Пераклад
Пераклад — перадача значэньня тэксту на зыходнай мове эквівалентным тэкстам на канцавой мове[1]. Нягледзячы на тое, што разуменьне іншых моваў мела месца і да зьяўленьня пісьма, перакладніцкая дзейнасьць распачалася са зьяўленьнем пісьмовай літаратуры. Гэтак, вядомы няпоўны пераклад шумэрскага Эпасу пра Гільгамэша (к. 2000 да н. э.) на мовы Паўднёва-Заходняй Азіі, выкананы ў другім тысячагодзьдзі да нашай эры[2].

Пры перакладзе з адной мовы на другую заўсёды існуе рызыка таго, што ідыёмы перацякуць у недарэчнай форме ў выніковую мову. У той жа час, калькаваньне і запазычваньне словаў можа ўзбагаціць мову, на якую перакладаецца тэкст. Сапраўды, перакладаньне і дапамагала ў фармаваньні моваў, на якія ажыцьцяўляліся пераклады[3]. З узрастаньнем патрэбаў бізнэсу пасьля Індустрыяльнай рэвалюцыі задачы па перакладзе былі фармалізаваныя — гэтак паўсталі асобныя перакладніцкія школы і спэцыялізаваныя асацыяцыі[4].
З-за працаёмкасьці працэсу перакладу ў 1940-х гадох перад інжынэрамі паўстала задача аўтаматызацыі перакладніцкага працэсу (машынны пераклад), або прынамсі дапамогі ў перакладзе (аўтаматызаваны пераклад)[5]. З разьвіцьцём Інтэрнэту паўстаў цэлы рынак перакладніцкіх паслугаў, а таксама пачалося разьвіцьцё моўнай лякалізацыі[6]. Сыстэматычным дасьледваньнем тэорыі і практыкі перакладаў займаецца перакладазнаўства.
Дакладнасьць і трапнасьць
рэдагавацьДакладнасьць (ці пэўнасьць) і трапнасьць[7], дзьве ідэальныя якасьці перакладу, часта, але і не заўсёды, супярэчаць адна адной. Францускі крытык XVII стагодзьдзя Жыль Мэнаж стварыў выраз «les belles infidèles» («прыгожыя няслушныя»), каб падкрэсьліць, што пераклады могуць быць альбо дакладнымі, альбо прыгожымі, але не абодвума адначасна[8]. Дакладнасьць вызначаецца тым, наколькі пераклад дакладна перадае сэнс арыгінальнага тэксту без скажэньняў. Трапнасьць жа азначае, наколькі пераклад здаецца носьбіту мовы перакладу такім, быццам ён быў ад самага пачатку створаны гэтай мовай, і адпавядае ейнай граматыцы, сынтаксісу і ідыяматыцы.
Пераклад, які адпавядае крытэру дакладнасьці, называюць дакладным, а пераклад, які адпавядае крытэру трапнасьці, — ідыяматычным. У залежнасьці ад канкрэтнага перакладу гэтыя дзьве якасьці могуць не выключаць адна адную. Крытэры дзеля ацэнкі пэшнасьці перакладу залежаць ад тэмы, тыпу і прызначэньня тэксту, ягоных літаратурных якасьцяў, сацыяльнага або гістарычнага кантэксту ды іншых парамэтраў. Крытэры ацэнкі трапнасьці перакладу выглядаюць больш адназначнымі, бо неідыяматычны пераклад «гучыць няслушна» і, у скрайніх выпадках літаральнага перакладу, часта мае відавочную бессэнсоўнасьць.
Тым ня менш, у пэўных кантэкстах перакладнік можа сьвядома імкнуцца стварыць літаральны пераклад. Перакладнікі літаратурных, рэлігійных або гістарычных тэкстаў часта максымальна прытрымліваюцца зыходнага тэксту, выходзячы па-за межы звычайных рамак мовы перакладу, каб стварыць неідыяматычны тэкст. Таксама перакладнік можа выкарыстоўваць выразы ці іхныя элемэнты з зыходнай мовы, каб перадаць «лякальны калярыт». Сучасная заходняя практыка перакладу кіруецца падвоенымі паняткамі дакладнасьці і трапнасьці, але гэтак было не заўсёды. Былі часы, асабліва ў даклясычным Рыме і ў XVIII стагодзьдзі, калі многія перакладнікі выходзілі па-за межы ўласна перакладу ў сфэру адаптацыі. Адаптаваны пераклад застаецца актуальным у некаторых незаходніх традыцыях. Індыйскі эпас «Рамаяна» існуе ў мностве варыянтаў на розных індыйскіх мовах, і ў кожнай вэрсіі гісторыі адрозьніваюцца. Падобныя прыклады можна знайсьці ў сярэднявечнай хрысьціянскай літаратуры, якая прыстасоўвала тэксты да мясцовых традыцыяў і звычаяў.
Многія тэорыі непразрыстага перакладу абапіраюцца на канцэпцыі нямецкага рамантызму, а самым відавочны ўплыў зрабіў нямецкі тэоляг і філёзаф Фрыдрых Шляермахэр. У сваёй знакавай лекцыі «Пра розныя мэтады перакладу» (1813) ён адрозьніваў падыходы да перакладу, якія «рухаюць аўтара да чытача», гэта значыць трымаюцца трапнасьці, і тыя, што «рухаюць чытача да аўтара», гэта значыць тычацца экстрэмальнай дакладнасьці іншароднасьці зыходнага тэксту. Шляермахэр надаваў перавагу другому падыходу, аднак ягонай матывацыяй была ня столькі прага прыняць іншароднае, колькі нацыяналістычнае жаданьне супрацьстаяць культурнай дамінацыі Францыі і прасоўваць нямецкую літаратуру. У канцы XX стагодзьдзя вядомымі прыхільнікамі такога «непразрыстага» перакладу сталі францускі навуковец Антуан Бэрман, які вызначыў дванаццаць скажальных тэндэнцыяў, уласьцівых большасьці перакладаў празаічных твораў[9], і амэрыканскі тэарэтык Лоўрэнс Вэнуці, які заклікаў перакладнікаў ужываць стратэгіі фарэнізацыі перакладу замест ягонай дамэстыкацыі[10].
Эквівалентнасьць
рэдагавацьПытаньне пэўнасьці і трапнасьці таксама было сфармуляванае ў панятках дынамічнай і фармальнай эквівалентнасьці. Гэтыя тэрміны ўжываў Юджын Найда дзеля апісаньня спосабаў перакладу Бібліі, аднак гэтыя падыходы можна ўжыць да любога перакладу. Фармальная эквівалентнасьць адпавядае мэтафразе, а дынамічная эквівалентнасьць — парафразе. Фармальная эквівалентнасьць, якая дасягаецца празь літаральны пераклад, імкнецца перадаць тэкст літаральна, ці слова ў слова, а калі трэба, за кошт рысаў, натуральных для мовы перакладу. У процівагу гэтаму, дынамічная эквівалентнасьць перадае асноўныя думкі, выказаныя ў зыходным тэксьце, калі трэба, за кошт літаральнасьці, зыходнай сэмантыкі і парадку словаў, дзейнага і залежнага станаў зыходнага тэксту і г. д.
Аднак паміж фармальнай і функцыянальнай эквівалентнасьцю няма выразнай мяжы. Наадварот, яны ўяўляюць сабою спэктар падыходаў да перакладу. Кожны зь іх выкарыстоўваецца ў розныя часы і ў розных кантэкстах адным і тым жа перакладнікам, а таксама ў розных частках аднаго і таго ж тэксту, а часам і адначасна. Прафэсійны пераклад патрабуе мудрага спалучэньня фармальных і функцыянальных эквівалентаў[11]. Агульныя памылкі ў перакладзе, асабліва калі іх робяць неспрактыкаваныя перакладнікі, ўлучаюць фальшывыя эквіваленты, такія як фальшывыя сябры і фальшывыя кагнаты.
Зыходная мова і мова перакладу
рэдагавацьУ практыцы перакладу зыходнай мовай уважаецца мова, зь якой ажыцьцяўляецца пераклад, а мова перакладу вызначаюць мову, на якую робіцца пераклад[12]. Праблемы перакладу могуць узьнікнуць празь лексычныя і сынтаксічныя адрозьненьні паміж гэтымі мовамі. Пры гэтым такія цяжкасьці больш выражаныя паміж мовамі, якія належаць да розных моўных сямействаў.
