Культура
Культу́ра (па-лацінску: cultura — апрацоўка, урабляньне) — спалучэньне рэчыўных і духоўных каштоўнасьцяў, што ствараюцца людзьмі ў ходзе цялеснай і разумовай працы для задавальненьня сваіх патрэбаў і перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне. Уплывае на сьветапогляд і паводзіны чалавека, які ёсьць яе творцам, захавальнікам і распаўсюднікам. Зьяўляецца спосабам ладжаньня і разьвіцьця чалавечай жыцьцядзейнасьці, прадстаўленым у вырабах рэчыўнай і духоўнай працы, спалучэньні грамадзкіх правілаў ды ўстановаў, як і ў спалучэньні стаўленьня людзей да прыроды, саміх сябе і дачыненьняў між сабой. Абазначае спалучэньне галіновых дасягненьняў, роўню і ступені разьвіцьця[1].
Культура разглядаецца як цэнтральны панятак у галіне антрапалёгіі, які ахоплівае шырокае кола зьяваў, якія перадаюцца праз сацыяльнае навучаньне ў чалавечых грамадзтвах. Да культуры можна аднесьці некаторыя аспэкты чалавечых паводзінаў, сацыяльныя практыкі, а таксама выразныя формы, як то мастацтва, музыка, танцы, рытуалы, рэлігія і тэхналёгіі, выкарыстаньне інструмэнтаў, прыгатаваньне ежы, абсталяваньне і стварэньне прытулку і адзеньня. То бок такія рэчы называюць культурнымі ўнівэрсаламі, якія можна знайсьці ўва ўсіх чалавечых грамадзтвах. Панятак матэрыяльнай культуры ахоплівае фізычныя праявы культуры, як то тэхналёгіі, архітэктуру і мастацтва, у той час як духоўныя праявы культуры ўключаюць у сябе прынцыпы сацыяльнай арганізацыі, як то практыку палітычнай арганізацыі і сацыяльныя інстытуты, міталёгію, філязофію, літаратуру і навуку, што ў выніку складае нематэрыяльную культурную спадчыну грамадзтва[2].
Масавая культура ставіцца да масавай вытворчасьці і масавых апасродкаваных формах спажывецкай культуры, якія ўзьніклі ў XX стагодзьдзі. Некаторыя школы філязофіі, такія як марксізм і крытычная тэорыя, сьцьвярджаюць, што культура часта выкарыстоўваецца як палітычны інструмэнт эліты маніпуляваньня ніжэйшых клясай, што стварае ілжывую сьвядомасьць.
Прызначэньне
рэдагавацьМае наступнае значэньне ў жыцьцядзейнасьці:
- чалавекатварэньне (навучаньне і выхаваньне);
- спазнаньне каштоўнасьцяў (іх утварэньне, успрыманьне і ацэньваньне);
- адчуваньне (любаваньне прыгажосьцю мастацкіх твораў);
- зносіны (наладжваньне ўзаемасувязі між людзьмі з дапамогай мовы);
- пазнаваньне зьвестак (іх накапленьне, захоўваньне і перадача з пакаленьня ў пакаленьне);
- творчасьць (стварэньне мастацкіх плыняў, кірункаў і твораў);
- расслабленьне (аднаўленьне сілаў праз адпачынак)[3].
Падыходы
рэдагавацьВідавочна, што ёсьць пэўная сутнасная сувязь паміж паняткамі «культура» ды «культ». Бярдзяеў пісаў: «Культура нарадзілася з культу, вытокі як сакральныя…»
Нямецкі філёзаф Вільгэльм Вунт выводзіў слова «культура» з лацінскага дзеяслова «colere», што азначае апрацоўваць, абрабляць. Адсюль і пайшло «cultus agri» — сельская гаспадарка. Значэньня панятку культура з лацінскае мовы Вунтам перакладаецца як клопат, скіраваны на паляпшэньне жыцьця.
Культуру таксама вызначаюць як «другую прыроду». Гэтае азначэньне паходзіць са Старажытнай Грэцыі, калі Дэмакрыт лічыў культуру «другой натурай».
Культура — гэта прастора, што вакол чалавека і адначасова ўнутры яго. Культура — гэта негенэтычная памяць, тое, што не перадаецца аўтаматычна, а ствараецца. Мамардашвілі ахарактэрызаваў культуру як «намаганьне чалавека быць». Культура — гэта сьвет ілюзыяў, які супрацьстаіць рэальнасьці (у сьвеце ілюзыяў чалавек можа знайсьці паратунак ад рэальнасьці).
Існуюць некалькі падыходаў да дасьледаваньня культуры:
- дзейнасны падыход (культура разглядаецца як творчая дзейнасьць чалавека, як працэс і вынік творчай дзейнасьці чалавека), гэты падыход актыўна распрацоўваў Карл Маркс.
- аксыялягічны (каштоўнасны) падыход (культура разглядаецца як нейкая сыстэма каштоўнасьцяў, як прастора, у якой дамінуе той ці іншы сьветапогляд, вызначальныя каштоўнасныя арыентацыі асобы і сувязі паміж людзьмі).
- функцыянальны падыход (культура разглядаецца як сыстэма функцыяў, роляў, якую культура адыгрывае ў адносінах да чалавека, па задаволеньні патрэбаў). Заснавальнікам гэтага падыходу зьяўляецца ангельскі антраполяг Браніслаў Маліноўскі. Адрозьненьне паміж культурамі, на ягоную думку, выяўляецца толькі ў розных спосабах задаволеньня чалавечых патрэбаў.
- семіятычны (знакавы) падыход (культура разглядаецца як сыстэма знакаў і сымбаляў, і гэты тэкст неабходна расшыфраваць, знайсьці культурны код). Гэтага падыходу прытрымліваліся постструктуралісты ды постмадэрністы.
- псыхааналітычны падыход (культура разглядаецца ў непасрэднай сувязі з псыхічнымі працэсамі, сьвядомым і несьвядомым), яго прытрымліваліся Фройд, Фром, Юнг.
Беларусь
рэдагавацьНа пачатак 2013 году ў галіне культуры Беларусі працавала 65 000 чалавек, зь іх 19 % складалі кіраўнікі. Сярэдні заробак у галіне складаў каля 62 % ад сярэдняга па краіне[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Эдуард Дубянецкі Культура // Культуралогія / Станіслаў Дубянецкі, Галіна Маслыка. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя, 2003. — С. 181-182. — 384 с. — 3000 ас. — ISBN 985-11-0277-6
- ^ Macionis, John J; Gerber, Linda Marie (2011). «Sociology». Toronto: Pearson Prentice Hall. p. 53. ISBN 978-0137001613.
- ^ Эдуард Дубянецкі Функцыі культуры // Культуралогія / Станіслаў Дубянецкі, Галіна Маслыка. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя, 2003. — С. 340-341. — 384 с. — 3000 ас. — ISBN 985-11-0277-6
- ^ Ларыса Цімошык. Аптымізацыя для аптымістычных // Зьвязда : газэта. — 9 кастрычніка 2013. — № 190 (27555). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьВікіслоўнік зьмяшчае матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
- Культура Беларусі на сайце «Жыве Беларусь»
- Культура