Літургія
Літургі́я (ад грэц. λειτουργία — «служэньне, служба») — публічная рытуальная форма набажэнства, якую служыць рэлігійная група. Як рэлігійная зьява, літургія ўяўляе сабою калектыўны адказ і ўдзел у сьвятасьці празь дзейнасьць, якая адлюстроўвае хвалу, падзяку, памяць, просьбы або пакаяньне. Яна зьяўляецца асновай дзеля ўсталяваньня добрых стасункаў з Богам. Фактычна, літургія ёсьць падмноствам рытуалу.

Этымалёгія
рэдагавацьСлова літургія паходзіць ад тэрміну ў старажытнагрэцкай мове (грэц. λειτουργία), што азначае «праца ці служба дзеля народа». Гэта даслоўны пераклад двух кампанэнтаў: λήϊτος, які паходзіць ад атычнай формы λαός («народ, грамадзкасьць»), і ἔργον («праца, служба»).
Спачатку гэтае слова азначала часта дарагія ахвяраваньні, якія заможныя грэкі рабілі ў служэньні народу, а значыць, і полісу, то бок гораду-дзяржаве, і дзяржаве[1]. Празь літургію заможныя грамадзяне бралі на сябе фінансавы цяжар і адпаведна ўзнагароджваліся гонарам і пашанай. Пэўныя літургіі прызначаліся полісам ці дзяржавай, а падчас дамінацыі Рыму — рымскімі імпэратарскімі ўладамі ў якасьці «падарункаў» дзяржаве і народу. Іхнае выкананьне сталася абавязковым у III стагодзьдзі як форма падаткаабкладаньня. Той, хто мусіць рабіць грэцкую літургію, часта не плаціў пэўную суму, але меўся фінансаваць канкрэтны рытуал, які можна было выканаць з розным узроўнем шчодрасьці ці пышнасьці. Асноўнай сфэрай рэлігійных лігургіяў увасабляліся ў фэстывалях. Амэрыканскі гісторык Мойзэс Фінлі адзначаў, што ў часы Дэмастэна ў Атэнах існавала прынамсі 97 літургічных прызначэньняў дзеля фэстываляў, якія павялічваліся да 118 у час Панатэнэйскіх гульняў[2]. Групы заможных грамадзянаў таксама прызначаліся дзеля фінансаваньня і забесьпячэньня грамадзкіх выгодаў і нават утрыманьня вайсковых караблёў.
З часам, калі было дамінаваньне Рымскай імпэрыі, такія абавязкі, вядомыя рымлянам як мунэра, ператварыліся ў канкурэнтную і разбуральна дарагую нагрузку, якую імкнуліся пазьбегнуць. Мунэра ўлучала шырокі спэктар выдаткаў, павязаных з грамадзкай інфраструктурай і выгодамі, то бок на выдаткаваныя грошы ладзіліся фэстывалі і гульні, а таксама рабіліся рамонты дарог, мастоў і аквэдукаў, пастаўкі розных сыравінных матэрыялаў і забесьпячэньне харчаваньня войскаў падчас іхнага маршу.
У рэлігіі
рэдагавацьХрысьціянства
рэдагавацьУ хрысьціянстве часта розніца паміж літургічнымі і нелітургічнымі цэрквамі робіцца ў залежнасьці ад таго, наколькі раскошнае або фармальнае іхнае набажэнства. У гэтым кантэксце цэрквы, набажэнствы якіх ня маюць загадзя распрацаванага сцэнару ці імправізуюцца, называюцца нелітургічнымі. Такое адрозьненьне часам аспрэчваецца, бо што такая тэрміналёгія хавае ўсеагульнасьць публічнага набажэнства як рэлігійнай зьявы. Такім чынам, нават адкрытае або чаканае набажэнства квакераў ёсьць літургічным, бо самое чаканьне да таго часу, пакуль Сьвяты Дух не пакліча кагосьці да выступу, ёсьць прадпісанай формай квакерскага набажэнства, якое часам называюць літургіяй маўчаньня. Аднак, у хрысьціянстве тэрмін «літургія» звычайна стасуецца да стандартызаванага парадку дзеяў, якія выконваюцца падчас рэлігійнага набажэнства, ці то сакрамэнтальнага набажэнства, ці то набажэнства публічнай малітвы, але звычайна маецца на ўвазе першае. У старажытнай традыцыі сакрамэнтальная літургія асабліва азначае ўдзел людзей у Божай справе, якая перадусім павязаная ў збаўчай працы Ісуса Хрыста. У гэтай літургіі Хрыстос працягвае справу адкупленьня.
Тэрмін «літургія» на грэцкай мове літаральна азначае «праца дзеля народа», але больш дакладным перакладам будзе «публічная служба». Раньнія хрысьціяне ўзялі гэтае слова, каб апісаць сваю галоўную форму царкоўнай службы — нядзельнае набажэнства, якое называецца рознымі тэрмінамі, у тым ліку Сьвятой Эўхарыстыяй, Сакрамэнтам, Імшой або Сьвятой літургіяй. Гэтае набажэнства лічылася ахвярай, але ўважалася абавязкам для хрысьціянаў як сьвятога народа, зьяднанага праз хрост. Гістарычна існавала хрысьціянская думка, якая падкрэсьлівала ідэю, што дзеля ператварэньня хлеба і віна ў эўхарыстычныя элемэнты неабходнае выкананьне ўсёй літургіі. Гэтая думка была асабліва распаўсюджаная ў Эгіпце. Звычайна многія хрысьціянскія цэрквы прызначаюць асобу, якая бярэ ўдзел у набажэнстве, як літурга. Ён можа чытаць урыўкі зь Сьвятога Пісаньня і рабіць заклікі да малітвы, у той час як служыцель прапаведуе, узносіць малітвы і асьвячае сакрамэнты. Літургам можа быць як пасьвечаны сьвятар, гэтак і людзкі чалавек. Уся грамада бярэ ўдзел у літургіі і прысьвячае яе Богу.
Юдаізм
рэдагавацьЮдэйская літургія — гэта малітоўныя тэксты, якія складаюць частку рэлігійнай практыкі рабіністычнага юдаізму. Гэтыя малітвы, часта з інструкцыямі і камэнтарамі, зьмяшчаюцца ў сыдур — традыцыйную габрэйскую малітоўную кнігу. Увогуле, габрэйскія мужчыны абавязаны маліцца тры разы на дзень у пэўныя прамежкі часу, у той час як, паводле большасьці сучасных аўтарытэтаў артадаксальнага юдаізму, жанчыны мусяць маліцца толькі адзін раз на дзень, бо яны звычайна вызваляюцца ад абавязкаў, залежных ад часу. Усе сумесныя малітвы патрабуюць наяўнасьці міньяну, то бок кворуму з 10 дарослых асобаў.