Культура Беларусі
Культура Беларусі (ад лац. cultura — апрацоўка) — сукупнасьць рэчаісных і магчымых каштоўнасьцяў Беларусі, што ствараюцца людзьмі ў ходзе гаспадарчай, грамадзкай і творча-духоўнай дзейнасьці.
Падкляса ад | культура Зямлі |
---|---|
Частка ад | славянская культура |
Частка больш агульнага | Беларусь |
Краіна | Беларусь |
Вывучаецца ў | беларусазнаўства |
Належыць да адкрытых культураў і прайшла асноўныя ступені, уласьцівыя для агульнаэўрапейскага разьвіцьця, як то дахрысьціянская Старажытнасьць, Сярэднявечча і Адраджэньне. Разьвівалася ва ўзаемадзеяньні зь іншымі славянскімі, а таксама балцкімі культурамі. Пры гэтым чэрпала свае багацьці з крыніцаў народнай творчасьці[1].
Установы
рэдагавацьКультурна-асьветныя ўстановы былі адным з асноўных відаў установаў культуры ў Беларусі разам з тэатральна-відовішчнымі ўстановамі. Ім належала важнае месца ў ідэйным, грамадзка-гаспадарчым і духоўным выхаваньні, разьвіцьці творчых здольнасьцяў і ладжаньня вольнага часу людзей, а таксама ў пашырэньні міжэтнічных і міжнародных культурных сувязяў. Пераважнымі кірункамі іх дзейнасьці былі: зьберажэньне і ўзбагачэньне здабыткаў беларускай народнай культуры, падтрымка сацыяльна-прэстыжных мастацкіх каштоўнасьцяў беларускай культуры і далучэньне да іх падрастаючага пакаленьня, забесьпячэньне разнастайнасьці культурнага жыцьця і культурных новаўвядзеньняў, магчымасьцяў доступу да культурных каштоўнасьцях прадстаўнікоў розных грамадзкіх слаёў. Паводле спосабу дзейнасьці ўстановы культуры падзяляліся на: клюбы, бібліятэкі, музэі, паркі адпачынку і мэтадычныя цэнтры народнай творчасьці[2]. Паводле 51-га артыкула Кодэксу Беларусі аб культуры,
- Клюбы. Дзеяць у выглядзе палацаў культуры, дамоў народнай творчасьці, мастацтва і рамёстваў дзеля асьветы, выхаваньня і забаваў. Спрыяюць заняткам мастацкай і народнай творчасьцю, задавальненьню пазнавальных патрэбаў, самаадукацыі, духоўнаму і фізычнаму разьвіцьцю, міжасабовым дачыненьням і адпачынку. Дзяржаўныя клюбы даступныя для наведваньня рознымі слаямі насельніцтва. Іх дзейнасьць грунтуецца на добраахвотнасьці, грамадзкім пачынаньні і самадзейнасьці, спалучэньні асабістай і супольнай працы, а таксама кіраваньня і самакіраваньня. Міністэрства культуры Беларусі вызначае парадак іх дзейнасьці, віды і праўнае становішча. Галоўны зьмест працы клюбаў — разьвіцьцё традыцыяў народнай культуры і самадзейнай мастацкай творчасьці, раскрыцьцё творчай адоранасьці, садзейнічаньне самаадукацыі ў галіне пісьменства, мастацтва і гісторыі, стварэньне ўмоваў для ажыцьцяўленьня разумова-творчых здольнасьцяў і павышэньня духоўнасьці, падтрымка пачынаньняў творчых аб'яднаньняў. У клюбах ладзілі дзяржаўныя і працоўныя сьвяты і абрады з выкананьнем беларускіх народных і шлюбных песьняў, народнай музыкі і выступленьнем танцавальных гуртоў. Адраджаліся такія абрады, як Масьленіца, Купальле і Дажынкі. Дамы рамёстваў перадавалі навыкі і майстэрства па ручной працы, як то ткацтва, вязаньне, жывапіс і размалёўка, разьба, гліняная плястыка, пляценьне з лазы і саломы, а таксама ганчарства[2].
- Бібліятэкі. Падзяляліся на публічныя, спэцыяльныя і навучальныя. Публічныя бібліятэкі камплектавалі фонды па ўсіх галінах ведаў і знаходзіліся ва ўрадавым, абласным або раённым падпарадкаваньні. Да іх таксама адносілі дзіцячыя і юнацкія бібліятэкі, як і бібліятэкі для сьляпых. Галоўнай унівэрсальнай бібліятэкай была Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Спэцыяльныя бібліятэкі стваралі для выкананьня навуковых і вытворчых заданьняў. Яны былі часткай прадпрыемстваў, установы або органа інфармацыі і абслугоўвалі іх калектывы. У іх фармавалі фонды літаратуры пераважна паводле профілю прадпрыемства. Таксама да іх адносілі галоўныя галіновыя і шматгаліновыя бібліятэкі, бібліятэкі навукова-дасьледчых інстытутаў. Сярод іх былі Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка, Рэспубліканская навукова-мэдычная бібліятэка і Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка. Навучальныя бібліятэкі абслугоўвалі навучэнцаў, навуковыя і выкладніцкія калектывы навучальных установаў. Яны мелі фонды па ўсіх галінах ведаў і вялікую колькасьць падручнікаў. Да іх адносілі бібліятэкі школаў, каледжаў і ВНУ. Сярод іх вылучалася Фундамэнтальная бібліятэка БДУ[2].
- Музэі. Большасьць знаходзілася ў падпарадкаваньні Міністэрства культуры. Сярод іх найбольшымі былі: Нацыянальны гістарычны музэй Беларусі, Беларускі дзяржаўны музэй Вялікай Айчыннай вайны, Музэй вайсковай гісторыі Беларусі, Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі, Беларускі дзяржаўны музэй гісторыі рэлігіі (Горадня), музэй Берасьцейскай крэпасьці, абласныя краязнаўчыя музэі. Таксама працавалі археалягічны музэй «Берасьце», Музэй валуноў, вайскова-гістарычныя — Ваўкавыскі, Кобрынскі і Лоеўскі музэй бітвы за Дняпро, Музэй воінаў-інтэрнацыяналістаў у Віцебску, Музэй баявой садружнасьці партызанаў у Расонах, музэй Обальскага падпольля ў Шумілінскім раёне, Музэй партызанскай славы ў Корачыне (Івацэвіцкі раён), Музэй савецка-польскай баявой садружнасьці ў Леніне (Горацкі раёне), Музэй Канстанціна Заслонава ў Воршы, Музэй Міная Шмырова ў Віцебску. Значнымі зборамі валодалі гарадзкія музэі Магілёва, Наваполацка, Воршы і Сьветлагорска. Адмысловае значэньне мелі Музэй гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Музэй гісторыі мэдыцыны, літаратурныя музэі Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Петруся Броўкі, Дзяржаўны літаратурна-мэмарыяльны музэй Якуба Коласа, Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музэй у Мастоўскім раёне, Літаратурна-мэмарыяльны музэй-сядзіба Францішка Багушэвіча ў Кушлянах (Смаргонскі раён), мэмарыяльны музэй Панцеляймона Лепяшынскага ў Ліцьвінавічах (Кармянскі раён), Дом-музэй Адама Міцкевіча ў Наваградку, Музэй-лябараторыя Францішка Скарыны ў Гомлі і Полацкі музэй беларускага кнігадрукаваньня[2].
Мінуўшчына
рэдагавацьУ старажытны пэрыяд гісторыі культуры Беларусі высокага канструктыўнага і мастацкага ўзроўню дасягнулі хатнія рамёствы і ўжытковае мастацтва. Ад часу Сярэднявечча адбываўся падзел старадаўняй культуры паводле ўтылітарнага, рэлігійнага і эстэтычнага прызначэньня. Спалучэньне народнай культуры і хрысьціянскай духоўнасьці садзейнічала росту народнай творчасьці, сабранай і апісанай у ХІХ стагодзьдзі. Заканамернасьцю разьвіцьця беларускай народнай культуры ў ходзе дээтнізацыі грамадзкай эліты і страты дзяржаўнага статусу роднай мовы народа стала паступовае народна-культурнае Адраджэньне. Гэта выявілася ў вяртаньні роднай мовы да актыўнага грамадзкага функцыяваньня і падключэньня да кантэксту агульнаэўрапейскай і сусьветнай творчасьці. Новая ступеня разьвіцьця беларускай культуры пачалася пасьля абвяшчэньня незалежнай і сувэрэннай Рэспублікі Беларусь[1].
14 кастрычніка 1991 году Міністэрства культуры Беларусі пачало выдаваць газэту «Культура». У студзені 2002 году Белтэлерадыёкампанія заснавала радыё «Культура». 18 траўня 2004 году быў зацьверджаны Закон «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь»[2]. 8 лютага 2013 году Белтэлерадыёкампанія запусьціла культурна-асьветніцкі тэлеканал «Беларусь 3». 3 лютага 2017 году набыў моц Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры.
На канец 2022 году ў галіне культуры ў Беларусі было занята 43 800 чалавек, зь якіх 72 % складалі жанчыны. Сярэдні век працаўнікоў культуры складаў 44 гады. У краіне дзейнічала: па 2300 бібліятэк і клюбаў, 157 музэяў, 85 кінатэатраў, 28 тэатраў, 23 канцэртныя ўстановы, 5 заапаркаў і 2 цыркі. Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі налічваў 5659 прадметаў, сярод якіх у Сусьветную спадчыну ЮНЭСКО ўваходзілі Белавеская пушча, Мірскі замак, Дуга Струвэ і Нясьвіскі палацава-паркавы комплекс[3].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Уладзімер Конан. Культура // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 11—12. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0155-9
- ^ а б в г д Станіслаў Дубянецкі, Эдуард Дубянецкі. Культурна-асьветныя ўстановы (клюбныя ўстановы) // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь. — С. 418—421. — 760 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0310-1
- ^ Культура Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 6 кастрычніка 2023 г. Праверана 28 кастрычніка 2023 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Партал «Музэі Беларусі»
- Культура // Газэта «Зьвязда», 5 лістапада 2023 г. Праверана 5 лістапада 2023 г.
- Культура // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 5 лістапада 2023 г. Праверана 5 лістапада 2023 г.
- Культура // Белтэлерадыёкампанія, 5 лістапада 2023 г. Праверана 5 лістапада 2023 г.
- Культура // Партал «Новы час», 5 лістапада 2023 г. Праверана 5 лістапада 2023 г.
- Культура // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 5 лістапада 2023 г. Праверана 5 лістапада 2023 г.
- Культура і адпачынак (гадавыя дадзеныя) // Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі, 2023 г. Праверана 5 лістапада 2023 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |