Лібэральна-дэмакратычная партыя (Беларусь)

(Перанакіравана з «ЛДПБ»)

Лібэра́льна-дэмакраты́чная па́ртыя (ЛДП) — палітычная партыя Беларусі. Лідэрам партыі зьяўляецца Сяргей Гайдукевіч (старшыня). Намесьнік старшыні — Уладзімер Карунас. Кіроўны орган — Вышэйшы Савет.

Лібэральна-дэмакратычная партыя
па-беларуску: Ліберальна-дэмакратычная партыя
Лідэр партыі Алег Гайдукевіч
Дата заснаваньня 1994
Штаб-кватэра 222000, Менская вобласьць, Менскі раён, в. Сёмкава, вул. Садовая, 89а; тэл. 503-14-00
Саюзьнікі і блёкі ЛДПР
Ідэалёгія панславізм, эўраскептыцызм і правы папулізм[d]
Афіцыйны сайт www.ldpb.net, http://ldpb.by

Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі была заснаваная ў лютым 1994 году на ўзор і пры падтрымцы расейскай Лібэральна-дэмакратычнай партыі У. Жырыноўскага. Згодна з праграмай, прынятай на ўстаноўчым зьезьдзе партыі, ЛДП павінна «супрацьстаяць нацыянал-дэмакратам, вінаватым у развале адзінай саюзнай дзяржавы».

Гісторыя

рэдагаваць

Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі ўзьнікла 5 лютага 1994 году. Яе заснаваў Сяргей Гайдукевіч, былы савецкі вайсковец. 24 лютага 1994 году партыя была зарэгістраваная. 15 чэрвеня 1999 году партыя была перарэгістраваная.

У 90-я гады да 30% членаў партыі складалі былыя супрацоўнікі КДБ і міліцыі. Істотную частку таксама складалі "казакі" і вэтэраны савецкай вайны ў Аўганістане[1]

Паводле СМІ, у 90-я гады члены ЛДП неаднаразова былі фігурантамі крымінальных справаў за вымагальніцтва, захоўваньне зброі, хабары[1].

6 ліпеня 2009 году супраць намесьніка старшыні партыі Ўладзімера Карунаса была ўзбуджана крымінальная справа па арт. 430 ч. 2 («Атрыманьне хабару»). Карунас быў арыштаваны 9 ліпеня. Палітык, які таксама зьяўляўся дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў, быў арыштаваны за атрыманьне хабару ў памеры каля 9 тыс. даляраў ЗША. У Лібэральна-дэмакратычнай партыі падпалкоўнік запасу Ўладзімер Карунас ня толькі зьяўляўся намесьнікам Сяргея Гайдукевіча, але і ўзначальваў менскую гарадзкую арганізацыю. Акрамя таго, у 2001 і 2006 гадах ён кіраваў перадвыбарным штабам кіраўніка ЛДП[2].

У 2001 годзе Гайдукевіч абвяшчае пра свой намер змагацца за пасаду прэзыдэнта. Ён накіроўвае Лукашэнку адкрыты ліст, у якім абвінавачвае Лукашэнку ў «прымітыўным папулізьме», падкрэсьлівае яго нелегітымнасьць і заклікае яго добраахвотна сысьці ў адстаўку. Дастаткова абразьлівы зьмест пісьма, здаецца, ужо не пакідае Гайдукевічу шляху назад. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў Гайдукевіч даслаў яшчэ больш абразьлівы адкрыты ліст адзінаму кандыдату дэмсілаў Ганчарыку, у якім у брутальнай форме запатрабаваў зьняцьця яго кандыдатуры. Назіральнікамі гэтае было праінтэрпрэтавана як сьведчаньне таго, што паміж Лукашэнкам і Гайдукевічам быў укладзены таямніцы перадвыбарчы альянс.

Па словах кіраўніцтва ЛДП, гэтая партыя мае найбольшую з усіх палітычных партыяў колькасьць сяброў — каля 20 000.

Дзейнасьць у парлямэнце

рэдагаваць

На выбарах у Вярхоўны Савет 13 скліканьня ЛДПБ не атрымала ніводнага мандата. У 2000 годзе на выбарах у Палату прадстаўнікоў 2 скліканьня ЛДПБ атрымала адно месца ў парлямэнце — яго атрымаў прадпрымальнік Ваганаў, які, аднак, неўзабаве выйшаў з партыі.

