Веніямін (Тупека)
Мітрапаліт Веніямі́н (у сьвеце Віта́ль Іва́навіч Тупе́ка; нар. 16 верасьня 1968, Лунінец, Берасьцейская вобласьць) — мітрапаліт Расейскай праваслаўнай царквы, старшыня Беларускага экзархату. Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі.
Мітрапаліт Веніямін | |
39-ы Патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Менскі і Заслаўскі | |
---|---|
25 жніўня 2020 — | |
Царква | Расейская праваслаўная царква |
Папярэднік | Павал (Панамароў) |
1-ы Япіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі | |
23 кастрычніка 2014 — | |
Царква | Расейская праваслаўная царква, Беларускі экзархат |
2-і Япіскап Барысаўскі, вікары Менскай япархіі | |
21 сакавіка 2010 — 23 кастрычніка 2014 | |
Царква | Расейская праваслаўная царква, Беларускі экзархат |
Адукацыя | кандыдат багаслоўя |
Дзейнасьць | мітрапаліт, тэоляг |
Сапраўднае імя | Віталь Тупека |
Нарадзіўся | 16 верасьня 1968 (56 гадоў) |
Прыняцьце сьвятога сану | 9 студзеня 1995 |
Прыцяцьце манаства | 16 сьнежня 1994 |
Япіскапская хіратонія | 21 сакавіка 2010 |
Узнагароды | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся 16 верасьня 1968 року ў месьце Лунінцы Берасьцейскай вобласьці. Скончыўшы лунінецкую сярэднюю школу №1 (1985), паступіў у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт на факультэт радыёфізыкі і электронікі.
У 1987—1989 роках праходзіў вайсковую службу ў шэрагах Узброеных Сілаў. Пасьля працягнуў навучаньне ў вну. У чэрвені 1992 року атрымаў дыплём па спэцыяльнасьці «Радыёфізыка і электроніка».
У жніўні 1992 року паступіў на першы курс Менскай духоўнай сэмінарыі. Па сканчэньні трэцяга курсу падаў просьбу і быў прыняты ў лік брацтва Сьвята-Ўсьпенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыру.
16 сьнежня 1994 року ў Сьвята-Ўсьпенскім саборы намесьнікам манастыра архімандрытам Гурыем (Апалькам) на дабраславеньне мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, пастрыжаны ў манаства зь імем Веніямін у гонар сьвятамучаніка Веніяміна, мітрапаліта Петраградзкага і Гдоўскага.
9 студзеня 1995 року мітрапалітам Менскім і Слуцкім Філарэтам за Боскай літургіяй у Сьвята-Ўсьпенскім саборы Жыровіцкага манастыра хіратанаваны ў ерадыякана, а 13 лютага 1995 року — у ераманаха.
20 чэрвеня 1996 року пастаўлены на пасаду скарбніка манастыра.
У гэтым жа року па сканчэньні Менскай духоўнай сэмінарыі паступіў на першы курс Менскай духоўнай акадэміі і прызначаны на пасаду выкладчыка Менскай духоўнай сэмінарыі.
У 1999 року скончыў навучаньне ў духоўнай акадэміі з навуковай ступеньню «кандыдат багаслоўя».
14 сьнежня 1999 року ўзьведзены ў сан ігумена.
12 студзеня 2005 року прызначаны на пасаду дабрачыннага Жыровіцкага манастыра.
20 траўня 2006 року ўзьведзены ў сан архімандрыта.
У складзе дэлегацыі Менскай япархіі браў удзел у Памесным Саборы Расейскай Праваслаўнай Царквы 27—29 студзеня 2009 року.
1 ліпеня 2009 року вызвалены з пасады дабрачыннага Сьвята-Ўсьпенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра і прызначаны на пасаду намесьніка Сьвята-Дабравешчанскага Лядзенскага мужчынскага манастыра.
Архіярэйства
рэдагаваць21 сакавіка 2010 року хіратанаваны ў япіскапа Барысаўскага, вікарыя Менскай япархіі ў Маскоўскім катэдральным саборным Храме Хрыста Збавіцеля паводле пастановы Сьвятога Сыноду РПЦ ад 5 сакавіка 2010. Хіратанію ўзначаліў патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.
4 чэрвеня 2010 року пастановай Сыноду Беларускага Экзархату прызначаны старшынём Выдавецкае рады Беларускай Праваслаўнай Царквы. У чэрвені 2011 року скончыў двухгадовы курс павышэньня кваліфікацыі ў Агульнацаркоўнай асьпірантуры і дактарантуры[1].
23 кастрычніка 2014 року ў сувязі з утварэньнем Барысаўскай япархіі рашэньнем Сьвятога Сыноду прызначаным кіроўным архіярэем навастворанай япархіі з тытулам «Барысаўскі і Мар’інагорскі»[2]. Рашэньнем Сыноду БПЦ ад 3 чэрвеня 2015 року вызвалены з пасады старшыні Выдавецкае рады Беларускай Праваслаўнай Царквы ў сувязі з занятасьцю на агульнацаркоўных послухах.
25 жніўня 2020 году япіскапа Веніяміна абралі кіраўніком Беларускага экзархату. 6 верасьня 2020 году маскоўскі патрыярх Кірыла ўзьвёў беларускага экзарха Веніяміна ў сан мітрапаліта. Пры гэтым патрыярх Кірыла заявіў: «на чале Беларускай царквы павінен быць чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі, які ведае беларускую мову, выхаваны ў беларускім асяродзьдзі, каб нават тыя, хто імкнецца ўбачыць у нашай Царкве нешта іншароднае ў адносінах да Беларусі, беларускай культуры, беларускага жыцьця, бачылі ў прадстаяцелі Беларускай царквы, на чале экзархату плоць ад плоці, косьць ад косьці свайго народу»[3].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Митрополит Волоколамский Иларион вручил дипломы и свидетельства выпускникам программы повышения квалификации Общецерковной аспирантуры и докторантуры / Новости / Патриархия.ru
- ^ Журналы заседания Священного Синода от 23 октября 2014 года (рас.). Патриархия.Ru (23.10.2014).
- ^ Патрыярх Кірыл: На чале БПЦ павінен быць чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі і які ведае беларускую мову // Партал «Наша ніва», 7 верасьня 2020 г. Праверана 7 верасьня 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Веніямін (Тупека) (рас.) // Адкрытая праваслаўная энцыкляпэдыя «Дрэва»
- Веніямін, япіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі на афіцыйным партале Беларускай Праваслаўнай Царквы