Сьвіслацка-Бярэзінскі заказьнік

рэспубліканскі краявідны заказьнік Беларусі, заснаваны ў 2015 годзе на захадзе Магілёўскай вобласьці

Сьві́слацка-Бярэ́зінскі зака́зьнік — рэспубліканскі краявідны заказьнік Беларусі, заснаваны ў лютым 2015 году на захадзе Магілёўскай вобласьці.

Сьвіслацка-Бярэзінскі заказьнік
Плошча 17 480 га
Краіна Беларусь
Геаграфічныя каардынаты 53° пн. ш. 28° у. д. / 53° пн. ш. 28° у. д. / 53; 28Каардынаты: 53° пн. ш. 28° у. д. / 53° пн. ш. 28° у. д. / 53; 28
Месцазнаходжаньне Магілёўская вобласьць
Утварэньне 4 лютага 2015 (9 гадоў таму)
Сьвіслацка-Бярэзінскі заказьнік на мапе Беларусі
Сьвіслацка-Бярэзінскі заказьнік
Сьвіслацка-Бярэзінскі заказьнік
Сьвіслацка-Бярэзінскі заказьнік

Улучаў месца зьліцьця Бярэзіны і Сьвіслачы. У 2016 годзе ўлучаны ў Сусьветны сьпіс водна-балотных угодзьдзяў[1]. Знаходзіўся ў Асіпавіцкім, Качэрыцкім і Клічаўскім раёнах[2]. На землях заказьніка месьціліся 2 рэспубліканскія помнікі прыродыБрыцалавіцкі дуб-волат і Кастрычніцкі дуб-волат[3].

Утварэньне

рэдагаваць

4 лютага 2015 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 71 «Аб рэспубліканскіх заказьніках», паводле якой абвясьціў 9 заказьнікаў, у тым ліку Сьвіслацка-Бярэзінскі ў 3-х заходніх раёнах Магілёўскай вобласьці. Папярэдне Нацыянальная акадэмія навук Беларусі аднесла гэтыя землі да ядра экалягічнай сеткі міжнароднай значнасьці[4]. Паводле Пастановы № 71, Сьвіслацка-Бярэзінскі заказьнік абвясьцілі краявідным на плошчы 17 480,54 гектараў. Землі заказьніка перадалі пад кіраваньне Асіпавіцкага, Клічаўскага і Качэрыцкага раённых выканаўчых камітэтаў. Гэтыя землі знаходзіліся ў:

  1. Асіпавіцкім раёне на землях «Асіпавіцкай досьледнай лясной гаспадаркі» плошчай 9141 га ў Брыцалавіцкім (Ліпеньскі сельсавет) і Кастрычніцкім лясьніцтвах, а таксама на 6,8 га земляў запасу;
  2. Клічаўскім раёне на землях «Клічаўскай лясной гаспадаркі» плошчай 6707,7 га ў Бацэвіцкім, Віркаўскім (Нясяцкі сельсавет) і Запольскім лясьніцтвах, на землях «Асіпавіцкай досьледнай лясной гаспадаркі» плошчай 521 га ў Кастрычніцкім і Камяніцкім лясьніцтвах, на землях вытворчых каапэратываў «Калгас «Бярэзіна» (Краснае, Асіпавіцкі раён) плошчай 94,5 га і «Калгас імя Будзёнага» (Запольле) плошчай 169,84 га, унітарнага прадпрыемства «Саўгас «Добраахвотнік» (Арэхаўка) плошчай 123,07 га і філіі «Белшына-агра» (Вязаўніца, Асіпавіцкі раён) плошчай 88,82 га, а таксама на 226,91 га земляў запасу;
  3. Качэрыцкім раёне на землях «Клічаўскай лясной гаспадаркі» плошчай 400,9 га ў Запольскім лясьніцтве[5].

13 лютага 2015 году кіраўніца ўправы біялягічнай і краявіднай разнастайнасьці Мінпрыроды Беларусі Натальля Мінчанка адзначыла: «Многія аб'яўленыя заказьнікі маюць міжнародны статус аховы, хоця дагэтуль ня мелі нацыянальнага»[6].

Стан і ўмовы

рэдагаваць

На 2015 год нізінныя балоты і вялікаўзроставыя лясы заказьніка месьціліся між рэкамі Бярэзіна і Сьвіслач. На яго землях знаходзілася найбольшая ў Беларусі супольнасьць такой рэдкай рэліктавай расьліны, як звычайны плюшч. Значную частку Сьвіслацка-Бярэзінскага заказьніка займалі паплавы, дзе гнездавалі пералётныя птушкі, у тым ліку рэдкіх відаў. На землях заказьніка спынілі суцэльныя і палосна-паступовыя высечкі галоўнага лесакарыстаньня. На 20 % земляў спынілі іншыя віды высечкі. На 37 выдзелах плошчай 300 гектараў, дзе месьціліся старыя карэнныя лясы, цалкам прыпынілі валку дрэваў. Перасоўваньне на самаходах дазволілі толькі па дарогах агульнага карыстаньня з пакіданьнем толькі на абсталяваных стаянках[7]. 7 траўня 2016 году Сакратарыят Канвэнцыі аб водна-балотных угодзьдзях, які месьціцца ў Швайцарыі (Глян, кантон Во), апавясьціў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі пра ўлучэньне 3-х заказьнікаў, у тым ліку Сьвіслацка-Бярэзінскага, у Сусьветны сьпіс водна-балотных угодзьдзяў міжнароднай значнасьці для пражываньня вадаплаўных птушак. У выніку лік прыродаахоўных земляў Беларусі ў Рамсарскім сьпісе дасягнуў 26. Падставай для ўлучэньня ў сьпіс стала выкарыстаньне поплаўных лугоў уздоўж рэк Бярэзіна і Ольса ў якасьці прыпынкаў падчас пералёту балотнымі крачкамі, качкамі, кулікамі і турухтанамі[8].

  1. ^ Дыяна Пінчук. Ці існуе сёньня ў Беларусі сапраўдная гістарычная памяць // Газэта «Новы час», 29 сакавіка 2018 г. Праверана 18 чэрвеня 2021 г.
  2. ^ Сьвятлана Тарэлка. Дашкаляты берагуць лес // «Настаўніцкая газэта», 8 траўня 2018 г. Праверана 18 чэрвеня 2021 г.
  3. ^ Марыя Талейка. Субота, качкі і заказьнік // Газэта «Асіпавіцкі край», 16 жніўня 2018 г. Праверана 18 чэрвеня 2021 г.
  4. ^ У Беларусі ствараюцца 9 новых рэспубліканскіх заказьнікаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 6 лютага 2021 г. Праверана 18 чэрвеня 2021 г.
  5. ^ Андрэй Кабякоў. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 лютага 2015 г. № 71 «Аб рэспубліканскіх заказьніках» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 14 лютага 2015 г. Праверана 18 чэрвеня 2021 г.
  6. ^ Кацярына Радзюк. Заказнікаў стала больш // Зьвязда : газэта. — 14 лютага 2015. — № 29 (27887). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Заказьнік створаны // Асіпавіцкі раённы выканаўчы камітэт, 9 сакавіка 2015 г. Праверана 18 чэрвеня 2021 г.
  8. ^ Анастасія Салановіч. Тры беларускія заказьнікі ўключаныя ў Рамсарскі сьпіс водна-балотных угодзьдзяў міжнароднай значнасьці // БелаПАН, 7 траўня 2016 г. Праверана 18 чэрвеня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць