Мястэчка
Мястэчка (у афіцыйным ужытку Беларускае ССР і сучаснае Рэспублікі Беларусь — пасёлак гарадзкога тыпу[1] або гарадзкі пасёлак) — тып паселішча, што займае пераходнае становішча паміж местам (горадам) і вёскай.
Мястэчка — самадастатковая адметная зьява грамадзкага, побытавага і культурнага жыцьця Беларусі[2]. Паселішчы падобнага кшталту зьяўляюцца лякальнай уласьцівасьцю колішніх абшараў Вялікага Княства Літоўскага (лат. miests, лет. miestelis, польск. miasteczko, укр. містечко).
Этымалёгія
рэдагавацьСлова «мястэчка» ўтварылася ад агульнаславянскага[3] слова «места». На думку беларускага мовазнаўца Яна Станкевіча варыянт напісаньня лексемы «мястэчка» зь літарай «я» ўтварыўся пад польскім уплывам, у адрозьненьне ад менш распаўсюджанай беларускай формы «ме́стачка»[4].
Мястэчкі Беларусі
рэдагавацьСтанам на 1 студзеня 1947 году ў Беларускай ССР налічвалася 112 мястэчак[5], зь іх 16 працоўных (астатнія з афіцыйным статусам «пасёлак гарадзкога тыпу»).
Станам на 1 студзеня 1999 году ў Беларусі налічвалася 104 мястэчка[6], на 1 студзеня 2003 году — 101 мястэчка[7], на 1 студзеня 2004 году — 101 мястэчка[8], на 1 кастрычніка 2004 году — 97 мястэчак[9].
На 1 студзеня 2010 году ў Беларусі налічвалася 94 мястэчкі[10], зь іх 10 працоўных і 1 курортны пасёлак (астатнія з афіцыйным статусам «пасёлак гарадзкога тыпу»):
- Берасьцейская вобласьць: 7 + 1 п. п.
- Віцебская вобласьць: 24
- Гарадзенская вобласьць: 17
- Гомельская вобласьць: 13 + 4 п. п.
- Магілёўская вобласьць: 6 + 3 п. п.
- Менская вобласьць: 16 + 2 п. п. + 1 к. п.
На 1 студзеня 2012 году ў Беларусі налічвалася 92 мястэчкі[11], зь іх 9 працоўных і 1 курортны пасёлак (астатнія з афіцыйным статусам «пасёлак гарадзкога тыпу»):
- Берасьцейская вобласьць: 7 + 1 п. п.
- Віцебская вобласьць: 24
- Гарадзенская вобласьць: 17
- Гомельская вобласьць: 13 + 3 п. п.
- Магілёўская вобласьць: 6 + 3 п. п.
- Менская вобласьць: 15 + 2 п. п. + 1 к. п.
27 сакавіка 2012 году гарадзкі пасёлак Астравец атрымаў статус места. У сувязі з гэтым, на 1 красавіка 2012 году ў Беларусі налічвалася 91 мястэчка, зь іх 9 працоўных і 1 курортны пасёлак (астатнія з афіцыйным статусам «пасёлак гарадзкога тыпу»):
- Берасьцейская вобласьць: 7 + 1 п.п.
- Віцебская вобласьць: 24
- Гарадзенская вобласьць: 16
- Гомельская вобласьць: 13 + 3 п.п.
- Магілёўская вобласьць: 6 + 3 п.п.
- Менская вобласьць: 15 + 2 п.п. + 1 к.п.
Яшчэ некалькі сотняў колішніх гістарычных беларускіх мястэчак прыйшлі ў заняпад і цяпер афіцыйна маюць статус вёсак.
Гістарычныя мястэчкі
рэдагавацьЗьяўленьне першых мястэчак адбылося ў XV—XVI стагодзьдзях. Спачатку зь імі атаясамлівалі невялікае места, што цалкам натуральна[12].
Мястэчкі ўтвараліся рознымі шляхамі. Некаторая іх частка зьявілася пры ўзьвядзеньні замкаў або пры ўжо існых фартэцыях (Іказьнь, 1504; Дзісна, 1566). Паўставалі мястэчкі таксама каля кляштароў і манастыроў, буйных прыходаў (Жыровічы, 1643). У XVI ст., па скасаваньні пэўных абмежаваньняў, у мястэчкі пачалі ператварацца буйныя сёлы (Моталь, 1554; Дывін, 1566; Станькаў, 1585 і інш.). Зьяўляліся мястэчкі і на новым месцы — пры гасьцінцах, каля пераправаў і прыстаняў (Нача, Барань, Старобін, Сьвержань, Сьвіслач, Петрыкаў і г. д.), у абавязкі местачкоўцам у такім разе ўваходзілі догляд за дарогамі і будаваньне корчмаў і заезных дамоў.
Агулам на тэрыторыі сучаснай Беларусі налічвалася больш за 300 гістарычных мястэчак, але разьмяшчэньне іх было нераўнамерным: большасьць прыпадала на яе заходнія землі, на ўсходзе такія паселішчы пачалі ўзьнікаць пазьней. Звычайна мястэчкі зьяўляліся пераходнай паміж местам і вёскай формай паселішча, што між тым арганічна спалучала ў сабе ўклад мескага і сельскага жыцьця. Найбольшыя мястэчкі атрымлівалі Магдэбурскае права. У складзе Расейскай імпэрыі многія зь іх былі цэнтрамі воласьцяў.
У адрозьненьне ад местаў, адметнасьцю мястэчак была меншая колькасьць і складанасьць структуры насельніцтва, адсутнасьць абарончых збудаваньняў, аграрныя рысы вытворчасьці, а ў адрозьненьне ад вёсак яны вылучаліся гандлем і рамяством як асноўным заняткам большай часткі жыхароў, мелі стракаты сацыяльны склад насельнікаў, большую культурную і адміністрацыйную значнасьць, большую складанасьць плянаваньня і забудовы.
Галоўны стан мястэчак складалі рамесьнікі і гандляры. Яны засялялі цэнтральную частку паселішча і яго галоўныя вуліцы. Асобна вылучалася група рамесьнікаў, карчмароў і гандляроў габрэйскай нацыянальнасьці, некаторую частку местачкоўцаў складалі сяляне. Праз гэтае ўтварыўся своеасаблівы местачковы побыт, разьвівалася адпаведная культура, структура гаспадаркі таксама была адметнай.
Этнічны склад местачкоўцаў зь цягам часу зазнаў пэўную трансфармацыю. Аднак нават за расейскім панаваньнем існавалі мястэчкі, у якіх жылі толькі літвіны (Жыровічы, Грэск і інш.). Зьвесткі пра местачкоўцаў-габрэяў сустракаюцца з кан. XVI ст. Сьпярша іхная колькасьць была нязначнай і абмяжоўвалася адной ці некалькімі асобамі, звычайна арандатарамі корчмаў. Аднак шматлікія разбуральныя войны, што пачаліся ў сярэдзіне XVII ст. прывялі край да дэмаграфічнай і гаспадарчай катастрофы. Асабліва трагічнай была Трынаццацігадовая вайна (1654—1667), у якой ацалела толькі 45% мяшчанаў. Узьніклы вакуўм пачало запаўняць габрэйскае насельніцтва. У XVIII ст. колькасьць габрэяў у местах і мястэчках прыкметна ўзрасла[13]. Пераважна габрэйскімі мястэчкі зрабіліся толькі ў XIX ст. у выніку захадаў уладаў Расейскай імпэрыі, скіраваных на гвалтоўнае высяленьне габрэяў зь сельскай мясцовасьці ў мескія паселішчы[14].
Разьвіцьцё мястэчак нярэдка суправаджалася паглыбленьнем спэцыялізацыі гаспадаркі, тады яны характарызаваліся адмысловымі заняткамі насельніцтва. Напрыклад, Ружаны вылучаліся суконнай прамысловасьцю, Копысь — вытворчасьцю паліванай кафлі, Смаргонь была вядомая гарбарнымі заводамі, у Сьвержані і Бешанковічах будавалі рачныя судны
Пра прыналежнасьць да мястэчка сьведчыла плянаваньне населенага пункту — яго галоўным элемэнтам зьяўляўся гандлёвы пляц, многія зь якіх захаваліся дагэтуль. У вызначаныя дні (звычайна, рэлігійныя сьвяты) на гэтым пляцах праводзіліся рэгулярныя кірмашы, якія ператваралі мястэчкі ў цэнтры міжнароднага гандлю. Далёка вядомыя былі, да прыкладу, кірмашы, якія праводзіліся ў Зэльве, Міры, Лявонпалі, Стрэшыне.
3 разьвіцьцём капіталізму роля мястэчак як эканамічнага пасярэдніка паміж местам і вёскай пачала зьмяншацца. Некаторыя зь іх прыходзілі ў заняпад і ператвараліся ў вёскі (Пагост, Нача, Моталь, Моладава, Новы Двор, Дварэц і іншыя), іншыя ж атрымлівалі статус местаў (Вялейка, Паставы, Клецак, Ігумен, Зэльва, Масты, Быхаў і інш.)[15].
У канцы 1930-х на Беларусі тэрмін «мястэчка» перастаў існаваць юрыдычна, хаця фактычна ўспрымаўся насельніцтвам і пазьней. Тыя мястэчкі, якія не атрымалі афіцыйны статус «пасёлку гарадзкога тыпу», перайшлі ў разрад вёсак, што ў шэрагу выпадкаў прывяло да іх эканамічнага заняпаду.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Мястэчка // ЭСБМ. Т. 7. — Мн., 1991. С. 150.
- ^ Местачковы патрыятызм: гутарка з Інай Соркінай(недаступная спасылка) // «Наша Ніва», 1 сакавіка 2010.
- ^ Сцяцко П. Культура мовы. — Менск: Тэхналогія, 2002. С. 129.
- ^ Ян Станкевіч. Места, местачка, мескі, месьціч, мешчанін; горад; сяло, аднасель // Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш. / Пасьляслоўе В. Вячоркі. — 3-е выд. — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. — С. 49. — ISBN 5-343-01322-8
- ^ Белорусская ССР. Административно-территориальное деление на 1 января 1947 года. — Мн.: Госиздат БССР, 1947. — 303 с. С. 234
- ^ Рэспубліка Беларусь. Аглядна-тапаграфічная карта. Маштаб 1:500 000. Дзяржаўны камітэт па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белгеадэзія». — Мн., 2003.
- ^ Рэспубліка Беларусь: Вобласці і раёны: Энцыкл. давед. / Аўт.-склад. Л. В. Календа. — Мн.: БелЭн, 2004. — 568 с.: іл. ISBN 985-11-0301-2
- ^ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь. — 760 с. — ISBN 985-11-0295-4 С. 724
- ^ Атлас па геаграфіі Беларусі [Карты]. — Мн.: Выд. цэнтр БДУ, 2005. — 40 с. ISBN 985-476-270-X
- ^ https://web.archive.org/web/20111011174707/http://belstat.gov.by/homep/ru/publications/population/2011/bul_population.rar
- ^ Статыстычны бюлетэнь «Колькасьць насельніцтва на 1 студзеня 2012 году і сярэднегадовая колькасьць насельніцтва за 2011 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласьцей, раёнаў, гарадоў, мястэчак» (Аб’ём бюлетэня 17 старонак) (рас.)
- ^ Соркіна І. Праблемы тэрміналогіі пры вывучэнні гісторыі гарадскіх паселішчаў Беларусі // Гістарычны альманах / Беларускае гістарычнае таварыства; пад рэд. А. Смаленчука. Том 9, 2003. С. 36—42.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 48.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 49.
- ^ Беларусы: У 13 т. Т. 2. — Менск, 1997. С. 38—51.
Літаратура
рэдагаваць- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Беларусы: У 13 т. Т. 2: Дойлідства / В. Бандарчык і інш.; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Менск: Беларус. навука, 1997. — 391 с.: іл. ISBN 985-6234-28-X.
- Беларускае народнае жыллё / Э. Р. Сабаленка, У. С. Гуркоў, У. М. Іваноў, Дз. Д. Супрун; рэдактар В. К. Бандарчык; Акадэмія навук БССР, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мн.: Навука і тэхніка, 1973.— 125 с.