Выбары 2004 году захавалі статус-кво для ЛДПБ. Але ў сьвеце прадстаўніцтва, заваяванага астатнімі партыямі, яе пазыцыі значна ўзмацніліся. Наогул, у Палаце былі прадстаўлены ўсяго тры палітычныя партыі. Гайдукевіч меўся нават утварыць групу сваіх прыхільнікаў у парлямэнце, але ягоная задума пацярпела крах.

У 2007 годзе Гайдукевіч балятаваўся на пасаду сьпікера, але за яго прагаласавала толькі пяць дэпутатаў.

На сёньня ЛДПБ — гэта папулісцкая партыя, якая зьяўляецца зручным спарынг-партнёрам беларускіх уладаў на разнастайных выбарах.

Улетку 2020 году партыя заклікала выбаршчыкаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах падтрымаць кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі.

Ідэалёгія, мэты

рэдагаваць

У пачатку ЛДП ўспрымалася як аддзяленьне партыі скандальнага расейскага палітыка Жырыноўскага, які ў 1994 годзе карыстаўся вялікай папулярнасьцю ў Расеі і сярод расейскага ці русіфікаванага насельніцтва іншых былых рэспублік СССР. І далей зь цягам часу папулярнасьць Жырыноўскага памяншаецца, і С. Гайдукевіч пачынае дыстанцыявацца ад ЛДПР і Жырыноўскага.

Фармальнымі мэтамі заяўляецца пабудова парлямэнцкімі мэтадамі прававой дзяржавы з многаўкладнай эканомікай праз прапаганду ідэяў лібэралізму і лібэральнай дэмакратыі, прызнаньне шматпартыйнасьці, плюралізму поглядаў, гарантыі грамадзянскіх правоў і свабодаў, адмова ад гвалтоўных дзеяньняў; стварэньне спрыяльных умоваў для годнага жыцьця кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, забесьпячэньня свабоднага разьвіцьця яго асобы ў эканамічнай, палітычнай і культурнай галінах[3].

Дэ-факта ЛДПБ, нягледзячы на заявы, ня была ані апазыцыйнай, ані лібэральна-дэмакратычнай паводле ідэалёгіі. Ацэнкі яе ідэалёгіі вельмі адрозьніваюцца — называюцца і папулізм, і панславянства, і этатызм. Крытыкі партыі заяўляюць, што гэтая партыя дэ-факта падтрымлівае цяперашняга прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку.

У лістападзе 1996 Гайдукевіч стрымана падтрымаў дзеяньні Лукашэнкі. У наступныя гады ЛДП хісталася паміж антызаходнімі, панславісцкімі лёзунгамі, падтрымкай Лукашэнкі і спробамі супрацоўніцтва з дэмакратычнай апазыцыяй.

14 ліпеня 2009 году Пашыраны Вышэйшы савет ЛДП зацьвердзіў праграму патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты ад партыі, а таксама аднагалосна прыняў рашэньне пра ўключэньне ў праграму патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты ад партыі пытаньні прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі і пераход Беларусі на расейскі рубель[4].

ЛДП — гэта выразна пэрсаніфікаваная партыя. Яе палітыка цалкам вызначаецца яе лідэрам Сяргеем Гайдукевічам. ЛДП ня мае пэўнай ідэалёгіі, а падхоплівае любыя лёзунгі, якія, на думку Гайдукевіча, могуць паспрыяць павышэньню папулярнасьці партыі і яе лідэра ў пэўны момант часу. Пры гэтым гэтыя лёзунгі часта бываюць супрацьлеглымі (напрыклад: у кастрычніку 1998 году ЛДП вылучала ініцыятыву правесьці рэфэрэндум па пытаньні стварэньня канфэдэрацыі з Расеяй. Абгрунтоўваючы неабходнасьць рэфэрэндуму, Гайдукевіч тады казаў пра блізкасьць беларускага і расейскага народаў, аб вялікай эканамічнай і палітычнай карысьці ад стварэньня канфэдэрацыі. Тады Мінюст адмовіўся зарэгістраваць ініцыятыўную групу па правядзеньні рэфэрэндуму. І вось праз год Гайдукевіч ўжо тлумачыць: «… чаму Ўлады ня далі правесьці гэты плебісцыт. Ды таму, што яны выдатна разумелі: калектыўна меркаваньне народных масаў было б ня ў іх карысьць. Народу надакучылі мілагучныя абяцаньні невядома чаго пад эгідай Масквы. Бо наша партыя і хацела справакаваць цалкам заканамернае адрыньваньне ідэі бессэнсоўнага і нікому, па вялікім рахунку, не патрэбнага аб’яднаньня»).

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць