Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва

Каардынаты: 53°52′26″ пн. ш. 27°37′39″ у. д. / 53.87389° пн. ш. 27.6275° у. д. / 53.87389; 27.6275

Фонд сацыя́льнай абаро́ны насе́льніцтва — дзяржаўны страхавы фонд Беларусі, заснаваны ў сьнежні 1991 году пад назвай Пэнсійны фонд Рэспублікі Беларусь.

Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва
Абрэвіятура ФСАН
Дата ўтварэньня 20 сьнежня 1991 (28 гадоў таму)
Тып страхавая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта страхаваньне
Штаб-кватэра Заводзкі раён, мікрараён Шарыкападшыпнікавы завод, Партызанскі праспэкт, д. 52а[1]
Месцазнаходжаньне Менск
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Афіцыйныя мовы беларуская, расейская
Старшыня Ірына Касьцевіч
Кіраўніца Натальля Паўлючэнка
1-ы намесьнік кіраўніцы Уладзімер Грыхуцік
Намесьніца кіраўніцы Юлія Берднікава[2]
Кіроўны орган Кіраўніцтва
Матчына кампанія Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь
Бюджэт 13,394 млрд рублёў[3] (2018 г.; $6,697 млрд)
Сайт ssf.gov.by/by
Колішняя назва Пэнсійны фонд Рэспублікі Беларусь (да 10 чэрвеня 1993 году)

Паводле 3-га пункту Палажэньня «Аб ФСАН Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь» 2009 году, «Сродкі дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня ўтвараюцца за кошт:

  • абавязковых страхавых унёскаў;
  • унёскаў на прафэсійнае пэнсійнае страхаваньне;
  • даходаў ад капіталізацыі часова вольных сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня;
  • даходаў ад разьмяшчэньня ўнёскаў на прафэсійнае пэнсійнае страхаваньне;
  • паступленьняў па зваротным патрабаваньні да юрыдычных і фізычных асобаў, якія прычынілі шкоду, або да асобаў, адказных за прычыненую шкоду згодна з заканадаўствам, у памеры сумы дапамогаў і пэнсіяў, выплачаных у сувязі з калецтвам або іншым пашкоджаньнем здароўя грамадзяніна, а таксама ў выпадку страту кармільца з названых прычынаў;
  • сумаў нядоімак, пеняў і адміністрацыйных штрафаў;
  • міжбюджэтных трансфэртаў з рэспубліканскага бюджэту»[4].

КіраваньнеРэдагаваць

Паводле 11-га пункту Палажэньня «Аб Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва МПСА РБ» 2009 году, «Калегіяльным органам кіраваньня Фонду ёсьць яго кіраўніцтва. У склад кіраўніцтва ўваходзяць міністар працы і сацыяльнай абароны (страшыня кіраўніцтва), кіраўнік Фонду (намесьнік старшыні кіраўніцтва) і яго намесьнікі паводле пасады, прадстаўнікі Міністэрства фінансаў, Міністэрства эканомікі, Нацыянальнага банку, рэспубліканскіх аб’яднаньняў наймальнікаў і прафсаюзаў. Колькасны і пэрсанальны склад кіраўніцтва Фонду зацьвярджаецца Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь. Кіраўніцтва Фонду склікаецца па меры неабходнасьці, але не радзей за 3 разы ў год, і правамоцна прымаць рашэньні пры наяўнасьці ня менш за 2/3 усталяванай колькасьці яго сябраў. Рашэньні прымаюцца простай большасьцю галасоў прысутных на пасяджэньні сябраў кіраўніцтва»[4].

На 2018 год кіраўніцтва ФСАН налічвала 9 сябраў і ўлучала: міністарку працы і сацыяльнай абароны, кіраўніцу, 1-га намесьніка і намесьніцу кіраўніцы ФСАН, намесьнікаў міністраў фінансаў і эканомікі, начальніка галоўнага кіраўніцтва апэрацыяў на фінансавых рынках Нацбанка Беларусі, намесьніцу старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) і кіраўніцу Бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў (БСПН) імя Макса (Марка) Куняўскага[5].

