адпраўлялі ў прытулкі, а там начыста выбівалі зь іх веру. Праўда, у канцы жыцьця мой тата ўсё ж прыйшоў да Бога. А мама была чалавекам веруючым». Тады ж адзначаў сталеньне пад уплывам манаха Севасьціяна Карагандзінскага: «У пасьляваенны час у горадзе Карагандзе, дзе мы жылі, служыў адзін з апошніх опцінскіх манахаў — айцец Севасьціян. Тады ён быў простым ераманахам, які адбыў ссылку ў сталінскіх лягерах ды так і застаўся на ўсё жыцьцё ў Карагандзе». У 1970 годзе Павал Панамароў быў закліканы ў Савецкае войска. Пазьней скончыў прафэсійна-тэхнічную вучэльню[3].

У 1973—1976 гадах навучаўся ў Маскоўскай духоўнай сэмінарыі (Расейская СФСР). У 1980 годзе скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію са ступеняй кандыдата багаслоўя[1]. Пазьней адзначаў: «мой любімы спорт — валейбол, у які я вельмі часта гуляў, калі быў студэнтам сэмінарыі і духоўнай акадэміі»[4]. 15 верасьня 1981 году яго накіравалі ў Расейскую духоўную місію ў Ерусаліме (Ізраіль). 16 ліпеня 1982 году стаў намесьнікам начальніка місіі ў Ерусаліме, а 29 ліпеня 1986 году — яе начальнікам. Тым часам, мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў) быў загадваў аддзелам вонкавых царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату (1981—1989), таму быў ягоным кіраўніком[5]. У чэрвені 1988 году ўпершыню пабываў у Беларускай ССР на сьвяткаваньні 1000-годзьдзя Хрышчэньня Русі[6]. 19 лютага 1992 году Сьвяты сынод Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ) прызначыў яго зарайскім япіскапам (Маскоўская вобласьць) і кіраўніком прыходамі ў ЗША і Канадзе. У 1999 годзе прызначаны венскім япіскапам у Аўстрыі. У 2001 годзе ўзьведзены ў сан венскага і будапэшцкага архіяпіскапа. 6 кастрычніка 2011 году Сьвяты сынод РПЦ прызначыў яго разанскім мітрапалітам. 8 кастрычніка 2011 году ўведзены ў сан мітрапаліта. 25 сьнежня 2013 году прызначаны беларускім экзархам[1].

Беларусь

рэдагаваць
 
А.Н. Міронаў. «Разанскі мітрапаліт Павал» (2011)

4 студзеня 2014 году прыляцеў у Менск і пасяліўся ў Мітрапаліцкай гасьцёўні пры Доме міласэрнасьці[5] (Першамайскі раён, вул. Ф. Скарыны, д. 11). 9 студзеня 2014 году ў Палацы Рэспублікі ў Менску сумесна з А. Лукашэнкам уручыў прэмію прэзыдэнта «За духоўнае адраджэньне». Сярод узнагароджаных былі: магілёўскі япіскап Сафрон — за «значны асабісты ўклад у духоўнае адраджэньне Беларусі, сацыяльную і асьветніцкую дзейнасьць», а таксама начальніца інспэкцыі ў справах непаўналетніх міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Менскага райвыканкаму Вольга Чамаданава — «за высокія дасягненьні ў справе выхаваньня і вяртаньня да паўнавартаснага жыцьця дзяцей, якія апынуліся ў сацыяльна небясьпечным становішчы, захаваньня сям’і для кожнага дзіцяці»[7]. 17 лютага 2014 году ў Магілёве асьвяціў Храм царскіх пакутнікаў (Ленінская вул., д. 11а). Пры гэтым уручыў узнагароду РПЦ МП старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімеру Цумараву за ўклад у будаўніцтва храма[8]. На Дабравешчаньне 7 красавіка 2014 году ў Віцебску правёў набажэнства ў царкве Дабравешчаньня Багародзіцы, пасьля чаго выказаў намер стварыць некалькі новых япархіяў: «У старажытнай хрысьціянскай царкве ў кожным горадзе быў япіскап. І цяпер стаіць задача зрабіць так, каб епархіяльны архірэй быў бліжэй да народу, каб ён часьцей сустракаўся зь людзьмі». Тамсама прапанаваў, каб Міністэрства адукацыі Беларусі дазволіла выпускнікам факультэтаў багаслоўя атрымліваць паралельна спэцыяльнасьць гісторыка або журналіста, каб палепшыць іх разьмеркаваньне. Урэшце на сустрэчы з прыхаджанамі адзначыў: «Нашае грамадзтва хвалюе ўплыў Захаду і спроба навязаць нам зусім не традыцыйныя вобразы сямейных каштоўнасьцяў. Мы катэгарычна супраць такіх стасункаў, бо традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці нам дадзеныя Богам»[9]. 5 траўня 2014 году падчас сустрэчы з А. Лукашэнкам заявіў: «Я шчыра радуюся таму, што сёньня тут, у гэтай квітнеючай краіне, утварыліся такія выдатныя ўзаемаадносіны паміж царквой і дзяржавай..., калі царква ня ўмешваецца ў справы дзяржаўныя і дзяржава ня ўмешваецца ў царкву. Але разам можна зрабіць вельмі шмат»[10]. 13 траўня 2014 году на прэс-нарадзе адзначыў: «З Рымска-каталіцкай царквой у Беларусі ў нас выбудоўваюцца добрыя адносіны. Гэта шматвяковая традыцыя. Мы ня ўмешваемся ў справы адзін аднаго». Тамсама нагадаў, што на пачатак чэрвеня ў Менску прызначылі праваслаўна-каталіцкі форум герархаў. Сярод іншага, выказаўся з нагоды музычнага туру «Сатаніст»: «На 27 траўня плянуецца рок-канцэрт нейкай групы — па-мойму, «Бэгемот». Нельга дапускаць выступленьні групаў сатанінскай скіраванасьці»[4]. 23 чэрвеня 2014 году ў менскім мікрараёне Брылевічы (Маскоўскі раён) асьвяціў помнік Сергію Раданескаму на дзялянцы аднайменнага прыходу па Каралінскай вуліцы. На ўрачыстасьці прысутнічалі старшыня Савету Рэспублікі Анатоль Рубінаў, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка і старшыня ўраду Беларусі Міхаіл Мясьніковіч[11]. У верасьні 2014 году на Сынодзе Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ) зацьвердзіў стварэньне зь 2015 году 3-х япархіяў у Менскай вобласьці. Іх вылучылі зь Менская япархіі, у складзе якой пакінулі прыходы Менску і Менскага раёну. Барысаўскую япархію ўзначаліў былы вікарый Менскай япархіі Веньямін (Тупека), МаладэчанскуюПавал (Цімафеенкаў), а Слуцкуюархімандрыт Антоні (Даронін). Чатыры япархіі разам сталі ўваходзіць у Менскую мітраполію. 16 сьнежня 2014 году ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі на Сходзе япархіяў Менскай мітраполіі беларускі экзарх Павал патлумачыў стварэньне 3-х япархіяў: «у мітрапаліта Менскага сёньня 409 прыходаў у вобласьці, больш за 500 сьвятароў, 5 манастыроў, духоўныя школы. Нават калі кожны дзень прысьвячаць аднаму прыходу, ня хопіць году. А трэба ж ня проста прыехаць — трэба служыць, гаварыць зь людзьмі. Фізычна немагчыма было зрабіць гэта на працягу аднаго году». Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка павіншаваў удзельнікаў Сходу з усталяваньнем Менскай мітраполіі. Сярод іншага, экзарх Павал адзначыў: «Я шмат разумею, калі чую беларускую мову, і не адмаўляюся ад свайго намеру вывучыць яе, бо бачу, як людзі рэагуюць, калі ім гаворыш нешта на іх роднай мове»[12].

 
На Дабравешчаньне 7 красавіка 2014 году ў Віцебску

На 20 студзеня 2015 году атрымаў пасьведчаньне на права жыхарства ў Беларусі, аднак ня меў беларускага грамадзянства[13]. Паводле ж 13-га артыкула Закону Беларусі «Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях» 1992 году, «кіраўніком рэлігійнай арганізацыі можа быць толькі грамадзянін Рэспублікі Беларусь»[14]. Згодна ж з 16-м артыкулам Канстытуцыі Беларусі «забараняецца дзейнасьць рэлігійных арганізацыяў, іх органаў і прадстаўнікоў, якая накіравана супраць сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды ці зьвязаная з парушэньнем правоў і свабодаў грамадзянаў, а таксама перашкаджае выкананьню грамадзянамі іх дзяржаўных, грамадзкіх, сямейных абавязкаў»[15]. Насуперак вышэйпамянёнаму 16 лютага 2015 году падпісаў зь міністрам адукацыі Беларусі Міхаілам Жураўковым Праграму супрацы БПЦ на 2015—2020 гады. Пры гэтым, прадставілі школьны падручнік для факультатыву «Асновы праваслаўнай культуры» ў 1—6-м клясах[16]. 24 лютага 2015 году дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі Юры Дарагакупец, які быў сябрам Пастаяннай камісіі па жыльлёвай палітыцы і будаўніцтве, паведаміў: «8 студзеня прэзыдэнтам падпісаны Закон «Аб пахаваньні і пахавальнай справе», праз паўгады ён набывае сілу». Пры гэтым, дэпутат Дарагакупец адзначыў: «на стадыі распрацоўкі законапраекту зьявілася шмат новых прапановаў ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і сябраў Савета Рэспублікі. Дарэчы, усе прапановы абмяркоўваліся зь мітрапалітам Менскім і Заслаўскім Паўлам»[17]. 13 сакавіка 2015 году экзарх Павал сустракаўся зь дзяржаўным сакратаром Ватыкану П’етра Паралінам[18]. 22 чэрвеня 2015 году ў Цэнтральным раёне Менску разам з маскоўскім патрыярхам Кірылам асьвяціў Духоўна-адукацыйны цэнтар БПЦ па вуліцы Кірылы і Мятода, д. 25 (мікрараён Высокі Рынак). У стварэньні Духоўна-адукацыйнага цэнтру ўдзельнічаў урад Беларусі, таму на адкрыцьці прысутнічала намесьніца старшыні ўраду Натальля Качанава[19]. 14 ліпеня 2015 году падпісаў журнал Сынода БПЦ, у якім пастанавіў: «Выказаць глыбокую ўдзячнасьць прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку за падтрымку традыцыйных хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, прызнаньне іх значнасьці ў беларускай нацыянальнай культуры і важнасьці для жыцьця сучаснага чалавека». У сваім паведамленьні патлумачыў, што 9 студзеня 2015 году на ўручэньні прэміі «За духоўнае адраджэньне» А. Лукашэнка заявіў: «Падтрымка хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, маральных, эстэтычных традыцыяў зьяўляецца адным з галоўных фактараў у разьвіцьці беларускай нацыі»[20]. 6 жніўня 2015 году асьвяціў у Магілёве сабор Перамяненьня Гасподняга (Кастрычніцкі раён, Габраўская вул., д. 35). На час адкрыцьця сабор быў найбольшым храмам Беларусі, бо мог зьмясьціць некалькі тысячаў чалавек[21]. 21 жніўня 2015 году ў Бярэзінскім запаведніку (Домжарыцы, Лепельскі раён) узнагародзіў разам зь міністрам прыродных рэсурсаў Андрэем Каўхутам пераможцаў конкурсу за найлепшы профіль у сацсетках «Садзейнічаньне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі»[22]. 21 верасьня 2015 году да 25-годзьдзя Беларускага экзархату прадставіў 30-хвілінны фільм «Святыні Белай Русі» пра Эўфрасіньню Полацкую і Кірылу Тураўскага, а таксама 5 найстаражытнейшых храмаў Беларусі[23]. 2 кастрычніка 2015 году ўзяў удзел у міжканфэсійнай малітве за Беларусь у Храме ўсіх сьвятых у Менску. У малітве таксама ўдзельнічалі менска-магілёўскі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня Беларусі Абу-Бекір Шабановіч і старшыня Юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня Беларусі Рыгор Хайтовіч[24]. 2 сьнежня 2015 году правёў 1-я Беларускія калядныя чытаньні[25]. 16 сьнежня 2015 году на сходзе Менскай япархіі згадаў факультатыўны прадмет па духоўна-маральных каштоўнасьцях у школах: «Мы ня хочам усіх загнаць у манахі і выдатна разумеем, што ў людзей можа і павінен быць выбар у жыцьці»[26].

 
На канфэрэнцыі «Усеправаслаўны сабор: меркаваньні і чаканьні» (зьлева; 24 траўня 2016 г.)

23 чэрвеня 2016 году на 5-м Усебеларускім народным сходзе прыгадаў Усеправаслаўны сабор у Грэцыі: «тое, што зараз у Царкве няма вострых пытаньняў, добра. Чаго нельга сказаць аб тым, што цяпер адбываецца на Крыце, дзе засядаюць праваслаўныя герархі. Там ёсьць такія пытаньні, якія ў сьпешцы не вырашаюцца. Нашая царква прапанавала перанесьці Сабор, каб усё было ўзважана і абмеркавана, бо ў пытаньнях багаслоўя сьпешкі не павінна быць. У 1961 годзе, калі адбывалася І Усеправаслаўнае паседжаньне, было прапанавана разгледзець 100 пытаньняў, а ў сёлетнім — толькі 6. Тысячу гадоў чакалі, нашто цяпер сьпяшацца?»[27] 31 верасьня 2016 году разам з каталіцкім мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам і міністрам культуры Беларусі Барысам Сьвятловым адкрыў выставу абразоў у Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі[28]. На пачатку кастрычніка 2016 году прапанаваў весьці літургію па-беларуску: «калі прыход жадае, то няхай служаць на беларускай мове»[29]. 20 сьнежня 2016 году Рашэньнем Пленуму «Беларускага фонду міру» быў улучаны ў склад яго Ўправы разам з кіраўнікамі каталіцкага, мусульманскага і юдэйскага веравызнаньняў у Беларусі[30]. 22 сьнежня 2016 году на сходзе Менскай япархіі падкрэсьліў: «Нам спрабуюць навязаць штосьці незвычайнае: год пеўня, казы, але ў нас жа кожны год аднолькавы. Царква заклікае напярэдадні новага каляндарнага году, асабліва ў дні каляднага посту, успомніць аб пражытым жыцьці: калі кагосьці пакрыўдзілі — папрасіце прабачэньня, зрабілі штосьці няправільна — пастарайцеся ўсьвядоміць, прынесьці пакаяньне і ў наступным годзе гэтага не дапускаць. Гэта і ёсьць нашае імкненьне да дасканаласці»[31].

12—15 студзеня 2017 году Лізавецінскі манастыр у Цэнтральным раёне Менску па вуліцы Выгоцкага (мікрараён Навінкі) зладзіў 3-і міжнародны фэстываль батлеек «Нябёсы», правядзеньне якога дабраславіў экзарх Павал[32]. 3 верасьня 2017 году на Дні беларускага пісьменства ў Полацку прадставіў беларускі пераклад Новага Запавету ад БПЦ са словамі: «Хачу сказаць, што літаральна некалькі тыдняў таму яшчэ адзін выдатны плод быў прынесены Беларускай праваслаўнай царквой нашаму народу. Больш за 25 гадоў нашыя навукоўцы, лінгвісты, славісты, перакладчыкі працавалі над перакладам кніг Сьвятога Пісаньня Новага Запавету. І сёньня ў Полацку мы прэзэнтавалі Новы Запавет на сучасную беларускую мову. Хочацца сказаць, што гэта таксама гістарычная падзея, яшчэ адзін крок для таго, каб нашыя людзі спазнавалі Бога, вучыліся любіць адзін аднаго, маглі бачыць жыцьцё ў міры, згодзе і аднадумстве»[33]. «Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста» ў беларускім перакладзе Біблійнай камісіі БПЦ выйшаў накладам 6000 асобнікаў, якія распаўсюдзілі ў кожным прыходзе Беларусі[34]. Пры канцы году «Гедэонавы браты» (ЗША) перавыдалі гэты беларускі пераклад Новага Запавету ў кішэнным фармаце накладам 30 000 асобнікаў, што зрабіла яго найбольш масавым біблійным выданьнем па-беларуску за ўсю гісторыю[35]. 15 лістапада 2017 году экзарх Павал прадставіў беларускі пераклад Новага Запавету ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (НББ), якой падарыў гэтае выданьне. Ён падкрэсьліў: «Новы Запавет, перакладзены праваслаўнымі багасловамі і філёлягамі на сучасную беларускую мову са старажытнагрэцкага арыгіналу, падрыхтаваны БПЦ да 500-годзьдзя з дня выданьня першай кнігі Бібліі Францыскам Скарынам, і гэта сымбалічная падзея». На прэзэнтацыі ў НББ міністар інфармацыі Беларусі Алесь Карлюкевіч заўважыў: «гэтая падзея можа стаць асновай для новых крокаў у аб'яднаньні царквы з грамадзтвам, ва ўплыве царквы на разьвіцьцё сувэрэннай Беларусі»[36]. 24 лістапада 2017 году падчас 3-х Беларускіх калядных чытаньняў падпісаў Дамовы аб супрацы БПЦ з 4-ма дзяржаўнымі ведамствамі Беларусі: Міністэрствам культуры, Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналёгіях, а таксама Нацыянальнай акадэміяй навук. Пры гэтым 1-я намесьніца міністра культуры Ірына Дрыга адзначыла: «Тыя праграмы, якія падпісаныя паміж намі..., прыносілі добрыя плады. Напрыклад, узводзяцца культавыя пабудовы, робяцца росьпісы, вырабляюцца мазаікі... У нашых музэях праводзяцца выстаўкі іканапісу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пачынаючы са старажытнасьці і да нашага часу»[37].

16 студзеня 2018 году перадаў канцэнтратар тлену для вэнтыляцыі лёгкіх у аддзяленьне рэанімацыі Дома дзіцяці № 1 у Менску[38]. На Пакроў Багародзіцы 14 кастрычніка 2018 году сумесна з маскоўскім патрыярхам Кірылам асьвяціў Храм усіх сьвятых у Менску[39]. 30 лістапада 2018 году на Беларускіх калядных чытаньнях падпісаў Праграму супрацы БПЦ зь Міністэрствам аховы здароўя Беларусі ў пытаньнях дапамогі людзям з ракавымі захворваньнямі[6]. 15 ліпеня 2019 году ў рамках «Славянскага базару ў Віцебску» адбылося харавое сьвята «Славянскі дабравест», якое ўхваліў экзарх Павал[40]. 29 верасьня 2019 году на «Сталічным тэлебачаньні» заявіў: «Я прымаю ў Менскую япархію людзей з акадэмічнай адукацыяй. Сёньня вельмі важна, каб нашы пастыры былі высокаадукаванымі. У царкву прыходзіць шмат вельмі адукаваных людзей, і сьвятар павінен адказаць на ўсе пытаньні, зь якімі яны зьвяртаюцца. І гэтыя адказы павінныя быць заснаваныя на гісторыі і досьведзе царквы, на асабістым досьведзе сьвятара». Тамсама ён заявіў: «Былі спробы прапанаваць абвясьціць аўтакефалію Беларускай праваслаўнай царквы ці нейкую аўтаномію. Сёньня ў Беларусі няма неабходнасьці ў такіх адміністрацыйных пераўтварэньнях, тым больш у кананічным праве»[41].

17 сакавіка 2020 году ў цыркулярным лісьце параіў ва ўсіх храмах, манастырах і месцах сходу прыхаджанаў праціраць абеззаражвальнымі і сьпіртазьмяшчальнымі рэчывамі абразы́ і сьвятыні пасьля кожнага цалаваньня ў сувязі з пандэміяй каранавіруснай інфэкцыі ў Беларусі. Таксама прапанаваў карыстацца для запіваньня пасьля прычасьця аднаразовымі кубкамі, якія мелі зьбіраць і выкідаць адразу пасьля набажэнства. Сярод іншага, параіў сьвятарам ўстрымацца ад дабраславеньня праз цалаваньне рукі. Таксама ў лісьце адзначыў важнасьць рэгулярнай вільготнай уборкі з выкарыстаньнем абеззаражвальніка ў храмавай прасторы, царкоўных лаваў, сьвячных скрыняў, месцаў прыёму запісак і санітарных пакояў прыходаў. Урэшце пастанавіў устрымлівацца ад удзелу ў грамадзкай царкоўнай малітве пры выяўленьні болю ў горле, кашлю і насмарку[42]. 11 красавіка 2020 году падпісаў Рэкамэндацыі па сьвяткаваньні Вялікадня, каб зьменшыць заражэньне вірусам прыхаджанаў. У Рэкамэндацыях прадпісаў вынесьці велікодныя абрады на вуліцу і параіў устрымацца ад наведваньня набажэнства людзям з прыкметамі інфэкцыяў дыхальных шляхоў і хранічнымі хваробамі[43]. 14 красавіка ён удакладніў: «калі вы прыходзіце, то калі ласка захоўвайце дыстанцыю адзін ад аднаго. ... Кулічы і паскі будуць асьвячацца на вуліцы, за межамі храмаў. Мы заклікаем усіх у гэтыя дні маліцца дома. Тым больш што набажэнствы будуць трансьлявацца на тэлеканалах»[44]. 30 красавіка абнародаваў «Заяву ў сувязі з працягам распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі ў Беларусі», у якой адзначыў: «Бестурботнае стаўленьне да нашых заклікаў, а часта і безадказнае стаўленьне да выкананьня інструкцыяў па папярэджаньні захворваньня з боку асобных клірыкаў прывялі да выпадкаў заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй шэрагу сьвятароў, законьнікаў і недухоўных, як зь ліку прыходзкіх працаўнікоў, студэнтаў духоўных школ, так і простых вернікаў». У Заяве ён згадаў, што некаторыя сьвятары і манахі знаходзяцца ў аддзяленьнях інтэнсіўнай тэрапіі, а клірык Петрапаўлаўскага сабору ў Менску Генадзь Буцько сканаў. Урэшце параіў праводзіць набажэнствы ў цёплы час на вуліцах і адзначыў, што «багаслаўляецца зьдзяйсьненьне набажэнстваў у храмах без удзелу вернікаў, каб не падвяргаць рызыцы магчымага заражэньня людзей»[45]. 12 жніўня 2020 году заявіў з нагоды пасьлявыбарчых пратэстаў: «Я нікога не хачу асуджаць — ні адзін, ні другі бок». Таксама ён заклікаў «тых, хто прыбыў у Беларусь»: «Пакіньце беларускаму народу магчымасьць самому жыць і выбіраць шлях, па якім ён пойдзе далей»[46]. 17 жніўня наведаў Гарадзкую клінічную лякарню хуткай мэдычнай дапамогі ў Менску, дзе пагутарыў зь лекарамі і пацярпелымі падчас вулічных шэсьцяў. У лякарні знаходзілася 30 такіх шпіталізаваных пацыентаў[47]. На сьвята Перамяненьня Гасподняга 19 жніўня 2020 году ў саборы Сашэсьця Сьвятога Духу ў Менску зьдзейсьціў малебен аб дараваньні міру беларускаму народу. Пасьля набажэнства заявіў: «З абодвух бакоў — і сярод сілавікоў, і сярод пратэстоўцаў — ёсьць паства нашай царквы. Гэта нашыя людзі. І маё сэрца баліць аб усіх»[48].

Самакіраванасьць БПЦ

рэдагаваць

16 сьнежня 2014 году Агульны сход япархіяў Менскай мітраполіі БПЦ ухваліў Выніковы дакумэнт, у 19-м пункце якога вызначыў: «Прасіць мітрапаліта менскага і заслаўскага Паўла, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі хадайнічаць перад патрыярхам маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам і Сьвятым сынодам аб наданьні БПЦ статусу самакіраванай царквы ў складзе Маскоўскага патрыярхату паводле ўзору Латвіі, Малдовы і Эстоніі»[49]. На сходзе экзарх Павал заявіў: «Беларускі экзархат прыйдзе да самакіраваньня па прыкладзе Украіны, Эстоніі … у Эстоніі 2 япіскапы — самакіраваная царква, у Латвіі 2 япіскапы — самакіраваная, у Малдове 5 япіскапаў — самакіраваная, у нас 16 япіскапаў — мы не самакіраваная. Дзесьці нават крыўдна становіцца. Таму я буду, пэўна, уздымаць гэтае пытаньне. … мяне гэта закранае, бо тут ужо гонар БПЦ». Пасьля таго, як выказваньне экзарха Паўла выклікала воплескі і знайшло адлюстраваньне ў Выніковым дакумэнце, той адзначыў: «выяўляецца такое вось далікатнае пачуцьцё, унутрана такое пачуцьцё годнасьці нашай царквы, нашай дзяржавы: суседзі атрымалі такі самакіраваны статус, а мы, царква большая, не»[50]. Запытаны самакіраваны статус прадугледжваў самастойны выбар мітрапаліта БПЦ замест прызначэньня маскоўскім Сынодам і выданьне пастановаў Сынода БПЦ без патрэбы іх зацьвярджэньня Сынодам у Маскве[51]. Аднак 18 студзеня 2015 году празь месяц пасьля запыту ў Маскоўскі патрыярхат экзарх Павал паведаміў, што там пажаданьне БПЦ аб самакіраванасьці «выклікала хвалю абурэньня з боку агромністай колькасьці людзей»[52].

Вяртаньне ў Расею

рэдагаваць

25 жніўня 2020 году ў Данілавым манастыры Масквы Сьвяты сынод РПЦ задаволіў прашэньне беларускага экзарха Паўла аб вызваленьні ад пасады і прызначыў яго кацярынадарскім мітрапалітам (Краснадарскі край)[53].

  1. ^ а б в Мітрапалітам Менскі і Слуцкім прызначаны разанскі архірэй Павал // Зьвязда : газэта. — 27 сьнежня 2013. — № 243 (27608). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Вераніка Пуставіт. Самая высокая любоў // Зьвязда. — 11 траўня 2015. — № 86 (27944). — С. 3.
  3. ^ Вераніка Пуставіт. Трымаемся разам // Зьвязда. — 3 чэрвеня 2017. — № 246 (28356). — С. 1, 4, 5.
  4. ^ а б Вольга Мядзьведзева. Першы Вялікдзень // Зьвязда. — 14 траўня 2014. — № 87 (27697). — С. 6.
  5. ^ а б Вольга Мядзьведзева. «Тое, як мяне тут прымаюць, перасягнула ўсе мае чаканьні» // Зьвязда. — 14 студзеня 2014. — № 5 (27615). — С. 1, 2.
  6. ^ а б Марыя Дадалка. «Я ўдзячны, што Гасподзь павёў мяне па гэтым шляху» // Зьвязда. — 26 красавіка 2019. — № 79 (28946). — С. 1, 4.
  7. ^ Вольга Мядзьведзева. Духоўная моц // Зьвязда. — 10 студзеня 2014. — № 3 (27613). — С. 1.
  8. ^ Нэлі Зігуля. Мітрапаліт Павал асьвяціў храм у Магілёве // Зьвязда. — 18 лютага 2014. — № 30 (27640). — С. 2.
  9. ^ Аляксандар Пукшанскі. Мітрапаліт дабраславіў Віцебск // Зьвязда. — 9 красавіка 2014. — № 65 (27675). — С. 3.
  10. ^ Разам можна зрабіць вельмі шмат // Зьвязда. — 6 траўня 2014. — № 82 (27692). — С. 1.
  11. ^ Малітва аб храме // Зьвязда. — 24 чэрвеня 2014. — № 116 (27726). — С. 1.
  12. ^ Вольга Мядзьведзева. «Новыя япархіі створаныя для таго, каб япіскапы былі бліжэй да людзей» // Зьвязда. — 17 сьнежня 2014. — № 239 (27849). — С. 2.
  13. ^ Коратка // Зьвязда. — 21 студзеня 2015. — № 11 (27869). — С. 1.
  14. ^ А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 31 кастрычніка 2002 г. № 137-З «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях» // Партал «Заканадаўства па-беларуску» (Рагойша), 15 сакавіка 2005 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  15. ^ А. Лукашэнка. Канстытуцыя 1994 году (са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 2004 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  16. ^ Мінадукацыі і БПЦ падпісалі праграму супрацоўніцтва на 2015-2020 гады // Газэта «Зьвязда», 16 лютага 2015 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  17. ^ Юлія Адамовіч. Справа, у якой не павінна быць непаразуменьняў // Мясцовае самакіраваньне. — 25 лютага 2015. — № 4 (344). — С. 2.
  18. ^ Пад мірным небам, у добрай згодзе // Зьвязда. — 14 сакавіка 2014. — № 49 (27907). — С. 1.
  19. ^ Вераніка Пуставіт. Дабраславеньне ад патрыярха // Зьвязда. — 23 чэрвеня 2015. — № 117 (27975). — С. 2.
  20. ^ Сынод БПЦ выказаў удзячнасьць прэзыдэнту Беларусі за падтрымку традыцыйных хрысьціянскіх каштоўнасьцяў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 14 ліпеня 2015 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  21. ^ Нэлі Зігуля. На сьвятых мошчах // Зьвязда. — 15 жніўня 2015. — № 155 (28013). — С. 6.
  22. ^ Вераніка Коласава. Чысьціня навакольля пачынаецца з чысьціні душы // Карані і кроны. — 25 жніўня 2015. — № 3. — С. 1.
  23. ^ Вераніка Пуставіт. Пра нашыя праваслаўныя сьвятыні // Ігуменскі тракт. — 22 верасьня 2015. — № 35 (136).
  24. ^ Урачыстая цырымонія «Малітва за Беларусь» адбылася ў Менску каля Храма-помніка ў гонар Усіх сьвятых // БелТА, 14 ліпеня 2015 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  25. ^ Вераніка Пуставіт. Дыялёг паміж царквой і грамадзтвам // Ігуменскі тракт. — 22 верасьня 2015. — № 234 (28092). — С. 2.
  26. ^ Вераніка Пуставіт.. Час дарыць дабрыню // Газэта «Зьвязда», 17 сьнежня 2015 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  27. ^ Размова без пасрэднікаў // Газэта «Зьвязда», 24 чэрвеня 2016 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  28. ^ Марына Весялуха. Менск — Ватыкан: абрысы духоўнасьці // Жырандоля. — 1 кастрычніка 2016. — № 35 (335). — С. 2.
  29. ^ Алена Хурс. Зьвяртацца да Бога па-беларуску // Зьвязда. — 4 кастрычніка 2016. — № 191 (28301). — С. 11.
  30. ^ Надзея Анісовіч. Трымаемся разам // Зьвязда. — 21 сьнежня 2016. — № 246 (28356). — С. 4.
  31. ^ Мітрапаліт Павал: мы павінныя навучыцца цаніць мір, які ёсьць у Беларусі // БелТА, 22 сьнежня 2016 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  32. ^ Сьвята-Лізавецінскі манастыр пачаў прыём заявак на фэстываль батлеек «Нябёсы» // БелТА, 6 ліпеня 2016 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  33. ^ Дзень беларускага пісьменства ўрачыста адкрыўся ў Полацку // Газэта «Зьвязда», 3 верасьня 2017 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  34. ^ Ларыса Цімошык.. На беларускай мове — з дабраславеньнем // Газэта «Зьвязда», 19 верасьня 2017 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  35. ^ Ніна Шчарбачэвіч. «Для землякоў-беларусаў» // Ігуменскі тракт. — 12 верасьня 2017. — № 13 (192). — С. 1.
  36. ^ Аксана Манчук. Пераклад Сьвятога Пісаньня Новага Запавету на беларускую мову прэзэнтаваны ў Менску // БелТА, 15 лістапада 2017 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  37. ^ Ніна Шчарбачэвіч. Жыць у міры // Зьвязда. — 25 лістапада 2017. — № 228 (28592). — С. 3.
  38. ^ Алена Кравец. Мітрапаліт Павал падарыў дому дзіцяці мэдыцынскае абсталяваньне // Зьвязда. — 17 студзеня 2018. — № 11 (28627). — С. 10.
  39. ^ Патрыярх Кірыл адслужыў чын Вялікага асьвячэння Храма-помніка ў гонар Усіх Сьвятых // БелТА, 15 кастрычніка 2018 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  40. ^ Аляксандар Пукшанскі. На сьвяце харавой музыкі «Славянскі дабравест» выступяць пяць калектываў // Газэта «Зьвязда», 14 ліпеня 2019 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  41. ^ Мітрапаліт Павал: У БПЦ няма неабходнасьці ў пераўтварэньнях ў кананічным праве // Газэта «Зьвязда», 30 верасьня 2019 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  42. ^ Абразы ў праваслаўных храмах пасля цалаваньня будуць праціраць антысэптыкам // Газэта «Зьвязда», 18 сакавіка 2020 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  43. ^ Алена Кравец. Алена Богдан: Штодзень рэгіструем 340–360 выпадкаў — такая сытуацыя будзе цягам двух-трох тыдняў // Газэта «Зьвязда», 14 красавіка 2020 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  44. ^ Мітрапаліт Павал заклікаў вернікаў у гэтыя дні ўстрымацца ад наведваньня храмаў // Газэта «Зьвязда», 14 красавіка 2020 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  45. ^ Мітрапаліт Павал прыгразіў сьвятарам царкоўным судом // Газэта «Зьвязда», 1 траўня 2020 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  46. ^ Марыя Дадалка. Мітрапаліт Павал: Я хачу ўсіх заклікаць да разважлівасьці, міру, дыялёгу і згоды // Газэта «Зьвязда», 12 жніўня 2020 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  47. ^ Толькі ў адной бальніцы хуткай мэддапамогі знаходзяцца каля 30 пацярпелых падчас масавых акцый // Газэта «Зьвязда», 17 жніўня 2020 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  48. ^ «Малітва». Музыка Алега Моўчана, словы Янкі Купалы // Газэта «Зьвязда», 20 жніўня 2020 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.
  49. ^ Выніковы дакумэнт Агульнага сходу япархіяў Менскай мітраполіі 16 сьнежня 2014 году (рас.) // Беларускі партал «Царква», 17 сьнежня 2014 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  50. ^ Мітрапаліт Павал будзе ставіць пытаньне пра самакіраванасьць БПЦ, епархіяльны сход сустрэў ягоную заяву авацыяй // Газэта «Наша ніва», 17 сьнежня 2014 г. Праверана 25 кастрычніка 2018 г.
  51. ^ Зьміцер Панкавец. Шрамко: «У самакіраванасьці БПЦ зацікаўленае кіраўніцтва Беларусі» // Наша ніва : газэта. — 24 сьнежня 2014. — № 48 (885). — С. 8. — ISSN 1819-1614.
  52. ^ Мітрапаліт Павал: «Тэма самакіраванасьці БПЦ здымаецца з парадку дня» // Газэта «Наша ніва», 18 студзеня 2015 г. Праверана 24 жніўня 2021 г.
  53. ^ Вольга Мядзьведзева. Патрыяршым экзархам усяе Беларусі прызначаны япіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін // Газэта «Зьвязда», 25 жніўня 2020 г. Праверана 25 ліпеня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць