Мясцовыя выбары ў Беларусі 2018 году

7-я выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь

Мясцовыя выбары ў Беларусі 2018 году — 7-я выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся ў лютым 2018 году.

2014
 Сьцяг Беларусі
2024
Мясцовыя выбары ў Беларусі 2018 году
18 лютага 2018 (6 гадоў таму)
Партыя ГА «Белая Русь» Камуністычная партыя Беларусі
Лідэр з Генадзь Давыдзька Аляксей Сакалоў
Папярэдняя колькасьць месцаў >10 000 206
Колькасьць месцаў >9000 305
Розьніца (месцаў) -1000 +99
Адсотак 50 % 1,7 %
Мясцовыя выбары ў Беларусі 2018 году

Вынікі

У 1309 мясцовых Саветаў абралі 18 110 дэпутатаў. Палову (звыш 9000) дэпутацкіх месцаў атрымала грамадзкае аб’яднаньне «Белая Русь». Пры гэтым, у больш за 79,5 % акругаў выбары прайшлі на безальтэрнатыўнай падставе з адзіным кандыдатам, у тым ліку ў сельскія Саветы — больш за 85,5 % (11 310), у пасялковыя — 94,9 % (93), у гарадзкія раённага падпарадкаваньня — 78,9 % (191) і ў раённыя — 74,6 % (2811)[1]. Пагатоў, прэзыдыюмы Саветаў дэпутатаў і іхнія выканаўчыя камітэты пры ўтварэньні выбарчых камісіяў адмовіліся пусьціць у іхні склад звыш 80 % прадстаўніц і прадстаўнікоў ад 3-х з 11 партыяў[2]. У выніку гэтыя партыі — Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя аб’яднаных левых «Справядлівы сьвет» і Партыя БНФ — заявілі пра непразрыстасьць падліку яўкі й галасоў, у тым ліку на датэрміновым галасаваньні, бо былі выключаныя з дастаткова шырокага ўдзелу ў такім падліку ў складзе выбарчых камісіяў. Яшчэ 2 партыі — Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ і Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада — з гэтае самае нагоды ладзілі байкот выбараў.

Дэпутаты

рэдагаваць

На выбарах 2018 году ў 1309 мясцовых Саветах дэпутатаў было 18 111 выбарчых акругаў (у сярэднім па 14 дэпутатаў на Савет):

Прававыя ўмовы

рэдагаваць
 
Абвестка пра выбары на Канстрычніцкай плошчы Менску (19 студзеня 2018 г.)

Паводле 58-га артыкула Выбарчага кодэксу Беларусі, вылучацца кандыдатамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі мелі права грамадзяне Беларусі ў веку ад 18 гадоў і расейскія грамадзяне з пасьведчаньнем на права жыхарства ў Беларусі. Пры гэтым, кандыдатамі ў дэпутаты маглі стаць грамадзяне паводле месца пражываньня й працы на землях адпаведнага мясцовага Савету. Папярэдне, для падліку галасоў утваралі 1315 тэрытарыяльных камісіяў, пасьля чаго акруговыя й раённыя камісіі для абласных Саветаў і Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў. Існавалі 3 спосабы вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты: шляхам збору подпісаў грамадзянаў, ад працоўных калектываў і ад палітычных партыяў. Для вылучэньня ў пасялковы й сельскі Савет было дастаткова забраць 20 подпісаў грамадзянаў, у Савет горада абласнога падпарадкаваньня й раёну — 75 подпісаў, а ў вабласныя Саветы й Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў — 150 подпісаў. Столькі ж подпісаў патрабавалася сабраць ад падразьдзяленьня й цэху ў выглядзе працоўнага калектыву. Суполкі партыяў маглі вылучаць кандыдатаў адпаведна мясцоваму ўзроўню. Кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў мелі права ствараць выбарчыя фонды й выступіць на мясцовым радыё[4].

Кожны кандыдат у дэпутаты мясцовых Саветаў мог прызначыць да 5 давераных асобаў для агітаваньня. Таксама ён меў права стварыць для перавыбарнага агітаваньня ўласны выбарчы фонд памерам да 10 базавых велічыняў (230 рублёў) пры вылучэньні ў сельскі й пасялковы, раённы й гарадзкі Савет дэпутатаў. Кандыдаты ў дэпутаты абласных і Менскага гарадзкога Саветаў маглі ствараць фонд да 30 базавых велічыняў (690 рублёў)[5]. Акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах абласных Саветаў дэпутатаў і 9 раённых камісіяў Менску прымалі заявы аб уліку ініцыятыўных групаў. Такія групы было магчыма стварыць пры вылучэньні кандыдатам шляхам збору подпісаў. Ініцыятыўная група магла налічваць ад 3-х да 10 чалавек[6]. Працягласьць дарэмнае прамовы кандыдатаў у дэпутаты ў радыёэтэры скарацілі з 5 да 3-х хвілінаў. Іх было магчыма пачуць у будні ад 18-й гадзіны з 22 студзеня па 12 лютага 2018 году ў дыяпазоне частасьцевага мадуляваньня ад 87,5 да 108 мэгагэрц[7].

Выбарчае заканадаўства дазваляла мець у складзе выбарчых камісіяў да 19 сябраў, але іхняя пераважная большасьць налічвала па 14 чалавек у сувязі з абмежаваным каштарысам[8]. Бар’ер яўкі выбарцаў адсутнічаў, таму мясцовыя выбары адбываліся пры любой яўцы[9].

7 лютага 2018 году старшыня Цэнтральнае выбарчае камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына паведаміла, што ў сьпісы для галасаваньня на мясцовых выбарах унесьлі звыш 6,9 млн выбарцаў[10]. Паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, выбарчым правам валодалі каля 101 000 грамадзянаў Расеі, якія мелі пасьведчаньне на права жыхарства ў Беларусі[11]. Да пачатку датэрміновага галасаваньня 13 лютага ў сьпісах налічвалася 6 927 786 выбарцаў[12]. Пры гэтым, моладзь складала 25 % насельніцтва Беларусі[13]. На 18 лютага ў сьпісы для галасаваньня ўлучылі 6 929 525 чалавек[14].

Падрыхтоўка

рэдагаваць

15 чэрвеня 2017 году старшыня Цэнтральнае выбарчае камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына паведаміла аб прапанове ЦВК правесьці выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 18 лютага 2018 году. Пры гэтым, Ярмошына патлумачыла: «Мы разглядалі 2 магчымыя даты: 11 і 18 лютага. І ўжо схіляліся да 11-га. Але калі пачалі разглядаць магчымы графік правядзеньня ўсёй выбарчае кампаніі, то высьветлілася, што, паводле Выбарчага кодэксу, апошні дзень падачы дакумэнтаў на стварэньне ўчастковых камісіяў прыпадае на апошні дзень сёлетняга году. Да таго ж 31 сьнежня яшчэ й нядзеля. Зразумела, што такі варыянт больш чым нязручны. І яшчэ адна важная дэталь. 11 лютага ў студэнтаў многіх навучальных установаў яшчэ вакацыі. А студэнты, паводле выбарчага заканадаўства, могуць галасаваць толькі па месцы навучаньня. Таму мы адмовіліся ад даты 11-га лютага й спыніліся на 18-м лютага. Гэта, дарэчы, паводле таго ж Выбарчага кодэксу, апошняя магчымая дата правядзеньня выбараў»[15].

26 кастрычніка 2017 году Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі паведаміла пра намер стварыць 18 111 выбарчых акругаў на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў у лютым 2018 году: 2962 — у Берасьцейскай вобласьці, 3112 — у Віцебскай, 2389 — у Гарадзенскай, 3584 — у Гомельскай, 2556 — у Магілёўскай, 3451 — у Менскай і 57 — у Менску[16]. 14 лістапада 2017 году А. Лукашэнка падтрымаў прызначэньне выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га скліканьня на 18 лютага 2018 году[17]. Старшыня ЦВК паведаміла, што каштарыс выбараў меў скласьці 21,2 млн рублёў (10,5 млн даляраў), як і на мясцовыя выбары 2014 году. Пры гэтым, Лукашэнка даручыў стварыць участкі для галасаваньня «за кошт сродкаў тых арґанізацыяў, якія разьмяшчаюць у сябе ўчастковыя камісіі». Матэрыяльна-тэхнічныя выдаткі мелі скласьці менш за 17 % каштарысу. Ярмошына патлумачыла: «Усё астатняе — гэта выдаткі на заработную плату. Мы прывязваем ейны памер да сярэдняе заработнай плате па краіне»[18].

15 лістапада 2017 году прайшло паседжаньне ЦВК па падрыхтоўцы да мясцовых выбараў, на якім прызначылі апошні тэрмін падачы дакумэнтаў для ўтварэньня тэрытарыяльных камісіяў на 21 лістапада. З улікам сельскіх у Беларусі налічвалася 1309 мясцовых Саветаў, адпаведна ліку якіх мелі ўтварыць тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі да 24 лістапада. Да 29 лістапада ў друку падлягалі абнародаваньню нумары, апісаньне й найменьне выбарчых акругаў. Участкі для галасаваньня мелі ўтварыць да 16 сьнежня 2017 году. На нядзелю 31 сьнежня 2017 году прыпадаў апошні тэрмін падачы дакумэнтаў аб вылучэньні ў склад участковых выбарчых камісіяў, якія мелі ўтварыць да 3 студзеня 2018 году. Пры гэтым, на паседжаньні ЦВК Ярмошына заявіла: «Вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты будзе ажыцьцяўляцца з 10 сьнежня па 8 студзеня, прычым 8 студзеня — гэта апошні дзень здачы дакумэнтаў на рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты». Саму рэгістрацыю прызначылі з 9 па 18 студзеня 2018 году, пасьля чаго перадвыбарчае агітаваньне мела доўжыцца да 18 лютага ўключна. Запрашэньні выбарцам прыйсьці на выбарчыя ўчасткі мелі накіраваць да 7 лютага, а забясьпечыць ўчастковыя выбарчыя камісіі бюлетэнямі для галасаваньня — да 12 лютага[19].

9 студзеня 2018 году Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі паведаміла пра ўтварэньне 5870 участкаў для галасаваньня на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га скліканьня. Сярод іх было 250 (4 %) участкаў у здраўніцах і лякарнях, а таксама 17 — у вайсковых часьцях. У Берасьцейскай вобласьці было 923 выбарчыя ўчасткі, у Віцебскай — 798, у Гарадзенскай — 675, у Гомельскай — 1022, у Магілёўскай — 750, у Менскай — 991 і ў Менску — 711[20].

Выбарчыя камісіі

рэдагаваць

28 лістапада 2017 году Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі паведаміла, што ў склад 1309 тэрытарыяльных выбарчых камісіяў (ТВК) увайшло 10 507 чалавек. Зь іх 50 % (5285) вылучылі шляхам збору подпісаў грамадзянаў, 39 % (4099) вылучылі грамадзкія аб'яднаньні, 10 % (1123) — ад працоўных калектываў і 1 % (125) — ад партыяў. Найбольш прадстаўнікоў у ТВК мелі: Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) — 17 % (1754) і грамадзкае аб’яднаньне «Белая Русь» — 6 % (582), Камуністычная партыя Беларусі — 0,7 % (73) і Рэспубліканская партыя працы й справядлівасьці (РППС) — 0,3 % (35). Апазыцыйныя партыі мелі толькі 7 прадстаўнікоў: Беларуская партыя аб’яднаных левых «Справядлівы сьвет» — 5, а Аб’яднаная грамадзянская партыя й Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада» — па адным[21].

8 сьнежня 2017 году Ярмошына паведаміла, што 4 сьнежня завяршылася ўтварэньне акруговых выбарчых камісіяў па выбарах абласных Саветаў дэпутатаў і 9 раённых камісіяў Менску. Пры гэтым, Ярмошына адзначыла: «Колькасьць партыйных вылучэнцаў у складзе акруговых, раённых выбарчых камісіяў павялічылася на 2 %. А ад прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў у цэлым — на 8 %». Сярод іншага, гэтыя камісіі прымалі заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў для вылучэньня кандыдатаў шляхам збору подпісаў. Старшыня ЦВК заўважыла, што ў вакруговых камісіях павялічылася колькасьць прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў: партыі «Справядлівы сьвет» — утрая й Партыі БНФ — удвая. Таксама РППС павялічыла лік прадстаўнікоў амаль удвая[6]. У склад акруговых камісіяў улучылі 2239 чалавек (55 %) ад грамадзкіх аб’яднаньняў, 1188 (29 %) — шляхам збору подпісаў грамадзянаў, 384 (9 %) — ад працоўных калектываў і 293 (7 %) — ад партыяў[22].

12 студзеня 2018 году Ярмошына згадала, што найбольш месцаў ва ўчастковых камісіях атрымалі ФПБ і Беларускі саюз жанчынаў, а партыі займелі 6 % месцаў[23]. Жанчыны занялі 73,58 % месцаў ва ўчастковых выбарчых камісіях, то-бок перавышалі лікам мужчынам амаль утрая. Пры гэтым, 15 студзеня 2018 году сустаршыня арґанізацыйнага камітэту «Беларускае хрысьціянскае дэмакратыі» Вольга Кавалькова адзначыла: «фальсыфікацыі на выбарах адбываюцца ў камісіях, дзе больш за 70% — жанчыны»[24]. Сярод 63 816 месцаў у выбарчых камісіях 26 займалі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў[8]. 15 лютага 2018 году старшыня ўправы «Беларускага фонду міру» Максім Місько паведаміў: «На сёньня каля 3000 сябраў Беларускага фонду міру ўключаныя ў выбарчыя камісіі рознага ўзроўню — участковыя, акруговыя, тэрытарыяльныя»[25]. 19 лютага кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» паведаміла, што 97,8 % сябраў выбарчых камісіяў складалі прадстаўнікі прыхільнікаў ураду, у васноўным ад 4-х аб’яднаньняў: Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі й «Белае Русі», Беларускага саюзу жанчынаў і Беларускага грамадзкага аб’яднаньня вэтэранаў[26]. Сярод 63 816 месцаў у выбарчых камісіях 26 займалі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў[8].

Вылучэнцы

рэдагаваць

На 26 сьнежня 2017 году ўсе 57 выбарчых акругаў Менску мелі больш як па адным кандыдаце ў дэпутаты. Найбольш ініцыятыўных групаў улічылі ў Фрунзэнскім раёне Менску: у Каменнагорскай выбарчай акрузе — 12 і яшчэ ў 2-х — па 9. Па Акадэмічнай выбарчай акрузе ў Першамайскім раёне сталіцы подпісы зьбіралі 8 групаў, а па Асаналіеўскай у Кастрычніцкім раёне — 7[27]. На 29 сьнежня кандыдатамі вылучылі 7700 чалавек, зь якіх 96 % былі ў веку за 30 гадоў і больш за 4000 былі жанчынамі. За 11 дзён да заканчэньня ўліку кандыдатаў без вылучэнцаў заставалася 57 % з 18 111 выбарчых акругаў[28]. Да 8 студзеня 17 500 ініцыятыўных групаў зьбіралі подпісы грамадзянаў за вылучэньне кандыдатаў[29].

11 студзеня 2018 году старшыня Цэнтральнае выбарчае камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына паведаміла: «На 18 111 выбарчых акругаў вылучана 22 719 чалавек». У выніку ў сярэднім на выбарчую акругу прыпадала 1,2 кандыдата, тады як у Менску было ў сярэднім па 6 кандыдатаў на акругу[30]. У Гомельскай вобласьці ўлічылі 4142 кандыдаты ў дэпутаты, зь якіх звыш 55 % склалі жанчыны. Сярод іх 83 % (3452) вылучылі шляхам збору подпісаў грамадзянаў, 21 % (848) — ад працоўных калектываў і 6 % (242) — ад партыяў. Рэспубліканская партыя працы й справядлівасьці мела 80 кандыдатаў, Камуністычная партыя Беларусі (КПБ) — 77, Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі (ЛДПБ) — 56, партыя «Справядлівы сьвет» — 14, Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) — 10, Сацыял-дэмакратычная партыя народнае згоды — 3 і Партыя БНФ — 2[31]. У Магілёўскай вобласьці вылучылі 5305 кандыдатаў, то-бок больш за 2 на акругу. Пры гэтым, стварылі 4155 ініцыятыўных групаў. На месца ў Магілёўскі гарадзкі Савет дэпутатаў прыпадала 3,6 кандыдаты, у Бабруйскі — 2,5. На сельсавет у сярэднім было па 2 кандыдаты. У Магілёўскай вобласьці стварылі 750 участковых выбарчых камісіяў агульным лікам 8215 чалавек, зь якіх 3/4 склалі жанчыны, 44 % — прадстаўнікі грамадзкіх аб’яднаньняў і партыяў і звыш 8 % — моладзь да 30 гадоў. Сярод іншага, 35 камісіяў стварылі ў здраўніцах і лякарнях. У Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў вылучылі 171-го кандыдата, зь якіх 47 — ад партыяў і 16 — дзейных дэпутатаў. Пры гэтым, ЛДПБ вылучыла 26 чалавек, АГП — 10, «Грамада» — 7, «Справядлівы сьвет» і КПБ — па 2[32].

