Горацка-Амсьціслаўская раўніна

Горацка-Амсьціслаўская ўзвышаная раўніна — раўніна ў Магілёўскай вобласьці Беларусі. Найбольшы пункт 239 м.

Займае найбольш высокую частку Аршанска-Магілёўскай раўніны. Абмяжоўваецца далінай ракі Сож на поўдні і вярхоўямі ракі Проні на захадзе.

Аснову тэктанічнай будовы складае Аршанская западзіна, запоўненая магутнымі адкладамі дэвонскіх і мелавых глінаў і вапнякоў. Характэрная асаблівасьць раўніны — магутныя адклады лёсападобных карбанатных суглінкаў і супяскоў таўшчынёй да 5—10 м, якія займаюць водападзелы рэчак і ствараюць плоскахвалістую плятопадобную паверхню раўніны з суфазіёзнымі ярамі і лагчынамі глыбінёй да 20—30 м. На дне некаторых зь іх цякуць сталыя ручаі. Часта трапляюцца сподкападобныя паніжэньні дыямэтрам да 50 м і глыбінёй 1—1,5 м.

Глебы ўрадлівыя дзярновыя, дзярнова-падзолістыя і сугліністыя з наяўнасьцю гумусу ў ворным слоі да 2,5%. Частка глебаў моцна эрадаваныя. Пад ворывам 60%, прыроднай расьліннасьцю — 10% тэрыторыі.

Літаратура

рэдагаваць
  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 2: Гатня ― Катынь / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. — 520 с. — С. 108
  • Скороходов М. И. География Горецкого района. — Горки, 1995. — С. 11—12