Палітычная партыя
Паліты́чная па́ртыя — незалежнае грамадзкае аб’яднаньне, якое мае ўстойлівую структуру і сталы характар дзейнасьці, і якое выказвае палітычную волю сваіх чальцоў і прыхільнікаў, што ставіць сваімі задачамі ўдзел у вызначэньні палітычнага курсу дадзенай дзяржавы, у фармаваньні органаў, у тым ліку прадстаўнічых, дзяржаўнай улады й кіраваньня. Партыі ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях, асьветніцкай дзейнасьці й акцыях пратэсту. Яны прытрымліваюцца пэўнай ідэалёгіі альбо бачаньня структуры дзяржавы й грамадзтва, падмацаванага пісьмовай плятформай з канкрэтнымі мэтамі, а таксама здольны сфармаваць кааліцыю зь іншымі партыямі нават рознага палітычнага кірунку.
Прыкметы: змаганьне за дасягненьне і ўтрыманьне ўлады, праграма, статут, сяброўства, грамадзкая падтрымка, агульныя зацікаўленасьці сяброў, галоўная ўстанова кіраўніцтва, разгалінаванасьць суполак і правадыр[1].
Віды
рэдагаваць- Паводле задачаў і спосабу дзейнасьці: кансэрватыўная, рэакцыйная, рэвалюцыйная і рэфармісцкая.
- Паводле ўстановак мысьленьня і вучэньня: камуністычная, кансэрватыўная, канфэсійная, лібэральная, радыкальная, сацыялістычная і фашысцкая.
- Паводле дачыненьня да ўлады: кіроўная і апазыцыйная.
- Паводле адлюстраваньня бачаньня: левая, правая і цэнтрысцкая.
- Паводле ўмоваў дзейнасьці: легальная, нелегальная і паўлегальная.
- Паводле асноваў уладкаваньня: кадравая (статут замацоўвае сяброўства, складаецца з прафэсійных палітыкаў) і масавая (сяброўства праз галасаваньне за вылучэнцаў)[1].
Гісторыя
рэдагавацьЗ VI стагодзьдзя да н. э. палітычныя саюзы вядомыя ў Старажытнай Грэцыі (Атыка). З II стагодзьдзя да н. э. існавалі ў Старажытным Рыме. У Сярэднявеччы ў Італіі спаборнічалі 2 групоўкі — гвэльфы (прыхільнікі рымскага папы) і гібэліны (прыхільнікі імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі). Падчас буржуазных пераваротаў Новага часу ў Эўропе ўзьніклі лібэральныя і кансэрватыўныя партыі. У сярэдзіне XIX стагодзьдзя ў Эўропе зьявіліся сучасныя партыі. У 1861 годзе ў Ангельшчыне ўтварылі першую масавую парлямэнцкую партыю «Лібэральнае таварыства рэгістрацыі выбараў у Англіі». У 1863 г. Фэрдынанд Лясаль заснаваў першую работніцкую партыю ў Нямеччыне пад назвай «Усеагульны нямецкі саюз работнікаў». У 1864—1876 гадах у Лёндане (Ангельшчына) існавала Міжнароднае таварыства работнікаў (Лёндан, Ангельшчына), якое паспрыяла стварэньню партыяў у некалькіх краінах[1]. Палітычныя партыі ў сучасным іх значэньні цесна зьвязаныя са станаўленьнем і разьвіцьцём прадстаўнічай дэмакратыі й асноўнага ейнага элемэнта — парлямэнтарызму як формы й мэтаду арганізацыі й ажыцьцяўленьня ўлады.
Беларусь
рэдагавацьУ сьнежні 1902 годзе ў Санкт-Пецярбургу (Расейская імпэрыя) беларускія студэнты стварылі першую беларускую партыю пад назвай Беларуская рэвалюцыйная грамада (БСГ), якая на 1-м зьезьдзе ў Вільні (Паўночна-Заходні край) ў 1903 годзе атрымала назву Беларуская сацыялістычная грамада. Яе заснавальнікамі былі браты Іван і Антон Луцкевічы, Аляксандар Бурбіс, паэт Карусь Каганец і Вацлаў Іваноўскі. Пазьней дзейнічалі Сацыялістычная партыя Белай Русі (1904—1907) і Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі (1906—1907). 25 траўня 1917 году ў Менску заснавалі Беларускую хрысьціянскую злучнасьць. У чэрвені 1917 году БСГ, сябры якой склалі ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі, раскалолася на 5 партыяў: Беларуская народная партыя сацыялістаў, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, Беларуская партыя сацыялістаў-фэдэралістаў, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя і Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (у Петраградзе)[1].
Да 1925 году ў Беларускай ССР бальшавікі ліквідавалі шматпартыйнасьць. Адзінай партыяй засталася Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі, якая была складовай часткай Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) і ня мела ўласных праграмы, статуту і сяброўскіх білетаў. У Заходняй Беларусі, якая ў выніку Рыскага падзелу 1921 году апынулася пад уладай міжваеннай Польскай Рэспублікі, існавала 4 беларускія партыі: Беларуская партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і Камуністычная партыя Заходняй Беларусі. У сувязі з пачаткам КПСС палітыкі перабудовы, у чэрвені 1988 году ў Вільні (Летувіская ССР) заснавалі Беларускі народны фронт «Адраджэньне». БНФ «Адраджэньне» ўтварыў апазыцыю і заклікаў да незалежнасьці Беларусі. Распад СССР у 1991 годзе прывёў да забароны КПСС і адновы шматпартыйнасьці[1].
За 1991 год у незалежнай Беларусі зьявілася 5 партыяў: Аб’яднаная дэмакратычная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Беларуская сялянская партыя, Нацыянальна-дэмакратычная партыя беларусаў і Хрысьціянска-дэмакратычны саюз. 5 кастрычніка 1994 г. прэзыдэнт А.Лукашэнка падпісаў Закон «Аб палітычных партыях»[2]. На пачатак 1998 г. Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь паставіла на ўлік 35 партыяў. Цягам 1998 году Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь распусьціў 9 партыяў. На 1 студзеня 1999 году засталося 28 партыяў. У 2-й палове 1999 году прайшоў пераўлік партыяў. У выніку на 1 студзеня 2001 году засталося 18 партыяў: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская аграрная партыя, Беларуская партыя жанчын «Надзея», Беларуская партыя «Зялёныя», Беларуская партыя працы, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада), Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская экалягічная партыя зялёных «БЭЗ», Камуністычная партыя Беларусі, Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, Лібэральна-дэмакратычная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Партыя БНФ, Партыя камуністаў беларуская, Рэспубліканская партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці і Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды[1].
На чэрвень 2012 году на ўліку ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь стаяла 15 партыяў, звыш паловы якіх мелі крыху больш за 1000 сябраў[3].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д е Васіль Кушнер. Партыя палітычная // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 12. — С. 142. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0198-2
- ^ А.Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 5 кастрычніка 1994 г. № 3266-XІІ «Аб палітычных партыях» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 6 чэрвеня 2015 г. Праверана 7 сакавіка 2018 г.
- ^ Алег Сьліжэўскі назваў умову пераходу на прапарцыянальную выбарчую сыстэму // Зьвязда : газэта. — 21 чэрвеня 2012. — № 118 (27233). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Зьвесткі аб палітычных партыях, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь // Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, 2018 г. Праверана 12 сакавіка 2018 г.