На 2020 год цэнтральны апарат ФСАН улучаў:

  • 4 кіраўніцтвы — 1) мэтадалёгіі збору плацяжоў і прафэсійнага пэнсійнага страхаваньня, 2) прававой, кадравай і арганізацыйнай працы, 3) разьвіцьця інфарматызацыі і пэрсаніфікаванага ўліку, 4) сацыяльнага страхаваньня і пэнсіяў;
  • 2 аддзелы — 1) бюджэтнай палітыкі, 2) кантрольна-рэвізійны;
  • аддзяленьне бухгальтарскага ўліку і справаздачнасьці; сэктар пэрсаніфікаванага ўліку[6].

ПаўнамоцтвыРэдагаваць

Паводле 8-га пункту Палажэньня «Аб Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва МПСА РБ» 2009 году, Фонд ажыцьцяўляе звыш 25 паўнамоцтваў:

  • «арганізуе і каардынуе працу па кіраваньні сродкамі дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня;
  • ажыцьцяўляе збор і акумуляваньне (накапленьне) абавязковых страхавых унёскаў, унёскаў на прафэсійнае пэнсійнае страхаваньне»;
  • «фінансуе выдаткі на выплату працоўных і прафэсійных пэнсіяў, дапамогаў..., мерапрыемствы па забесьпячэньні занятасьці насельніцтва»;
  • «арганізуе і вядзе індывідуальны ўлік зьвестак аб застрахаваных асобах для мэтаў дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня,... забясьпечвае іх канфідэнцыйнасьць і захаванасьць, а таксама ажыцьцяўляе кантроль за правільнасьцю пададзеных плацежнікамі ўнёскаў зьвестак»;
  • «фінансуе выдаткі на санаторна-курортнае лячэньне і аздараўленьне»;
  • «разьмяшчае сродкі прафэсійнага пэнсійнага страхаваньня ў банку, упаўнаважаным абслугоўваць дзяржаўныя праграмы;
  • ажыцьцяўляе капіталізацыю часова вольных сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня;
  • распрацоўвае і ўносіць ва ўсталяваным парадку прапановы аб памерах і тарыфах (расцэнках) унёскаў;
  • прызначае і выплачвае прафэсійныя пэнсіі;
  • атрымлівае ў парадку, які вызначаюць Міністэрства юстыцыі і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, ад органаў, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, копіі запісаў актаў аб сьмерці;
  • ажыцьцяўляе кантроль за правільнасьцю налічэньня, своечасовасьцю і паўнатой сплаты ўнёскаў, прымае прадугледжаныя заканадаўствам захады да плацежнікаў унёскаў, якія парушаюць парадак іх сплаты і падаюць для прызначэньня і выплаты прафэсійных пэнсіяў дакумэнты, якія зьмяшчаюць недакладныя зьвесткі;
  • кантралюе правільнасць выкарыстаньня сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня, што накіроўваюцца на фінансаваньне выплаты працоўных і прафесійных пэнсіяў, дапамогаў»;
  • «ажыцьцяўляе ва ўсталяваным заканадаўствам і міжнароднымі дамовамі парадку выплату пэнсіяў і дапамогаў асобам, якія выехалі за мяжу, а таксама прыбылі ў Рэспубліку Беларусь;
  • супрацоўнічае зь міжнароднымі арганізацыямі па пытаньнях сваёй кампэтэнцыі, удзельнічае ў распрацоўцы і рэалізацыі міжнародных дамоваў па пытаньнях дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня»;
  • «распрацоўвае і ўносіць прапановы аб удасканаленьні заканадаўства аб дзяржаўным сацыяльным страхаваньні;
  • «ажыцьцяўляе распрацоўку і ўкараненьне інфармацыйных тэхналёгіяў і аўтаматызаваных сыстэмаў апрацоўкі інфармацыі па пытаньнях дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня, прызначэньня і выплаты прафэсійных пэнсіяў;
  • стварае і вядзе базу зьвестак па ўсіх катэгорыях плацежнікаў унёскаў і атрымальнікам прафэсійных пэнсіяў»;
  • «вядзе бухгальтарскі ўлік і падае дзяржаўную статыстычную справаздачнасьць»;
  • «ажыцьцяўляе закупкі тавараў (работаў, паслугаў);
  • ажыцьцяўляе ва ўсталяваным заканадаўствам парадку ведамасны кантроль за адпаведнасьцю патрабаваньням заканадаўства дзейнасьці тэрытарыяльных органаў»;
  • «уносіць прапановы аб памерах тарыфаў (расцэнак) на дастаўку пэнсіяў і іншых выплатаў са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня;
  • падае ў суд заявы аб звароце спагнаньня на маёмасьць даўжнікоў для пагашэньня запазычанасьці па ўнёсках пры адсутнасьці або недастатковасьці ў плацежнікаў унёскаў грашовых сродкаў;
  • дае тлумачэньні па пытаньнях, аднесеных да яго кампэтэнцыі, інфармуе грамадзкасьць аб сваёй дзейнасьці;
  • ажыцьцяўляе мерапрыемствы па камплектаваньні цэнтральнага апарату і сыстэмы Фонду кваліфікаванымі спэцыялістамі, забясьпечвае іх падбор і расстаноўку, утварае кіраўнічы кадравы склад і яго рэзэрв, арганізуе бесьперапыннае навучаньне, падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэньне кваліфікацыі кадраў;
  • разглядае ў адпаведнасьці з заканадаўствам звароты грамадзянаў, індывідуальных прадпрымальнікаў, юрыдычных асобаў;
  • абагульняе практыку прымяненьня заканадаўства ў галіне дзяржаўнага сацыяльнага страхаваньня і забясьпечвае аднастайнае яго прымяненьне»[4].

Выплаты ў фондРэдагаваць

Паводле 1-га артыкула Закона «Аб абавязковых страхавых унёсках у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) Рэспублікі Беларусь» 1996 году, плацежнікамі абавязковых страхавых унёскаў зьяўляюцца працадаўцы, працоўныя грамадзяне (наёмныя работнікі) і УП «Белдзяржстрах». Пагатоў самастойна ўнёскі сплочваюць: індывідуальныя прадпрымальнікі і рамесьнікі, адвакаты і натарыюсы, творчыя работнікі і падраднікі, супрацоўнікі дыпляматычных, консульскіх і міжнародных установаў, нанятыя за мяжой грамадзяне. УП «Белдзяржстрах» пералічвае страхавыя выплаты за страту працаздольнасьці праз прафэсійную хваробу або няшчаснае здарэньне на вытворчасьці. Згодна з 3-м артыкулам Закона, страхавы ўнёсак «на выпадак дасягненьня пэнсійнага ўзросту, інваліднасьці і страты кармільца» складаў для працадаўца — 28% ад памеру заробка работніка, які выплочваў яшчэ 1% ад свайго заробку. На 2018 год «Белдзяржстрах» і фізычныя асобы, якія самайстойна сплочвалі ўнёскі, пералічвалі 29% мінімальнага заробку. Сельскагаспадарчыя працадаўцы плацілі меншы ўнёсак — 24% ад памеру заробка работніка. Яшчэ менш уносілі грамадзкія аб’яднаньні інвалідаў і пэнсіянэраў, а таксама таварыствы садаводаў, спажыўцоў і ўласьнікаў — 5%. У дадатак да вышэйпамянёных унёскаў працадаўцы, «Белдзяржстрах» і фізычныя асобы, якія самастойна сплочвалі ўнёскі, пералічвалі яшчэ 6% «на выпадак часовай непрацаздольнасьці, цяжарнасьці і родаў, нараджэньня дзіцяці, догляду за дзіцём ва ўзросце да 3-х гадоў, наданьня 1-го вольнага ад працы дня ў месяц маці або бацьку, апекуну, які выхоўвае дзіця-інваліда ва ўзросьце да 18 гадоў, сьмерці застрахаванага або чальца яго сям’і»[7]. Такім чынам, агульны памер страхавых унёскаў у ФСАН складаў 35% ад памеру заробка.

МінуўшчынаРэдагаваць

20 сьнежня 1990 году Савет міністраў БССР і Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) зацьвердзілі Пастанову № 327 «Аб утварэньні Фонду сацыяльнага страхаваньня Беларускай ССР». 20 сьнежня 1991 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь ухваліў Пастанову № 481 «Аб арганізацыі Пэнсійнага фонду Рэспублікі Беларусь». У Пэнсійны фонд унёскі пералічвала каля 8000 плацежнікаў. 13 траўня 1992 году Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 278 пра склад Кіраўніцтва Пэнсійнага фонду. 10 чэрвеня 1993 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Пастанову пра аб’яднаньне Пэнсійнага фонду Беларусі і Фонду сацыяльнага страхаваньня, які належаў ФПБ, у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН). Выплочваць унёскі на пэнсіі і іншыя выплаты ў ФСАН сталі каля 14 000 плацежнікаў. У 1994 годзе адзначаліся затрымкі выплаты пэнсіяў праз рост пратэрмінаванай запазычанасьці прыдпрыемстваў, якія прастойвалі, да 30% месячнай сумы пералічэньняў. У выніку ўрад Беларусі адтэрміноўваў (рэструктурызаваў) даўгі прадпрыемстваў да 2003 году[8].

23 верасьня 1994 г. прэзыдэнт А.Лукашэнка падпісаў Указ № 122, якім далучыў ФСАН да Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. У 2003 годзе стварылі Рэспубліканскую базу дадзеных асабістага ўліку, што зьмяшчала асабовыя рахункі са зьвесткамі аб працоўнай дзейнасьці. Звыш 40 000 плацежнікаў сталі штоквартал здаваць справаздачу ў раённыя аддзелы сацыяльнай абароны, што выклікала чэргі. З 2009 году ФСАН пачаў ажыцьцяўляць прафэсійнае пэнсійнае страхаваньне для спагнаньня за працу ў шкодных умовах. У дадатак да 35% ад заробку прадпрыемствы зь цяжкімі ўмовамі працы сталі выплачваць унёскі ад 1,5% да 4,8%. Гэтыя ўнёскі пачалі накапліваць і разьмяшчаць у банках для налічэньня даходу. Атрыманыя грошы сталі выплочаць у якасьці дадатковай або датэрміновай прафэсійнай пэнсіі. У 2012 годзе звыш 40% сабраных у Менску сродкаў накіравалі на выплаты пэнсіяў і дапамогаў у 5 абласьцях. У Менскай вобласьці выйшлі на самадастатковасьць у выплатах. У 2013 годзе пратэрмінаваная запазычанасьць перад ФСАН складала 0,5% месячнай сумы пералічэньняў. Пагатоў ФСАН меў паўнамоцтвы сьпісваць з банкаўскага рахунку прадпрыемства належную суму пры адсутнасьці своечасовай выплаты. Пры адсутнасьці грошай на рахунку запазычанасьць спаганялі праз суд. Індывідуальным прадпрымальнікам (ІП) у такім выпадку не залічвалі працоўны стаж. Пры выплаце менш за 35% ад памеру мінімальнага заробку стаж ІП адпаведна залічвалі часткова — толькі за некалькі месяцаў за год. Паводле закону, плацежнікі з больш як 10 работнікамі абавязваліся здаваць усе запісы асабістага ўліку з электронным лічбавым подпісам, што можна было зрабіць праз карпаратыўны партал ФСАН у сеціве[8].

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Кантакты // Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, 2020 г. Праверана 25 лістапада 2020 г.
  2. ^ Кіраўніцтва // Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, 2020 г. Праверана 25 лістапада 2020 г.
  3. ^ Людміла Ніжэвіч. Закон «Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2018 год» // Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, 18 сьнежня 2017 г. Праверана 25 чэрвеня 2018 г.
  4. ^ а б в А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2009 г. № 40 «Аб Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь»(рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 5 кастрычніка 2017 г. Праверана 25 чэрвеня 2018 г.
  5. ^ Кіраўніцтва Фонду(рас.) // Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, 2018 г. Праверана 25 чэрвеня 2018 г.
  6. ^ Структура // Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, 2020 г. Праверана 25 лістапада 2020 г.
  7. ^ А.Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 29 лютага 1996 г. № 138-XІІІ «Аб абавязковых страхавых унёсках у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) Рэспублікі Беларусь»(рас.) // Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, 23 студзеня 2017 г. Праверана 25 чэрвеня 2018 г.
  8. ^ а б Уладзіслаў Кулецкі. Дзе «расьце» пэнсія // Зьвязда : газэта. — 10 ліпеня 2013. — № 125 (27490). — С. 2. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць