Перамяненьне Панскае
Праабражэ́ньне — летняе сьвята, якое адзначаецца 6 жніўня:
- у Каталіцкім касьцёле — па новым стылі
- у Праваслаўнай царкве — па старым стылі (па новым стылі — 19 жніўня)
Праваслаўная традыцыяРэдагаваць
Сьвята Ператварэньня Гасподняга зьвязана з наступнай эвангельскай падзеяй. Незадоўга да Сваіх пакутаў Ісус Хрыстос узяў трох найбліжэйшых вучняў — Пятра, Якава і Іаана і ўзышоў зь імі памаліцца на высокую Фаворскую гару. Зрабіў ён гэта дзеля таго, каб раскрыць ім Сваю Божую славутасьць і падтрымаць у іх веру, калі ўбачаць яны зь цягам часу Ягоныя пакуты. Пакуль Збавіцель маліўся, вучні, стаміўшыся, паснулі. Калі ж яны прачнуліся, то ўбачылі Хрыста ператвораным: твар Ягоны зьзяў, як сонца, а вопратка стала белая й зіхатлівая. У гэты час зьявіліся да яго два прарокі, Майсей і Ільля, і гутарылі зь ім аб пакутах і сьмерці, якія Яму належыла зазнаць у Ерусаліме. Раптам сьветлае воблака агарнула вучняў, і яны пачулі голас Бога Айца: «Гэта Сын мой Любы, у Якім Маё благаваленьне. Яго слухайце!» (Мф. 17:5). Вучні ў страху кінуліся долу, Ісус Хрыстос падышоў да іх і сказаў: «Устаньце і ня бойцеся», пасьля чаго яны ўбачылі Яго ў звычайным выглядзе. Сыходзячы з гары, Ісус Хрыстос загадаў вучням не расказваць аб тым, што яны бачылі, да часу Яго ўваскрэсеньня зь мёртвых. Сьвята гэтае ў народзе называецца «Другім Спасам», ці «Спасам Яблычным», бо ў гэты дзень у храмы прыносяць для асьвячэньня яблыкі і іншую садавіну новага ўраджаю.
Ніжэй пададзеныя сьвяточныя сьпевы ў рэдакцыі Біблейскае Камісіі БПЦ.
Трапар сьвята Праабражэньня Гасподняга, глас 7Рэдагаваць
- Праабразіўся Ты на гары,Хрысьце Божа,
- паказаўшы вучням Тваім славу Тваю, наколькі было ім магчыма.
- Няхай і нам, грэшным, зазьзяе сьвятло Тваё вечнае,
- па малітвах Багародзіцы, Сьвятладаўца, слава Табе.
Кандак сьвята Праабражэньня Гасподняга, глас 7Рэдагаваць
- На гары праабразіўся Ты,
- і вучні Твае бачылі славу Тваю, Хрысьце́ Божа, наколькі маглі ўспрыня́ць яе,
- каб, убачыўшы Цябе расьпінаемага,
- зразумелі, што мукі Твае дабравольныя,
- і сьвету прапаведалі,
- што Ты сапраўды ёсьць Ойчае зьзяньне.
Задастойнік сьвята Праабражэньня ГасподнягаРэдагаваць
Велічай, душа мая, Госпада, які праабразіўся на Фаворы. Нараджэньне зь Цябе было цнатлівым: Бог выйшаў з Твайго ўлоньня, зьявіўся на зямлі ў плоці і жыў зь людзьмі. Таму Цябе, Багародзіца, мы ўсе велічаем.
Каталіцкая традыцыяРэдагаваць
У Каталіцкім касьцёле сьвята ўсталяванае ў 1456 годзе папам Калістам ІІІ у гонар перамогі хрысьціянскай (праваслаўна-каталіцкай) кааліцыі над туркамі пад Бялградам у 1456 годзе. У сучасным каталіцкім календары сьвяту надаецца меншае значэньне, але яно шырока сьвяткуецца ў праваслаўнай (19 жніўня) і армянскай цэрквах (Праабражэньне або Спас).