Беларуская партыя аб’яднаных левых «Справядлівы сьвет»

беларуская палітычная партыя

Беларуская партыя аб’яднаных левых «Справядлівы сьвет» (да 2009 году — Па́ртыя камуні́стаў белару́ская, ПКБ) — палітычная партыя ў Беларусі. Лідэрам партыі зьяўляецца Сяргей Калякін. Кіруючы орган — Цэнтральны камітэт. Створаная 7 сьнежня 1991 году. Дата рэгістрацыі — 26 траўня 1992. Дата перарэгістрацыі — 5 ліпеня 1999.

Беларуская партыя аб’яднаных левых «Справядлівы сьвет»
па-беларуску: Беларуская партыя левых «Справядлівы свет»
Лідэр партыі Сяргей Калякін
Дата заснаваньня 1991 год
Распушчаная 29 верасьня 2023
Штаб-кватэра Менск, зав. Калініна, 12, пак. 312
Саюзьнікі і блёкі «Народная кааліцыя 5+», БНФ, АГП
Ідэалёгія камуністычная, сацыял-дэмакратыя
Колькасьць 3128 (2007)[1]
Орган партыйнага друку Газэта «Товарищ»
Афіцыйны сайт spravmir.org

Партыя знаходзіцца ў апазыцыі да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Аб’яднаньне і палітычнае разьвіцьцё працаўнікоў найманай працы для дасягненьня поўнага вызваленьня ад эксплюатацыі ва ўсіх яе выглядах і будаўніцтва бязклясавага грамадзтва сацыяльнай справядлівасьці.[2]

Гісторыя

рэдагаваць

ПКБ была заснаваная ў 1991 годзе пасьля ліквідацыі Вярхоўным Саветам Камуністычнай партыі Беларусі, і стала адной з галоўных палітычных партыяў у незалежнай Беларусі. Лідэрам партыі з 1994 году зьяўляецца Сяргей Калякін. ПКБ падтрымала на рэфэрэндуме 1995 году зьмену нацыянальнай дзяржаўнай сымболікі і наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай. На парлямэнцкіх выбарах 1995 году партыя атрымала 44 месцы ў парлямэнце. У 1996 годзе частка чальцоў ПКБ, якія падтрымліваюць палітыку А. Лукашэнкі, аддзялілася ад партыі і ўзнавіла Камуністычную партыю Беларусі. У цяперашні час ПКБ выступае супраць рэжыма прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.

На апошніх парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, 13—17 кастрычніка 2004, партыя ўваходзіла ў «Народную кааліцыю 5+», якая не атрымала месцаў у парлямэнце.

У ліпені 2006 г. частка чальцоў ПКБ прыняла ўдзел у сумесным з КПБ аднаўленчым зьезьдзе.[3] Кіраўніцтва партыі на чале з С. Калякіным аспрэчыла ў судзе асьвятленьне дадзенага зьезду.[4]

ПКБ — на чале зь Сяргеем Калякіным — зьяўляецца партыяй з «празаходняй» арыентацыяй. У лютым 2007 Сяргей Калякін наведаў ЗША і сустракаўся з чальцамі амэрыканскага Кангрэсу, службоўцамі Дзярждэпартамэнту, і прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў, каб абгаварыць магчымы амэрыканскі ўплыў на працэсы, якія маюць месца ў Беларусі.[5]

З траўня 2007 С. Калякін разам зь Вінцуком Вячоркам (Партыя БНФ), Анатолем Ляўковічам (БСДП) і Анатолем Лябедзькам (АГП), уваходзіць у Палітраду Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі.[6]

2 жніўня 2007 Вярхоўны суд прыпыніў дзейнасьць Партыі камуністаў Беларускай.[7] 4 студзеня 2008 Мін'юст РБ падаў у Вярхоўны суд пазоў аб ліквідацыі ПКБ.[8]

16 траўня 2009 году пленума ЦК ПКБ палічыў неабходным правесьці XIV (пазачарговы) зьезд партыі. 23 траўня прапануецца разгледзець пытаньні пра давер кіраўніцтву і зьмене назвы партыі. Пленум ЦК прапануе на разгляд зьезду шэсьць варыянтаў новай назвы: Беларуская партыя левых (БПЛ), Партыя дэмакратыі і справядлівасьці (ПДС), Партыя «Новы курс», Партыя «Радзіма», Партыя «Справядлівасьць і народаўладзьдзе» (ПСН), Партыя «Справядлівы сьвет».[9]

30 чэрвеня 2023 г. стала вядома аб рашэньні Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб адмове ў перарэгістрацыі партыі[10].

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць