Пакроў
Пакроў, Покрыва Багародзіцы (Пакроў Прасьвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі, Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы, Трэцяя Прачыстая, Пакровы Багародзіцы) — восеньскае багародзічнае сьвята, якое адзначаецца ва Ўсходняй Царкве 1 кастрычніка, а паводле юліянскага календара — 14 кастрычніка.
Праваслаўная традыцыя
рэдагавацьПакровы Найсьвяцейшай Багародзіцы сьвяткуюць у гонар дзівоснага зьяўленьня Маці Божай, што адбылося ў сярэдзіне Х стагодзьдзя ва Ўлахэрнскай царкве г. Канстантынопалю, дзе захоўвалася рыза Божае Маці, Яе галаўное покрыва й частка пояса. У той час да сталіцы падступіла вялізнае язычніцкае славянскае войска, а войска ў абаронцаў амаль не было. У нядзелю, падчас усяночні, калі храм быў перапоўнены людзьмі, якія маліліся, сьвяты Андрэй дзеля Хрыста юродзівы (памяць 2 кастрычніка), а чацьвертай гадзіне ночы, падняўшы вочы да неба, убачыў Найчысьцейшую Дзеву, азораную нябесным сьвятлом і акружаную анёламі і мноствам сьвятых. Укленчыўшы, Багародзіца доўга малілася за хрысьціянаў. Закончыўшы, Яна зьняла са Сваёй галавы покрыва і распрасьцёрла яго над людзьмі, што былі ў храме, абараняючы іх ад ворагаў бачных і нябачных. Найдабраславёная Валадарка наша прасіла ў Госпада Ісуса Хрыста прыняць малітвы ўсіх людзей, якія зьвярталіся да Яго Найсьвяцейшага Імя і да Яе заступніцтва. У тую ж ноч узьнялася страшэнная бура, якія раскідала славянскія лодкі і разагнала іхнае войска.
Славяне добра запомнілі той выпадак і з тых часоў іх праваслаўныя і вуніяцкія вернікі зь любоўю адзначаюць сьвята Пакроваў, нягледзячы на тое, што ў грэцкай царкве на гэтае сьвята ўжо забыліся.
Ніжэй пададзеныя сьвяточныя сьпевы ў рэдакцыі Біблейскае Камісіі БПЦ.
Трапар сьвята Пакроваў Найсьвяцейшай Багародзіцы, сьпеў 4
рэдагавацьСёньня мы, дабраверныя людзі, радасна сьвяткуем,/ ахінутыя Тваім, Богамаці, зьяўленьнем,/ і на Твой гледзячы найчысты вобраз, замілавана гаворым:/ пакрый нас пачэсным Тваім Покрывам/ і захавай нас ад усялякага зла,/ просячы Сына Твайго, Хрыста, Бога нашага,// каб Ён выратаваў душы нашы.
Кандак сьвята Пакроваў Найсьвяцейшай Багародзіцы, сьпеў 3
рэдагавацьДзева сёньня стаіць у царкве/ і з мноствам сьвятых нябачна за нас моліцца Богу,/ анёлы з архірэямі пакланяюцца,/ апосталы з прарокамі радуюцца:// бо за нас моліць Багародзіца Спрадвечнага Бога.
Народная традыцыя
рэдагавацьУ народнай традыцыі Пакровы адзначаюцца і як сьвята заканчэньня палявых работ. Гэты дзень лічыцца пераломным момантам у жыцьці прыроды. Да гэтага часу звычайна завяршаліся ўсе работы на полі і ў садзе, уцяпляліся жыльлё і гаспадарчыя пабудовы; пачынаўся новы цыкль работ — нарыхтоўка паліва, перавод жывёлы на стойлавае ўтрыманьне («Прыйшлі пакровы, ці да зімы гатовы»). Пасьля Пакроваў пачыналася пара вясельляў («Пакровы пакрываюць траву лістам, зямлю сьнегам, ваду лёдам, а дзяўчат шлюбным вэлюмам»). Вечарам перад Пакровамі дзяўчаты варажылі пра замужжа: стаялі з блінам на скрыжаваньні дарог і слухалі, у якім баку брэша сабака (туды, маўляў, пойдуць замуж); елі на ноч салёную аладку (спадзяваліся, што суджаны паднясе вады) і інш. З Пакроваў пачыналіся попрадкі (вячоркі, супрадкі), якія працягваліся да Вялікадня.
У гэтым артыкуле няма спасылак на якія-небудзь крыніцы (6 кастрычніка 2024).
|