12 студзеня 2018 году Ярмошына заявіла: «ёсьць безальтэрнатыўныя акругі нават у вабласныя Саветы. Няма ніводнай толькі ў горадзе Менску й ў Магілёўскай вобласьці». У Менску ў сярэднім на акругу было па 6 кандыдатаў, а ў вабласныя Саветы — па 2,4 чалавекі. У Каменнагорскай выбарчай акрузе Менску ўлічылі найбольш кандыдатаў — 10. Больш за 45 % (10 362) вылучэнцаў склалі дзейныя дэпутаты 27-га скліканьня. Таксама вылучаліся 32 грамадзяніны Расеі. Агулам 69 % кандыдатаў вылучылі шляхам збору подпісаў грамадзянаў, 27 % — ад працоўных калектываў і 4 % — ад партыяў. Звыш 30 % кандыдатаў склалі працаўнікі адукацыі, культуры й навукі, звыш 20 % — працаўнікі сельскае гаспадаркі, 11 % — ураднікі, звыш 9 % — працаўнікі прамысловасьці, транспарту й будаўніцтва, звыш 4 % — працаўнікі гандлю й побытавага абслугоўваньня, звыш 3 % — праваахоўнікі й вайскоўцы, каля 3-х % — пэнсіянэры, звыш 2 % — прадпрымальнікі[33] й каля 1 % — беспрацоўныя. У Гарадзенскі абласны Савет дэпутатаў па 34-х акругах ішло па адным кандыдаце, у Берасьцейскі — па 5. Каля паловы (11 030) ад усіх кандыдатаў у дэпутаты склалі жанчыны[23], а мужчыны — 51,4 % (11 683). Старэйшымі за 30 гадоў былі 94,6 % (21 485) кандыдатаў, а моладзь да 30 гадоў складала 5,4 % (1 228). У сельскія Саветы дэпутатаў вылучылі 15 421-го кандыдата пры сярэднім ліку кандыдатаў на выбарчую акругу па Беларусі 1,2 чалавека, у раённыя Саветы — 4 854 кандыдатаў (па 1,3 чалавекі на акругу), у вабласныя — 859 (па 2,4), у гарадзкія абласнога падпарадкаваньня — 829 (па 2,2), у Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў — 345 (па 6,1), у гарадзкія раённага падпарадкаваньня — 302 (па 1,2) і ў пасялковыя — 103 (1,1). У выніку па адным кандыдаце мела звыш 70 % пасялковых і сельскіх, гарадзкіх раённага падпарадкаваньня й раённых выбарчых акругаў[34].

22 студзеня Ярмошына паведаміла пра зьмяншэньне ліку вылучаных кандыдатаў: «Засталося на гэты момант 22 278. Зь ліку выбылых 123 чалавекі адклікалі свае кандыдатуры добраахвотна й 311 (1,37 %) — гэта адмовы ў рэгістрацыі». Таксама старшыня ЦВК згадала пра акругі абласных Саветаў з адным кандыдатам: «Што да Саветаў самага высокага ўзроўню — абласных, то ў Берасьцейскім рэгіёне 7 безальтэрнатыўных акругаў, альбо 12,3 %, у Віцебскай вобласьці — 22 (36,7 %), Гомельскай — 3 (5 %), Гарадзенскай — 40 (66,7 %). У Менскай вобласьці 3 безальтэрнатыўныя акругі, што складае 5 %, а ў Магілёўскай няма ніводнай. Прычым там ёсьць акругі з высокай альтэрнатывай. Сярэдні конкурс — крыху менш як 3 кандыдаты на месца». У Менску засталося ў сярэднім звыш 4-х чалавек на месца. Пры гэтым, Ярмошына адзначыла: «Калі гаварыць аб сталічных акругах, дзе больш за ўсё кандыдатаў, то самыя буйныя ў гэтым пляне Акадэмічная № 48 Першамайскага раёну й Кальварыйская № 38 у Фрунзэнскім раёне. Тут балятуюцца па 8 кандыдатаў. Далей ідуць Старавіленская акруга № 41 па Цэнтральным раёне — 7 кандыдатаў. Па 6 чалавек прэтэндуюць на дэпутацкі мандат у Пляханаўскім, Чыгуначным, Сухараўскім»[35]. 5 лютага 2018 году засталося 145 кандыдатаў на 60 месцаў у Гомельскі абласны Савет дэпутатаў. Па адным кандыдаце было ў 3 акругі: Карастаянаўскую ў Гомлі, Ельскую й Лельчыцкую. Найбольш кандыдатаў было ў Мазурскай выбарчай акрузе Гомля — 5[36].

На 8 лютага 2018 году беспартыйныя складалі звыш 95 % (21 227) зарэгістраваных кандыдатаў. Пры гэтым, сваіх кандыдатаў вылучалі 12 партыяў Беларусі. Да партыйцаў належала 4,7 % (1051) зарэгістраваных, сярод якіх пераважалі: КПБ — 409, ЛДПБ — 228 і РППС — 177. Сярод апазыцыйных партыяў найбольш вылучылі: АГП — 71-го кандыдата, «Грамада» — 54-х і Партыя БНФ — 23-х[37]. Другі сакратар Цэнтральнага камітэту Камуністычнае партыі Ґеорґі Атаманаў падчыркнуў 4-кратна большае вылучэньне моладзі, чым у сярэднім па краіне: «Практычна кожны 5-ы кандыдат — ў веку да 31 году». Першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнае партыі Алег Гайдукевіч заўважыў: «У Менску вылучылі прэтэндэнтаў у кожнай акрузе — гэта 57 чалавек. Зарэгістравана зь іх 49. Усяго вылучылі ад партыі 267 кандыдатаў». Старшыня Рэспубліканскае партыі працы й справядлівасьці Васіль Задняпраны адзначыў: «у нас амаль палова акруговых камісіяў зарэгістравала па адным кандыдаце» (безальтэрнатыўна на акругу), і патлумачыў: «Кандыдаты ад нашае партыі больш прадстаўленыя ў рэгіёнах. У сталіцы — толькі 18 чалавек» (10 %)[38]. Да пачатку датэрміновага галасаваньня 13 лютага сярод кандыдатаў было 10 946 жанчынаў, 10 362 дзейных дэпутатаў, 1169 маладзёнаў у веку да 30 гадоў і 33 грамадзяніны Расеі. 13 лютага Ярмошына паведаміла пра выбарчую акругу без аніводнага кандыдата: «Гэта Савецкая выбарчая акруга № 3 па выбарах дэпутатаў Ельскага раённага савету дэпутатаў у Гомельскай вобласьці»[12].

15 лютага намесьнік старшыні «Белае Русі» Аляксандар Шацько паведаміў: «Сярод кандыдатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў больш за 9000 сябраў арґанізацыі "Белая Русь"». Старшыня ўправы «Беларускага фонду міру» Максім Місько заявіў: «Больш за 70 чалавек, сябраў нашае арґанізацыі, ёсьць кандыдатамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў па ўсёй краіне. У Менску ад Фонду міру прадстаўленыя 3 кандыдаты. Яны балятуюцца ў Заводзкім, Цэнтральным і Фрунзэнскім раёнах»[25]. На 18 лютага 247 тэрытарыяльных выбарчых камісіяў абласнога, раённага й гарадзкога, пасялковага й сельскага ўзроўняў у Менскай вобласьці ўлічылі звыш 3700 кандыдатаў на 3451 дэпутацкае месца, у тым ліку на 2548 месцаў у сельскія Саветы, 702 — у раённыя, 63 — у пасялковыя, 60 — у Менскі абласны Савет дэпутатаў, 40 — у Саветы гарадоў раённага падпарадкаваньня й 38 — у Жодзінскі гарадзкі Савет дэпутатаў[39].

