Пасёлак
Пасёлак — тып буйнога шматвулічнага пасяленьня квартальнага тыпу ў сельскай мясцовасьці. Таксама вылучаюць пасёлкі гарадзкога тыпу. Адпаведна, у статыстычных падліках насельніцтва пасёлкаў улучаецца ў склад сельскага насельніцтва, а пасёлкаў гарадзкога тыпу — у склад гарадзкога насельніцтва.
Згодна з сучаснай афіцыйнай клясыфікацыяй РБ «пасёлкі» маюць аднолькавае азначэньне з традыцыйнымі вёскамі: «населеныя пункты, у якіх створаная адпаведная вытворчая і сацыяльная інфраструктура, не аднесеныя да аграгарадкоў»[1].
Назва
рэдагавацьПаводле Этымалягічнага слоўніка беларускай мовы НАН Беларусі слова «пасёлак» зьяўляецца нядаўнім запазычаньнем з расейскага посёлок[2].
Гісторыя
рэдагавацьСфармаваўся ў сярэдзіне — другой палове ХХ ст. як вынік рэалізацыі праграмы ўзбуйненьня і рэканструкцыі «пэрспэктыўных» паселішчаў. Забудова пасёлкаў вялася паводле тыповага, радзей індывідуальнага праекту (генэральнага пляну). У паселішчы вылучаліся наступныя функцыянальныя зоны:
- адміністрацыйная (адміністрацыя, пошта, ашчадная каса);
- гандлёвая (комплекс прадуктовых і прамтаварных крамаў);
- службаў побыту (пункты КБА, лазьня, пральня);
- культурна-адукацыйная (школа, дзіцячы садок, клюб, бібліятэка);
- жылая (галоўны масіў забудовы);
- вытворчая (фэрмы, мэханічныя майстэрні, перапрацоўчыя прадпрыемствы і г.д.).
Прадугледжвалася добраўпарадкаваньне вуліцаў, пракладка інжынэрных сетак (электрычнасьць, сувязь, вадаправод, каналізацыя), камфартабэльная жылая забудова. Жылы масіў забудоўваўся блёчнымі двух- чатырохпавярховымі будынкамі зь невялікімі прысядзібнымі дзялянкамі і мінімумам гаспадарчых пабудоваў. У падобныя паселішча назіраўся прыток працаздольнага насельніцтва, што вяло да заняпаду навакольных (г. зв. «непэрспэктыўных») вёсак.
Да канца 1980-х у сыстэме сельскага расьсяленьня Беларусі акрэсьліліся значныя зоны, структуру якіх утварала даволі шчыльная сетка пасёлкаў: Бабруйск — Магілёў — Доўск; Слуцак — Салігорск; навакольле Менску, Віцебску, Гомлю. Найбольш разьвітая структура пасёлкаў склалася на лініі Бабруйск — Магілёў[3].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Закон Республики Беларусь «Об административно-территориальном делении и порядке решения вопросов административно-территориального устройства Республики Беларусь» от 2 июля 2009 г. № 31-З.
- ^ Пасёлак // ЭСБМ. Т. 8. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. С. 181.
- ^ Беларусы: У 13 т. Т. 2. — Менск, 1997. С. 33—35.
Літаратура
рэдагаваць- Беларусы: У 13 т. Т. 2: Дойлідства / В. Бандарчык і інш.; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Менск: Беларус. навука, 1997. — 391 с.: іл. ISBN 985-6234-28-X.