Друць
Друць — рака ў Беларусі, чацьверты велічынёй і воднасьцю прыток Дняпра. Цячэ ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласьцях. Даўжыня 295 км. Плошча вадазбору 5020 км². Выдатак вады ў вусьці 31,6 м³/с. Агульны спад ракі 105,2 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,4 ‰.
Друць лац. Druć | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Выток | каля в. Раздольнай |
Вусьце | Дняпро |
Краіны басэйну | Беларусь |
Вобласьці | Віцебская вобласьць, Магілёўская вобласьць і Гомельская вобласьць |
Даўжыня | 295 км |
Сярэднегадавы сьцёк | 31,6 м³/с |
Плошча басэйну | 5020 км² |
Нахіл воднай паверхні | 0,4 ‰ |
Асноўныя прытокі
рэдагавацьНа рацэ
рэдагаваць- Месты: Талачын, Бялынічы, Рагачоў
- Мястэчка: Круглае
- Гістарычнае места: Друцак
- Вадасховішчы: Чыгірынскае, Цяцерынскае
- Зоны адпачынку: Чыгірынка, Маліна, Друць, Лужкі
Агульныя зьвесткі
рэдагавацьПачынаецца на Дняпроўска-Дзьвінскім водападзеле зь невялікай дрыгвянай лагчыны за 1 км на захад ад вёскі Раздольнай Талачынскага раёну, вусьце на паўднёвай ускраіне места Рагачова. Агульная даўжыня рачной сыстэмы Друці 2000 км, шчыльнасьць рачной сеткі 0,39 км/км³. Вадазбор у вярхоўі ў межах Аршанскага ўзвышша, на астатнім працягу — ува ўсходняй частцы Цэнтральнабярэзінскай раўніны.
Даліна да ўтоку ракі Крывой невыразная, ніжэй трапэцападобная, шырынёй 1,5—2,5 км. Схілы парэзаныя, вышыня іх 8—30 м, да места Бялынічаў адкрытыя і пад ворывам, ніжэй па плыні пераважна пад лесам. Левы схіл больш спадзісты, правы ўмерана стромкі, нярэдка абрывісты. Абалона пераважна двухбаковая (на асобных дзялянках у нізоўі левабярэжная, у верхняй плыні часткова затопленая Цяцерынскім, у ніжняй — Чыгірынскім вадасховішчамі), адкрытая, лугавая. Паверхня абалоны ў прырэчышчавай частцы роўная, месцамі ўзгорыстая, перасечаная старыцамі, асушальнымі канавамі, лагчынамі. Рэчышча каналізаванае на 2 дзялянках у вярхоўі: ад вёскі Навасёлкаў да места Талачына (7 км) і ад пункту за 0,4 км ніжэй за мост на аўтамабільнай дарозе Менск — Масква да вёскі Друцку (8,6 км). На астатнім працягу моцназьвілістае, свабодна мэандруе, ніжэй за ўток ракі Вабіч разгалінаванае на пратокі і рукавы са шматлікімі старыцамі і затокамі. Дно роўнае, пясковае, радзей камяністае. Шырыня ракі ў межань у вярхоўі 10—20 м, ніжэй 30—50 м. Берагі пераважна стромкія, месцамі абрывістыя, вышыней 1—2,5 м (на лукавінах 3—5 м), у вусьцевай частцы спадзістыя, вышынёй да 1 м.
Асаблівасьці рэжыму — вельмі выразнае веснавое разводзьдзе, на якое прыпадае 54% сярэдняга сьцёку. Веснавы пад’ём узроўню вады інтэнсіўны (7—10 дзён), найвышэйшы ўзровень разводзьдзя ў пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межаньню 2,5—2,8 м. Веснавы ледаход каля 3 дзён. Рака прымае сьцёк з мэліярацыйных каналаў[1].
Расьліннасьць
рэдагавацьБольш за 30% плошчы вадазбору пакрываюць значныя памерам лясныя масівы. Лясы мяшаныя зь перавагай іглічных пародаў. Балоты, забалочаныя землі і забалочаны лес займаюць каля 10% плошчы.
Гаспадарчая дзейнасьць
рэдагавацьСуднаходзтва ніжэй за плаціну Чыгірынскага вадасховішча (за 84 км ад вусьця) у паўнаводны пэрыяд. Рэжым ракі вывучаўся на 8 пастах, зь якіх пасты каля в. Гарадзішча і Чыгірынскай ГЭС дзейнічаюць у цяперашні час[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл. — Мн.: 1994. С. 154.
- ^ Гідрамэтцэнтар Беларусі (рас.)
Літаратура
рэдагаваць- Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1 С. 154.
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 2: Гатня ― Катынь / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. — 520 с.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971.