Агітаваньне

рэдагаваць

22 сьнежня 2017 году Сакратарыят Таварыства беларускае мовы абнародаваў Зварот да ўдзельнікаў мясцовых выбараў, у якім заявіў: «Мы падтрымліваем тых кандыдатаў, хто вырашыў прыняць удзел у гэтай выбарнай кампаніі й актыўна выкарыстоўвае дзяржаўную беларускую мову падчас агітацыйных акцыяў. Мы прапануем усім удзельнікам выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў ставіць пытаньне аб адкрыцьці беларускамоўных клясаў, школ і гімназіяў у кожным раённым цэнтры, аб пашырэньні ўжываньня беларускае мовы ў візуальнай прасторы кожнага мястэчка й горада, у інфармацыйным вяшчаньні мясцовых мэдыя. Бо родная культура й мова – асноўныя чыньнікі нацыі й незалежнае дзяржавы»[40]. 14 лютага 2018 году старшыня Цэнтральнае выбарчае камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына адзначыла, што рахункі для перадвыбарчага агітаваньня адкрылі 10,4 % зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты, што было ўтрая больш параўнальна з папярэднімі мясцовымі выбарамі ў 2014 годзе, калі такія рахункі адкрылі 3,8 % кандыдатаў. Пры гэтым, сярод больш за 15 300 кандыдатаў у дэпутаты сельсаветаў рахункі займелі толькі 39 чалавек. Каля 20 % кандыдатаў паведамілі пра намер правесьці пікеты для сустрэчы з выбарцамі. Права на дарэмны радыёэтэр скарысталі больш як 20 % (1789) кандыдатаў, якія ўзялі ўдзел у вадпаведнай жараб’ёўцы[13].

Адразу 2 партыі ладзілі байкот выбараў: Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ (КХП БНФ), якой кіраваў Зянон Пазьняк, і Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, якой кіраваў Станіслаў Шушкевіч[41]. Падчас выбарчае кампаніі ў Беларусі заблякавалі доступ да 2-х прыватных інтэрнэт-рэсурсаў навінаў, накшталт «Беларускі партызан» і «Хартыя’97»[42]. 11 лютага 2018 году Сойм КХП БНФ ухваліў «Паведамленьне пра «выбары», у якім заявіў:

«У існуючай антынароднай палітычнай сыстэме адсутнічае інстытут мясцовага самакіраваньня. Мясцовыя Саветы зьяўляюцца намінальнай уладай, іх дзейнасьць мае дэкаратыўны характар. Саветы стварае і поўнасьцю імі кіруе рэжымная вэртыкаль. Мясцовыя Саветы выкарыстоўваюцца ў якасьці псэўдадэмакратычнай шырмы, за якой хаваецца карумпаваная і хлусьлівая рэжымная бюракратыя. Галоўная задача цяперашніх «выбараў» надаць бачнасьць легітымнасьці рэжымнай палітычнай сыстэме, дэзарыентаваць беларускае грамадзтва, выпусьціць сацыяльную энэргію незадаволенасьці ў пустое дзеяньне. Абсалютная бальшыня выбаршчыкаў цудоўна разумее, што аніякіх выбараў у краіне няма. Праводзіцца чарговы рэжымны спэктакль. Мы мяркуем, што беларусы ня зганьбяць сябе, ня будуць дапамагаць рэжыму ілгаць народу і замежным грамадзянам пра ўсенародную падтрымку, якую яны намалююць, ня будуць падтрымліваць фальшывую антыбеларускую палітыку. Дзеля дабра і справядлівасьці лепш трымацца далей ад рэжымнага балота, але зьберагчы сваё сумленьне, розум і дух»[43].

Назіраньне

рэдагаваць

23 студзеня 2018 году старшыня Цэнтральнае выбарчае камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына паведаміла пра акрэдытацыю выбарчымі камісіямі 10 500 наглядальнікаў. Больш за ўсё акрэдытавалі наглядальнікаў на выбарах ад Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі (БРСМ), грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» і Беларускага грамадзкага аб’яднаньня вэтэранаў[44].

8 лютага 2018 году кампанія назіраньня «Права выбару» паведаміла пра вылучэньне каля 700 назіральнікаў. У склад кампаніі ўвайшлі 8 грамадзкіх аб’яднаньняў: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада», «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Беларуская партыя «Зялёныя», Партыя БНФ, Партыя свабоды й прагрэсу, Рух «За Свабоду» й Беларускі прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці[45]. 13 лютага кампанія «Права выбару» пачала назіраньне за датэрміновым галасаваньнем на 154-х выбарчых участках[46]. У кампаніі ўдзельнічала 308 чалавек, якія падалі ва ўчастковыя камісіі 144 прапановы аб адкрытым падліку галасоў[47].

13 лютага старшыня ЦВК Беларусі паведаміла пра акрэдытаваньне на выбарах 28 624-х наглядальнікаў. Сярод іх найбольш прадстаўнікоў мелі: БРСМ — 24 % (каля 6800), ГА «Белая Русь» — 18 % (5100) і Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі — 14 % (каля 4000)[13]. 15 лютага старшыня ўправы «Беларускага фонду міру» Максім Місько згадаў, што ад ягонага грамадзкага аб'яднаньня «прыкладна 1400 чалавек зарэгістраваныя назіральнікамі»[25]. 16 лютага кампанія «Права выбару» паведаміла пра выстаўленьне 640 назіральнікаў на 320 выбарчых участках у васноўны дзень галасаваньня й поўнае назіраньне ў 32-х выбарчых акругах у некалькіх абласьцях Беларусі[48]. 19 лютага кампанія «За справядлівыя выбары» паведаміла пра назіраньне на 54-х выбарчых участках у 22-х паселішчах ва ўсіх абласьцях Беларусі й у Менску. У кампаніі бралі ўдзел 789 назіральнікаў ад 12 грамадзкіх аб’яднаньняў і партыяў, сярод якіх 668 назіралі за выбарамі ў васноўны дзень галасаваньня, 114 — за датэрміновым і асноўным галасаваньнем і 7 — ладзілі доўгатэрміновае назіраньне[49].

Галасаваньне

рэдагаваць

13 лютага 2018 году пачалося датэрміновае галасаваньне на мясцовых выбарах. Выбарчыя ўчасткі працавалі а 10:00—14:00 і 16:00—19:00. Для галасаваньня пры сабе варта было мець: пашпарт, пасьведчаньне кіроўцы, вайсковы білет (для вайскоўцаў тэрміновае службы), пэнсійнае пасьведчаньне (з фатаграфіяй у ім), службовае пасьведчаньне чыноўніка, студэнцкі білет, даведку органа ўнутраных справаў (пры страце пашпарту) альбо пасьведчаньне на права жыхарства (для грамадзянаў Расеі)[50]. На 5870 участках усталявалі 23 200 выбарчых скрыняў, у тым ліку каля 2000 для датэрміновага галасаваньня[13]. За 1-ы дзень датэрміновага галасаваньня ЦВК налічыла 4,4 % галасоў выбарцаў[51]. Пры гэтым, адчынілі 5620 участкаў[52]. За 13—14 лютага ЦВК налічыла 11,06 % галасоў, у тым ліку ў Берасьцейскай вобласьці — 9,33 %, у Віцебскай — 11,36 %, Гарадзенскай — 9,66 %, Гомельскай — 10,98 %, Магілёўскай — 11,72 %, Менскай — 11,05 % і ў Менску — 12,67 %[53].

За 13—15 лютага ЦВК Беларусі налічыла яўку на датэрміновы галасаваньні ў 18,73 %, у тым ліку ў Берасьцейскай вобласьці — 16,27 %, у Віцебскай — 19,67 %, Гарадзенскай — 16,81 %, Гомельскай — 19,49 %, Магілёўскай — 20 %, Менскай — 19,56 % і ў Менску — 18,92 %[54]. 18 лютага Ярмошына паведаміла, што выбарчыя камісіі налічылі 34,95 % унесеных у сьпісы выбарцаў, якія прагаласавалі датэрмінова. У васноўны дзень галасаваньня 5870 выбарчых участкаў працавалі а 8:00—20:00[55]. Сярод іншага, яўку звыш 70 % засьведчылі назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» на выбарчых участках у «Студэнцкай вёсцы» Менску й ў інтэрнатах Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі й радыёэлектронікі, а таксама Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту[56].

