Астравы Дулебы

рэспубліканскі водны заказьнік Беларусі

«Астравы́ Дуле́бы» — рэспубліканскі водны заказьнік Беларусі, заснаваны ў лістападзе 1998 году ў Магілёўскай вобласьці.

Астравы Дулебы
2017 год
2017 год
Плошча 26 600 га
Краіна Беларусь
Геаграфічныя каардынаты 53° пн. ш. 29° у. д. / 53° пн. ш. 29° у. д. / 53; 29Каардынаты: 53° пн. ш. 29° у. д. / 53° пн. ш. 29° у. д. / 53; 29
Месцазнаходжаньне Магілёўская вобласьць
Утварэньне 12 лістапада 1998 (23 гады таму)
Астравы Дулебы на мапе Беларусі
Астравы Дулебы
Астравы Дулебы
Астравы Дулебы

Месьціцца на плоскай, флювіягляцыяльнай раўніне ў Бялыніцкім і Клічаўскім раёнах у міжрэччы Ольсы і Друці. Улучае балоты і лясы, якія накапліваюць ваду для шэрагу рэк. Каля 75 % земляў займаюць дзярнова-падзолістыя глебы, а рэшту — тарфяна-балотныя і тарфяністыя. Бярозавыя, хваёвыя і чорнаальховыя лясы займаюць 76 % плошчы заказьніка, а вярховыя і пераходныя балоты (Дулебскае і Вялікае) — 11 %. Расьлінны сьвет налічваў 705 відаў вышэйшых судзінкавых расьлінаў. Зь іх 12 было ў Чырвонай кнізе Беларусі, у тым ліку: горны купальнік, майскі пальчатакарэньнік, мядзьвежая цыбуля (чарамша), сыбірскі касач, чарапіцавы шпажнік і чырвоны пылкагалоўнік. Жывёльны сьвет улучаў 170 наземных хрыбетных відаў, у тым ліку 118 відаў птушак (52 % відаў Беларусі), 38 — сысуноў, 8 земнаводных відаў і 6 — паўзуноў. Сярод іх 22 віды былі ў Чырвонай кнізе, у тым ліку: барсук, белая курапатка, буры мядзьведзь, зьмеяед, касманогі сыч, пугач, рысь, чаротная рапуха і шэры журавель[1].

Заказьнік зьяўляецца Рамсарскім водна-балотным угодзьдзем міжнароднай значнасьці[2][3]. Зь 2016 году ў Клічаве ладзяць на лета мастацкі фэст «Астравы Дулебы», падчас якога Клічаўскі краязнаўчы музэй прадстаўляе стэнд з сувэнірамі пра заказьнік[4]. За савецкім часам на месцы заказьніка знаходзіўся Друцкі авіяпалігон і Друцкая вайсковая лясная гаспадарка. У 2003 годзе гэтыя землі перадалі Бялыніцкай і Клічаўскай лясным гаспадарках. Пасярод заказьніка на мяжы Бялыніцкага і Клічаўскага раёнаў месьціцца пахаваньне жаўнераў «Слаўнага» атрада мотастралковай брыгады асаблівага прызначэньня войскаў НКУС СССР, якія падчас Нямецка-савецкай вайны забілі звыш 3000 нямецкіх вайскоўцаў, падарвалі 22 чыгуначныя эшэлёны і разграмілі 23 нямецкія гарнізоны. На 2018 год у заказьніку гнездавалі 16 відаў рэдкіх птушак, якія складалі 22 % занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, у тым ліку: арол-вужаед, балотная сава, вялікі кулён, гогаль, жоўтагаловы дзяцел, зімародак, кулік-селянец, малы арлец, сокал-кабец і чорны бусел[5]. Найбольшым возерам заказьніка было Падазерышча[6].

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ П.І. Лабанок. Астравы Дулебы // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — С. 338. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
  2. ^ Галіна Сідаровіч. Краіна балотаў // «Настаўніцкая газэта», 19 сьнежня 2019 г. Праверана 7 чэрвеня 2021 г.
  3. ^ Кацярына Агеева. Старажытная скарбніца. Найноўшы час // Навука і інавацыі : часопіс. — Ліпень 2019. — № 7 (197). — С. 78—82.
  4. ^ Алена Ляшкевіч. Дзікія «Астравы Дулебы»: у Клічаве прайшоў фэстываль, названы ў гонар заказьніка // «Зялёны партал», 3 верасьня 2019 г. Праверана 7 чэрвеня 2021 г.
  5. ^ Бялыніцкі раённы бюлетэнь за травень 2018 году // Партал «Усе віды аднаўленьня», 2019 г. Праверана 7 чэрвеня 2021 г.
  6. ^ Аляксандар Пецькін. Паход праз Дулебскія балоты // Партал «Заставайся летуценьнікам, брат», 29 сакавіка 2017 г. Праверана 7 чэрвеня 2021 г.

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць