Кантынэнтальны клімат

(Перанакіравана з «Умерана-кантынэнтальны клімат»)

Кантынэнтальны клімат — тып клімату, які характарызуецца сьпёкай улетку, сьцюжай узімку і малой колькасьцю ападкаў. Кантынэнтальны клімат фармуецца пераважна ў выніку ўзьдзеяньня на атмасфэру буйных масіваў сушы. Гэты тып клімату характэрны для ўнутраных рэгіёнаў мацерыкоў. Кантынэнтальны клімат пануе на значнай частцы тэрыторыі Расеі, краінаў Сярэдняй Азіі (напрыклад, Казахстан, Узбэкістан), у Манголіі і ўнутраных рэгіёнах ЗША і Канады. Часткай сьвету з найбольшым распаўсюджваньнем кантынэнтальнага клімату зьяўляецца Азія. Кантынэнтальны клімат прыводзіць да ўтварэньня стэпаў і пустыняў, бо вялікая частка вільгаці мораў і акіянаў не даходзіць да ўнутрыкантынэнтальных рэгіёнаў.

Кантынэнтальны клімат умераных шыротаў

рэдагаваць
 
Стэп у Казахстане

Ва ўмераных шыротах для кантынэнтальнага клімату характэрныя вялікая гадавая амплітуда тэмпэратуры паветра (сьпякотнае лета і халодная зіма), а таксама значныя зьмены тэмпэратуры на працягу дня. Ад марскога клімату кантынэнтальны адрозьніваецца паніжанай сярэдняй гадавой тэмпэратурай і вільготнасьцю, у некаторых выпадках павялічанай запыленасьцю паветра. Для кантынэнтальнага клімату характэрная досыць малая хмарнасьць і малая гадавая колькасьць ападкаў, максымум якіх прыходзіцца на лета. Сярэдняя хуткасьць ветравею, як правіла, таксама невялікая. Надвор’е ў рэгіёнах з кантынэнтальным кліматам больш зьменлівае, чым у рэгіёнах з марскім кліматам.

Кантынэнтальны клімат тропікаў

рэдагаваць

У тропіках гадавыя ваганьні тэмпэратуры паветра не такія вялікія, як ва ўмераных шыротах, а ападкаў выпадае больш, чым пры марскім клімаце.

Кантынэнтальны клімат палярных шыротаў

рэдагаваць

У палярных шыротах, для кантынэнтальнага клімату характэрныя вялікія гадавыя ваганьні тэмпэратуры паветра і вельмі зімнае лета.

Сувязь зь іншымі тыпамі клімату

рэдагаваць

Кантынэнтальны клімат можа ў саслабелым выглядзе распаўсюджвацца і на найбліжэйшыя да мацерыкоў часткі акіянаў, пры паступленьні паветраных масаў з мацерыка на тэрыторыю над акіянам на працягу ўсяго году. Кантынэнтальны клімат адрозьніваецца ад мусоннага клімату, які фармуецца пераважна дзякуючы ўплыву кантынэнтальных паветраных масаў узімку і марскіх паветраных мас — улетку. Паміж марскім і кантынэнтальным кліматам існуюць паступовыя пераходы, напрыклад клімат Заходняй Эўропы пераважна марскі, Эўрапейскай часткі Расеі — умерана-кантынэнтальны, Усходняй Сыбіры — рэзка кантынэнтальны, Далёкага Ўсходу — мусонны.