У сьнежні 2017 году ў інтэрвію часопісу «Беларуская думка» старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына патлумачыла неўлучэньне ў выбарчыя камісіі большасьці прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў: «Выбарчая камісія — калектыў, дзе выпінаньне свайго палітычнага меркаваньня шкодзіць агульнай справе»[57]. 7 студзеня 2018 году сузаснавальніца руху «Дзея» Аліна Нагорная правяла ў Слуцку (Менская вобласьць) пікет, прысьвечаны 100-годзьдзю Беларускае Народнае Рэспублікі. Нагорная зарэгістравала ініцыятыўную групу дзеля пікету без спагнаньня й патлумачыла: «Мясцовыя выбары — гэта яшчэ адна фікцыя, якая абыходзіцца народу «ў капеечку». Лічу, што сьпіс кандыдатаў ужо даўно падрыхтаваны й зацьверджаны Слуцкім райвыканкамам. Ад майго ўдзелу ў выбарах і іншых актывістаў ён аніяк ня зьменіцца. Слуцкія ўлады не дазваляюць аніякіх імпрэзаў, прысьвечаных памяці Слуцкага збройнага чыну, які змагаўся пад бел-чырвона-белым сьцягам БНР. У гэтым годзе мы будзем сьвяткаваць 100-годзьдзе БНР. На дзяржаўным узроўні гэтае сьвята зноў застаецца незаўважаным. Сваім пікетам я й мае сябры нагадваем случчанам пра важны этап у гісторыі нашае дзяржаўнасьці. Бо без абвяшчэньня БНР магло б ня быць і БССР, а таксама сучаснае Рэспублікі». Пікет доўжыўся каля 4-х гадзінаў пад бел-чырвона-белым сьцягам. Пікетоўцы падарылі 300 месьцічам памяткі пра Слуцкі збройны чын, а таксама каляндарыкі з партрэтамі слуцкіх паўстанцаў і выявай бел-чырвона-белага сьцяга. Таксама месьцічы рабілі фотаздымкі на фоне хэштэгу #БНР100[58].

Пасьля завяршэньня ўтварэньня выбарчых камісіяў 3 студзеня кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» паведаміла, што ў склад камісіяў улучылі 97 % вылучаных прадстаўнікоў ад грамадзкіх аб’яднаньняў і 95,9 % сябраў партыяў ва ўрадзе. Пры гэтым, у камісіі дапусьцілі 11 % (26) вылучэнцаў ад апазыцыйных партыяў. З гэтае нагоды 8 студзеня Палітычная рада Аб’яднанае грамадзянскае партыі (АГП) абнародавала заяву, у якой паведаміла пра вылучэньне ва ўчастковыя камісіі 83-х «юрыстаў, людзей з досьведам працы ў парлямэнце й органах мясцовага самакіраваньня». Аднак у склад камісіяў улучылі толькі аднаго сябра АГП. У заяве АГП цьвердзілася: «Выбарчыя камісіі паводле закону павінныя фармавацца з прадстаўнікоў розных арґанізацыяў і палітычных партыяў. Ідэя ў тым, што яны павінныя складацца зь людзей з рознымі палітычнымі поглядамі й інтарэсамі, каб не было змовы для несумленнага падліку галасоў. Што ж адбываецца на практыцы? Як правіла, усе камісіі складаюцца з працаўнікоў аднаго працоўнага калектыву, а ўзначальваюцца кіраўніком гэтага калектыву альбо ягоным намесьнікам. Пры кантрактнай сыстэме пярэчаньне кіраўніку раўнасільнае страце працы»[59]. Партыя БНФ правяла ва ўчастковыя камісіі 4 чалавекі з 65 вылучаных, Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі — 3-х з каля 50 вылучаных, а грамадзкае аб’яднаньне «Гавары праўду» — аднаго з больш за 20. АГП атрымала адмову паводле адпаведнае скаргі ў Суд Цэнтральнага раёну Менску, а Партыя БНФ — у Суд Бярозаўскага раёну й Суд Слуцкага раёну[60].

12 студзеня 2018 году Ярмошына паведаміла пра падачу 9 скаргаў на ўтварэньне ўчастковых выбарчых камісіяў[23]. 15 студзеня старшыня ЦВК патлумачыла адмову павялічыць склад камісіяў да 19 чалавек для ўлучэньня прадстаўнікоў апазыцыі, як дазваляе выбарчае заканадаўства: «Мы даём фінансаваньне толькі на 15 чалавек у Менску й на 14 чалавек у вобласьці ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Таму яны й вызначаюць такі склад. Патрэбная эканомія, і таму аніхто ня будзе рабіць 19 ― у нас каштарыс так разьлічаны»[8]. Пры гэтым, 16 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі ўхваліла Пастанову аб унясеньні зьмяненьняў у каштарыс выдаткаў на падрыхтоўку й правядзеньне выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га скліканьня. Паводле Пастановы, ранейшы каштарыс у суме 21,491 млн рублёў скарацілі на 10 % да 19,386 млн рублёў. Заробкі па ўсіх камісіях зьменшылі ў сярэднім на 5,5 %, таму ў дзень выбараў пасьля выліку падаткаў заробак сябра ўчастковае камісіі меў скласьці 67 рублёў замест 69. Сярод іншага, скарацілі выдаткі на набыцьцё канцылярскіх прыналежнасьцяў і перавозкі, сувязь і камандыроўкі. Старшыня ЦВК Ярмошына заявіла на паседжаньні пры разглядзе Пастановы: «Калі разьмеркаваць гэтую суму на ўсіх выбірнікаў, то выйдзе каля 1,5 даляра на аднаго чалавека. Я думаю, што мы трацім па мінімуме. Гэта вельмі невялікая сума, калі параўнаць з эўрапейскімі стандартамі — там як мінімум 5 даляраў на выбарніка»[61].

5 лютага 2018 году на партале «Беларускі партызан» доктар палітычных навук Павал Вусаў цьвердзіў: «Прыхільнікі ўдзелу ў сфальсыфікаваных выбарах у Беларусі прыводзяць масу розных, часам дзіўных довадаў, якія павінныя апраўдаць «актыўны» ўдзел беларускае апазыцыі ў выбарчым працэсе. Яны спрабуюць пераканаць сваіх апанэнтаў і выбарнікаў, што з дапамогай выбараў, арґанізацыя й правядзеньне якіх знаходзяцца пад поўным кантролем аўтарытарнае ўлады, можна зьмяніць гэтую самую ўладу альбо дамагчыся нейкіх саступак зь ейнага боку». Вусаў заўважыў: «Выбары, асабліва калі яны знаходзяцца пад сыстэмным кантролем аўтарытарнае улады, аніколі не былі самадастатковым фактарам зрынаньня альбо дэмакратызацыі дыктатураў. Роля выбараў у гэтым працэсе была й застаецца выключна інструмэнтальнай. Выбарчы працэс ня мае аніякага практычнага значэньня, калі толькі за ім не стаіць актыўнае супрацьдзеяньне насельніцтва палітыкі аўтарытарнае ўлады». Урэшце, палітоляг патлумачыў на прыкладзе Арґентыны, Нікарагуа й Чылі, што пасьпяховыя для апазыцыі выбары «ёсьць толькі вынікам барацьбы з дыктатурай і ўнутранага аслабленьня апошняй». Таксама Вусаў назваў яшчэ 3 умовы пераўтварэньня выбараў у прылады дэмакратызацыі: 1) гатоўнасьць кіроўнае эліты пайсьці на кампраміс з апазыцыяй; 2) гатоўнасьць аўтарытарнага кіраўніцтва правесьці сумленныя й вольныя выбары, што прадугледжвае паўсюдны кантроль з боку дэмакратычнае супольнасьці за арґанізацыяй і падлікам галасоў; 3) кансалідацыя апазыцыі й мабілізацыя апазыцыйна настроенае супольнасьці, бо толькі гэта зробіць апазыцыю самастойным палітычным гульцом, а таксама дазволіць кантраляваць усе этапы выбарчага працэсу[62].

8 лютага 2018 году кіраўнік Берасьцейскае абласное ўправы МНС Беларусі Канстанцін Шаршуновіч, які адпрацаваў 4 скліканьні ў Берасьцейскім абласным Савеце дэпутатаў адзначыў: «Работа ў мясцовых Саветах грамадзкая, за яе ня плацяць, на яе трэба ахвяраваць свой асабісты час альбо адрываць яго ад асноўнае працы»[63]. Старшыня Пастаяннае камісіі Савету Рэспублікі па заканадаўстве й дзяржаўным будаўніцтве Ала Бодак прызнала: «Дэпутат Савету ажыцьцяўляе свае паўнамоцтвы без адрыву ад асноўнае працоўнае дзейнасьці» (за выняткам старшыні). Пры гэтым, Ала Бодак заўважыла: «На час падрыхтоўкі й правядзеньня сэсіяў Савету й паседжаньняў ягоных органаў дэпутат Савету вызваляецца ад выкананьня працоўных абавязкаў з захаваньнем за ім сярэдняе заработнае платы». Сярод іншага, Бодак адзначыла: «Для ажыцьцяўленьня дзейнасьці ў выбарчай акрузе дэпутат Савету вызваляецца ад выкананьня працоўных абавязкаў (на 1 дзень у месяц) па ягонай заяве па месцы працы з захаваньнем сярэдняе заработнае платы. Дадзеная ґарантыя была забясьпечаная дэпутатам у 2014 годзе па ініцыятыве Савету Рэспублікі. У выпадку выезду дэпутата Савету для ажыцьцяўленьня сваей дзейнасьці ў Савеце, выбарчай акрузе за межы месца жыхарства яму кампэнсуюцца выдаткі па нормах пакрыцьця выдаткаў пры службовых камандзіроўках». Урэшце, Ала Бодак згадала, што «ґарантыяй працоўных правоў дэпутата Савету ёсьць тое, што ў пэрыяд ажыцьцяўленьня сваіх паўнамоцтваў ён ня можа быць звольнены па ініцыятыве наймальніка, выключаны з установы адукацыі без папярэдняй згоды Савету»[64].

8 лютага старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына прызнала, што дэпутаты мясцовых Саветаў «не атрымліваюць заробак і прымаюць толькі калектыўныя, сэсійныя рашэньні». Ярмошына падчыркнула: «Гэтая пасада ня ёсьць зайздросная, яна не дае прыбыткаў і прэфэрэнцыяў». Яна таксама дадала: «Грамадзяне нават ня ведаюць, чым займаюцца гэтыя людзі й якія ў іх паўнамоцтвы». Ярмошына згадала й разгляд скаргаў: «У тым жа Менску было пададзена 25 скаргаў — і 5 зь іх былі задаволеныя». Сярод іншага, старшыня ЦВК закранула нізкі ўдзел моладзі ў мясцовых выбарах: «Яны часта не галасуюць, таму й не вылучаюцца, дыстанцуюцца ад гэтага працэсу. Моладзь лічыць выбары фармалізаваным і бюракратычным дзействам, для якога яны не сасьпелі. Яшчэ адна прычына: моладзь проста ня бачыць кандыдатаў, блізкіх паводле веку. У сваю чаргу маладыя кандыдаты думаюць: навошта ім ісьці ў гэта зборышча старых? Атрымліваецца замкнёнае кола». Таксама Ярмошына патлумачыла сваю леташнюю прапанову скасаваць сельскія Саветы й выбіраць кіраўнікоў пасёлкаў і мястэчак наўпроставым галасаваньнем грамадзянаў: «Хачу, каб у нашых маленькіх тэрытарыяльных адзінках мы атрымалі рэальнае мясцовае самакіраваньне замест часам дэкаратыўных органаў. Калі выбары ў сельскі Савет праходзяць на безальтэрнатыўнай аснове й пры гэтым ані абраныя дэпутаты, ані грамадзяне не праяўляюць да гэтага цікавасьць, то тады й орган працуе фармальна. Існуе й функцыянуе толькі выканаўчая ўлада, якая прадстаўленая адным чалавекам — старшынёй сельскага Савету, які адначасова ёсьць і старшыня сельвыканкаму. Дык давайце гэтую рэальную ўладу будзем абіраць усім насельніцтвам. І тады ў нас, па-першае, конкурс будзе, а па-другое, гэта будзе рэальнае мясцовае самакіраваньне, пра якое будзе ведаць насельніцтва». Урэшце, старшыня ЦВК Беларусі прызнала перашкоды ў доступе зьнявечаных людзей на выбарчыя ўчасткі, бо далёка «ня ўсе ўваходныя месцы абсталяваныя пандусамі»[9].

На 13 лютага ў ЦВК Беларусі паступіла 415 вусных і 153 пісьмовыя звароты ад выбарцаў і кандыдатаў[51]. 15 лютага Ярмошына прызнала: «Нам трэба глядзець у бок партыяў. Яны ў нас не разьвіваюцца, і гэта ненармальна. ...напэўна, у будучыні нам трэба адаптаваць выбарчую сыстэму пад патрэбы партыяў. Гэта значыць перайсьці да прапарцыйнае альбо зьмяшанае сыстэмы, даваць магчымасьць партыям мець нейкія квоты, калі яны зьбяруць неабходную колькасьць галасоў»[65]. 16 лютага кампанія назіраньня «Права выбару» паведаміла, што Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, грамадзкае аб'яднаньне «Белая Русь» і Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі бралі чынны ўдзел у перадвыбарчым агітаваньні й пры гэтым атрымлівалі сродкі зь дзяржаўнага бюджэту Беларусі. Пагатоў, агітавалі за кандыдатаў ва ўрадзе праз працоўныя калектывы, куды не дапускалі апазыцыйных кандыдатаў. Урэшце, акруговыя камісіі зьмянялі біяграфічныя зьвесткі й фотаздымкі кандыдатаў апазыцыі ў інфармацыйных матэрыялах. Нацыянальны каардынатар кампаніі «Права выбару» Алесь Сілкоў заўважыў, што аніводны кандыдат ад апазыцыі не патрапіў на сустрэчы з працоўнымі калектывамі[48].

16 лютага на сустрэчы з студэнтамі Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі Ярмошына адзначыла найбольш нізкі адсотак маладых кандыдатаў у сельскай мясцовасьці: «У працэнтных суадносінах колькасьць маладых кандыдатаў зьніжаецца. Гэта зьвязана з тым, што больш за палову прэтэндэнтаў — каля 13 000 чалавек — кандыдаты сельскіх Саветаў»[66]. 18 лютага каардынатар кампаніі «Права выбару» Алесь Сілкоў заявіў пра выяўленьне іхнімі назіральнікамі найбольшае яўкі выбарцаў на датэрміновае галасаваньне ў Вішнявецкай акрузе № 40 ў Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў, дзе тая склала 20 %. На гэтай падставе Сілкоў назваў агучаную ЦВК датэрміновую яўку ў звыш 34 % «фальсыфікаванай»[67]. 18 лютага на «Сталічным тэлебачаньні» старшыня ЦВК Беларусі Ярмошына паведаміла: «За тыдзень датэрміновага галасаваньня ў Цэнтральную камісію паступілі 74 пісьмовыя скаргі»[68]. Сярод іншага, 18 лютага палітоляг Валер Карбалевіч згадаў: «З 10,5 тысяч сябраў тэрытарыяльных выбарчых камісіяў апазыцыю прадстаўляюць толькі 7 чалавек»[69].

19 лютага кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» абвясьціла, што 35 % назіральнікаў у вабласьцях паведамілі, што мясцовыя мэдыя надрукавалі праграмы ўсіх кандыдатаў. Таксама назіральнікі адзначылі, што выбарчыя камісіі адмовіліся ўлічыць 71 % вылучэнцаў ад Руху «За Свабоду» й 33 % — ад «Беларускае хрысьціянскае дэмакратыі», якія сабралі подпісы грамадзянаў[26]. Кіраўнік Цэнтру эўрапейскае трансфармацыі Андрэй Ягораў заявіў, што апазыцыя «ўдзельнічае ў гэтым выбарчым фарсе, нібыта ўяўляе, што праходзіць рэальны працэс выбараў», хоць праз выбары ў Беларусі нельга дасягнуць рэпрэзэнтацыі ў органах кіраваньня. Ягораў патлумачыў: «Улады чарговым разам выкарысталі альтэрнатыўныя палітычныя сілы для сымуляцыі выбарчага працэсу, для большае ягонае легітымацыі»[70].

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі абвясьціла, што яўка на выбары ў мясцовы Саветы дэпутатаў 28-га скліканьня перавысіла 77 %[71] (5 333 613 чалавек): 79 % — у Берасьцейскай вобласьці, 84 % — у Віцебскай, 80 % — у Гарадзенскай, па 81 % — у Гомельскай, 82 % — у Магілёўскай, 78 % — у Менскай і 61 % — у Менску[72].

Абраныя дэпутаты

рэдагаваць

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі абвясьціла, што дэпутатамі 1309 мясцовых Саветаў 28-га скліканьня сталі 18 110 чалавек, сярод якіх было 56 % (10 131) дэпутатаў 27-га скліканьня й 48 % (8729) жанчынаў, 4 % (720) маладзёнаў да 30 гадоў і 2,7 % (485) пэнсіянэраў, 2,5 % (453) сяброў партыяў і 0,5 % (90) беспрацоўных. Сярод партыяў найбольш месцаў атрымалі: Камуністычная партыя Беларусі (КПБ) — 305, Рэспубліканская партыя працы й справядлівасьці (РППС) — 127, Сацыял-дэмакратычная партыя народнае згоды (СДПНЗ) — 11, Беларуская сацыяльна-спартовая партыя й Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі — па 4, Беларуская аграрная партыя (БАП) і Беларуская патрыятычная партыя (БПП) — па адным[73]. Паводле занятасьці найбольш дэпутатаў былі працаўнікамі адукацыi, культуры, навукі й аховы здароўя — 30,62 % (5546 чалавек), працаўнікамі сельскае гаспадаркі — 21,37 % (3870), ураднікамі — 13,24 % (2398), працаўнікамі прамысловасьцi, транспарту й будаўнiцтва — 8,4 % (1521), працаўнікамі гандлю й побытавага абслугоўваньня — 3,91 % (708), праваахоўнікамі — 3,56 % (644) і прадпрымальнікамі — 1,67 % (303)[74].

У Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў прайшлі 19 сябраў партыяў, а агулам ў 6 абласных Саветаў дэпутатаў — 16: у Гомельскі — 6, Берасьцейскі — 4, Віцебскі й Менскі — па 2, Гарадзенскі й Магілёўскі — па адным. Пры гэтым, месцы атрымалі прадстаўнікі 7 партыяў: КПБ — 16, РППС — 11, БССП — 3, ЛДПБ — 2, БАП, БПП і СДПНЗ — па адным[75]. Сярод іншага, ЦВК Беларусі абвясьціла, што ў мясцовыя Саветы дэпутатаў трапіў 21 грамадзянін Расеі (0,12 % ад агульнага ліку дэпутатаў) зь відам на жыхарства ў Беларусі, зь іх 15 — у сельскія Саветы, 4 — у раённыя, і па адным — у вабласны й гарадзкі. Найбольш зь іх было ў Віцебскай і Магілёўскай абласьцях — па 7, Гомельскай — 5, Гарадзенскай і Менскай — па адным[76].

19 лютага 2022 году сустаршыня «Беларускае хрысьціянскае дэмакратыі» Павал Севярынец паведаміў пра пераабраньне аднапартыйца ў Блудзенскі сельсавет Бярозаўскага раёну Берасьцейскае вобласьці: «Дэпутат Валеры Білібуха ізноў стаў дэпутатам сельсавету. ...сфальсыфікаваць ня здолелі, бо ва ўчастковых камісіях былі сябры Партыі БНФ»[77]. Таксама 19 лютага ЦВК Беларусі паведаміла пра перавыбары па Савецкай выбарчай акрузе № 3 у Ельскі раённы Савет дэпутатаў, дзе адзінага кандыдата адклікаў працоўны калектыў[78]. Кандыдатам быў 34-гадовы сябра Камуністычнае партыі Віталь Васілёнак, які займаў пасаду кіраўніка Ельскае мэблевае фабрыкі й быў папярэдне затрыманы праваахоўнікамі[79].

  1. ^ Зьвесткі аб ліку кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў 28-га скліканьня на дзень выбараў 18 лютага 2018 г. (рас.) // Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, 18 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  2. ^ Зьвесткі аб вылучэньні прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісіяў па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га скліканьня (рас.) // Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  3. ^ Зьвесткі аб выніках выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 28-га скліканьня (рас.) // Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  4. ^ Тацьцяна Пастушэнка. Ярмошына пра выбары ў мясцовыя Саветы і палітычныя кампаніі 2020 году // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 14 верасьня 2017 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  5. ^ БелТА. Кожны кандыдат у дэпутаты на мясцовых выбарах зможа мець да пяці давераных асобаў // Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, 27 лістапада 2017 г. Архіўная копія ад 26 лістапада 2017 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  6. ^ а б Ярмошына канстатуе ўсё большую актыўнасьць палітычных партый на першых этапах мясцовых выбараў // БелТА, 8 сьнежня 2017 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  7. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Прамова кандыдатаў у дэпутаты ў радыёэтэры будзе доўжыцца ня больш за 3 хвіліны // Белтэлерадыёкампанія, 12 сьнежня 2017 г. Архіўная копія ад 12 сьнежня 2017 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  8. ^ а б в г Зьміцер Лукашук. Ярмошына: Няма грошай на тое, каб з-за апазыцыі рабіць камісіі па 19 чалавек // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 15 студзеня 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  9. ^ а б Уладзіслаў Лукашэвіч. «Хочацца, каб мы атрымалі рэальнае мясцовае самакіраваньне» // Мясцовае самакіраваньне. — 9 лютага 2018. — № 6 (439). — С. 1, 3.
  10. ^ БелТА. У спісы для галасавання на мясцовых выбарах унеслі больш за 6,9 млн выбарцаў // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 7 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  11. ^ БелТА. Больш за 100 тысяч грамадзян Расеі змогуць прагаласаваць на мясцовых выбарах у Беларусі // Газэта «Наша ніва», 16 студзеня 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  12. ^ а б БелаПАН. Па адным з участкаў на выбарах не зарэгістравана ніводнага кандыдата // Беларускае Радыё «Рацыя», 13 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  13. ^ а б в г БелТА. Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў ў Беларусі // Газэта «Кліч Радзімы» (Шаркоўшчына), 14 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  14. ^ БелТА. Сёньня ў Беларусі праходзяць выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў // Газэта «Зьвязда», 18 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  15. ^ Уладзімер Глод. ЦВК прапанаваў правесьці мясцовыя выбары 18 лютага 2018 году // Беларуская служба Радыё «Свабода», 15 чэрвеня 2017 г. Архіўная копія ад 15 чэрвеня 2017 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  16. ^ Больш за 18 тыс. выбарчых акруг будзе ўтворана ў Беларусі на мясцовых выбарах // БелТА, 26 кастрычніка 2017 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  17. ^ Лукашэнка падтрымаў назначэньне выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў на 18 лютага 2018 году // БелТА, 14 лістапада 2017 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  18. ^ Бюджэт выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 28-га скліканьня складзе каля $10,5 млн // БелТА, 14 лістапада 2017 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  19. ^ Вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў пачнецца 10 сьнежня // БелТА, 15 лістапада 2017 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  20. ^ Участкі для галасаваньня на мясцовых выбарах // БелТА, 9 студзеня 2018 г. Архіўная копія ад 11 студзеня 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  21. ^ У выбаркамы ўвайшлі 7 чальцоў апазыцыйных партыяў і 582 — з «Белай Русі» // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 28 лістапада 2017 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  22. ^ БелаПАН. Пачалося вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў // Беларускае Радыё «Рацыя», 10 сьнежня 2017 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  23. ^ а б в Арцём Мартыновіч. Ярмошына: На выбары ў Менску вылучаюцца чатыры студэнты // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 12 студзеня 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  24. ^ Ганна Соўсь. Чаму выбары ў Беларусі фальсыфікуюць жанчыны // Беларуская служба Радыё «Свабода», 15 студзеня 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  25. ^ а б в Марыя Дадалка. Прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый пра выбары // Мясцовае самакіраваньне. — 16 лютага 2018. — № 7 (440). — С. 2.
  26. ^ а б Ігар Карней. Мясцовыя выбары былі «максымальна бруднымі», — назіральнікі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 19 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  27. ^ У Менску ёсьць акруга, па якой у гарсавет ідзе 12 кандыдатаў // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 26 сьнежня 2017 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  28. ^ У 10 тысячах акругаў няма ніводнага кандыдата ў дэпутаты мясцовых саветаў // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 29 сьнежня 2017 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  29. ^ БелаПАН. Пачынаецца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты // Беларускае Радыё «Рацыя», 9 студзеня 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  30. ^ БелТА. Кандыдатамі ў дэпутаты на мясцовых выбарах хочуць стаць 22,7 тысячы чалавек // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 11 студзеня 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  31. ^ Ірына Асташкевіч. Жанчын больш за палову // Мясцовае самакіраваньне. — 12 студзеня 2018. — № 2 (435). — С. 2.
  32. ^ Нэлі Зігуля. Безальтэрнатыўнасьць нам не пагражае // Мясцовае самакіраваньне. — 12 студзеня 2018. — № 2 (435). — С. 2.
  33. ^ Уладзіслаў Лукашэвіч. Кампанія — у штатным рэжыме // Зьвязда : газэта. — 13 студзеня 2018. — № 9 (28625). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  34. ^ За каго будзем галасаваць на мясцовых выбарах // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 16 студзеня 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  35. ^ БелТА. Больш за 22 тыс. кандыдатаў у дэпутаты зарэгістравана на выбарах // Газэта «Зьвязда», 23 студзеня 2018 г. Архіўная копія ад 22 студзеня 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  36. ^ Ірына Асташкевіч. Адна з пяці скаргаў задаволена // Зьвязда. — 13 студзеня 2018. — № 25 (28641). — С. 3.
  37. ^ Надзея Анісовіч. Час актывізавацца прайшоў // Мясцовае самакіраваньне. — 9 лютага 2018. — № 6 (439). — С. 13.
  38. ^ Марыя Дадалка. Партыйныя лідэры пра выбары // Мясцовае самакіраваньне. — 9 лютага 2018. — № 6 (439). — С. 4.
  39. ^ Марына Бегункова. Маладым выбаршчыкам падарунак — экскурсія на верталёце // Газэта «Зьвязда», 18 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  40. ^ Зварот да ўдзельнікаў мясцовых выбараў-2018 ад кіраўніцтва ТБМ // Беларускае Радыё «Рацыя», 22 сьнежня 2017 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  41. ^ Яна Запольская. Юрась Беленькі: «Нельга лічыць выбаршчыкаў дурнямі» // Беларускае Радыё «Рацыя», 19 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  42. ^ Заява арганізацый-заснавальнікаў кампаніі «Права выбару» пра выбары ў мясцовыя саветы Рэспублікі Беларусь 18 лютага 2018 г. // Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, 19 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  43. ^ Сойм КХП БНФ. Паведамленьне пра «выбары» // Партал «Беларуская Салідарнасьць», 13 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  44. ^ У Беларусі на мясцовых выбарах акрэдытавана 10,5 тыс. нацыянальных наглядальнікаў // БелТА, 24 студзеня 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  45. ^ «Права выбару-2018» назвала асноўныя прычыны нерэгістрацыі дэмакратычных кандыдатаў // Газэта «Новы час», 8 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  46. ^ Пры галасаваньні камісія налічыла выбарцаў у 14 разоў больш, чым назіральнікі // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 14 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  47. ^ БелаПАН. «Права выбару» заяўляе пра «рэкордныя разыходжаньні» яўкі выбаршчыкаў з дадзенымі назіральнікаў // Беларускае Радыё «Рацыя», 14 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  48. ^ а б Агітацыя за праўладных кандыдатаў адбывалася за кошт дзяржавы // Газэта «Новы час», 16 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  49. ^ БелаПАН. «Больш брудных выбараў у Беларусі яшчэ не было» // Беларускае Радыё «Рацыя», 19 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  50. ^ Датэрміновае галасаваньне // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 12 лютага 2018 г. Архіўная копія ад 10 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  51. ^ а б Марыя Дадалка. Старт дадзены // Зьвязда. — 15 лютага 2018. — № 32 (28648). — С. 2.
  52. ^ Лідзія Ярмошына: Дэмакратычныя выбары абапіраюцца на меркаваньне выбаршчыкаў і іх права на волевыяўленьне // БелТА, 15 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  53. ^ БелаПАН. За 2 дні датэрмінова прагаласавала 11% выбаршчыкаў // Беларускае Радыё «Рацыя», 15 лютага 2018 г. Архіўная копія ад 15 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  54. ^ БелаПАН. За тры дні датэрмінова прагаласавала больш за 18% выбаршчыкаў // Беларускае Радыё «Рацыя», 16 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  55. ^ Амаль 35 працэнтаў выбаршчыкаў прагаласавалі датэрмінова на мясцовых выбарах у Беларусі // БелТА, 18 лютага 2018 г. Архіўная копія ад 18 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  56. ^ «Праваабаронцы за свабодныя выбары». 96,4% - яўка на выбарчым участку ў «Студэнцкай вёсцы» Менска // Праваабарончы цэнтар «Вясна», 18 лютага 2018 г. Архіўная копія ад 18 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  57. ^ Сяргей Галоўка, часопіс «Беларуская думка». Ярмошына: Апазыцыянэраў не бяруць у выбаркамы, каб не выпіналі свае меркаваньні // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 5 студзеня 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  58. ^ Зінаіда Цімошак. Замест збору подпісаў — пікет, прысьвечаны 100-годзьдзю БНР // Газэта «Новы час», 7 студзеня 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  59. ^ БелаПАН. АГП: У народа скралі права выбару // Беларускае Радыё «Рацыя», 8 студзеня 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  60. ^ Зьміцер Лукашук. АГП і ПБНФ падалі ў суд на выканкамы // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 9 студзеня 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  61. ^ Уладзіслаў Лукашэвіч. Эканомім і чакаем замежных назіральнікаў // Зьвязда : газэта. — 17 студзеня 2018. — № 11 (28627). — С. 2.
  62. ^ Сяргей Нікалюк. Дыктатура і выбары // Газэта «Новы час», 19 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  63. ^ Сьвятлана Яскевіч. Чатыры скліканьні — гэта ня жарты // Мясцовае самакіраваньне. — 9 лютага 2018. — № 6 (439). — С. 1, 15.
  64. ^ Вераніка Пуставіт. «Заканадаўчы мэханізм адпрацаваны добра» // Мясцовае самакіраваньне. — 9 лютага 2018. — № 6 (439). — С. 14.
  65. ^ Уладзіслаў Кулецкі. «Падставаў для засмучэньня пакуль няма» // Мясцовае самакіраваньне. — 16 лютага 2018. — № 7 (440). — С. 3.
  66. ^ Марыя Дадалка. Як паказчык сталасьці // Зьвязда. — 17 лютага 2018. — № 34 (28650). — С. 2.
  67. ^ Анастасія Бойка. Кампанія «Права выбару»: Найбольшая датэрміновая яўка — 20% // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 18 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  68. ^ «Сталічнае тэлебачаньне». За час датэрміновага галасаваньня ЦВК атрымала 74 скаргі // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 18 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  69. ^ Валер Карбалевіч. Звыклы сцэнар, прадказальны вынік // Газэта «Новы час», 18 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  70. ^ Уладзімер Глод. Палітоляг: Апазыцыя «ўдзельнічае ў выбарчым фарсе» і «падтрымлівае лёгіку палітычнага рэжыму» // Беларуская служба Радыё «Свабода», 19 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  71. ^ БелТА. ЦВК агучыў вынікі мясцовых выбараў у абласныя і Менскі гарадскі савет // Газэта «Зьвязда», 18 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  72. ^ ЦВК заявіў, што на мясцовыя выбары ў Беларусі прыйшлі 77,05% выбарцаў // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 18 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  73. ^ БелаПАН. У мясцовыя саветы абраны 21 грамадзянін Расеі // Беларускае Радыё «Рацыя», 20 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  74. ^ Вераніка Пуставіт. Каго мы выбiралi // Мясцовае самакіраваньне. — 23 лютага 2018. — № 8 (441). — С. 2.
  75. ^ Уладзімер Глод. На мясцовых выбарах сярод партыяў першыя камуністы // Беларуская служба Радыё «Свабода», 19 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  76. ^ У мясцовыя саветы Беларусі трапіў 21 грамадзянін Расеі // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 20 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  77. ^ БелаПАН. Актывіст БХД Валеры Білібуха пераабраны дэпутатам сельсавету // Беларускае Радыё «Рацыя», 19 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  78. ^ Па адной акрузе адбудуцца паўторныя выбары // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 19 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.
  79. ^ АЯ. У Ельску арыштавалі праўладнага кандыдата, які быў адзіным у акрузе // Беларуская служба Радыё «Свабода», 19 лютага 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць