Манах

сябра манаскага рэлігійнага ордэна

Мана́х, мана́ства (грэч. μοναχός — адзіночка, самотны) — звычайна член рэлігійнай абшчыны (таксама манашка), які ў адпаведнасьці з абяцаньнем (клятвай) вядзе аскетычнае жыцьцё альбо ў рамках манаскага таварыства, альбо ў адзіноце, пустэльніцтве. Манахі жывуць у манастырах, пустынях, лаўрах. Манах ад нашэньня чорнай адзёжы названы чарнец, чарніца (манашка), чарняцы (манахі). Сьвятары ў манастве — чорнае сьвятарства. У адрозьненьне ад жанатых сьвятароў — белага сьвятарства. Манах і сьвятар — два розныя паняцьці. Даўней называўся яшчэ мніх. У царкоўнаславянскай мове «манах» называецца таксама інокъ («інока», «інокіня» жаночага роду); іншы ад астатніх «іной» (адзін адзіны, адасоблены, пустэльнік); «інокій» (інакш павінен весьці сваё жыцьцё адрозьніваючыся ад іншага, сьвецкіх паводзін).

Інстытут манаства характэрны для каталіцкага й праваслаўнага хрысьціянства, індуізму й будызму. Часам да манахаў прылічаюць і дэрвішаў ісламу — але гэта спрэчна, бо падабенства толькі зьнешняе: дэрвішы маглі жаніцца, мелі ўласныя дамы й жылі сваім уласным жыцьцём. Зьявіліся манахі ў сярэдзіне І тыс. да н.э. у будызьме. Ад ІІІ ст. н.э. манаства прыйшло й у хрысьціянства з Сырыі й Эгіпта, як форма ўвасабленьня аскетычнага ідэала, які адлюстраваў дуалістычнае сьветаразуменьне, у супрацьпастаўленьні духа й цела (дабра й зла). Манахаў няма толькі ў пратэстантызьме.

Традыцыя лічыць заснавальнікамі хрысьціянскага манаства егіпецкіх падзьвіжнікаў сьвятых Антонія Вялікага й Пахомія. На Русі заснавальнікамі манаства лічаць вялебных Антонія й Феадосія Пячэрскіх, якія стварылі ў X стст. Кіева-Пячэрскі манастыр. Манах прымае абяцаньні ўбоства (адмова ад прыватнай уласнасьці), чысьціні (бясшлюбнасьці), паслушэнства (абсалютнага падпарадкаваньня статуту й манастырскай уладзе). Манахі аднаго манастыра называюцца братамі (браціяй). І маюць тры ступені: расафор, маласхімнік, вялікасхімнік. Чорнае адзеньне праваслаўных манахаў — сымбаль смутку й адмовы ад усяго сьвецкага. Прыняцьце манаства адбываецца ва ўрачыстым абрадзе (чыне) пастрыжэньня. З манаства фармуецца вышэйшае кіраўніцтва царквы — эпіскапат.

У хрысьціянстве першымі манахамі былі людзі, якія хацелі весьці больш набожны лад жыцьця ў параўнаньні зь іншымі людзьмі, і дзеля гэтага хаваліся ад сьвету, адасабляліся. І сьвядома абмяжоўвалі сябе, каб дасягнуць разьвіцьця. З часам яны сталі аб’ядноўвацца ў манастыры — згуртаваньні манахаў. Задачы асабістага выратаваньня зьліваліся з агульнацаркоўнымі задачамі (і сацыяльнымі). Адыход манахаў ад усяго сьвецкага, адмова ад каштоўнасьцяў сьвецкага жыцьця, прыняцьце часовых альбо пастаянных абяцаньняў чысьціні, убоства й паслушэнства спалучаліся зь імкненьнем уплываць на сьвет сваім прыкладам (і пропаведзьдзю). У Заходняй Эўропе манаства распаўсюдзілася ад ІV ст. Папулярнасьцю карысталіся бенедыкцінцы. Клюнійская рэформа ў X—XІ стст. умацавала сувязь манаства з папствам, спрыяла ўзмацненьню папскай улады. І ў значнай ступені падпарадкавала жыцьцё й дзейнасьць каталіцкага духавенства прынцыпам манаства. Зьліцьцё ідэй манаства зь місыяй кліру ўвасобілася ў інстытуце статутных канонікаў (canonіcі regolarі), якія спалучалі сьвятарскі стан з прыняцьцем манаскіх зарокаў. Найважнейшым напрамкам у Каталіцкай Царкве сталі ад XІІІ ст. бедныя Ордэны, якія займалі пануючае становішча да пачатку Контррэфармацыі. Іх адціснулі езуіты й розныя манаскія кангрэгацыі. У сучасным сьвеце налічваецца 213917 каталіцкіх манахаў, зь іх 149176 манахаў у Сьвятарстве, і 908158 манашак розных манаскіх аб’яднаньняў.

Манахам няможна назваць любога мужчыну (і любую жанчыну), якія маючы фізычную й псыхічную магчымасьць уступаць у шлюб і палавыя (сексуальныя) дачыненьні, мець сям’ю й дзяцей, не робяць гэтага з асабістых меркаваньняў альбо з-за хваробы. Напрыклад, у каталіцкім абрадзе манахі складаюць пісьмовую прысягу й прымаюць вышэй паданыя абяцаньні. Перад тым бяруць блаславеньне бацькі й маці, рэкамэндацыю пробашча, праходзяць этапы выпрабаваньня пакліканьня ў манаскі стан і г.д. Вышэй сказанае абмежаваньне сапраўдных манахаў гэта элемэнт іх жыцьця, але не мэта. Манахі імкнуцца весьці анёлападобны лад жыцьця, сьведчыць аб Небе жывучы ў целе на Зямлі.

Літаратура рэдагаваць

  • укл. Василь Яременко і Оксана Сліпушко, «Тлумачний словник української мови», вид. «Аконіт», м. Київ, 2000 р. ISBN 966-7173-02-X, том 2 (Ж-О), с. 680;
  • ред. Митрохин Л. Н. и др., «Христианство» (словарь), изд. «Республика», г. Москва, 1994 г., с. 164, 290;
  • составил священник магистр протоиерей Григорий Дьяченко, «Полный церковно-словянский словарь», 1900 г., c. 223, 997.