Цэнтральнабярэзінская раўніна

раўніна ў Беларусі

Цэнтральнабярэзінская раўніна — раўніна, разьмешчаная ў цэнтры Беларусі, мае нахіл з поўначы на поўдзень. Плошча 28 тыс. км². Вышыня 150—180 м.

Геаграфічнае становішча

рэдагаваць

Разьмешчаная ва ўсходняй і паўднёваўсходняй частках Менскай, заходняй часткі Магілёўскай, на крайняй поўначы Гомельскай абласьцей Беларусі. Працягласьць з поўначы на поўдзень 165 км, з захаду на ўсход ад 90 да 170 км.

Сфармавалася пад уплывам сожаўскага ледавіка. Паверхня плоскахвалістая, паступова зьніжаецца да поўдня. Распаўсюджаныя зандравыя раўніны, асабліва ў міжрэччы Друці і Бярэзіны. Разьвіты выдма-ўзгорысты рэльеф. Па ўсёй тэрыторыі распаўсюджаныя латочыны старажытнага сьцёку, затарфаваныя катлавіны спушчаных азёраў. Характэрныя дзялянкі скразных далінаў (Сьвіслач — Пціч, Клява — Ольса і іншыя).

Глебы ў асноўным дзярнова-падзолістыя, месцамі тарфяна-балотныя і лугавыя.

Гідраграфія

рэдагаваць

Найбольшыя рэкі: Дняпро з Друцьцю; Бярэзіна з прытокамі Бобрам, Клявай, Ольсай (леваруч), Плісай, Вушай, Сьвіслаччу (праваруч); Пціч, вярхоўі Арэсы і Случы з Мораччу. Азёраў мала, рэшткавыя — Судобле, Сяргееўскае, у абалонах рэчак невялікія старыцы. Вадасховішчы: Чырвонаслабадзкое вадасховішча на Морачы, Салігорскае вадасховішча (частка) на Случы, Любанскае вадасховішча на Арэсе, Чыгірынскае вадасховішча на Друці, Асіпавіцкае вадасховішча на Сьвіслачы.

Расьліннасьць

рэдагаваць

Пад лесам 41% тэрыторыі. Ля паўночных межаў раўніны праходзіць паўднёвая мяжа суцэльнага распаўсюджваньня грабу, у паўночных — елкі. З поўначы на поўдзень яловыя лясы зьмяняюцца дубовымі, а ялова-хваёвыя — шыракаліста-хваёвымі. Найбольш распаўсюджаныя хваёвыя і шыракаліста-хваёвыя (каля 60%) лясы. У далінах рэчак, што перасякаюць раўніну, сустракаюцца абалонавыя дубровы і заліўныя лугі. Найбольшыя балотныя масівы: Пціч, Суціна балота, Цельскае лясное лецішча, Щчытковіцкія лугі, Кляцішынскае балота, Астравы Дулебы, Ясень. Лугі ў асноўным у абалонах буйных рэчак (Дняпро, Бярэзіна, Друць, Пціч).

У межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны 6 заказьнікаў.

Літаратура

рэдагаваць
  • Центральноберезинская равнина // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.
  • Центральноберезинская равнина // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.