Часта зыходная мова ёсьць другой мовай перакладніка, а мова перакладу — першай мовай перакладніка[13]. Аднак у некаторых геаграфічных умовах зыходная мова ёсьць першай мовай перакладніка, бо часам бракуе людзей, якія валодаюць зыходнай мовай як другой мовай[14]. Напрыклад, дасьледаваньне 2005 году выявіла, што 89% прафэсійных перакладнікаў Славеніі перакладаюць на сваю другую мову, якой звычайна ёсьць ангельская мова[14]. Калі зыходная мова ёсьць першай мовай перакладніка, гэты працэс называецца рознымі тэрмінамі, як то пераклад на ня родную мову, пераклад на другую мову і г. д.[14] У гэтым выпадку працэс звычайна пачынаецца з поўнага і глыбокага аналізу арыгінальнага тэксту на зыходнай мове, каб забясьпечыць поўнае разуменьне перад тым, як беспасярэдне пераходзіць да самога перакладу.
Пераклад для спэцыялізаваных або прафэсійных сфэраў патрабуе таксама працоўнага веданьня адпаведнай тэрміналёгіі ў гэтай сфэры. Напрыклад, пераклад юрыдычнага тэксту патрабуе ня толькі вольнага валоданьня адпаведнымі мовамі, але і знаёмства з тэрміналёгіяй, павязанай з праўнай дзейнасьцю ў кожнай мове[15].
Не зважаючы на тое, што форму і стыль зыходнай мовы часта немажліва аднавіць у мове перакладу, аднак разуменьне і зьмест можна перадаць. Лінгвіст Раман Якабсон сьцьвярджаў, што ўвесь кагнітыўны досьвед чалавека можа быць клясыфікаваны і выказаны на любой жывой мове[12]. Лінгвіст Гілад Цукерман выказваў думку, што абмежаваньні тычацца ня столькі перакладу як такога, колькі элегантнасьці перакладу[16].
Адваротны пераклад
рэдагавацьАдваротным перакладам уважаецца пераклад тэксту, які ўжо быў перакладзены, зноў на мову арыгінальнага тэксту, зроблены без спасылак на арыгінальны тэкст. Параўнаньне адваротнага перакладу з арыгінальным тэкстам часам выкарыстоўваецца як праверка дакладнасьці перакладу, падобна да таго, як дакладнасьць матэматычнай апэрацыі правяраецца шляхам адваротнай апэрацыі. Але вынікі такіх адваротных перакладаў, хоць і карысныя дзеля праверкі, але не заўсёды ёсьць дакладнымі. Адваротны пераклад, як правіла, будзе менш дакладным, чым адваротнае вылічэньне, бо моўныя сымбалі і словы часта амбівалентныя, у той час як матэматычныя сымбалі адназначныя. У кантэксьце машыннага перакладу адваротны пераклад таксама называецца «перакладам у два кірункі». Калі перакладаюцца матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў мэдычных клінічных дасьледваньнях, як то форма інфармаванай добраахвотнай згоды, адваротны пераклад часта патрабуецца этычным камітэтам або інстытуцыйнай рэвізійнай радай[17].
Марк Твэн прывёў гумарыстычна пераканаўчыя доказы ненадзейнасьці адваротнага перакладу, калі апублікаваў такі пераклад з францускай мовы ўласнага кароткага апавяданьня «Знакамітая жаба-скакуха з Калавераса». Свой адваротны пераклад ён апублікаваў у выданьні 1903 году разам з арыгіналам па-ангельску, францускім перакладам і «Прыватнай гісторыяй пра гісторыю жабы-скакухі».
Калі твор захоўваецца толькі ў перакладзе, а арыгінал быў некалі страчаны, дасьледнікі часам робяць адваротны пераклад, спрабуючы аднавіць арыгінальны тэкст. Прыкладам гэтага ўважаецца раман «Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе» польскага шляхціча Яна Патоцкага. Аўтар напісаў раман па-француску і ананімна апублікаваў часткі твору ў 1804 і 1813—1814 гадах. Часткі арыгінальнага францускага манускрыпту былі страчаныя, аднак страчаныя фрагмэнты захаваліся ў польскім перакладзе, зробленым Эдмундам Хаяцкім у 1847 годзе з поўнай францускай копіі, якая таксама была страчаная. Францускія вэрсіі твору былі створаныя апасьля, грунтуючыся на існых францускамоўных частках, якія былі адваротна перакладзеныя з польскай вэрсіі Хаяцкага[18]. Многія працы ўплывовага клясычнага лекара Галена захаваліся толькі ў сярэднявечных арабскіх перакладах. Некаторыя захаваліся толькі ў лацінскіх перакладах эпохі Адраджэньня, якія ў сваю чаргу былі зробленыя з страчаных перакладаў на арабскую мову, то бок уважаюцца другаснымі перакладамі. Каб лепш зразумець Галена, навукоўцы паспрабавалі зрабіць адваротны пераклад такіх твораў, каб аднавіць арыгінальны грэцкі тэкст.
Калі гісторыкі падазраюць, што нейкі твор насамрэч ёсьць перакладам зь іншай мовы, адваротны пераклад на гэтую гіпатэтычна арыгінальную мову можа даць дадатковыя доказы, выкрыўшы характарыстыкі, як то ідыёмы, гульні словаў, асаблівыя граматычныя структуры і г. д., якія паходзяць з арыгінальнай мовы. Да прыкладу, вядомы тэкст народных казак пра Тыля Уленшпігеля быў напісаны на верхненямецкай мове, але ўтрымлівае гульні словаў, якія працуюць толькі пры адваротным перакладзе на ніжненямецкую мову. Гэта відавочны доказ таго, што гэтыя казкі (ці, прынамсі, іхняя вялікая частка) былі спачатку напісаныя на ніжненямецкай мове і перакладзеныя на верхненямецкую мову перакладнікам, які прытрымліваўся перабольшана мэтафарычнага падыходу.
Прыхільнікі тэорыі, таго, што Новы Запавет або ягоныя крыніцы былі першапачаткова напісаны па-арамэйску, імкнуцца давесьці сваю пазыцыю, адзначаючы, што цяжкія месцы разуменьня ў існым грэцкім тэксьце Новага Запавету значна лепш тлумачацца пры адваротным перакладзе на арамэйскую мову. Напрыклад, некаторыя незразумелыя згадкі на думку прыхільнікаў гэтай тэорыі насамрэч ёсьць арамэйскімі гульнямі словаў, якія ня трапна гучаць па-грэцку. З улікам практыкі адваротнага перакладу лічыцца, што некананічнае Эвангельле паводле Юды, якое дайшло да нас толькі на копцкай мове, насамрэч было складзенае па-грэцку.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ «The Oxford Companion to the English Language», Namit Bhatia, ed., 1992. — С. 1051—1054.
- ^ Cohen, J. M. (1986). «Translation». Encyclopedia Americana, vol. 27. — С. 12.
- ^ Kasparek, Christopher (1983). «The Translator’s Endless Toil». The Polish Review, vol. XXVIII, no. 2. — С. 84—87.
- ^ Wilson, Andrew (2009). «Translators on Translating: Inside the Invisible Art». Vancouver, CCSP Press.
- ^ Hutchins, W. J. (2000). «Early Years in Machine Translation: Memoirs and Biographies of Pioneers». Amsterdam, John Benjamins.
- ^ Snell-Hornby, M. (2006). «The Turns of Translation Studies: New Paradigms or Shifting Viewpoints?». Philadelphia, John Benjamins. — С. 133.
- ^ Scott, Clive (2018). «The Work of Literary Translation». London Review of Books, vol. 40, no. 19. — С. 22.
- ^ Hurtado Albir, Amparo (1990). «La notion de fidélité en traduction». Paris, Didier Érudition. — С. 231.
- ^ Berman, Antoine (1984). «L’épreuve de l’étranger».
- ^ Venuti, Lawrence (1994). «Call to Action» in The Translator’s Invisibility.
- ^ Kasparek, Christopher. «The Translator’s Endless Toil». — С. 83—87.
- ^ а б Hatim, Basil; Munday, Jeremy (2004). [https://books.google.com/books?id=3gZc6rCduLYC&dq=target+language+translation&pg=PA171 «Translation: An Advanced Resource Book». Introduction. Milton Park: Routledge. — ISBN 9780415283052.
- ^ FéRailleur-Dumoulin, Carline (2009). «A Career in Language Translation: Insightful Information to Guide You in Your Journey as a Professional Translator». Bloomington: AuthorHouse. — С. 1—2. — ISBN 9781467052047.
- ^ а б в Pokorn, Nike K. (2007). «In defense of fuzziness». Target. 19 (2): 190—191. — doi:10.1075/target.19.2.10pok.
- ^ de Groot, Gerard-Rene (2000). «Translating legal information». Journal of Legal Hermeneutics. Ed. Giuseppe Zaccaria. Hamburg: LIT Verlag Munster. — ISBN 9783825848620
- ^ Zuckermann, Ghil’ad (2020). «Revivalistics: From the Genesis of Israeli to Language Reclamation in Australia and Beyond». New York: Oxford University Press. — ISBN 9780199812790.
- ^ «Back Translation for Quality Control of Informed Consent Forms». Journal of Clinical Research Best Practices.
- ^ Czesław Miłosz. «The History of Polish Literature». — С. 193—194.